Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Што-ж гэта ты, цётачка, круціш? То-ж ты давала паказаньне пад прысягаю і, значыцца, фальшыва прысягнула, што парасё каштуе толькі восем пэнсаў. Пойдзем-жа зараз да яго міласьці; за гэткую штуку будзеш адказаваць... а хлопчыка павесяць...

— Пачакай, родненькі, ціха — хай сабе патвойму. Давай грошы ды толькі маўчы болей.

Жанчына пайшла са сьлязьмі на вачох, Гэндон, нікім не заўважаны, вярнуўся ў судовую залю, за ім увайшоў паліцэйскі, перад гэтым захаваўшы сваю здабычу ў добранькім месцы. Судзьдзя пісаў яшчэ нейкі час: затым прачытаў каралю настаўніцкі, але мягкі адказ і засудзіў яго на нядоўгае сядзеньне ў вастрозе ды публічную кару бізунамі. Страшэнна зьдзіўлены кароль разявіў быў рот, быць можа, зьбіраючыся прыказаць, каб судзьдзя быў незабаўна абезгалоўлены; але заўважыў перасьцерагаўшыя жэсты Гэндона, і прамаўчаў. Гэндон узяў яго за руку, пакланіўся судзьдзі і скіраваўся, ў праводжаньні паліцэйскага, да вастрогу. Толькі што яны выйшлі на вуліцу, як разгневаны монарх упёрся, вырваў руку ў Майльса і крыкнуў:

— Дурань, няўжо-ж ты думаеш, што мяне жыўцом вазьмуць у вастрог?

Гэндон нахіліўся да яго і цьвёрда заўважыў:

— Даверся мне. Маўчы і ня псуй справы занадта адважнымі словамі. Пакладзі надзею на волю Божую — ад лёсу не ўцячэш; будзь цярплівым і чакай — час пакажа, як быць.

Разьдзел XXIV. Уцёк.

Кароткі зімовы дзень канчаўся. Вуліцы апусьцелі; толькі дзе-ня-дзе трапляліся праходзіўшыя, дый тыя, як відаць, сьпяшаліся хутчэй скончыць свае справы і схавацца ад мацнеўшага ветру і надходзіўшага змроку ў прытульных хатах. Яны праходзілі, не аглядаючыся па бакох; ніхто не зьвярнуў увагі на нашу кампанію, ніхто, як быццам, і не заўважаў яе. Адварды Шосты нявольна падумаў, што яшчэ ніколі ніводнаму каралю не даводзілася ісьці ў вастрог і спатыкаць на сумным шляху сваім гэткую незразумелую роўнадушнасьць падданых. Хутка паліцэйскі прывёў іх на бязьлюдны рыначны пляц. Калі яны апынуліся пасярэдзіне яго, дык Гэндон палажыў руку яму на плячо і шапнуў:

— Пачакай толькі мінутачку, дружа; тут нікога няма — мне трэба сказаць табе пару словаў.

— Не пазваляецца, мой дарагі; калі ласка, не затрымлівайце мяне, таму што хутка ўжо ноч на двары.

— Усё такі, пачакай — справа блізка датычыць цябе. Адвярніся лепш плячыма і прыкінься, што нічога ня бачыш: няхай хлопчык уцячэ.

— Як вы сьмееце прапанаваць мне гэта, мой дарагі! Арыштую вас імем...

— Пазволь, не сьпяшайся. Будзь асьцярожнейшы, каб ня даць маху.

Ён панізіў голас і зашаптаў у вуха паліцэйскаму:

— За парасё, якое дасталася табе за восем пэнсаў, ты можаш заплаціць галавою.

Бедны паліцэйскі, зьбянтэжаны, спачатку быццам языка пазбавіўся, пасьля, апамятаўшыся, пачаў крычаць і пагражаць: але Гэндон быў непарушны і чакаў, пакуль той не супакоіцца.

— Ці ведаеш, што ты мне спадабаўся, — сказаў ён, нарэшце, — не хацелася б, каб ты пацярпеў. Заўваж сабе, я ўсё чуў, кожнае слова, — зараз дакажу табе гэта.

І ён паўтарыў, ад слова да слова, размову паміж паліцэйскім і жанчынаю ў калідоры суда.

— Вось бачыш, ці-ж ня праўду я кажу? Што-ж, патвойму, не змагу я ўсё расказаць судзьдзі, калі спатрэбіцца?

Паліцэйскі так і застыў ад страху і бяды; крыху супакоіўшыся, ён загаварыў з папушчанаю праставатасьцю:

— Ды вы з мухі робіце сланя; нашто раздуваць справу? Я проста пажартаваў з жанчынаю.

— А парасё таксама жартам узяў ад яе?

Паліцэйскі злосна адказаў:

— Не як-нібудзь іначай, пане, — кажу вам, што толькі жартам.

— Я гатоў табе паверыць, — сказаў Гэндон, ня то насьмешлівым, ня то сур'ёзным тонам, — толькі ты крыху пачакай тутака, а я зьбегаю да судзьдзі і спытаюся ў яго, — то-ж ён, як чалавек, што разумее ў законах, бязумоўна ведае, што такое жарт, што такое...

I ён ужо рушыў назад, усё цьвердзячы сваё; паліцэйскі замяўся, вылаяўся, пасьля крыкнуў:

— Гэй, пане, пачакайце крыху. Ды што судзьдзя — ён, ці ведаеце, таксама здольны разумець жарт, як якое-нібудзь пудзела. Хадзеце лепш сюды, пагаворым. Чорт пабяры, я, як відаць, трапіў на памылку, і ўсё цераз нявінны, неабдуманы жарт. Пашкадуйце, вашая міласьць, я чалавек сямейны — ў мяне жонка, дзеці. Скажэце, чаго вам ад мяне трэба?

— Толькі аднаго: каб ты зрабіўся сьляпы, нямы і нярухомы, пакуль не налічыш сто тысячаў не сьпяшаючы, — сказаў Гэндон з выглядам чалавека, які просіць аб самай нязначнай рэчы.

— Дык я-ж загіну за гэта, — адчайна вымавіў паліцэйскі. — Ой, пане, разважце самі; з якого боку ні глянь, ясна, але-ж ясна відаць, што гэта быў жарт. А калі й ня жарт, дык гэткі малюсенькі праступак, што судзьдзя самае большае, зробіць мне выгавар і перасьцярогу.

Гэндон адказаў з халоднай урачыстасьцю:

— Аднак-жа для твайго жарту ёсьць асобны артыкул у законах... Ведаеш — які?

— Я гэтага ня ведаў! Можа быць праз няведаньне, зрабіў я крыху нядобра. Я й ня думаў, каб быў гэткі артыкул. Ах, Божа мой, а мне здавалася, што гэта глупства.

— Ага, артыкул ёсьць. Вось што ён кажа: Non compos mentis lex tationis sic transit gloria mundi.

— Ай, Божачка!

— А паложана за гэта кара сьмерці!

— Божа, зьлітуйся нада мною, грэшным.

— Скарыстаўшыся небясьпекаю, гразіўшай абвінавачанаму, ты дзеля ліха ўжыў сваю ўладу, забраўшы рэч вартасьцю вышэй трынаццацёх з паловаю пэнсаў, а гэта ў вачох закону нядобрасуменнае спаўненьне абавязкаў і злаўжыцьцё па службе, ad hominem expurgatis in statu quo — за якое праступленьне паложана кара сьмерці праз павешаньне, бяз споведзі і літасьці ці адданьня пад духоўны суд.

— Падтрымайце, падтрымайце мяне, пане, ногі млеюць. Зьлітуйцеся, ня губеце — я адвярнуся плячыма і нічога ня буду бачыць.

— Вельмі добра, цяпер ты зрабіўся болей разумным. А парасё аддасі?

— Аддам, аддам, і ўжо ніколі не дакрануся ні да якога парасятка. Ідзеце — я сьляпы, я нічога ня бачу. Скажу, што вы ўварваліся і сілаю адбілі арыштованага. Дзьверы ў нас пры гэтым старыя, а я іх уночы выб'ю.

— Гэтак і зрабі, дружа, нічога табе ня будзе. Судзьдзя літасьціва аднёсься да беднага хлопчыка; павер, што ён не пашкадуе, што гэты малы ўцёк дый вастрожніка не пакарае...

Разьдзел XXV. Гэндон-Голь.

Як толькі Гэндон з каралём адыйшлі настолькі ад паліцэйскага, што яго ўжо ня відаць было, яго вялікасьць павінен быў скіравацца ў назначанае месца за горад і там чакаць свайго збавіцеля, які зайшоў у готэль разрахавацца. Праз поўгадзіны абодва прыяцелі, весела гутарачы, на сваіх скакунох ехалі ў кірунку на ўсход. Каралю было цяпер цяпло і добра, таму што ён скінуў свае лахманы і апрануў патрыманы касьцюм, куплены для яго Гэндонам на Лёнданскім мосьце.

Гэндон стараўся не ўтамляць хлопчыка; цяжкія пераезды, думаў ён, ды благая яда і няпоўны сон могуць блага адгукнуцца на яго здароўі; тымчасам, як умяркованы рух, адпачынак і правільны характар жыцьця, напэўна, прысьпяшыць выздараўленьне. Ён шчыра жадаў бачыць хлопчыка ў здаровым розуме, вольным ад хваравітых прыяваў, напаўняўшых яго бедную галоўку. Дзеля гэтага, ён пастанавіў не сьпяшаючыся вяртацца ў бацькаўскі дом, адкуль быў выгнаны гэтулькі гадоў назад, — замест таго, каб, пакараючыся ахапіўшай яго нецярплівасьці, без перадышкі ляцець як дзень, так ноч.

Ад'ехаўшы каля дзесяцёх міляў, нашыя ездакі дасягнулі вялікага сяла і спыніліся там на начлег у даволі добрым шынку. Ранейшыя адносіны ізноў аднавіліся між імі; Гэндон стаяў ззаду за каралём і прыслужваў яму падчас абеду; пасьля распрануў яго і палажыў у пасьцель, а сам лёг на падлозе каля дзьвярэй і ахінуўся коўдраю.

У чародныя два дні яны пакрысе пасоўваліся ўперад, расказваючы адзін аднаму пра свае прыгоды з часу разлукі; расказы гэтыя вельмі займалі кожнага з іх. Гэндон вылажыў усе свае перажываньні пры шуканьні караля; перадаў, як, архангел дурыў яго, водзячы дарэмна па лесе, як, нарэшце, бачачы, што ня можа лёгка адчапіцца, павёў яго назад да хаціны. Старык зайшоў у спальню і выйшаў адтуль з выразам зьдзіўленьня і гора на твары, — ён чакаў, як быццам, што хлопчык вярнуўся і лёг адпачыць, але яго няма. Гэндон прачакаў караля цэлы дзень; згубіўшы надзею на паварот яго, ён ізноў вырушыў у пашуканьні.

30
{"b":"979087","o":1}