Том усё болей ды болей траціў адвагу, калі праходзіў паміж зіхацеўшых радоў прыдворных, якія яму кланяліся; ён разумеў, што з гэтага часу ён палоньнік, што назаўсёды можа застацца замкнёным у гэтай пазалочанай клетцы, пакіненым, адзінотным прынцам, калі Бог, у міласэрдзі сваім, ня зьлітуецца над ім і ня вызваліць яго.
I, куды-б ён ні скіраваўся, яму здавалася, што перад ім носіцца ў паветры адсечаная галава вялікага гэрцога Норфольскага, што ён бачыць пе рад сабою гэты памятны яму твар, з наракальна вытрашчанымі на яго вачыма.
Яго ранейшыя лятуценьні былі гэтак яснымі, а сапраўднасьць аказалася гэткаю шэраю й панураю.
Разьдзел VI. Надзяленьне Тома інструкцыямі.
Тома прывялі, праводжанага добрароднаю сьвітаю, ў галоўную залю і запрасілі сесьць, — што ён працівіўся быў зрабіць, ня лічачы за добрае сядзець у прысутнасьці людзей пад'жылых ды людзей з высокім палажэньнем. Ён прасіў іх сядаць, але яны толькі кланяліся, мармыталі нешта на знак падзякі ды стаялі далей. Ён хацеў паставіць на сваім, але „дзядзька", граф Гэртфорд шапнуў яму ў вуха:
— Мілёрд, прашу цябе, не вымагай; нягожа ім сядзець у тваёй прысутнасьці.
У гэты час далажылі аб лёрдзе Сэнт-Джоне Ён увайшоў і, пакланіўшыся Тому, сказаў:
— Я зьявіўся па даручэньню караля; па справе, аб якой можна гаварыць толькі на чатыры вочы. Ласкавы будзеце, ваша каралеўская высокасьць, выслаць усіх прысутных, апрача графа Гэртфорда?
Заўважыўшы, што Том ня ведаў, як быць, Гэртфорд шапнуў яму, каб ён зрабіў сьвіце знак рукою й ня турбаваўся гаварыць, калі ня мае на гэта ласкі. Пасьля таго, як прыдворныя выйшлі лёрд Сэнт-Джон сказаў:
— Яго вялікасьць загадвае, каб, з прычыны акалічнасьцяў дзяржаўнае вагі, яго сьветласьць, па магчымасьці, усяляк утойваў сваю хваробу, пакуль здароўе яго не адновіцца паранейшаму. Затым загадваецца, каб ні перад кім не пярэчыў, што ён сапраўдны прынц і насьледнік ангельскага пасаду й вёлічы; каб ён падтрымліваў сваю каралеўскую дастойнасьць і прымаў, не протэстуючы ні словам, ні рухам, знакі пашаны й паслухнянасьці, якімі павінен карыстацца паводлуг права і здаўна ўстаноўленага звычаю; каб ён нікому не гаварыў аб сваім, нібыто, нізкім пахаджэньні і жабрацкім жыцьці, створаным яго зможаным, расстроеным уяўленьнем; каб ён моцна стараўся ўваскрасіць у сваёй памяці асобы, якія ён прывык бачыць вакол сябе... і калі ня зможа, дык хай маўчыць і не выдае свае слабое памяці ні выразам зьдзіўленьня, ні якім-нібудзь іншым знакам; нарэшце, ў дзяржаўных справах, калі якая-нібудзь акалічнасьць паставіць яго ў цяжкаватае палажэньне і ён ня будзе ведаць, як зрабіць і што сказаць, ён не павінен выдаваць неспакойнасьці перад зацікаўленымі паглядамі, і абавязаны пытацца рады ў лёрда Гэртфорда ці ў мяне, пакорнага слугі, — абодва мы назначаны дзеля спаўненьня гэтых абавязкаў і павінны знаходзіцца пры асобе прынца, аж пакуль ня будзем адкліканы. Гэтак меў ласку загадаць яго вялікасьць, пасылаючы прывітаньне вашай высокасьці й молячы Найвышэйшага, каб Ён даў вам хуткае выздараўленьне і надарыў вас на многія леты.
Лёрд Сэнт-Джон, пакланіўся і стаў з боку. А Том пакорна адказваў:
— Кароль гэтак загадаў. Ніхто ня сьмее не спаўняць загадаў караля, ператалкоўваць ці абходзіць іх. Пакараюся волі караля.
— Затым, з прычыны загаду караля, каб пакінуць кнігі і сур'ёзныя заняткі, — заўважыў лёрд Гэртфорд, — ці ня будзе ласкі вашае высокасьці праводзіць час у вясёлых гульнях, каб здароўе ваша не цярпела і каб вы ня былі змучаны падчас банкету.
На твары ў Тома адбілася зьдзіўленьне, і ён пачырванеў, заўважыўшы гаротлівы пагляд лёрда Сэнт-Джона.
— Твая памяць ня служыць табе, — сказаў апошні, — ты выказаў зьдзіўленьне, але хай гэта ня трывожыць цябе, таму што памяць вернецца з выздараўленьнем. Мілёрд Гэртфсрд гаворыць аб банкеце ў Сіці, быць на якім, яшчэ два месяцы назад, яго вялікасьць дакляраваў пазволіць вашай высокасьці. Прыпамінаеш цяпер?
— Нажаль, павінен прызнацца, што гэта сапраўды выляцела з мае памяці, — сказаў Том нерашуча ды ізноў пачырванеў.
У гэтую мінуту даложана было аб лэді Ажбеце і лэді Джэні Грэй. Абодва лёрды абмяняліся многазначнымі паглядамі, і Гэртфорд пасьпяшыў да дзьвярэй. Калі маладыя прынцэсы праходзілі каля яго, ён сказаў паўголасна:
— Прашу вас, лэді, ня выказваць нічым, што заўважаеце яго дзівачнасьці і ня зьдзіўляцца ў выпадку, калі памяць пакіне служыць яму, вам, пэўна-ж, цяжка будзе бачыць, як трудна яму прыпомніць што-нібудзь.
Тымчасам лёрд Сэнт-Джон казаў Тому паціху:
— Калі ласка, сэр, не запамінай аб волі караля. Прыпамінай усё, што можаш, а аб рэшце рабі выгляд, што памятаеш. Ня дай ім заўважыць, што ты моцна зьмяніўся проці ранейшага; ты-ж ведаеш, як любяць цябе твае кампанкі на гульнях і як глыбока смуціць іх тваё нездароўе. Ці маеш ласку, сэр, каб мы засталіся тут, я і дзядзька твой?
Том зрабіў пацьвярджальны знак і нешта прамармытаў, ён ужо пачаў уваходзіць у ролю і, па сардэчнай прастаце, пастанавіў, па меры сілы й магчымасьці, спаўняць волю караля.
Ня гледзячы, на ўсю прадбачлівасьць, гутарка маладых людзей часамі прымала небясьпечны зварот. Няраз, праўду кажучы, Том быў блізка да ўпадку і да зразуменьня непасільнасьці складзенае на яго страшэннае ролі; але яго ратавала тактоўнасьць прынцэсы Ажбеты або слова, як быццам незнарок устаўленае адным з гатовых на гэта лёрдаў.
Раз маленькая лэді Джэні зьвярнулася да яго і зусім зьбіла яго з панталыку пытаньнем:
— Мілёрд, ці хадзіў ты сягоньня на паклон да яе вялікасьці?
Том засмуціўся, замітусіўся і хацеў ужо прамармытаць што-нібудзь першае-лепшае, як раптам яго перабіў лёрд Сэнт-Джон, адказаўшы за яго з разьбітнай лоўкасьцю царадворца, прывыкшага спатыкаць і ходаць немалыя труднасьці.
— Але, ён быў, і каралева ўцешыла яго, даўшы вясёлыя ведамасьці датычна палажэньня яго вялікасьці. Ці-ж ня так, вашая высокасьць?
Том прамармытаў нешта на знак пацьвярджэньня, але чуў пры гэтым, што траціць грунт пад нагамі. Пасьля, калі гутарка зайшла аб спыненьні заняткаў Тома, маленькая прынцэса сказала:
— Як шкада! Вось дык шкада! Ты рабіў гэткія пасьпехі. Але пацярпі крыху — гэта ненадоўга! Дарагі прынц, ты яшчэ пасьпееш набрацца вучонасьці, ня меней за свайго бацьку, і будзеш гаварыць шмат якімі мовамі, як ён.
— Мой бацька! — закрычаў Том, забыўшыся на міг. — Ды ён, мне здаецца, роднаю моваю гэтак гаворыць, што хіба толькі сьвіньня зразумее яго; а што да вучонасьці... Ён азірнуўся і прачытаў строгую асьцярогу ў вачох лёрда Сэнт-Джона.
Том змоўк, зачырванеўся, і пасьля гаварыў далей ціха і маркотна;
— Ах, мая хвароба забірае мяне і думкі мае ізноў блутаюцца. Я ня меў на ўвазе з непашанаю адазвацца аб каралю.
— Ведаем, сэр, — сказала прынцэса Ажбета, пашанліва й ласкава ўзяўшы „брата" за руку, — ня трывожся. Ты тут ня пры чым; ува ўсім вінавата твая хворасьць.
— Ты мая добрая пацяшыцелька, дарагая лэді, — з удзячнасьцю адказаў Том, — я адважваюся выказаць табе шчырую падзяку.
Паміж іншым, шустрая лэді Джэні неяк выпаліла ў Тома сказам пагрэцку. Ад вострага вока прынцэсы Ажбеты не ўцякло тое, што стрэл не патрапіў у мэту і яна спакойна адказала ёй некалькімі гучнымі сказамі пагрэцку, ў абарону Тома, і затым крута перавяла гутарку на іншую тэму.
Агулам час праходзіў прыемна і гутарка йшла даволі гладка. Шорсткасьць адносін усе гладзела, і Том пакрысе пачуў сябе лягчэй, бачачы, што ўсе з гэткай любасьцю турбуюцца аб ім і глядзяць праз шпары на яго абмылкі. Кал'і выясьнілася, што маладыя лэді будуць з ім увечары на банкеце ў лёрд-мэра, сэрца яго радасна застукацела, — ён разумеў, што ня ідзе адзінокім у натаўпе незнаёмых людзей; тымчасам яшчэ гадзіну назад думка, што яны будуць праводзіць яго, была-б для яго страшэннаю, несьцярпімаю.
Ангелы-вартаўнікі Тома, абодва лёрды, пачувалі сябе пры гэтым спатканьні далёка ня так вольна, як маладыя людзі. Яны знаходзіліся ў палажэньні штырніка, які павінен правясьці карабель цераз небясьпечную пратоку; увесь час яны былі напагатове, і рашылі, што наложаныя на іх абавязкі — ня дзіцячая гульня. А таму, калі прынцэсы сабраліся выходзіць і было даложана аб лёрдзе Гільдфордзе Додлеі, дык лёрды зразумелі, што ня толькі прайшлі цяжкую пробу, але што