Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Кажу вам ізноў, стада паскудных сабак, што я прынц Уэльскі! Хай пакінены й адзінокі я цяпер і няма ад каго чакаць мне добрага слова або падмогі ў бядзе, усё-ж такі не адступлюся я ад свае заявы, а наадварот, буду ўпарта падтрымліваць яе.

— Прынц ты, ці не, ўсё роўна, але ты слаўны хлопчык, і не адзінокі ўжо, — я з табою. Я дакажу, што лепшага прыяцеля, як Майльс Гэндон, не знайсьці табе. Сьціхні, дзіця; я пасвойму пагавару з гэтымі подлымі пацукамі.

Гаварыўшы гэта па вопратцы й выгляду напамінаў дона Сэзара дэ-Базана. Гэта быў высокі, хораша зложаны, мускулісты мужчына. Яго куртка й шаравары былі з дарагога матар'ялу, але паліняўшыя й паношаныя, а залацістыя кружавы на іх моцна пацьмянелі, брыжы былі памятымі й папсованымі; пяро на капялюшы, зломанае і запэцканае, мела даволі няпрынадны выгляд; на поясе вісела доўгая шпага ў заіржавелай жалезнай похве. Жывая постаць адразу выказвала ў ім забіяку.

Адказам на словы таямнічага незнаёмца быў дружны рогат. Хтосьці крыкнуў: „Вось яшчэ пераапранены прынц!". „Прытрымай, браце, язык, ён, чаго добрага, злы!" „Далібог, ён падобны на тое — паглядзеце, вочы-ж якія!" „Адбірай у яго хлапчыну — ў ваду цягні шчанюка!"

Неспадзявана, падагнаны гэтаю думкаю, хтосьці схапіў хлопчыка; гэтак-жа неспадзявана выцягнуў шпагу незнаёмец, і, ўдараны ёю плоскім бокам, нягоднік упаў на зямлю. Сьледам за гэтым пачуліся галасы: „Бі сабаку! Бі яго, бі!" — і натаўп пачаў напіраць на ваяку; той упёрся плячыма ў сьцену і, як шалёны, пачаў касіць сваёю зброяю. Яго ахвяры падалі ў розныя бакі, але натаўп лез на паваленых і кідаўся на ваяку з неаслабнаю злосьцю. Здавалася, што мінуты яго падлічаны, ня мінуць яму пагібелі, як раптам пачуўся гук трубы і воклік: „Дарогу каралеўскаму пасланцу!" Аддзел коньнікаў наляцеў на натаўп, які разьбегся ад небясьпекі, і з усей сілы пусьціўся хто куды. Адважны ваяка падхапіў прынца і хутка быў далёка ад натаўпу, вонках усялякае небясьпекі.

Але вернемся ў Гільдголь. Сярод гучнае ўрачыстасьці і балю, раптам моцна затрубіў рог. Запанавала няжывая ціша. Тады пачуўся голас прыдворнага пасланца, голасна чытаўшага праклямацыю, якую ўсе слухалі стоячы.

Канчальныя словы яе, урачыста сказаныя, былі гэткімі:

— Кароль сканаў!

Усе, хто быў на сабраньні, як адзін чалавек, адразу схілілі галовы і, сярод глыбокае цішыні, заставаліся ў гэткім палажэньні некалькі мінут; затым усе сталі на калены, выцягваючы рукі да Тома, і разьлёгся магутны крык, здавалася, страсянуўшы будынак:

— Няхай жыве кароль!

Бедны Том зьдзіўленна паглядаў на гэта нязвычайнае зьявішча і, нарэшце, на мінуту задумаўшыся, спыніўся на гэтых стаяўшых на каленах прынцэсах і на гэрцогу Гэртфордзе. Тады ў яго неспадзявана бліснула думка. Ён шэпчучы зьвярнуўся да лёрда Гэртфорда:

— Адказвай мне праўдзіва, сумленна й чэсна! Калі-б я тут выдаў загад, права на які належыць толькі каралю, ці быў-бы споўнены гэткі загад і ніхто не пачаў бы працівіцца?

— Ніхто, уладару мой, ува ўсёй дзяржаве. У тваіх руках спачывае ўлада. Ты кароль Англіі — тваё слова — закон.

Том адказваў з вялікім ажыўленьнем, гучным і строгім голасам:

— Хай будзе адсюль каралеўскі закон — законам літасьцівым, а ня крывавым. Устань, пасьпяшы ў Тоўэр і аб'яві, што кароль адмяняе прыгавар сьмерці гэрцогу Норфольскаму.

Гэтыя словы хутка разыйшліся па ўсёй залі, і калі Гэртфорд выйшаў, пачуліся ізноў грамавыя крыкі;

— Канец крываваму царству. Хай жыве Адварды, кароль Англіі!

Разьдзел XII. Прынц і яго збавіцель.

Як толькі Майлс Гэндон і маленькі прынц вазваліліся з натаўпу, дык яны рознымі завулачкамі пусьціліся ў кірунку да ракі. Па дарозе ім не траплялася ніякіх перашкодаў да самага Лёнданскага мосту. Тут яны ізноў напаўзьлі на гурбу народу. Гэндон моцна трымаў за руку прынца — ўласна кажучы, караля. Жахоўная навіна ўжо разьляцелася ўсюды, і хлопчык чуў цяпер з тысячы вуснаў: „Кароль сканаў!" Пры гэтай вестцы кроў застыла ў жылах беднага сіроткі і па целе прабеглі дрыжыкі. Ён разумеў, якую панёс утрату, і вялікае было гора яго; строгі тыран, страшылішча ўсіх сваіх падданых, быў заўсёды гэтак ласкавы да яго. Сьлёзы выступілі ў яго на вачох і затуманілі ўсё перзд ім. Некалькі мінут ён лічыў сябе самым пакіненым, няшчасным і бяспрытульным з божых стварэньняў. Ды вось новыя крыкі далёкім пяруністым громам разьлягліся ўночы: „Няхай жыве кароль Адварды VI" — і вочы яго заблішчалі і ўвесь ён горда і радасна здрыгануўся. А! — падумаў ён, — як гэта вялізарна і дзіўна — я кароль!

Нашыя прыяцялі марудна праціскаліся праз натаўп, быўшы на мосьце. Гэта будова, прастаяўшая ўжо шэсьць сталецьцяў і ўвесь час быўшая гучнаю, многалюднаю вуліцаю, прадстаўляла цікавы абраз: па абодвых бакох, ад аднаго берагу да другога, цягнуліся густыя рады крамаў і крамак, з памяшканьнямі для гандлярскіх сем'яў угары. Мост сам па сабе быў нечым накшталт гораду; тут быў готэль, піўныя, пякарні, драбязговыя крамкі, харчавыя рынкі, мануфактурны вытвар і навет цэрква. Суседнія Лёндан і Саузсуорк, якія злучаў гэты мост, былі як-бы прадмесьцямі яго, і даволі благімі. Гэта была, так гаворачы, цесная корпорацыя — гарадок, меўшы толькі адну вуліцу даўжынёю ў адну пятую часьць мілі; насяленьне насіла вясковы характар, усе блізка зналі адзін аднаго, зналі бацькоў і ў дадатак усе абыватальскія справы і клопаты. Тут была свая арыстократыя — вядомыя старыя фаміліі мясьнікоў, булачнікаў і інш., займаўшыя старадаўнія кватэры ў працягу пяцёх ці шасьцёх сталецьцяў, знаўшыя гісторыю мосту ад пачатку да канца, а таксама ўсе дзіўныя легэнды аб ім; усе іхнія гутаркі, думкі, інтарэсы ня выходзілі за межы мосту, доўгага, роўнага, простага і вялізарнага мосту. Народ быў абмяжованы, цёмны і самаздаволены. Дзеці, прыходзіўшыя на сьвет на Лёнданскім мосьце, на ім-жа старэлі і паміралі, ніколі ня ступіўшы нагою за свэю ваколіцу. Гэткі народ, натуральна, мог думаць, што моцны й бесьперастанны натаўп, стаяўшы на іхняй вуліцы як дзень, так ноч, з глухім чалавечым гоманам, іржаньнем, мычаньнем, бляяньнем, грукатам і тупатам — што ўсё гэта адзіная на сьвеце вартая ўвагі рэч, а яны самі як-бы ўласьнікі яе. і гэтак было ў сапраўднасьці прынамсі, з вокнаў сваіх яны часта, цешыліся з працэсіяў, у якіх бываў кароль, ці які-нібудзь гэрой, і якія прыдавалі мосту часовы ўрачысты выгляд, — бо ня было іншага месца, дзе можна было-б з гэткаю выгадаю сачыць за дэфілядаю доўгіх і простых колённаў.

Людзі, што радзіліся й вырасьлі на мосьце, лічылі жыцьцё ў кожным іншым месцы несьцярпіма сумным і нямеўшым зьместу. Паміж іншым, расказваюць пра аднаго старыка, які пакінуў свой куток на семдзесят другім годзе жыцьця, з тым, каб адыйсьці на спакой у вёску. Але тут ён пазбавіўся сну, а толькі варочаўся й кідаўся па пасьцелі — гэткай цяжкаю, жахоўнаю і гнёўшаю здавалася яму ціша. Здорава змучыўшыся, ён уцёк у сваё ранейшае памешканьне, худы і страшны, як шкелет, ды йзноў пачаў мірна пацяшацца спакоем і прыемным сном, пад санлівую музыку булькатаўшае вады, сярод грукату, троскату й гоману Лёнданскага мосту.

У тыя часы, якія мы апісваем, мост даваў „наглядныя лекцыі" з ангёльскае гісторыі для дзетак — над яго брамаю часта тырчэлі на жалезных дзідах пасінеўшыя і загніўшыя галовы вядомых людзей. Але мы адхіляемся ад прадмету нашага апавяданьня.

Кватэра Гэндона была ў благенькім готэлі на мосьце. Калі ён са сваім маленькім прыяцелем падходзіў да дзьвярэй, пачуўся нечы адважны голас:

— Ну, нарэшце-ж, ты прыйшоў! Цяпер ужо не ўцячэш, будзь пэўным. Вось я табе ўсе косьці пераламаю, каб ты другім разам не прымушаў нас чакаць, — і Джон Канці выцягнуў быў руку, каб схапіць хлопчыка.

Майльс Гэндон выступіў наперад і сказаў:

— Ня вельмі так, дружа. Памойму дарэмна ты гэтак злуеш. Што табе гэты хлопчык?

— Ён сын мой — калі табе трэба лазіць у чужыя справы.

— Няпраўда! — горача крыкнуў маленькі кароль.

— Сьмела, маладзец, я табе веру, ўсё роўна ці здаровая твая галава, ці звар'яцелая. Бацька табе, ці не гэты нягоднік, а я не аддам цябе, каб пачаў біць ды крыўдзіць, як толькі што гразіў. Дык хочаш застацца са мною?

12
{"b":"979087","o":1}