— Забараняю вам класьці карону на галаву гэтага здрадніка! Кароль — я!
Мігам некалькі рук са злосьцю апусьцілася на хлопчыка; але Том Канці, ў сваёй каралеўскай вопратцы, выступіў наперад і гучна крыкнуў:
— Не чапаць яго! Ён — кароль!
Зьдзіўленьне, зьмяшанае з панікаю, заўладала сабранымі; некаторыя пасходзілі са сваіх месцаў і, нічога ня цямячы, пазіралі то на галоўныя дзеяўшыя асобы, то адзін на аднаго, быццам не маглі зразумець, ці сапраўды ня сон гэта перад імі, і ці пры сваім яны розуме. Лёрд-протэктар быў зьбянтэжаны ня менш за іншых, але хутка заўладаў сабою і гукнуў загадным голасам:
— Не прыдавайце значэньня — кароль ізноў занядужаў! Схапіць абарванца!
Яго загад быў-бы споўнены, але Том Канці тупнуў нагою і крыкнуў:
— Не чапаць яго! Ён — кароль!
Уся грамада спруцянела, ўва ўсіх абвісьлі рукі, ніхто не варухнуўся, ніхто ня вымавіў ні слова, ніхто ня ведаў, як быць, з чаго пачаць, да таго неспадзяваным і незразумелым было ўсё тое, што адбывалася. Пакуль глядзеўшыя разьбіраліся ў сваіх пачуцьцях, хлопчык ішоў уперад, з гордай постацьцю і пэўным выразам у вачох, пакуль ня ступіў на ўзвышэньне. Думанны кароль радасна кінуўся яму насустрэчу і, ўпаўшы на калены, прамовіў:
— О, гаспадару, пазволь беднаму Тому Канці першаму прысягнуць на вернасьць табе і сказаць: „Узлажы на сябе карону і прымі ўладу, якая належыць да цябе паводлуг права".
Грозныя вочы лёрда-протэктара спыніліся на прыйшоўшым хлопчыку; але зараз-жа выгляд яго твару зьмягчэў, даўшы месца нясказанаму зьдзіўленьню. Тая самая зьмена адбылася і з іншым'і царадворцамі. Яны паглядзелі адзін на аднаго і міма волі адступілі крыху назад. Ува ўсіх праляцела адна і тая самая думка: Якая дзіўная падобнасьць.
Зьбянтэжаны лёрд-протэктар з мінуту ці дзьве ня ведаў, што пачаць; пасьля сказаў з глыбокай пашанаю:
— Пазволь, сэр, задаць табе некалькі пытаньняў, якія...
— Гатоў адказваць, мілёрд.
Гэрцог задаў яму некалькі пытаньняў датычна двара, памёршага караля, прынца, прынцэсаў — хлопчык адказваў правільна, не заікаючыся. Ён апісаў парадныя залі палацу, апартамэнты памёршага караля і прынца Уэльскага.
— Дзіўна, страшэнна дзіўна, незразумела! — цьвярдзілі ўсе ў адно слова. Справа набірала іншага кірунку, надзеі Тома Канці мацнелі; але лёрд-протэктар памахаў галавою і сказаў:
— Гэта, сапраўды, дзіўна, але й наш кароль мог-бы гэтак-жа добра адказаць. Апошняя ўвага засмуціла Тома, надзеі ізноў пачалі пакідаць яго.
— Аднак-жа гэта яшчэ ня доказ, — дадаў протэктар.
Цяпер вецер моцна павеяў — толькі ня ў той бок, куды трэ' было, ён спагадаў таму, каб Том заграз на пасадзе, а законны пратэндэнт быў аднесены адкрытым жыцьцёвым морам. Лёрд Гэртфорд натужліва раскідаў розумам, памахваў галавою — няпрыемная думка заўзята навязвалася: „І для дзяржавы, і для нас небясьпечна пакінуць без разрашэньня гэткую загадку; яна можа пасяліць нязгоду і ўзварухнуць пасад". Ён адвярнуўся і загадаў:
— Сэр Томас, арыштаваць яго... Не, пачакайце!... Твар яго раптам паясьнеў, і ён паставіў пратэндэнту гэткае пытаньне:
— Дзе дзяржаўная пячатка? Рашы мне гэткую задачу — і канец справе; толькі прынц Уэльскі можа адказаць! Ня трудная штука, але ад яе залежыць лёс пасаду і дынастыі.
Праўду кажучы, гэта была шчасьлівая, ўдачная думка: ўсе прысутныя тут саноўнікі, маўкліва, згоднымі з гэтым паглядамі выказвалі сваё задаваленьне. Але, ніхто, апрача сапраўднага прынца, ня мог раскрыць тайны згубленьня вялікае дзяржаўнае пячаткі. Гэты бедны, маленечкі самазванец добра падмуштраваўся да экзамену, але тут ён сьсячэцца, тут ужо і супольнікі яго ня змогуць даць адказу. Вельмі добра, раскошна, трэба раз назаўсёды палажыць канец небясьпечнай гульне. I прыдворныя трохі памахвалі галовамі і ўнутрана ўсьмяхаліся, чакаючы, што дурны хлопчык зьбянтэжыцца і прызнаецца да свае віны. Аднак-жа, якое-ж было іхняе зьдзіўленьне, калі нічога падобнага ня здарылася, калі яны пачулі яго спакойны, рашучы адказ:
— Задача саўсім нятрудная.
Затым, ня доўга думаючы, ён адвярнуўся і аддаў загад з няпрымушанасьцю чалавека, прывыкшага загадраць.
— Мілёрд Сэнт-Джон, схадзеце ў мой кабінэт у палацы — ніхто лепей за вас не знаёмы з ім; тамака, ў левым кутку, што далей ад уваходных дзьвярэй, каля самае падлогі вы знайдзеце ў сьцяне медны гузік; націсьніце яго і выскачыць маленькая патайная скрыначка; аб ёй ня толькі вам невядома, але нікому на сьвеце, апрача мяне і пэўнага майстра, устроіўшага яе. Там ляжыць вялікая дзяржаўная пячатка. Прынясеце яе сюды.
Усё сабраньне адразу далося пры гэтых словах, і яшчэ болей зьдзівілася, калі маленечкі прынц паказаў на пазванага пэра бяз ніякага хістаньня ці небясьпекі памыліцца, з гэткім спакойным, пэўным выглядам, як быццам змалку знаў яго. Зьбянтэжаны лёрд Сэнт-Джон ледзь што не паслухаў, ён навет зрабіў рух, каб пайсьці выпаўніць даручэньне, але апамятаўся і, крыху зачырванеўшыся, прыняў ранейшы спакойны выгляд. Том Канці голасна зьвярнуўся да яго:
— Чаго марудзіце? Хіба ня чулі загаду караля? Ідзеце!
Лёрд Сэнт-Джон нізка пакланіўся — усе заўважылі, што паклон быў надта тонкі, дзеля таго, што і кароль і пратэндэнт маглі аднолькава прыняць яго на свой рахунак — і выйшаў.
Цяпер у бліскучай групе прыдворных пачуўся рух — марудны, ледзь заметны, але ўпарты, падхільны — рух, які можна прасачыць пры пакручваньні калейдаскопу, калі яркія часьці аднае фігуры распадаюцца, творачы новую. У даным выпадку новым цэнтрам, вакол якога групаваліся сабраныя, быў абарваны хлопчык. Том Канці стаяў блізу што адзінока. Надыйшла мінута цяжкага чаканьня й трывогі, нават няшмат якія маладушныя людзі, яшчэ акружаўшыя яго, крыха па крысе набраліся духу і пачалі прылучацца да большасьці. У рэшце ўсяго, Том Канці, у сваёй каралеўскай вопратцы, пакінены ўсімі, застаўся саўсім адзін, сярод ачышчанае пляцформы.
Але вось паказаўся лёрд Сэнт-Джон. Калі ён падходзіў да сярэдняга прыдзелу, чаканьне й цікавасьць публікікі да таго была вялікая, што размовы й шэпты мігам сьціхлі, запанавала глыбокая ціша, і толькі глухія шагі яго было чутно. Усе вочы скіравалі на яго. Падыйшоўшы да пляцформы, ён супыніўся, нізка пакланіўся Тому Канці і сказаў:
— Гаспадару, пячаткі там няма!
Натаўп чэрні не адвярнуўся-б з гэткаю шпаркасьцяй ад якога-нібудзь ахопленага чумою, як адлілі ад няшчаснага маленькага пратэндэнта на карону, зьбялеўшыя, перапалоханыя царадворцы. Мінуту пачакаўшы, ён ужо быў адзінокі, бяз прыяцялёў і апякуноў, служачы мішэньню дзеля сцэнтрованых на ім злосных і пагардлівых паглядаў. Лёрд-протэктар гнеўна крыкнуў:
— Выкінуць жабрачка на вуліцу і прагнаць пад бізуном праз увесь горад — мізэрны дурань на большае не заслужвае!
Афіцэры гвардыі кінуліся споўніць загад, але Канці спыніў іх:
— Назад! Хто закране яго. той заплаціць галавою!..
Лёрд-протэктар быў аканчальна зьбянтэжаны.
— Ці добра вы шукалі? — спытаўся ён у лёрда Сэнт-Джона. Хоць-жа, аб гэтым няварта і пытацца. Маленечкая рэч, нічога нявартая яшчэ магла згінуць, — у гэтым няма нічога дзіўнага, але якім чынам зьнікла гэткая буйная рэч, як дзяржаўная пячатка, як гэта ніхто і сьледу яе не заўважыў — вялікі залаты кружок...
Том Канці з зіхацеўшымі вачыма, выступіў наперад і гукнуў:
— Стойце, годзі! Яна гэткая, круглая, тоўстая. На ёй выразаны нейкія літары й гэрбы? Так? Ну, цяпер я ведаю, якая вялікая дзяржаўная пячатка, што нарабіла гэтулькі клопату. Калі-б вы мне раней растлумачылі, дык я аддаў-бы вам яе яшчэ тры тыдні назад. Як-жа, ведаю, дзе яна ляжыць, хоць ня я першы паклаў яе туды.
— А хто-ж, гаспадару? — спытаўся лёрд-протэктар.
— Той, хто стаіць перад вамі, — законны кароль Англіі. Ды ён і сам скажа вам, дзе яна знаходзіцца, тады вам прыдзецца паверыць, што ён ведаў аб гэтым раней. Падумай, гаспадару, прыпомні — гэта было апошняе, што ты зрабіў у той дзень, перш, чымся выбег з палацу, у маім рызьзі, каб пакараць салдата, скрыўдзіўшага мяне.
Надыйшло маўчаньне, ніхто не заікнуўся; вочы ўсіх былі вырачаны на прыйшоўшага хлопчыка, які стаяў, схіліўшы галаву і зморшчыўшы лоб, перабіраючы ў памяці масу дробных уражаньняў і стараючыся ўспомніць адзін нязначны факт; калі яму ўдасца ўспомніць — ён дастане назад пасад свой, калі не, дык прападаць яму жабраком і адшчапенцам. Мінута праходзіла за мінутаю, а хлопчык усё капаўся ў памяці, не варушачыся. Нарэшце, ён уздыхнуў, ціха памахаў галавою і прамовіў дрыжаўшым голасам, поўным зьнямогі;