Яшчэ адзін статс-сэкрэтар зрабіў даклад, у якім гаварылася, што з прычыны наданьня, згодна з апошняй воляю памёршага караля, гэрцогскага тытулу графу Гэртфорду і ўзьвядзеньня брата яго, сэра Томаса Сэймура, у стан пэра, сына ў графскую дастойнасьць, а таксама удастаеньня адпаведных падвышэньняў шмат якіх знатных слугаў пасаду, — рада пастанавіла назначыць асобнае паседжаньне на 16-е лютага, дзеля ўрачыстага паведамленьня і зацьвярджэньня гэтых міласьцяў. Разам з тым, дзеля таго, што памёршы кароль не пакінуў пісьменнага распараджэньня аб надарэньні дварамі, якія адпавядалі-б гэтак высокім тытулам, рада, будучы знаёмай з асабістымі жаданьнямі гаспадара ў гэтым сэнсе, палічыла за добрае: падарыць лёрду Сэймуру насьледную арэнду ў 500 фунтаў штэрлінгаў у год, а сыну Гэртфорда 800 фунтаў, і 300 фунтаў пасьля сьмерці аднаго з біскупаў, калі адбудзецца згода цяперашняга караля.
Том зьбіраўся заўважыць, што лепей было-б перш за ўсё заплаціць даўгі памёршага караля, а не марнаваць дарэмна гэткія значныя суммы, але рука клапатлівага Гэртфорда, дакрануўшыся да Тома, стрымала яго ад гэтага; дзеля гэтага ён даў сваю каралеўскую згоду бяз ніякіх разважаньняў, хоць і з заметным нездаваленьнем. На мінуту хлопчык задумаўся над дзіўнымі справамі, якія рашаліся ім з гэткай лёгкасьцю, і яму прыйшла да галавы шчасьлівая думка: чаму-ж бы яму не ўзьвясьці сваю маці ў стан графіні Офаль-Корцкае і не падарыць ёй двароў? Але горкія думы разьвеялі гэтае жаданьне: то-ж ён кароль толькі з імя, ў сутнасьці гэтыя строгія вэтэраны й вяльможы яго кіраўнікі; для іх яго маці — прадукт расстроенага ўяўленьня; яны аднясуцца да яго прапазыцыі з нявераю і пашлюць па доктара.
Тымчасам нудныя заняткі йшлі далей. Чыталіся прашэньні, проклямацыі, прывілеі і рознага роду многаслоўныя, пустаслоўныя і нудныя паперы, што датычылі грамадзкіх справаў. Том нарэшце, ўздыхнуў, і з натхненьнем прамармытаў: „Чым угнявіў я Бога? За што пазбавіўся я волі палёў, вольнага паветра, сонцавага сьвятла? За што мяне замкнулі сюды, за што зрабілі каралём, на няшчасьце маё?" Тут яго бедная затуманеная галоўка заківала і сонна схілілася: дзяржаўныя стравы спыніліся, за адсутнасьцю рашучага і зацьвярджальнага голасу монарха. Вакол драмаўшага хлопчыка запанавала няжывая ціша — прыдворныя мудрацы пакінулі судзіць-радзіць.
Перад абедам на Томаву долю выпала шчасьлівая гадзінка, дзякуючы даглядчыкам яго Гэртфорду і Сэнт-Джону, пазволіўшым яму пабачыцца з лэді Ажбетаю і маленькаю лэді Джэні Грэй; аднак-жа настрой у прынцэсаў быў досіць пануры, з прычыны цяжкага ўдару, спаўшага на каралеўскі дом... У канцы спатканьня яго старэйшая сястра, — пазьней вядомая ў гісторыі пад імем „крывавае Марыі" ўдастоіла хлопчыка ўрачыста-халодным прывітаньнем; гэты візыт, у яго вачох, меў толькі адзін добры бок — кораткасьць. Некалькі мінут Том заставаўся адзін; затым да яго ўвайшоў стройны хлопчык гадоў дванаццацёх, увесь у чорным — апрача сьнежна-белых брыжаў і рукаўчыкаў; у знак жалобы, ў яго на плячы быў прышпілены пунцовы банцік. Ён нерашуча падыйшоў да Тома, з голаю, схіленаю галавою і стаў на адно калена. Том, седзячы ў крэсьле, спакойна і паважна глядзеў на яго...
— Устань, хлопчык. Хто ты? Чаго табе трэба? — сказаў ён.
Хлопчык падняўся і стаў у саўсім вольнай позе, але з трывогаю ў вачох.
— Гаспадар, ты пэўна павінен памятаць мяне. Я — хлопчык, якога сьцёбаюць замест цябе.
— Як? Хлопчык, якога сьцёбаюць?...
— Але, вашая міласьць. Я Гёмфры — Гёмфры Марлё.
Том падумаў, што добра было-б, калі-б яго даглядчыкі прыставілі да яго каго-нібудзь. Палажэньне, сапраўды, было благаватае. Што тут рабіць? Прыкінуцца, што ён знае хлопчыка, і пасьля на кожным слове выдаваць, што ён ніколі і ня чуў аб ім. Не, гэта не падходзіць. Раптам на падмогу яму зьявілася вось якая думка: падобныя выпадкі, вельмі пэўна, могуць паўтарацца няраз, таму што неадкладныя справы цяпер часта будуць адрываць Гэртфорда і Сэнт Джона, якія зьяўляюцца сябрамі рады душапрыказчыкаў; дзеля гэтага, можа быць, няблага было-б самому прыдумаць плян, каб быць гатовым да гэткіх неспадзяванак. Ага, вось дык штука — каб гэта зрабіць яе з гэтым хлопчыкам ды паглядзець, які рэзультат выйдзе. Том, думаючы, пачаў цёрці лоб і, нарэшце, прамовіў:
— Цяпер я, здаецца, крыху прыпамінаю цябе — памяць у мяне крыху ступілася ад хваробы...
— Нажаль, мой бедны гаспадару! — з пачуцьцём сказаў хлопчык, а сам падумаў: „I сапраўды, так і ёсьць, як казалі: ён пазбавіўуся розуму, небарака. Аднак-жа, чорт мяне пабяры, я й запомніў. То-ж яны наказвалі мне й віду не падаваць, што з ім нядобра.
— Дзіўна неяк, як шурмуе ў мяне памяць за апошнія дні, — сказаў Том. — Але не зьвяртай увагі — я хутка папраўлюся. Іншы раз маленечкага нагаду даволі, каб уваскрасіць у галаве маёй рэчы й імёны, якія саўсім былі выляцелі. (Праўду кажучы, — падумаў ён, — нятолькі гэткія рэчы й асобы, але й тыя, якіх ніколі раней ня бачыў, — у чым гэтаму хлопчыку ня цяжка будзе пераканацца). Кажы, чаго табе трэба?
— Справа тут няважная, гаспадару: але я закрану яе, калі будзе ласка вашае вялікасьці.
Два дні назад, калі вы мелі ласку зрабіць тры абмылкі ў грэцкім практыкаваньні, падчас ранешняе лекцыі, — памятаеце?...
— Але... здаецца, прыпамінаю. (Ён, сапраўды, не павялічвае. Калі-б я ўзяўся за грэцкую мову, дык зрабіў-бы ня тры, а трыццаць тры абмылкі...). Але, памятаю; ну далей.
— Настаўнік, узлаваўшыся за гэткую, — як ён сказаў, — неакуратную й бессэнсоўную работу, дакляраваў, як трэба, высьцебаць мяне... і...
— Высьцебаіль цябе! — гукнуў Том, не памятаючы нічога ад зьдзіўленьня. — Што гэта яму стрэліла ў галаву сьцёбаць цябе за мае абмылкі?
— Ах, вашая вялікасьць, ізноў запамінаеце. Ён заўсёды карае мяне за абмылкі, дапушчаныя вамі на лекцыях.
— Ага, праўда, я й запомніў. Ты практыкуеш са мною, а калі я ня ведаю чаго-нібудзь, дык настаўнік думае, што ты блага спаўняеш свае абавязкі, і...
— О, гаспадару, ці магчыма, каб я, найсьмірнейшы з тваіх слугаў, пасьмеў вучыць цябе?
— Дык у чым-жа твая віна? Тут нейкая загадка. Хто з нас, напраўду, звар'яцеў — я ці ты? Растлумач, кажы, у чым справа?
— Вашая вялікасьць, што можа быць прасьцей. Ніхто ня сьмее ўдарыць сьвятарнае асобы прынца Уэльскага; вось чаму, калі ён правініцца, дык мне дастаецца за яго... Гэтак і трэба, то-ж гэта мой абавязак, мой заработак.
Том са зьдзіўленьнем аглядаў хлопчыка, спакойна стаяўшага перад ім. „Вось дык дзіўная штука, — падумаў ён, — дзіўная майстэрка; як гэта яны не нанялі хлопчыка, каб прычэсваць і апранаць яго за мяне... Вось, каб гэта яны зрабілі, дык я ахвотна пайшоў-бы пад лупцаваньне ды яшчэ дзякаваў-бы Богу!" Пасьля ён дадаў голасна:
— I што-ж, цябе адластажылі, небарача, як было даклярована?
— Не, вашая вялікасьць, кара была назначана на сягоньня, але цяпер яе, пэўна што, саўсім адменяць, цераз жалобу, ня ведаю напэўна... І вось я адважыўся зьявіцца і прыпомніць вашай міласьці аб дакляраваньні заступіцца за мяне...
— Выратаваць цябе ад розгаў?
— А вы маеце ласку помніць!
— Бачыш, памяць да мяне вяртаецца. Супакойся, цябе ня будуць біць, я аб гэтым патурбуюся.
— О, дзякую, уладару мой! — выгукнуў хлопчык, падаючы на калены... Быць можа, я вельмі адважна зьвярнуўся... а ўсё-ж...
— Гёмфры ўсё яшчэ не адважваўся, але Том падбадрыў яго, заўважыўшы, што ў даную мінуту ён у „літасьцівым настроі".
— Ну, тады я выкажу, што ў мяне ў душы. З тае мінуты, як ты з прынца Уэльскага зрабіўся каралём, ты можаш загадаць, што хочаш і ніхто не адважыцца пярэчыць; табе цяпер няма ніякае патрэбы мучыць сябе нуднымі заняткамі, ты, мусі, кінеш у агонь кніжкі і займешся чым-нібудзь болей лёгкім. Тады я прапаў, а са мною й мае сёстры-сіроты.
— Прапаў! Растлумач, калі ласка, як гэта так?
— Мае плечы кормяць мяне, о, добры гаспадару! Бяз гэтага занятку мне хоць-бы з голаду паміраць. А як толькі пакінеш вучыцца, тады і пасадзе маёй канец. Не праганяй мяне, гаспадару!