Ізноў заснуў Том і, крыху пачакаўшы, вось што ён сьніў. Сьнілася яму, быццам было лета і ён адзін гуляў на шырокай сенажаці, на Гудмансфільд, як раптам перад ім вырас карлік, з фут ростам, з рыжымі бакамі, згорблены. „Капай каля гэтага пня", — сказаў ён. Ён паслухаў і знайшоў дванаццаць блішчастых, новых пэньні, цэлае багацьце! Але гэга яшчэ далёка ня ўсё.
— Я цябе знаю, — прамовіў карлік. — Ты добры, талковы хлопчык; мукам тваім настаў канец, бо выбіла гадзіна нагароды. Кожныя сем дзён прыходзь сюды капаць і кожны раз знойдзеш тую самую суму — дванаццаць блішчастых, новых пэньні. Нікому не расказвай, трымай гэта ў таямніцы.
Пасьля карлік зьнік, а Том са знойдзеным пабег у Офаль-Корт, разважаючы сам з сабою: „Кожную ноч я пачну даваць бацьку па пэньні; ён будзе думаць, што я выпрасіў грошы, будзе рад, і мяне пакінуць біці. Адзін пэньні будзе даставаць кожны тыдзень добры сьвяшчэньнік, што вучыць мяне; маці, Наньні й Бэтты рэшту — чатыры. Скончана цяпер з голадам і лахманамі, запомнім страх, неспакой і благое абхаджэньне".
Сьніць ён далей, што дабраўся да свае нікчэмнае хаціны ўвесь задыхаўшыся, але з выразам падзякі й радасьці ў вачох; ён кінуў чатыры пэньні на прыпол маці, са словамі:
— Гэта для вас, — для цябе, Наньні й Бэтты, чэснаю працаю дабыты, ня выпрашаны і ня ўкрадзены!
Маці, шчасьлівая і зьдзіўленая, прытуліла яго да грудзей і сказала:
— Ужо позна — ці ня ласка вашае вялікасьці ўставаць!
Ах, гэта ня быў адказ, якога ён чакаў. Адляцелі мары — ён прачхнуўся.
Ён расплюшчыў вочы — багата апранены першы лёрд адпачывальні стаяў укленчыўшы каля яго пасьцелі. Радасны настрой ад фальшывага сну прайшоў; бедны хлопчык даведаўся, што ён усё яшчэ палоньнік, усё яшчэ кароль. Пакой напоўніўся царадворцамі, апраненымі ў пурпуровыя мантыі, — жалобны колер, — і шляхетнымі слугамі монарха. Том сеў на пасьцелі і з-за цяжкае шаўковае пярыны паглядаў на блішчастую публіку.
Пачалася ўрачыстая цэрэмонія апрананьня, падчас якое царадворцы адзін за адным у знак пашаны, кленчылі і выказвалі маленькаму каралю спачуцьцё з прычыны цяжкае ўтраты. Перш за ўсё дзяжурны обэр-штальмайстар узяў сарочку і перадаў яе першаму лёрду-егермайстру, які аддаў яе другому камэргэру адпачывальні, той — галоўнаму лясьнічаму Віндзорскага лесў, а гэты — трэцяму обэр-камэргэру; ад яго сарочка перайшла да каралеўскага канцлера Лянкастэрскага гэрцогства, да начальніка гардэробнай, да прэзэса капітулу ордэнаў, да камэнданта Тоўэру, да обэр-гофмайстра, да насьледнага лёрда стольнічага, да гэнэрал-адмірала Англіі, да архібіскупа кэнтэрбэрыйскага і, нарэшце, да першага лёрда адпачывальні, які ўзяў яе і ўзлажыў на Тома. Беднаму зьдзіўленаму хлопчыку гэтая цэрэмонія прыпомніла спосаб перадачы вёдраў на пажары.
Кожная прылада туалету адбывала тую самую бесканечную, урачыстую працэдуру, так што Тому гэта, нарэшце, абрыдла, да таго абрыдла, што ён пачуў парыў падзякі, калі ўбачыў, што доўгія, шаўковыя панчохі пайшлі па руках і што, значыцца, справа падходзіць да канца. Але радасьць яго была няўпорная. Першы лёрд адпачывальні, адтрымаўшы панчохі, зьбіраўся насунуць іх на ногі Тому, як раптам твар яго зачырванеўся і ён пасьпешна, з выразам крайняга зьдзіўленьня, усунуў іх у рукі архібіскупу Кэнтэрбэрыйскаму, сказаўшы шэптам: „Паглянь, мілёрд"!.. і паказаў нешта на панчосе. Архібіскуп спачатку зьбялеў, пасьля пачырванеў і, перадаўшы рэч гэнэрел-адміралу, прашаптаў: „Глядзі, мілёрд!" Адмірал, у сваю чаргу, зьвярнуўся да насьледнага стольнічага, і ледзь дыхаючы, з трудом выказаў: „Глядзі, мілёрд!" Панчохі пайшлі назад удоўж усяе лініі — да обэр-гофмайстра, да камэнданта Тоўэру, да прэзэса капітулу ордэнаў, да обэр-гардэробмайстра, да каралеўскага канцлера Лянкастэрскага гэрцогства, да трэцяга обэр-камэргэра, да галоўнага лясьнічага Віндзорскага лесу, да другога лёрда адпачывальні, да першага лёрда обэр-егермайстра і г. д. — увесь час ня сьціхала паўтарацца выказваньне зьдзіўленьня й жаху: „Глядзі! Паглянь!" — пакуль, нарэшце, панчохі не перайшлі да дзяжурнага обэр-штальмайстра. З мінуту ён глядзеў белы, як сьмерць, на рэч, выклікаўшую агульны перапуд; пасьля сіпліва прамармытаў: „Бажуся чэсьцю — спражка адляцела ад падвязкі. У Тоўэр зараз-жа даглядчыка каралеўскага порця!" З гэтымі словамі ён у зьнямозе прысланіўся да пляча першага лёрда егермайстра, і сабраўся з сіламі толькі тады, калі прынясьлі новыя панчохі, з някранутымі спражкамі.
Але ўсяму на сьвеце бывае канец, і Том Канці, пасьля нейкага часу, адтрымаў магчымасьць зыйсьці з пасьцелі. Адзін саноўнік наліў вады ў умывальнік, другі кіраваў умываньнем, трэці стаяў тут-жа з ручніком напагатове; пакрысе Том прайшоў цераз працэдуру мыцьця і ўжо гатовы быў да паслугаў прыдворнага цыруліка. Калі ён, нарэшце, вызваліўся з рук гэтага майстра, дык выяўляў сабою далікатную й харошанькую фігурку, быццам дзеўчынка, у сваім пурпурным, атласным касьцюме, у капялюшы з пунцовымі пёрамі.
Затым ён са сьвітаю скіраваўся ў сталоўню сьнедаць. Пры яго праходжаньні вялікае сабраньне прыдворных расступалася, даючы дарогу, і ўсе падалі на калены.
Пасьля сьнеданьня Тома прывялі з пышнаю ўрачыстасьцю, у праводжаньні галоўных саноўнікаў і варты з пяцьдзесят каралеўскіх целаабаронцаў, з пазалачанымі сякерамі ў руках, — у тронную залю, дзе ён павінен быў заняцца дзяржаўнымі справамі. „Дзядзька" яго лёрд Гэртфорд, заняў месца каля пасаду, каб памагаць каралю сваімі мудрымі радамі.
Першаю зьявілася камісія з імянітых асобаў, назначаных душапрыказчыкамі нябожчыкам каралём; яны прасілі зацьвярджэньня некаторых сваіх пастановаў — крыху фармальнасьць, а крыху можа й не, тамушто яшчэ ня было рэгэнта. Архібіскуп Кэнтэрбэрыйскі зрабіў паведамленьне аб рашэньні рады душапрыказчыкаў датычна пахаваньня цела ў Богу спачыўшага гаспадара, і скончыў чытаньнем подпісаў: архібіскуп Кэнтэрбэрыйскі, лёрд канцлер Англіі, Уільям лёрд Сэнт-Джон, Джон лёрд Росэль, Адварды граф Гэртфорд, Джон віконт Ляйль, Кёзбэрг біскуп Дургамскі...
Том ня слухаў, што чыталі — адно месца ў дакумэнце было няясным для яго. Дзеля гэтага ён зьвярнуўся да лёрда Гэртфорда і шэптам спытаўся:
— На які дзень, ён сказаў, назначана пахаваньне?
— На шаснаццатае чысло будучага месяца, гаспадару!
— Што за блаж! Ці-ж ён пратрымаецца?
Небарака, каралеўскія звычаі ўсё яшчэ былі новымі для яго; ён прывык бачыць, як у Офаль-Корце спратвалі нябожчыкаў з асабліваю пасьпешнасьцю. Аднак-жа, лёрд Гэртфорд супакоіў яго двома-трома словамі.
Статс-сэкрэтар падаў пастанову рады, якою на чародны дзень, у адзінаццаць гадзін раніцы, назначаўся прыём чужаземных паслоў, і прасіў згоды караля.
Том зьвярнуў пытальны пагляд на Гэртфорда; той шапнуў:
— Вашая вялікасьць маеце ласку выказаць згоду. Яны зьявяцца засьведчыць спачуваньне сваіх гаспадароў з прычыны цяжкага гора, спаўшага на вашую вялікасьць і на ўсю Ангельскую дзяржаву.
Том зрабіў, як яму было сказана. Другі статс-сэкрэтар пачаў чытаць каштарыс расходаў па ўтрыманьню двара памёршага караля, якія за прайшоўшага паўгода дайшлі да сумы 28.000 фунтаў штэрлінгаў — гэткая вялізная сума, што Том ад зьдзіўленьня разявіў рот; яшчэ больш ён быў зьдзіўлены, калі аказалася, што з гэтых грошай 20.000 фунтаў штэрлінгаў яшчэ ня выплачаны і што каралеўскія сундукі блізу што парожнія, а служачыя ў ліку тысячы дзьвесьце чалавек, знаходзяцца ў цяжкаватым палажэньні, з прычыны нявыдачы належнае ім пэнсіі. Том раптам загаварыў са злосьцю.
— Гэтак мы дайдзем да торбы, — гэта ясна. Памайму трэба і нават неабходна знайсьці меншае памешканьне, распусьціць слугаў, таму што яны толькі замінаюць і дакучаюць сваімі паслугамі, у якіх маюць патрэбу хіба толькі бязмозгія ды бязрукія лялькі, якія ня ўмеюць самі што-нібудзь рабіць. Я ведаю маленькую хатку, проці рыбнага рынку, у Білінгсгэйце...
Граф Гэртфорд моцна сьціснуў руку Тома, той перарваў сваю недарэчную прамову, увесь пачырванеўшы; але ніхто з прысутных і віду не паказаў, што заўважыў ненармальнасьці гэтае прамовы, або што прыдаў ёй значэньне.