Литмир - Электронная Библиотека
A
A

3

Калі вячэралі, Яўхім сказаў:

— Перамералі ўсё наша…

— Хай ім на тым свеце!.. — засіпеў стары Глушак, але не дакончыў, пільна зірнуў на Яўхіма. — Гаварыў з кім?

— З цесцем. З Чарнушкам. Тры дзесяціны найшлі, кажа, няўпісаныя…

— Найшлі! Як ляжала зямля век вечны без карысці, дак ахвоты не було нікому да яе! А як узяў, абрабіў, абсеяў — дак… Выражуць цяпер?

— Выражуць. Дай, мабуць, не тры дзесяціны, а ўсе пяць.

— Пяць?! Ето — чаму? Калі там усяго тры було?!

— І без таго, найшлі, лішак у нас буў.

— Лішак! Лішак! Усё — лішак! Мо і сам я ўжэ — лішак!.. Штоб ім на тым свеце! На гарачым вуголлі!..

Злосць змянялася крыўдаю, лютасць — кволасцю. Тады чуў сябе няшчасным, адзінокім, бездапаможным, ледзь утрымліваўся, каб не паскардзіцца. Ды і перад кім было кволіцца: перад дурною старою, перад гэтым смаркачом, які стаў супроць бацькі? Пасля вячэры, калі Сцяпан падаўся гуляць, а старая выйшла ў хлеў, сказаў Яўхіму:

— Паразяўляліся… Кеб прымелі, з'елі б…

— З'есці не з'ядзяць, — спакойна, з разважнасцю прамовіў Яўхім, — а кавалак сцягна, мабуць, уварвуць…

— Жывое рвуць клыкамі… Бога ім няма.

Яўхім зноў сказаў разважна, як бы старэйшы:

— Нічога не зробіце ім, тато…

— Волі багато далі ім!

— Уласць ім прыяе…

— Пасмялелі. — Зноў брала старога лютасць, раздзімала грудзі. — Пасмялелі, як Маслак прапаў! Жыў бы буў — нябось сядзелі б, як жабы ў карчах!.. — Шчыра, горка ўздыхнуў: — Эх, прапаў чалавек да пары!.. Як і не було!..

Маўчалі. Потым Яўхім дзіўна сказаў:

— А мо ён і не прапаў?

— Хто?

— Ён, Маслак…

Глушак аж тузануўся насустрач, дыхнуў горача ў Яўхімаў твар:

— Чутно што?

— Будзе чутно…

— Як ето — будзе чутно?

— А так — возьме ды зноў паявіцца!

— Дак ето — няпраўда? — Глушак быў так расчараваны, што гатоў быў зазлаваць.

— А як няпраўда — дак што? Не було праўды, дак няпраўда паможа. Абы — памагла…

Разумна гаворыць! Прыкрасць адразу прапала, Глушака занепакоіў клопат:

— А як не павераць?

— Павераць… Адзін не паверыць, другі, а багато хто і паверыць…

— Дай Бог, кеб паверылі. Прыціхлі б трохі!.. — Глушак падумаў уголас. — Ето праўда: е ён, Маслак, ці няма, абы пра яго чулі, зналі. Як будуць знаць, ён і будзе ўсё адно што жывы…

Яўхім сказаў:

— Яго і цень пужаць будзе. Абы ён варушыўся!..

— Аге. Ето ўсё праўда.

Ноччу Глушак доўга не мог заснуць. Апаноўвалі ўспаміны — як год за годам, можна сказаць, усё жыццё гнуўся, выжыльваўся дзеля сваёй зямлі, якую прагавітая галота за нішто хоча парэзаць. Колькі ўведаў гора, увабраў пакуты, каб адно прыдбаць тую лапіну, што каля цагельні. Усё дабро сваё, пасаг увесь жончын перавёз на кірмаш, збіраючы грошы… Долю сваю, можна сказаць, знявечыў праз гэта: з-за пасагу ж пабраўся з няўдаліцай Лантуховай Кулінай. Гнілога Лантуха, бацьку яе, усцёг сабе на шыю, каб прылічыць да сваіх блішчастыя лантухоўскія залатоўкі. Яго ашукалі — залатовак аказалася многа менш, чым думалася. Толькі ўдала прадаўшы лантухоўскую палоску, змог нарэшце купіць тую прываблівую лапіну, што каля цагельні. Усё рабіў, жыў, можна сказаць, дзеля тае зямелькі, што каля цагельні, потам, крывёю ўрабіў усю!..

А тая, што каля сажалкі, ці лёгка дасталася! Адзін Бог ведае, колькі паперадаў дабра таму Свістуну аднаногаму, пакуль не стаў гаспадаром на яго палосцы. Колькі потым яшчэ плётак перанёс, колькі людской крывоты перанёс за нішто!..

Усё-такі, што ні было тады, на Бога грэх скардзіцца: непагана ішло ўсё тады, у пачатку вайны з германцамі. І ад службы Бог паспрыяў уратавацца. Правая рука не служыла як мае быць, але, пэўна, не паглядзелі б на яе, каб не ўдалы кадоўбчык масла доктару.

Не, як каму, а яму ў тую вайну Бог прыяў, самы час быў жыць! У другіх няўпраўка, а яму ўдача сама ў рукі ішла! Неўзабаве пасля таго, як прылучыў зямельку ад аднаногага, прыдбаў яшчэ трохі ў Дзятлікавай удавы. Дзятліха не вельмі таргавалася: ёй усё адно нінашто была тая зямля, без чалавека, без працаўніка… Тады зяўласты яе смаркач, Васіль, толькі знаў, што цягнуць за падол ды ныць: дай есці! Ён даў смаркатаму, ледзь падрасло трохі, хлеба, заробак даў — узяў нібы за пастушка, хоць які там з яго пастух быў!.. Выратаваў, можна сказаць, а яно, убраўшыся ў сілу, як аддзячыла?..

Усё потым пайшло на глум, усё, што датуль быццам бы зычыла шчасце. За што, за якія грахі ўсёмагутны Божа пусціў на зямлю гэту страшную кару, навалу, пошасць — рэвалюцыю, якая ўсё перакруціла, пераблытала, дала волю рознай галадранай ненажэры! Як і не было, прапаў цвёрды грунт з-пад ног, знікла трываласць у жыцці! То бойся, як бы пасля пана, ашалелыя, і на цябе не накінуліся, як бы не ўчапіліся клыкамі, то бойся немца-прыблуды, то дурня-паляка асцерагайся. Немец-то яшчэ сюды-туды, з немцам ужыцца можна было б, а вось балахоўшчыкі — тыя, як прыпяклі іх бальшавікі, самі ж ледзь не ўкоцалі яго, калі хацеў уберагчы ад абозу каня. Не паглядзелі, што не галадранец, а гаспадар…

Зямля пад нагамі была — як дрыгва, вагалася, гатова была кожны момант прарвацца, праглынуць яго разам з усім дабром. Набачыўшыся ўсяго-ўсякага, натросшыся, ужо не вельмі давяраўся, калі стала патрохі аціхаць, наладжвацца. Але год ад году ішло раўней, і дыхнуць ужо лягчэй можна было, стаў зноў, здаецца, папраўляцца, убірацца ў сілу, весялей глядзець навокал, як нб табе — на якое зло, Божа! — гэтая бяда, новы перадзел зямлі!

Зноў успомніўся прыход камісіі — як трымаўся і што гаварыў Міканор, — і злосць закіпела гарачэй. Землю набываць не смей, нават да той, якая ляжыць без ужытку, пад хмызняком і травою, не датыкайся! Бо лішак будзе! Бо ў другіх меней! Бо другім, галечы гуляшчай, вочы коле!.. Мала таго, што да зямлі, дак шчэ й да парабка прычапіцца трэба! Парабка ім шкода! Парабку плаці, як пану! А мо шчэ і рабіць за яго, за парабка, загадаюць!.. Усё вочы коле, ва ўсё ўлезці гатовы з капытамі! Нібы не ты, а яны — на тваім двары, на тваёй зямлі — гаспадары-валадары, галадранцы вашывыя!.. Асабліва ж — гэта зараза васпаватая, Дамецікаў прыблуда! Без яго мо і ціха было б, дык — не ж, прынесла заразу, прыперла гада падкалоднага! Каб яму на тым і на гэтым свеце, як гадзюцы на ражне, круціцца!..

Думкі аб зямлі, аб Міканору мяшаліся з думкамі пра сыноў, пра жонку, і тады зноў ажывалі крыўда і гнеў на Сцяпана. Даўно прыкмеціў, што надзеі вялікай на малодшага мець не трэба, нязграбны, няўдалы да гаспадаркі, але думаў, цешыў сябе, што, можа, навукай карысны будзе. Аж вось табе, дачакаўся карысці! Вывучыўся сынок, няма чаго сказаць! Выадукаваўся — на бацьку гырчаць!.. І то падумаць: вельмі трэба было верыць цяперашнім настаўнікам, якія адно на бальшавікоў стараюцца і з Богам не лічацца. Трэба было спадзявацца, што яны чаму добраму вывучаць!.. Але не толькі іх тут віна. Нямала, мусіць, і жонка вінавата — шкадавала, песціла, няньчыла. І даняньчылася — выгадавала яблычка!

А Яўхім, дзякуй Богу, здаецца, за розум узяўся. Каб не звязаўся з гэтай галадранкай, дык можна было б адно радавацца, гледзячы на такое дзіця. Але, можа, і так яшчэ выправіцца — можа, гэта хвароба, любоў, не высушыць усе мазгі… Глушак падумаў, што хвароба-любоў перадалася сыну не інакш ад маткі — у той змоладу і пазней у галаве многа глупства ўсякага вадзілася. Думаў пра глупствы гэтыя не так горача, як раней, новыя бядоты глушылі даўнейшую крыўду, да таго ж ад гаворкі з Яўхімам у гэты вечар была ў душы нейкая прасветліна. Яўхім адзін разумеў яго, адзін быў надзейны супольнік…

"З Маслаком ето непагано прыдумано. Як прыстрашыць добра, дак мо ўся круцельня васпаватого і сыдзе на нішто…"

Злосць на Міканора ўсё ж не спадала, паліла няўціхна: "Гад, ну і гад!.. І ўсе гады — галеча ненажэрная!.."

4

Яўхім так спрытна пусціў чутку, што пад поўдзень у Куранях не было такога чалавека, які б не ведаў, што Маслак — жывы і дужы — аб'явіўся зноў і што ў любы зручны момант можа апынуцца тварам у твар. Ведалі ў Куранях, што Маслак зноў не адзін, а з бандаю, аб сіле якой хадзілі самыя розныя чуткі. Адны казалі, што ў ёй паўтара дзесятка, другія — што больш за сотню бандытаў. У тым, што Маслак і праўда аб'явіўся, амаль ніхто не сумняваўся, вельмі ж добра помніўся ён усім з нядаўняга, калі яго таксама не ўсе бачылі, але ўсе адчувалі. Да таго ж цяпер называлі сёлы, каля якіх ён быў, і людзей, якія натыкаліся на яго, прычым расказвалі да драбніц аб акалічнасцях гэтых сустрэч.

68
{"b":"205307","o":1}