Хлопцы і дзяўчаты гаманілі ў цемры зусім недалёка на бярвеннях, складзеных перад Грыбковай хатай. Ганна сказала «добры вечар» знарок абыякава і, як бы загадзя папярэджваючы непатрэбную гамонку, з такім выглядам, нібы зайшла не так сабе, нібы спяшаецца, заклапочана запыталася:
— Хадоські тут няма?
У Куранях было некалькі дзяўчат Хадось, але Хадоськай звалі адну. Яе быццам выдзялялі з усіх гэтым лагодным, ласкавым імем.
Хадоська замест адказу радасна пазвала:
— Ой, Гануля! Хадзі сюды!
— Хадзі ты! Штось скажу табе!..
— Дак ты тут, ціхо! Хадзі!
Хтосьці з дзяўчат крыкнуў добразычліва:
— Пасядзі! Не грэбуй кампаніяй!..
— От, сказала: ці ж я калі грэбувала!..
— Ну дак пасядзі ў гурце!..
— Часу няма… — няцвёрда прамовіла Ганна. — Матка чакае…
Гарэзны хлапечы голас засмяяўся:
— Усіх нас маткі чакаюць!
Дзяўчаты зарагаталі. Пад гэты добры рогат Ганна падышла да Хадоські, села побач.
2
Дзяўчаты і хлопцы, што хвіліну назад бачылі і слухалі адну яе, цяпер ураз як бы забылі аб ёй, загаманілі кожны пра сваё. Ганна, адчуўшы, што за ёй ніхто асабліва не сочыць, ужо хацела прытуліцца да Хадоські, запытацца аб тым, што трывожыла, калі Хадоська раптам горача абняла яе, голасам, поўным бязмежнага спачування і жалю, абпаліла:
— Бедная… Бедная ты мая, Ганулечка… Няшчасная…
«Значыцца, няма, не вярнуўся Васіль», — здагадалася Ганна і раптам зноў успомніла, як ён ішоў па вуліцы, не гледзячы ні на кога, дзікаваты, злосна мясіў гразь… Шабету ўспомніла з канём на повадзе, твары людзей, якія ўсё бачылі — Васілёву і яе ганьбу. Прыкрасць і жаль, сорам і боль зноў ажылі ў ёй, замуцілі свет… Чаму ўсё так сплялося?
— Забралі яго? — як бы не паверыла, ціха прашаптала Хадосьцы.
— Павезлі. У Юравічы, кажуць…
Ганна нічога больш не пыталася, нічога не гаварыла. Ёй не хацелася і думаць нічога — усё было такое незразумелае, блытанае. Доўгі час яна і не заўважала нічога навокал, не магла слухаць. Як бы праз туман, прайшлі праз яе смутную прыгнечанасць першыя словы, якія нечым кранулі ўвагу, прымусілі яе адгукнуцца.
— І цяпер калачуся, як успомню!.. — пачула Ганна. Яна мімаволі, нявесела стала слухаць. — Бацько сам едзе ні жывы ні мёртвы… Хрысціцца сам сабе… Губы сашчапіў, не варухне губамі… кеб той, крый Божа, не пазнаў, што малітву бацько робіць… не ўгнявіўся…
— Аб чым ето яна? — не зразумела Ганна.
— Ведзьмака сустрэлі, — ціха, з асцярогай прашаптала Хадоська, неспакойна азірнулася ў цемру, быццам баялася, што іх слухаюць. Яна перахрысцілася. — Не дай Бог, пачуе!..
Ганна зразумела яе страх, ведала, што ведзьмакі не любяць, калі іх так завуць, помсцяць за гэта. Ведзьмакі хочуць, каб іх звалі чараўнікамі.
— Чараўніка?! — здзівілася Ганна. — Якога? Што ў Хвоенцы?
— Аге ж.
— Усю дарогу калаціліся, — апавядала гарбатая Прося. — Як, скажыце, жывыя з лесу выбраліся!.. Лес той — то буў ціхі, а то зрабіўся страшны — гудзе, скуголіць, як на хаўтуры… А ў тым гудзе — чую — як бы костачкамі стукае мярцвяк… Ідзе, ідзе за намі, блізенько, рукой дастаць, і — стукае… Стук-стук… Стук-стук…
— Страхоцце якое! — жахнулася адна з дзяўчат.
— Мабуць, пачуў, што бацько моліцца… Ён і раней, мабуць, чуў, таму і злаваў, пужаў, стукаў костачкамі… А падысці баяўся, ці малітва не давала…
— Е такія малітвы, што як пачуе ён, дак як ліст затрасецца, — сказаў нехта тонам знаўцы. — Толькі трэ знаць яе, тую малітву… І казаць, не пужацца — хоць што! Бо ён, хоць і пужае, а баіцца яе… Не любіць — страх!..
— А конь — што?! — перабілі «знаўцу». — Ідзе сабе?
— Аге, ідзе! — адгукнулася Прося. — Ідзе!.. І ён сам не свой! Хістаецца, як п'яны, — як не падае. Вушы наставіў, грыву натапырыў і вачмі ўсё — зірк, зірк. А вочы — круглыя, перапуджаныя!.. Але, дзякуй Богу, — хоць хістаецца, а ідзе і ідзе! Толькі ён і выратаваў!.. А то б там і — канец наш!
— Добра шчэ, што пбмараку на каня не нагнаў, — зноў загаварыў «знаўца». — А то, бувае, як нагоніць чараўнік памараку, то конь ідзе і ідзе, ды толькі не туды, куды трэба. А то і так бувае: здаецца, ідзе, ідзе ён, а сам — на месцы!..
— Дзякуй Богу, што пачуў малітву! Пачуў і заступіўся!.. — сказала Хадоська.
Чысты хлапечы голас, у якім чуўся прытоены смех, раптам уварваўся ў ціхую гаворку дзіўна весела і звонка:
— Бог? А знаеце, дзе ён цяпер?
Ганна пазнала: пытаўся Хоня, па-вулічнаму — «Бацько і матка». Хадоська даверліва пацікавілася:
— Дзе?
— У Нароўлі ў воласці! За сакратара!
— Кеб табе язык адсох! За такія твае словы…
— Праўда — у Нароўлі! Бачылі яго! Ён, праўда, не прызнаецца, баіцца, кеб не прагналі з работы!.. Бо не пралетар сам!..
Хлопцу не далі дагаварыць — мусіць, нехта закрыў рот. Дзяўчаты абурана гаманілі, клялі адступнікаў ад Бога, ад якіх, казалі, усе няшчасці ў сяле. У гэтым гомане і Прося, якая расказвала пра сустрэчу з ведзьмаком, не адразу зноў заваявала ўвагу.
— Прыехалі… Паклаліся спаць… Бацько ўсё жагнаецца, ніяк супакоіцца не можа. І я — як гляну ў цемру — усё бачу яго: вочы, як тыя вугалі, зырчаць! Агнём!.. Страх!
— Прыйшла б да мяне ў павець, я супакоіў бы! — зноў уварваўся Хонеў голас.
Хлопцы зарагаталі. Зарагаталі куды больш дружна, чым тады, калі іх таварыш асмеліўся зачапіць Бога. Дзяўчаты, бясконца зняважаныя недалікатнай парадаю іхняй прыяцельцы, заступіліся за яе, пачалася вясёлая валтузня з няшчырымі пагрозамі, з нязлоснымі дакорамі, між якіх былі чутны мяккія ўдары дзявочых рук па хлапечых спінах.
— Добры які аб'явіўся! — сказала Прося.
Дзяўчаты падтрымалі Просю кпінамі з хлопцаў і смехам. Але не апаў яшчэ гэты смех, як яго працяў такі прарэзлівы віск дзяўчыны, быццам ёй пусцілі за пазуху вужа.
— А-ай! Дзевачкі! — За гэтым пачуўся часты пляскат рук па твары.
— Ну, ну, кабулка! Не брыкайся!..
— Ай!.. Памажыце!.. — Алена Зайчыкава аж заходзілася ад рогату. — Не шлакачы… чорт… паганы!.. Ой! Чуеш? Не лезь!..
— Пятро! Дзе ты ёй шлакочаш, што яна так смяецца?.. — пацікавіўся адзін з хлопцаў.
— У якім месцы? Бо мы не знаем!
— А ты ж знайшоў такое!
Ганна слухала гэтыя гарэзныя смешкі, спрэчкі, але ні разу, ніводным словам не адгукнулася на іх. Яна, звычайна і сама ахвочая да кпін-спрэчак, задзірыстая, слухала цяпер, сачыла за ўсім так, як сочаць дарослыя за дзіцячай гульнёй. Бесклапотны смех як бы не даходзіў да яе, не кранаў душы.
Ганна была здаволена, калі ў хвіліну зацішку, які прыйшоў на змену рогату, Хадоська завяла:
Шумяць вербы ў канцы грэблі,
Што я пасадзіла…
Галасок яе быў нясмелы, кволы — здавалася, ён, лагодны, задуменна-журботны, з недарэчнай скаргай. крыўдай, вось-вось патоне ў выбуху рогату, але хвіля за хвіляй ішлі, а ён не тануў. Ён, праўда, і не мацнеў, нейкі час усе маўчалі, як бы слухалі-чакалі, як бы не ведалі, не здагадваліся, пра што шумелі-жаліліся вербы. Раптам скарга, якая на момант сціхла, прапала ў вячэрнім змроку, загучала зноў, але ўжо мацней, балючай, на многія галасы:
Няма таго міленького,
Што я палюбіла…
Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла, не думаючы асабліва пра словы песні, — даўно-даўно была знаёмая Ганне гэтая песня. Але не даспявала дзяўчына і першых слоў, як яе знянацку ўразіў новы, нязнаны сэнс іх, такі блізкі, такі балючы:
Няма таго міленького!
Абуджаныя гэтымі словамі сум, крыўда зноў ажылі, горкай хваляй падступіліся к горлу…
Няма яго, дай не будзе,
Паехаў у Адэсу…
«Паехаў… Павялі ў Юравічы…» — Ганна ў вялікім наплыве журботы змоўкла, сціснула губы, слухала так, як бы гэта была і не песня, даўняя, чужая, а яе скруха, яе бяда. Калі яна маркотна далучылася да ўсіх, здалося, што не спявае яна, як раней, як усе, а нібы думае ўголас, гамоніць з сабою: