Дзень за днём на сонечнай вадзе купін вылазіла больш. То тут, то там выбіраліся грэцца на паверхню ўжо цэлыя астраўкі. І ўсюды, на кожнай купінцы, на кожным астраўку, проста на вадзе — зялёная радасць. Зелянела асака, зелянела лаза, усё гусцей зелянелі алешнікі.
Сыходзіла вада і з дарогі, але адступала неахвотна — пакідала ўсюды равы і ямы з лужынамі, чорную ліпучую гразь, што ніяк не хацела падсыхаць. Нельга было і думаць, каб пераехаць ці нават перабрацца пешкі. Са смуткам і нецярплівасцю пазіраў Міканор на такую нібы недалёкую, але недасяжную выспу, на якой былі Алешнікі. Ужо трэці месяц ні адтуль не прыходзіў ніхто, ні туды ніхто не дабіраўся. Трэці месяц не чутно было нічога з сельсавета, з воласці, не было газет…
Пасля паўдня цёплым майскім днём Міканор наважыўся дабрацца да жаданай выспы. Выпраўляючыся з хаты, узяў даўно ўжо не ношаныя салдацкія чаравікі з абмоткамі: нядобра ж было паказвацца ў чужым сяле, як дома, у лапцях. Чаравікаў, аднак, не надзеў, — звязаўшы шнуркі, перакінуў цераз плячо, праз свае Курані, па даволі падсохлай дарозе пайшоў басанож.
Ішоў весела і лёгка, толькі перад балотам спыніўся, выбраў з кучы галля, складзенага зімой, добры, моцны дручок, зламаў верх і абламаў сучкі. Удваіх з гэтым спадарожнікам, які павінен быў памагаць мацаць глыбіню гразі і лужын, а дзе трэба, і стаць апірышчам, Міканор смела рушыў на балота.
Гразь, дзе было яе неглыбока, ужо ўгрэлася, але калі ногі ўязджалі па калені ці глыбей, костачкі нылі ад холаду. Міканор як бы і не заўважаў гэтага холаду — душа была поўная клопату: дарога ўвесь час запыняла, ашуквала. Што ні крок, то загадка — сачы, мерай, выбірай, не хіб. У некалькіх месцах дарога была ўпоравень з дрыгвою, твань і рудая вада падступалі так высока пад грудзі, што ўсярэдзіне халадзела.
Вымак і ўтаміўся, пакуль дабраўся да мастка. Калі стаў на мастку аддыхацца, здзіўлена азірнуўся — столькі фарбаў было ў гэтым бліскучым дні: у бляску азёрцаў на балоце, у зеляніне травы і асакі, у россыпе красак. Колькі ж іх, красак, жаўцела ўсюды, аж вочы сляпіла, як ад сонца.
Бярвенні на мастку былі цёплыя, гразь на іх падсохла, і зямля сыпалася ў шчыліны. Ужо напалову струхлелыя дрэвы ляжалі нетрывала, ездзілі пад нагамі. Адно бервяно было праламана, і край яго вісеў над вадою. Міканор бачыў: вада не цурчала, стаяла — цячы не было куды. Разводдзе даўно ўсталявалася роўна…
Ён агледзеў сваю вопратку: штаны і нават ніз гімнасцёркі былі аблеплены тванню. «Мыць трэба будзе і сушыцца», — заклапочана падумаў ён і зноў палез у балота.
Перабраўшыся на другі бок, Міканор падступіўся к лужыне, змыў гразь, выціснуў ваду, сеў абсушыцца. Але сядзеў нядоўга, карцела хутчэй пайсці ў сяло. Не абсохшы як след, стаў абуваць чаравікі, накручваць абмоткі. «Пакуль дайду, якраз высахну!..»
2
Спачатку зайшоў у хату, дзе жыў Гайліс, сакратар ячэйкі. Не застаў — на двары адно грэлася слепаватая старая, якая злосна буркнула: «У полі». Міканор і без слоў ведаў, чаму яна злуе: нядзеля, божы дзень, грэх рабіць. Міканор пайшоў к сельсавету.
Сельсавет размяшчаўся ў былым папоўскім доме, што стаяў сярод ладнага садку. Побач з сельсаветам была крама, а за садам, акружаная бярозкамі і клёнамі, — алешніцкая цэркаўка. Прысады да цэркаўкі ішлі паўз самы цяперашні сельсавецкі дом, які стаяў як бы на дарозе веруючых, што густа цяклі ў царкву святочнымі днямі.
Па другі бок вуліцы, таксама сярод саду, стаяў яшчэ будынак, накрыты гонтай, з пабеленымі аканіцамі — школа. Калі дадаць, што ў сельсавецкім доме, акрамя самога сельсавета, які займаў два пакоі, у бакоўцы мясцілася такая важная ўстанова, як пошта, то можна сказаць, што тут быў самы цэнтр і сяла і ўсіх сёл, якія падпарадкоўваліся сельсавету.
Дружны лад новых устаноў, што сабраліся тут на невялікім пляцы зямлі, вядома, псавала старая цэркаўка, але з яе суседствам даводзілася мірыцца як з нежаданай, але неадхільнай спадчынай…
У гэтым цэнтры неўзабаве і ішоў Міканор. Крама, на якой яшчэ чырванеў першамайскі лозунг, была адчынена. Каля крамы, як звычайна ў нядзелю, тоўпілася нямала святочнага народу.
Людзі стаялі, гаманілі і каля сельсавета. Пазнаўшы куранёўца, спынілі, сталі распытваць, якая дарога ў Курані, што ў іх чуваць, як жывуць сваякі, знаёмыя. У будынку сакратар сельсавета і стары паштар ігралі ў шашкі. Абодва так былі гэтым захоплены, што, адказаўшы на прывітанне, і не зірнулі на Міканора.
Толькі дагуляўшы партыю і пасадзіўшы сакратара ў «адхожае месца», без меры шчаслівы, урачысты стары дастаў Міканоравы газеты — цэлы стус «Беларускай вёскі». Многія лісты газеты аж пажоўклі ад даўнасці. Стары намерыўся быў пайсці да сакратара, што зноў расставіў шашкі, але ўспомніў, пакорпаўся ў століку, падаў Міканору пісьмо.
— Два месяцы з гакам чакала-с, — сказаў ён, з асалодай кіруючы да шашак.
Міканор паклаў газеты на канапу, разгарнуў трохкутнік. «Пісьмо ад былога твайго суседа па ложку і аддзялённага, а цяпер курсанта Івана Мароза», — не прачытаў, а пачуў, здаецца, ён вясёлы голас свайго таварыша. І нібы зноў вярнуўся ў казарму, дзе побач галава к галаве спалі на нарах іх аддзяленні, дзе столькі разоў разам ускоквалі, завіхаліся на знак начной «трывогі». Зноў нібы пачуў павеў вольнага ветру на мазырскіх кручах, рып дошак на мосце пад нястройным крокам аддзялення, цурчанне пяску, што асыпаўся ў мелкія акопчыкі між лазняку ля Прыпяці…
«У першых радках майго пісьма, — гаварыў Іван, — спяшаюся паведаміць табе, што я, не сакрэт, канчаю курсы і скора паеду на новую сваю работу, а куды — гэта ўжо сакрэт…» Міканор нібы пабачыў гарэзную Іванаву ўсмешачку — і тут, прычэпа, не ўтрываў, каб не пакпіць з любімага Міканоравага слоўца! І не забыў пра гэта слоўца, помніць!
З радасцю сустрэчы з таварышам няпрошаная, кволая заныла зайздрасць: цікавая праца будзе ў Івана. Некалькімі радкамі ніжэй таварыш, як бы незнарок, намякнуў, што будзе служыць на граніцы. І ён, Міканор, мог бы з ім быць, і яму ж казалі ісці на тыя курсы. Ды ён не згадзіўся — снілася, звала дамоўка…
Яшчэ раз сум і зайздрасць варухнуліся, калі ў канцы кароценькага пісьма прачытаў: «Ледзь не забыў! Прывітанне табе ад Кісяля! Нядаўна прыслаў вестку — таксама дома заварочвае. Камуну арганізаваў!.. От табе і Кісель!»
«Камуну… А тут — і з грэбляй ніяк не дасі рады!» — папракнула Міканора думка.
Вуліца пачала стракацець белымі, чырвонымі, блакітнымі кофтамі і хусткамі, хлапечымі сарочкамі і світкамі. Людзі ўсё выходзілі і выходзілі з-за хаты. Нізалася мірная гамонка старых, гаспадароў, вясёлы гаварок моладзі. Ва ўсім чуўся спакой святочнага дня і радасць волі: мабыць, кончылася царкоўная служба.
Міканор успомніў бацькаў наказ — паглядзець, ці не прадаюць кос, — і ўжо намерыўся падацца ў краму, калі к дому ціха падкаціла тачанка з Апейкам. Апейка кіраваў сам, вітаўся з людзьмі, што здароўкаліся з ім і кланяліся. Каля плота, калі ён стаў прывязваць каня, некалькі чалавек акружылі яго, пачалі аб нечым раіцца, распытваць. Міканор пастаяў поблізу, але Апейку было не да яго, і ён сеў на парозе пачакаць, калі старшыню адпусцяць.
— А! Якраз дарэчы! — узрадаваўся Апейка, убачыўшы Міканора. — Успамінаў ужо, думаў, як бы дабрацца! Толькі як дабярэшся? Аэрапланам хіба, дык не далі! — Ён загаварыў клопатна: — Болей за паўволасці адарвана. Кіраванне, называецца!.. Ну, што ў вас? Сяўбу скончылі?
— Пасеялі.
— Настрой які ў людзей? Чутак ніякіх не ходзіць, страшных? Пра вайну, пра чарцей балотных?
— Ды не, ціхо. Іншы раз хіба Маслака прыпомняць, матка якая сына пастрашыць. А так — ціхо.
— Спакойна. Гэта добра. Пара і вашым к спакою прывыкнуць. За грэблю калі возьмешся?
— Дак от думаю цяпер.
— Самы час. Бярыся, не валаводзься попусту. Упусціш момант — не сабярэш нікога.
— Дак от, кеб Алешнікі не запазніліся. Кеб у адзін дзень. Зразу з абодвух бакоў.
— Абяцалі, што не падвядуць. Ну, але калі такі неспакой у цябе, сам пасачу, каб не спазніліся… Жалезнякі і сякеры атрымаў?