Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Баяцца будуць, — згадзіўся Апейка.

Ён, зблізку гледзячы ў вочы Харчаву, уздыхнуў:

— Але што мы за такая савецкая ўлада, калі нас свае баяцца павінны?

— Нічога, шкоды вялікай не будзе. Затое парадак будзе, дысцыпліна!.. Знаць кожны будзе як след, што спуску нікому не дадзім! Што б ні зрабіў — па ўсёй строгасці! Як у рэвалюцыю!.. А то ж да чаго дайшло, — Харчаў загарачыўся, — усюды ціша, спакой, і дзяцей бандытамі забылі палохаць! А тут — у нашай воласці, пад бокам у нас — лазяць, абрэзы настаўляюць, грозяцца! А мы — сядзім, як цельпукі! Зрабіць нічога не ўмеем. Міндальнічаем!

— Міндальнічаць з поганню, канешне, нельга!.. Але, Змітро, зразумей, — не можам мы трымаць у турме чалавека без дастатковай віны!

— Без віны? Мы з табой — як у казцы пра белага бычка. Я адно кажу, а ты сваё гнеш! — Харчаў зноў кінуўся ў контрнаступ: — Ты што, знаёмы, што так упэўнены ў ім? Ты вось упікаеш мяне, што фактаў мала, а ў цябе яны ёсць?

Апейка адказаў не адразу, нібы даваў Харчаву час супакоіцца.

— Многа не многа, а ёсць. Ёсць паручыцельства чалавека, які яго добра ведае і якому я веру. — Ён апярэдзіў пярэчанне начальніка міліцыі. — Калі хочаш, скажу, каб ён заўтра зайшоў да цябе. Пагавары — наш чалавек, надзейны… — Апейка раптам папрасіў: — Ведаеш, а цяпер загадай, каб прывялі твайго злачынца. Давай паглядзім, папытаемся разам.

Харчаў неахвотна паслухаўся, выйшаў у калідор, гукнуў дзяжурнага. Вярнуўшыся, ён сеў за стол, дзелавіта заклапочаны, строгі, нібы загадзя гатовы да размовы з арыштаваным. Моцныя, чырвоныя, з набухлымі венамі рукі яго, сплёўшыся пальцамі, важка ляжалі на стале перад ім. Апейка, які сядзеў збоку стала, падсунуў да сябе газету, дастаў аловак, што тырчаў з кішэні фрэнча, стаў выводзіць завітушкі подпісаў.

Увайшоўшы, Васіль прыжмурыў вочы ад святла, мелькам, без якой-небудзь цікавасці прабег позіркам па Апейку, спадылба ўтаропіўся ў Харчава. У яго быў такі выраз на твары, які, здавалася Апейку, гаварыў: «Ведаю, навошта паклікалі, пра што пытацца будзеце, — дабра не чакаю».

Харчаў расшчапіў рукі, зварухнуўся.

— Ты што ж гэта, друг, не прызнаешся? — выразна, аддзяляючы кожнае слова, прамовіў ён. — Не прызнаешся, што памагаў Маслаку?

Васіль адвёў позірк убок, пераступіў з нагі на нагу.

— Не памагаў я…

— Як жа не памагаў?

Васіль прамаўчаў. Апейка ўбачыў на яго твары, затоеным, насцярожаным: «Так я і ведаў, гэтага і чакаў…» Скарыстаўшы момант цішыні, старшыня валвыканкома загаварыў сам, запытаўся пра такое, што, здавалася, не мела ніякага дачынення да гаворкі:

— Які надзел у цябе?

Васіль абыякава адказаў.

— Зямля добрая?

— Ат, якая зямля… У нас, у Куранях, зямля…

— Ёсць і добрая!

— Е. Ды не для нас…

— Для каго ж? — варухнуўся Харчаў.

Васіль не адказаў.

— Чаму ж ты супроць землеўпарадкавання?

— Я супроць? — яўна не згадзіўся Васіль.

— А як жа. Не ты навёў маслакоўцаў, каб сарвалі перадзел? — умяшаўся Харчаў.

Васіль не знайшоў што сказаць. Апейка заўважыў, як хлопец зноў стуліўся безнадзейна: што тут скажаш людзям, якія ведаюць адно: «вадзіў, памагаў», разумець нічога не хочуць.

— Я ведаю, ты — не бандыт, — прамовіў раптам Апейка.

Васіль ажыў, але тут жа схамянуўся, стрымаўся, кінуў насцярожаны позірк.

— Ты — не бандыт! — паўтарыў Апейка больш цвёрда. — Ты проста — баязлівец! Трус!

Апейка сказаў гэта нядобра, з асуджэннем, але Васіля ні яго словы, ні тон гаворкі, было відаць, не пакрыўдзілі. Ён глядзеў ужо на Апейку не толькі з насцярожанасцю — з надзеяй, праўда, недаверлівай.

Апейка неспадзеўкі стаў злавацца.

— Чорт вас пабяры! — Нават злуючыся, ён гаварыў роўна, ціха. — Для вас, для вашага шчасця стараюцца, гінуць людзі. А вы, вы — за сябе пастаяць не ўмееце!.. Ты — не бандыт, ты — крот, які капаецца ў сваёй нары. І толькі адну сваю шкуру беражэ. А там — хоць трава не расці! Хай другія прынясуць табе шчасце на талерачцы!.. Ты, канешне, зямлі добрай узяць не адмовішся! — Васіль пры гэтых словах кіўнуў галавою: хто ад такога адмовіцца? — Канешне, ты не супроць землеўпарадкавання! І сам жа памог сарваць яго!

Апейка заўважыў, што хлопец хацеў штосьці запярэчыць яму, але стрымаўся, пабаяўся, відаць, угнявіць. «Эх, разгаварыўся, суддзя! — падумаў з одумам аб сабе старшыня. — А ён стаіць — хоць бы што, у галаве — адно: пусцяць ці не?..»

— Я — усё, я пагаварыў, — сказаў ён начальніку міліцыі.

Калі дзяжурны, што ўвайшоў на голас Харчава, паказаў хлопцу на выхад, Васіль нечакана пакланіўся…

5

Апейка не памыліўся, Васіль, слухаючы яго, і праўда думаў аб адным: пусцяць ці не пусцяць? У ім, як ніколі за апошнія дні, забруілася, затрапятала надзея: «Можа, пусцяць?» Усю ноч, слова за словам, думка за думкаю, успамінаў, перабіраў ён гаворку ў кабінеце Харчава, нібы нанава перажываў яе. Гадаючы пра свой лёс, ён адчуваў, што трымаўся не так, як трэба, маўчаў, не апраўдваўся, і цяпер лаяў сябе за маўклівасць: такі зручны момант упусціў, недарэка! Адно толькі, што пакланіўся, добра: знак пашаны, канешне, даспадобы начальству…

Спраўдзіў-такі Хвошчык сваё абяцанне, пайшоў да валаснога начальніка. Значыцца, не брахаў, што з самім Апейкам знаёмы — як сваяк той. Глядзі, як сігануў! І што ў камсамольцы запісаўся, таксама, відаць, праўда чыстая… Дзякуючы ў думках таварышу, мімаволі пазайздросціў: «Выскачыў Хвошчык, хітры!.. Усе Хвашчы хітрыя!» Пазайздросціў не са злосцю, не з абурэннем, а добра: хітрасць — як тыя грошы, як удача, шчасце…

Думкі ад Косціка непрыкметна перабеглі да Апейкі. Згадаў дробную, ціхую постаць старшыні, здзівіўся: такі нявідны, а столькі ўлады ў руках трымае, начальнік усёй воласці! І што асабліва ўражвала: маючы такую ўладу, разам з тым — просты і абыходлівы!

Як толькі падумаў пра Апейку, ажыло зноў, затрывожыла неадступнае, жаданае: «Можа, пусцяць?.. Сказаў жа: „Ты — не бандыт!.. Не бандыт, знаю“, — сказаў… Ён жа не хто сабе, а начальнік воласці, улада, слова яго штосьці значыць… Не бандыт! А калі не бандыт, то не павінны трымаць. Няма такога закону…» Але думкі гэтыя, добрыя спадзяванні тут жа мяшаліся з халодным, звыклым сумненнем: «Наўрад… Так цябе і пусцяць, чакай!.. Харчаў маўчаў, не згодны, канешне… Ды і гэты ж таксамо — лаяў, злаваўся…»

Васіль успомніў, як сярдзіта, непрыязна кінуў яму Апейка папрок: «Крот, баязлівец», — і на змену трывозе аб тым, пусцяць ці не, прыйшла ўпартая злосць: «Прыставілі б табе абрэз да грудзей, паглядзеў бы я, што б ты запяяў! У мясцечку, у кабінетах, за спінамі міліцынераў усе вы смелыя!»

Вунь як яно ўсё павярнулася, як знарок, — усё супроць яго. Нават перадзел зямлі і той нібы ад яго залежаў, нібы ён не за перадзел, дабра сабе не хоча! Ад шчасця свайго, ад зямлі адмаўляецца! І вось жа паспрабуй, дакажы тут, што не вораг сабе. Учапіліся, ведаюць адно: вадзіў, памагаў — і ведаць, здаецца, іншага не жадаюць…

«Маслакі праклятыя, — узяла іншы кірунак думка Васіля. — Трэба ж було налезці ім якраз на мяне, увесці ў такую бяду!» Ён думаў пра маслакоўцаў апошнімі днямі не ўпершыню, думаў з непрыхільнасцю, з тайнай, неадступнай надзеяй адплаты, помсты. Сёння, аднак, да яго думак прымяшалася і іншая: «А чаго ім перадзел еты не даспадобы? Чаго яны свой нос сунуць?»

«А мо яны не самі?.. Мо — папрасілі іх?» — уразіла Васіля адкрыцце. І тут жа прыйшла загадка, якая потым жыла ў ім многа дзён: «А калі папрасілі, то — хто?»

На гэта ў яго не было адказу. Ён не ведаў, мог адно рабіць здагадкі. Але здагадкі для Васіля былі нішто, ён цаніў толькі тое, што ведаў, што бачыў…

Гэтыя Васілёвы развагі перамешваліся з гарачымі і трывожнымі згадкамі пра Ганну — ён нібы зноў стаяў каля плота, чуў шум груш на Чарнушкавым агародзе, брэх сабак, бачыў цьмяную шэрань туману над балотам. Калі ў мары-ўяве браў яе рукі ў свае, гарнуў да сябе, пытанне, якое так трывожыла, пачынала паліць неспакойна, нясцерпна.

25
{"b":"205307","o":1}