Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Не трэба! — мякка сказаў Ганне бацька. — Не зробяць яму нічога…

— Не зробяць!..

Ганна, душачыся слязьмі крыўды і роспачы, адышла ад мачыхі, апусцілася на лаўку. Трывога за Васіля, за дзядзьку Ахрэма, аднак, хутка высушыла яе слёзы. Яна востра ўслухоўвалася ў цішыню сяла, чула зацяты сабачы брэх у баку прыгуменняў, з даўкім неспакоем, са страхам чакала, што вось-вось грукне стрэл, але і на прыгуменнях і ў сяле было ціха. Ні аднаго падазронага гуку не ўлавіла Ганна.

— Спяць, скажы ты, усе, як проса прадаўшы… — здзівіўся ўголас бацька.

— Хто спіць, а хто сядзіць ды не дыша, — адгукнулася мачыха. Яна з асцярогай ступіла да акна ў поле. — Стаіць, як тое пудзіло!..

Потым Ганна пачула непадалёк ціхі свіст. Яна насцярожылася і ўзрадавалася — цень-пудзіла, што тырчаў за плотам, пацягнуўся ад хаты.

— Пайшоў, — з палёгкай адзначыў і бацька.

Постаць хутка знікла ў змроку поля. Ганна ўстала, моўчкі падалася ў сенцы.

— Ты куды? — пачула яна за сабою голас мачыхі.

— Туды ж!.. Пагляджу пайду.

— Зноў! Сама на ражон лезе!..

— Не чапай! — уступіўся бацька.

У сенцах Ганна асцярожна адчыніла дзверы, выглянула. Навокал было ціха, але цішыня гэта не толькі не супакойвала, а нават як бы насцярожвала. Сыходзячы з ганка, Ганна мімаволі ўслухоўвалася, баялася вокрыку. Тулячыся да сцяны, хутка перабегла за рог хаты і толькі тут на міг агледзелася — ці не цямнее дзе-небудзь постаць. Было па-ранейшаму ціха, ніхто не стаяў на дарозе. І яна, ужо не азіраючыся, не слухаючы нічога, пералазячы платы, напрасткі цераз мокрыя, па-асенняму голыя агароды паляцела да Васілёвага селішча.

На яго двары ад павеці, што страшна чарнела пустатой, Ганна пайшла цішэй. У грудзях зашчымела ад нядобрага прадчування: з Васілём нешта здарылася! Яна баялася ўявіць сабе, што з ім, адганяла прыкрыя думкі, няясныя, няпэўныя — нешта нядобрае, сама спрачалася з сабою, супакойвала, але страх за Васіля браў яе ўсё мацней. З гэтым страхам яна зноў папракала сябе, што адышла, пакінула аднаго ў такі час!..

Дробна, нецярпліва зазвінела шыбка пад яе пальцамі.

— Цётко Алена!

Чакаць, здавалася, прыйшлося цэлы век. Яна прытулілася лбом да халоднага шкла, старалася ўгледзець, што там у хаце. Было цёмна, не разабраць нічога. Нарэшце хтосьці падышоў да акна, пачуўся голас старога Дзяніса:

— Хто там ні свет ні зара?

— Ето я. Ганна Цімахова.

Ведала ўжо, што Васіля дома няма, пахаладзела, але выціснула:

— Васіля няма?

За шыбай мільгануў устрывожаны твар яго маці.

— Васіля?!

Праз момант адчыніліся дзверы.

— Я ж думала!.. Ён жа да цябе…

— Мы стаялі каля нашай хаты… Толькі вы не бойцеся. Шчэ нічога не вядома…

— Ой, што ты кажаш, Гануля!..

На ганак выйшаў стары Дзяніс, закашляў.

— Мы стаялі, як раптам падышлі два чалавекі. З маслакоў, аказалася!..

— Бандзіты?!

— Павялі яго з сабою. Мяне прагналі, а яго павялі…

— Божачко мой! — жахнулася маці.

— Яны нешто пра дзядзьку Ахрэма пыталіся… Дак Васіля, мабуць, і пагналі, каб паказаў…

— Ахрэма, кажаш? — адгукнуўся дзед. — Нашто ім Ахрэм спатрэбіўся?

— Не сказалі.

— Не на добрае, ведамо… — з роздумам прамовіў дзед.

— Божачко ж! — паківала галавой цётка Алена, і невядома было, аб кім цяпер гэты яе непакой: аб адным сыне ці і аб Ахрэме.

Толькі тут раптам уразумела Ганна ўсю прычыну такой трывогі. Не, не аб адным жыцці яго яна непакоілася. Калі ён паслухаецца іх, пакажа, яго адпусцяць, мусіць. Але няўжо ён пакажа, прывядзе бяду к дзядзьку Ахрэму?

Калі ён пакажа, ён усё роўна як стане заадно з імі! Памагаты іх! Ці засудзяць яго, ці не засудзяць — яна пра гэта не думала, — ён пасобіць, можа, загубіць чалавека! Злачынец будзе!

Не-не! Ён не зробіць гэтага! Не павінен зрабіць! Не стане іх хаўруснікам, няхай і не з ахвоты! Ён — смелы, вунь як заступаўся за яе… Але ж тады яны могуць учыніць над ім Бог ведае што! Не ўчыняць!.. Хутчэй за ўсё — ён ці ўцячэ, ці ашукае іх… Пакажа каго-небудзь другога…

Васілёва маці збегала ў хату, вярнулася, завязваючы хустку. Ганна зразумела, што яна хоча рабіць, папрасіла:

— Не хадзіце вы!.. Я пайду пашукаю! Шчэ, чаго добраго, яны тырчаць дзе-небудзь, хэўра етая!

— Не, я пайду! Не магу я!.. Боязно нешто за яго…

Дзед Дзяніс патупаў на вуліцу, а яны падаліся пад прыгуменне. Ледзь толькі выйшлі за хлявы, убачылі постаць, што ціха сунулася па разоры насустрач.

— Васіль?! — узрадавана заспяшалася маці. — Жывы!

Ён адказаў не адразу, неахвотна:

— Цэлы!..

Ганна па яго насцярожанасці, па голасу яго здагадалася, што было з ім. Але яшчэ не хацелася верыць, калі запыталася:

— Што там… з Ахрэмам?

— Не буў там… Жывы, мабуць…

Цяпер яна ўжо не сумнявалася. Завёў. Паказаў. Памог ім, бандытам. І Ганна пачула, як спагада і пяшчота да Васіля быццам выветрыліся з яе. Здалося раптам, нібы не Васіль, а нехта іншы, незнаёмы, чужы стаіць. З крыўдай, як няшчасная, не развітваючыся, падалася цераз агароды ў свой бок.

Ён неўзабаве кінуўся за ёй, здагнаў, ухапіў за руку, хацеў штосьці сказаць.

— Ганна!..

Яна спакойна, але рашуча вырвала руку, прамовіла непрыхільна:

— Адыдзі!..

Раздзел трэці

Ісціна, што няма нічога тайнага, якое не зрабілася б яўным, была вядома куранёўцам, мусіць, больш за ўсякую іншую. Яшчэ напалоханы Грыбок нікому, акрамя сваёй жонкі, і слова не сказаў, маўчалі ўсхваляваныя кожны па-свойму Ганна і Васіль, а погаласка пра начную падзею плыла па вёсцы ад хаты да хаты, ад калодзежа да калодзежа.

Чутка гэта, пераходзячы ад чалавека да чалавека, абрастала багатай, найбольш жаночай, куранёўскай фантазіяй, і пад вечар здарэнне разраслося так, што сэрцы не толькі малых, але і дарослых таміліся ў трывозе. Казалі, што бандытаў было не менш за сотню, а можа, і болей, і што быў там сам Маслак, і што Маслак казаў: калі яны, куранёўцы, будуць перадзельваць зямлю — не жыць ім, не бачыць дабра. Пасля гэтага звычайна ішлі здагадкі пра тое, што ж могуць зрабіць маслакі. Былі, вядома, сярод куранёўцаў і скептыкі, якія смяяліся з чутак, даводзілі, што ў іх дзевяноста дзевяць працэнтаў выдумкі, — скептыкаў у сяле жыло таксама нямала.

Як бы там ні было, у Куранях панавалі непакой і насцярожанасць…

Яшчэ ў той жа дзень, а можа, на другі ўранку, чутка перабралася цераз гразкую дарогу да цэнтра сельскага Савета, бо назаўтра апоўдні ў нязграбнай, доўгай, як хлеў, хаце куранёўскага грамацея Андрэя Дзятла, ці, як яго ўсе звалі ў сяле, — Рудога, сядзеў міліцыянер Шабета і высвятляў усе акалічнасці прыходу бандытаў.

Шабета быў выдатны, амаль легендарны чалавек. Звычайны міліцыянер, ён меў тут такі аўтарытэт, якога, мабыць, не было ні ў аднаго не толькі валаснога, але і павятовага кіраўніка. Ён здзіўляў людзей у многіх вёсках рэдкай адвагай, адданасцю справе. Не раз і не два гразіліся яму бандыты, білі з абрэзаў, прастрэлілі каля локця левую руку, а Шабета бясстрашна, нястомна гайсаў на цярплівым коніку з сяла ў сяло, высвятляў, супакойваў, наводзіў парадак…

Першым Шабета выклікаў Грыбка. Ахрэм паявіўся ў хаце не адзін, а пад вартай сваёй сёння вельмі рашучай жонкі. Адаслаўшы на двор пасыльнага, плячысты, паўнацелы, здаровы, як асілак, Шабета, які перад гэтым з самым заклапочаным выглядам разбіраў нейкую паперку, халоднымі вачыма зірнуў на Грыбкову Адар'ю і загадаў:

— Грамадзянка, прашу выйсці…

— Чаму ето, выйсці?.. Ці я чужая? — Грыбчыха нават не варухнулася.

— Не паложано. Тут зараз будзе следствіе.

— Ну і няхай!..

— Не паложано, ясно?

— Ці ж ты не ведаеш мяне! — Грыбчыха гатова была абразіцца, але раптам перамяніла тон, відаць, падумаўшы, што так толькі ўзлуе яго. — Ведаеш жа, Антон, а так гаворыш!..

Яна сказала «ведаеш» і мякка, і з націскам, мабыць, напамінаючы пра тое, што некалькі разоў карміла яго абедам і нават закрашанай самагонкай частавала, пакляўшыся, што на кірмашы купіла.

11
{"b":"205307","o":1}