— Не паложано, ясно?
— Я ж хачу памагці табе ў следстве етым, — падступіла з другога боку Адар'я.
— Самі разбяромся.
— Не разберацеся. Бо ён без мяне нічога вам не скажа! — ужо ўпарта, загараючыся, заявіла Грыбчыха. Яна штурхнула мужа. — Што ж ты маўчыш, як язык прыкусіўшы!
— Яна праўду кажа… — кінуў маўклівы, унураны Грыбок.
Шабета памаўчаў, быццам паказваў, што рашэнне гэтае не абы-якое, і дазволіў застацца. Чорт з ёю, з гэтай упартай бабай, можа, і вартае яна кажа.
І праўда, Грыбок, напэўна, нічога не сказаў бы. Ён быў так прыгнечаны прыходам бандытаў і іх пагрозамі, што адразу, як толькі Шабета пачаў допыт, папрасіў:
— Б-братко! Пусці мяне… Я нічога не знаю…
— Як не знаеш? Прыходзілі яны да цябе?
— Прыходзілі…
— Колькі іх?
— Утраіх булі на дварэ… — адказала за Грыбка жонка.
— Былі між іх знаёмыя?.. Апазналі вы каго-небудзь?
— Не! — закруціў галавой Грыбок.
— Не пазнаў ён, — пацвердзіла Адар'я. — Бо цёмно. І два з тых бандзітаў стаялі моўчкі… Толькі я думаю, што без сваіх тут не абышлося. Я так думаю — адкуль яны ўведалі, што ў нас дзяліць землю хочуць? Само яно хіба дайшло да таго Маслака? Данёс нехто ж. Прыйшоў і сказаў! І, скажы ты, нядаўно ж там буў. Бо пра дзяльбу і гаворка пачалася колькі таго часу!..
— І, мусіць, нехта ж з такіх, якім не хочацца землеўпарадкавання, — дадаў Шабета.
— Ну, мусіць жа!..
— На каго вы падазраваеце? — мякка, шчыра падступіўся Шабета.
Вочы Грыбчыхі патухлі.
— Не буду Бога гнявіць, не знаю. А калі не бачыла, то і казаць няма чаго. Не схапіўшы за рукі, не злодзей…
— Хтосьці звязан з імі, факт. А хто? — не адступаў Шабета.
— Не буду казаць, не злавіла нікого… — Кінуўшы спасцярожлівы позірк на дзверы, наблізіўшы да Шабеты твар, ціха прамовіла: — Пра Дзятліка Васіля, каторы каля таго канца, кажуць — бы ён прывёў!.. Ён у той вечар сядзеў з Чарнушкавай Ганнай!.. — Яна адразу ж адсунулася і на ўсякі выпадак голасна заявіла: — Не бачыла нічога, не знаю!..
Даючы знак, што сказала ўсё, яна ўзнялася з услончыка, папрасіла:
— Толькі вы пра тое, што я казала… нікому!..
— Добра… — паабяцаў Шабета.
Можа, ніколі не было ў Ганны такой цяжкай, поўнай супярэчлівых пачуццяў размовы, як у гэты дзень з міліцыянерам. Яна не трывожылася за сябе, сумленне ў яе было чыстае, яна ведала, што паклікалі сюды за сведку. За Васіля трывожылася Ганна. І хоць Шабета спачатку і словам не ўспамінаў Васіля, дапытваючыся, якія былі бандыты, іх прыкметы, галасы, паводзіны, яна думала адно: зараз павінен будзе рашацца лёс Васіля. Што яна скажа міліцыянеру?
— Значыцца, у той вечар вы сядзелі з Дзятлам Васілём… — паслухаўшы яе, не запытаўся, а як бы паўтарыў Ганніны словы Шабета.
Ганна кіўнула.
— І вы нічога не чакалі, ні пра якіх бандытаў не думалі?.. А яны раптам падышлі і — проста да вас? Так адразу і падышлі! Як ето яны вас так адразу знайшлі?
— Не знаю… Мы там ужэ многа разоў булі…
— Дапусцім, што вас бачылі там не раз. Дапусцім, што на вас накіраваў хто-небудзь, хто хацеў сам застацца ў ценю…
Ганна з палёгкай адгукнулася:
— Я і сама так думала! Хтосьці паказаў, падвёў!.. Чужымі рукамі хацеў за гарачае ўзяцца!..
— Хто ето мог быць?
— Не знаю…
— Загадка… Туман… — задуменна прамовіў міліцыянер. Ён пільна паглядзеў на Ганну. — Е адна здагадка, і вельмі простая. Што Дзяцел Васіль… сам… чакаў іх!
— Ён? Ето дак выдумалі!..
— Ён, можа буць, сам назначыў сустрэчу ім!
Ганна ўскочыла ўражаная, абураная.
— Ён… Яны яго кеб трохі — прыстрэлілі б!.. Кеб яшчэ трохі, канец буў бы яму!.. А вы кажаце!..
— Але ж ён павёў іх?
— Я… не знаю, як і што патом було…
— Вы даўно ведаеце яго?
— Аладкі з зямлі разам ляпілі!.. Хаты ж — рукой падаць!.. — Ганна горача, парывіста дадала: — Няма ў яго нічога з тымі, з нелюдзямі! Я знаю! Паверце!.. Нічога няма!
Яна з непакоем, з надзеяй зірнула на Шабету, чакала, як прысуду, яго слоў. У грудзях яе не гасла спадзяванне — паверыць ёй, паверыць Васілю, бачыць жа, што не маніць яна…
— Ён нязлы… Добры ён…
— Усе добрыя, — недаверліва, непрыхільна прамовіў у адказ Шабета. — З каго толькі бандыты выходзяць…
Ён устаў, сагнутымі пальцамі цвёрда пастукаў па стале, пагрозна закончыў:
— Нічога, я дакапаюся! Выведу на чыстую воду!
Выходзячы ад Шабеты, поўная вялікай трывогі за Васіля, які зноў зрабіўся самым дарагім у свеце, яна раптам на ганку ўбачыла яго самога. Ён сядзеў, нявесела схіліўшы галаву, мусіць, чакаючы сваёй чаргі да міліцыянера. У парыве пяшчоты, спачування, што ў момант залілі ўсю яе, аддаўшыся гэтаму пачуццю, не помнячы нічога, ні аб чым не думаючы, нібы падхопленая хваляй, кінулася да Васіля.
Яна адразу ж абвяла, так няласкава зірнуў насустрач Васіль. Ён хутчэй адвярнуўся насцярожаным тварам і, як чалавек, гатовы на ўсё, рашуча пайшоў у сенцы.
— Са мной так жа само, — прамовіў пасыльны, Руды Андрэй, што курыў каля плота. — Ішоў, сядзеў, та-скаць, усё маўчком… Думае нешто…
— Перажывае…
Ганна ціха сышла з ганка, падалася на вуліцу.
Шабета сустрэў Васіля стоячы за сталом, пільна, хутка аглядваючы. У важкім, як бы непадступным Васілёвым позірку спадылба, з-пад калматых, непаслухмяных пасмаў шорсткіх валасоў, ва ўсёй панурай постаці ў расхрыстанай зрэбнай сарочцы і зрэбных, у рудых плямах твані, штанах Шабета ўлавіў штосьці нядобрае, звераватае.
— Зброя е? — запытаўся Шабета такім тонам, які гаварыў, што жартачкі з ім паганыя.
— Чаго?
— Не дайшло! Зброя — абрэз ці наган — е?
— Няма…
«Твар які, чысто бандыцкі… — мімаволі прайшло ў галаве Шабеты. — Вочы — у такіх нічога не ўбачыш! Як за хмараю… І адно не падобна на другое. Зусім розныя! Як не ў аднаго чалавека. Адно нібы трохі серамяжае, а другое, карае, звераватае, як у воўка…» У яго дзіўна расло недавер'е да гэтага панурага куранёўца.
— А што ў кішэні?
— Асялок…
— Дастань. Пакажы… Стой там!
Шабета пабачыў усяго за сваю службу, усялякіх нечаканасцей, таму стаяў напагатове. Гэта была ўжо прывычка чалавека, які ездзіць адзін і адзін адказвае за ўсё, за ўсе свае ўчынкі ў часам вельмі нечаканых абставінах. Асцярожнасць тут ніколі не лішняя.
У руках у хлопца быў сапраўды звычайны асялок. Шабета загадаў падаць асялок, паклаў яго каля сябе, сеў.
— Нашто прынёс яго?
— Нож вастрыў… Забыўся пакласці…
Шабета знянацку ўдарыў пытаннем:
— Даўно ў лесе буў?
— У якім лесе?
— Не прыдурвайся! У бандзе?
Такая нечаканасць, грубаватасць была яго звычайным прыёмам, калі ён дапытваў падазроных. У такія моманты пільным вачам яго нярэдка многае адкрывалася. Гэты ж куранёвец вокам не міргнуў, толькі яшчэ больш набычыўся.
— Не буў я.
— І не вадзіў іх па начах?
Васіль маўчаў.
— Чаго не адказуваеш?
— Чаго ж… Знаеце ўжэ…
— Знаем. Усё знаем. І я раю не круціць дарэмно. Усё роўна нічога не будзе… Даўно з імі звязан?
— З кім?
— Ну, не паказвай дурня! З маслакоўцамі?
— Не знаю я іх…
— Як жа не знаеш, калі — вадзіў?!
— Табе б прыставілі абрэз…
— Ну-ну, ты мяне не бяры рукамі! Я табе не прыяцель, не твайго дзесятка!.. Знаю я такіх. Кажны, як толькі ў пастку ўшчэміцца, авечкай стаць хоча… Бач! — «наставілі абрэз»!
Васіль не пярэчыў. Чаго казаць попусту.
— Многа було іх?
— Пяць, здаецца…
— Здаецца!.. Хто буў, прозвішчы іх!
— Не нашы. Не знаёмыя…
— Скрыць хочаш? Думаеш на мякіне абвесці! Хто?
— Не нашы, кажу…
— Горай толькі сабе робіш! Круціць хочаш?
Васіль не сказаў нічога. Шабета нездаволена пабарабаніў аб стол.
— Пра што яны гаварылі?
— Нічога…
— Загадалі?.. Наставілі абрэз — і ўсё?
Васіль кіўнуў.
Шабета больш не пытаўся. Узяўшы аловак з нагруднай кішэні выгаралай гімнасцёркі, ён падсунуў да сябе кавалачак жоўтай абгортачнай паперы і, паказваючы Васілю, што, як і раней, сочыць за ім, стаў штосьці пісаць. Грамацей ён, відаць, таксама быў невялікі, бо літары паяўляліся цяжка і крывыя, нязграбныя.