Раптам поблізу заліўся брэхам нечы сабака, злы, няўціхлы, вылузнуўся з-пад варот, чорным камяком кінуўся пад ногі.
Хрыпаты мімаволі стаў, адмахваючыся, крутнуў абрэзам. Васіль адступіў крок, насцярожана азірнуўся і ў той жа момант пачуў моцны ўдар па галаве нечым цвёрдым.
— Улізнуць хочаш, сволач!
Сабака ўпарта не адставаў, заліваўся брэхам, абудзіў многіх іншых сабак, што падмагалі яму на дварах.
Ён, відаць, не ў меру асмялеў, бо раптам енкнуў ад удару і захліпнуўся.
— Дзе? — нецярпліва запытаў хрыпаты Васіля. — Далёка?
— Зараз…
Не даходзячы да Грыбковага гумна, спыніўся:
— Там… Селішча яго…
— Не брэшаш? Глядзі, калі збрахаў!..
— Яго… — Васіль папрасіўся: — А цяпер — пусціце!..
— Управішся! — рэзка адказаў хрыпаты, збіраючыся. — Пачакаюць дома!..
Пакінуўшы аднаго на варце і Васіля пры ім, хрыпаты, ляснуўшы затворам, рушыў з іншымі на Грыбкова прыгуменне.
4
Першая на стук у акно ў Грыбковай хаце прачнулася жонка. Яна хвіліну слухала, не разумела добра, што стукаюць ім, — слухала і спала.
— Ахрэм, устань… — нарэшце паварушыла яна мужа за плячо.
Грыбок, сапучы, неахвотна падняўся, са смакам, уголас пазяхнуў, пачухаўся. У хаце было душна і цёмна. Шоргаючы непаслухмянымі босымі нагамі па халаднаватай глінянай падлозе, ён паплёўся да нізкага акенца. Спрасонку выцяўся аб рог вушака, вылаяўся. Прыціснуўшыся тварам да шыбы, пільна ўглядваўся ў постаць за акном, але яна цьмяна расплывалася ў змроку.
— Хто там?
— Свой. З воласці.
— Хто такі?
— Па зямельнай справе я…
— Па зямельнай… Мало вам дня!..
Грыбок сапеў, думкі варушыліся неахвотна. А голас за шыбай тлумачыў:
— Бяда выйшла. Запазніцца давялося… Конь нагу вывіхнуў… Па доктара ездзілі…
— Неспакойна ў нас…
— Дак я ж свой…
— З воласці?
— З воласці. Упаўнаважаны…
Жонка няласкава папракнула:
— Улез у ету бяду… Ноччу сну няма…
— Конь, кажуць, нагу папсаваў…
Грыбок упоцемку намацаў конаўку, зачэрпнуў вады. Нешта вельмі сушыла смага, ён выпіў аж дзве конаўкі, у цішыні было добра чуваць, як булькала ў яго горле вада: коўць, коўць. Адно з дзяцей спрасонку штосьці часта замармытала, ён паслухаў, але не разабраў і, бразнуўшы клямкаю, выйшаў у сенцы.
Ледзь толькі Грыбок звыкла адсунуў засаўку і, шэры, у зрэбным споднім, паявіўся ў расчыненых дзвярах, постаць, якая чакала на ганку, тузанула за каўнер.
— Пікні толькі, сволач!
Ён пачуў, як у грудзі ўперлася нешта цвёрдае, халоднае. Нічога не цямячы, разгублены ад неспадзяванасці, выціснуў:
— Б-братко… ш-што ты?..
— Мы табе не браты, юда!
Таксама ціха, злавесна хрыпаты прашыпеў:
— Пайшлі!
Грыбок, скамянелы ад страху, пакорліва пацягнуўся ў бок хлява.
— Пастой тут, пасцеражы, каб з хаты… — дайшлі да яго словы кагосьці з бандытаў.
«Маслакі!» — як маланка, успыхнула ў важкай, быццам налітай вадой, галаве. Думка гэтая адазвалася ў сэрцы смяротным сумам: «Канец!» Давядуць да хлява, паставяць і — канец. Як і не было яго, Ахрэма. Ім звесці чалавечае жыццё — што плюнуць. Не аднаго ўжо камітэтчыка паклалі… Чуў жа Ахрэм пра гэта, ведаў, што не прывядзе да дабра камітэт, а не, не ўтрымаўся. Чорт яго панёс…
Дык ці ж ён сам набіваўся! Выбралі — выбралі на яго галаву!..
— Стой! — загадаў хрыпаты.
Ён стаў.
— Кайся!
Словы заселі ў горле.
— Не хочаш?
— Б-браткі, — выціснуў Грыбок. — П-пашкадуйце!.. Н-не… не в-вінны я… Я не сам у камітэт, н-не ахвотаю…
— Чаго з ім важдацца?! — нецярпліва адгукнуўся адзін, які стаяў далей. — Развідняе скора… Кокнуць і — усё!
— Не в-вінны я… б-браткі!..
Бандыт падняў абрэз, ляснуў затворам, памацаў пальцам, ці ёсць патрон.
— Дзетак, калі не мяне… пашкадуйце!
Бандыты былі няўмольныя.
— Самому трэба було шкадаваць!
— За што ж мяне?.. Нагаварылі, мабуць… Не верце…
— Не вінны, кажаш? А — перадзел зямлі, хто захацеў?
— Не я. Сход рашыў…
— Сход. Апраўдваешся, сволач?!
— Сход. Вобчаство…
— Вот як дам па мазгаўні! Будзе — вобчаства! Слухай! Перадзел атаман Маслак адмяняе!.. Запомні, калі хочаш дзетак бачыць! Ясна?
— Ясно… Але ж сход…
— Калі будзе перамер, заказвай труну! — павысіў голас бандыт. — Загадзя лажыся!
— Браткі, дак хіба ж я адзін…
— І другім перадай! Хай таксама, калі жыць неахвота, закажуць! Перадасі?
— Скажу…
— На еты раз — усё. Ідзі!
Грыбок нясмела, яшчэ як бы не верачы, што ўсё гэта скончылася, бачком, азіраючыся на хрыпатага, ступіў некалькі крокаў. Зараз крыкне, верне зноў — чакаў са страхам Ахрэм. Але хрыпаты крыкнуў іншае:
— Да раніцы — штоб не рыпаўся!
Грыбок, узрадавана кіўнуўшы, пайшоў хутчэй. Ён яшчэ раз трывожна азірнуўся, калі бандыт свіснуў, але свіст гэты быў не да Ахрэма. Хрыпаты, напэўна, клікаў другога, які сцярог хату, — той адразу рушыў на яго свіст.
Грыбок асцярожна прытуліўся да плота, даў дарогу. Толькі схаваўшыся за дзвярамі ў сенцах, шаргануўшы засаўкаю, ён адчуў сябе вальней. Але спакою не было і тут.
Жонка драмала, як бы нічога і не здарылася. Кладучыся побач, ледзь стрымліваючы дрыготку, ён штурхнуў з папрокам:
— Спіш!..
— А?.. Што?.. Што табе?..
Грыбок, увесь напоўнены нядаўна перажытым, не адказаў.
— Накіраваў куды іх? — пазяхнула жонка.
— Накіраваў!.. Тут ледзь самога не накіравалі… На той свет!..
— Што ты пляцеш!
— Тое, што чуеш!.. Прападзі ты пропадам, такая ж-жытка!
— Чаго ж ён?.. Упаўнаважаны еты?
— Упаўнаважаны. Такія ж яны ўпаўнаважаныя, як я… Кеб іх зямля не насіла!
— Хто ж то?
— Маслакі!
— А! — са страхам ускрыкнула жонка.
Зачыніўшы дзверы, Ганна момант пастаяла ў сенцах, прыслухоўваючыся да таго, што адбываецца між бандытамі і Васілём. Але гаворкі іх яна не магла разабраць. Паспрабавала ўгледзець іх у шчылінку каля дзвярэй — не было відаць.
Яна ўбегла ў хату, зірнула ў акно. У змроку ледзь разабрала — Васіля павялі наперадзе, а самі драпежнымі ценямі панура пацягнуліся ўслед. Пайшлі не на вуліцу, а кудысьці на прыгуменні.
Божа мой, што яны хочуць з ім зрабіць! Яна тут жа апаліла сябе папрокам: як яна магла паслухацца гэтай хэўры, адысці, пакінуць яго аднаго!
Ганна кінулася ўжо да парога, але спынілася. У цёплай цішыні чулася роўнае, лёгкае дыханне Хведзькі ды стомлены бацькаў сон. Ганна нахілілася над ложкам.
— Тато… Тато…
Мачыха нездаволена павярнулася.
— Чаго табе?
— Бандзіты! Маслак!
Сон ад бацькі ўраз зляцеў.
— Васіля на прыгуменне павялі!..
— А Божа! — спалохана перахрысцілася мачыха.
Хацела сказаць пра дзядзьку Ахрэма, але стрымалася: ён быў братам нябожчыцы маці, мачыха вельмі не любіла яго.
Калі бацька стаяў каля акна, прыглядаючыся да постаці, што тырчала зусім блізка за плотам, Ганна амаль з адчаем, хапаючыся, думала, што рабіць, чым памагчы яму, любаму Васільку. За трывогай пра Васіля яна неяк мала думала пра дзядзьку.
— Іх тут мало. Усяго чалавек пяць…
— З вінтоўкамі? — запытаў бацька.
— З абрэзамі… — Ганну таміла яго павольнасць, яго марудлівы, маўклівы роздум. — Людзей трэба апавясціць! — нецярпліва прамовіла яна.
Бацька зноў азірнуўся на акно, за якім цямнела поле.
— Як?
— Я сюды, етым акном — на агарод… На вуліцу…
— Здурнела! — жахнулася мачыха. — Ды ён жа цябе з вінтоўкі ўмэнт!..
— Не прыкмеціць ён.
— Загубіць захацела ўсіх! Калі сваёй галавы не шкода, то падумала б хоць пра бацькаву! Пра Хведзьку падумала б!
— А вы б пра Васіля падумалі! — у голасе Ганны захліпаў плач.
— Нічога з ім не станецца, з Васілём тваім!
Ганна ступіла крок да акна, але мачыха кінулася наўперад яе, раскінула рукі.
— Не пушчу!.. Цімох! — крыкнула яна бацьку на падмогу. — Ты, ты што ж стаіш як ёлапень! Не бачыш!