Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Плачце, вочы, плачце, кары, —

Така ваша доля.

Палюбіла казачэньку,

Пры месяцы стоя…

У гэты час перад гуртам дзяўчат і хлопцаў зацямнела некалькі постацей, і зухаваты, не ў меру радасны голас убіўся ў песню, перарваў яе.

— Хто тут каго палюбіў?

«Корч прыпёрся», — пазнала Ганна і раптам пачула, як усхвалявана трапеча прытуленае да яе Хадосьчына плячо.

— Яўхім! — шчаслівая, прашаптала Хадоська.

Другая постаць паздароўкалася далікатна, ветліва, і Ганна пазнала Яўхімавага брата Сцяпана, які вучыўся ў Юравічах у школе.

Сцяпан сціпла прысеў на бервяно, а Яўхім, схіліўшыся, стаў узірацца ў твары дзяўчат. Паказытаў адну, жартам звонка цмокнуў перад другой, абышоў, абгледзеў, хто сядзеў тут, спыніўся перад Хадоськай.

— А, Хадзюля! Канаплянка! — прамовіў ён весела, падсмейваючыся з яе твару, абсеянага, як канапляным насеннем, рабацінкамі.

— Якая е! — знарок непадступна строга адказала Хадоська, млеючы ад чакання.

Яўхім спакойна, упэўнена абняў яе за плечы і тады заўважыў побач Ганну. Ён выпусціў Хадоську, прамовіў стрымана:

— А, і Чарнушка тут! Прыйшла!

— Можа, папытацца трэ було?

— Пытацца няма чаго, месца хапае! Не цесно!.. Толькі ж даўно нешта не было відаць!

— А табе што, карцело?

— Па праўдзе сказаць, не дужа. — Ён зарагатаў.

Ганна, якую зачапіў гэты, здалося, нядобры рогат, заўважыла, што дзяўчаты і хлопцы прыціхлі і прыслухоўваюцца да іх. Яўхім усюды выклікаў да сябе ўвагу: відны быў хлопец, з норавам, паважалі і пабойваліся яго — мала хто з дзяўчат адважваўся пярэчыць. Ведалі ўсе, што і ў Ганны — характар, не саступіць. Маўчалі, чакалі, што будзе.

— А я цябе — дак з ранку да вечара выглядала! — лагодна, з прытоенай яхіднасцю сказала Ганна.

— Ну? Вот не знаў! — у тон ёй здзівіўся Яўхім.

— Шкада! Вельмі ж бо трэба було!..

— Няўжэ? Нашто?

— Вераб'і насядалі на жыто, кеб на іх немач! Пужаць не було каму!

— А Дзятлік — хіба не мог? — падчапіў Яўхім.

— Не баяліся яго! Чуб не такі!

Хтосьці з дзяўчат прыдушыў смех. Уцэліла Ганна! Лепш нельга было ўцэліць: Яўхім сваім чубам ганарыўся, фарсіў ім, чуб быў яму святой мужчынскай красою. І вось з красы гэтай — такі здзек!

Яўхім на момант як бы анямеў ад гэтай абразы. Усе чакалі, што ён выбухне злоснай лаянкай, можа, ударыць Ганну, але ён нават не варухнуўся.

— Часу, пэўне, у Дзятліка не було, — сказаў ён як мог спакойна. — Ён жа ўсё па начах… То з дзеўкай, то — шчэ з кім!

Тут ужо Ганна не адразу знайшла, што адказаць.

— Шчэ невядома, ты з кім… — пачулі ўсе як бы пагрозу.

— Я — з такімі, як ён, не ваджуся. Я — з людзьмі.

— Людзі розныя буваюць!..

— Па загуменнях не хаджу!

Яўхім кінуў апошнія словы так, што ўсе адчулі: яму надакучыла гэтая нудная, непатрэбная гаворка. Ён зноў весела абхапіў рукамі Хадоську.

— Канаплянка! Мяккая ты, як булка Ёселева! — Яўхім зарагатаў.

— Шчэ што скажаш! — задаволена запярэчыла Хадоська.

— Магу і шчэ сказаць! Хочаш — скажу?

— А што?

— Хадзем ка мне ў свіран!

— Чаго ето? Сказаў!

— Просо таўкці!

Хлопцы засмяяліся. Хадоська паспрабавала вырвацца, але Яўхім не адпусціў яе, з лагодным дакорам сказаў, што не трэба ж быць такою ганарліваю. І пасмяяцца нельга — ён жа і не думаў крыўдзіць яе, проста язык з нуды пачасаць хацелася. Слухаючы яго добры, вінаваты шэпт, Хадоська перастала рвацца, пакорліва схіліла галаву.

— Я страх як не люблю, калі вы… чэшаце языкі… — ціха прамовіла яна. — Ахвота вам… паскудство ўсякае… казаць.

— Далікатная вельмі ты…

— Якая е!..

Хадоська зняла яго руку з плеч, але мякка, так, для прыліку, таму што так трэба было на людзях, такі быў звычай. Ганна адчувала, што Хадоська ўжо супакоілася, зноў сядзіць шчаслівая. Мімаволі са здзіўленнем, з прыкрасцю думала: што яна, добрая, ласкавая «канаплянка», знайшла ў Карчу гэтым — аж млее, калі ён сядзіць побач! У ім жа нічога прывабнага, багацце хіба адно, бацькам нажытае, боты хромавыя з рыпам ды чуб! У гэты вечар, пасля спрэчкі з Яўхімам, Ганне нават яго хараство, упэўненасць, дасціпнасць здаваліся агіднымі.

Пасядзеўшы яшчэ, колькі трэба было, каб злыя языкі не сказалі, што яна паддалася, уцякла ад Яўхіма, Ганна ўстала. Успомніла, што гаварыла, калі прыходзіла ў гурт, спакойна прамовіла да Хадоські:

— Мабуць, ужэ заўтра пагаворым. Я прыйду ўвечары…

— Аге. Прыходзь, Гануля…

Ганна, хоць і не глядзела ў той бок, дзе сядзелі прыяцелька і агідны Корч, заўважыла раптам, як Яўхім выпусціў Хадоську з абдымку, варухнуўся з нейкім намерам.

— Ты чаго ж адна?

— А мне і адной не пагано!

Яна знарок павольна, паважна пайшла з гурту. Ужо адышоўшы, пачула ўслед, як ён сказаў:

— Хлопцы, няўжэ ніхто не хоча правесці?..

Ёй здалася ў словах яго насмешка, хоць прамовіў ён здзіўлена і неспакойна. За гэтым Ганна пачула за сабой паспешлівы хлюпат ботаў па гразі, які ўмомант нагнаў яе. Хоць па-ранейшаму не глядзела на таго, хто ішоў побач, ведала, адчувала: гэта Яўхім. Ганна насцярожылася, падрыхтавалася да абароны, да любой неспадзеўкі, а ён ішоў і ішоў, маўклівы, ціхі, не дабіваўся нічога, нічога не гаварыў. Яе, аднак, гэта не супакойвала, яна чакала, што ён тоіць нешта незразумелае, хітрае…

— Гарачая ты, ей-бо! — прамовіў Яўхім раптам лагодна. — Наравістая! Слово табе не скажы супроць!..

Ганна не адказала, ішла строгая, непадступная, паказвала гонар свой, але мацней за клопат аб гонары з'явілася цяпер у яе здзіўленне: гэта Яўхім так гаворыць з ёй? Так мякка, нават вінавата?..

«Так ён і Хадосьцы гаварыў! — знарок нагадала яна сабе. — Гаворыць, прыкідваецца, а сам, можа, смяецца…» Але нагадвала яна гэта дарэмна, адчувала, бачыла: Яўхім не прыкідваўся.

— Каса на камень найшла! — усміхнуўся ён па-сяброўску. — Я і сам — як жарабец неаб'езджаны! Мне кеб — хто пярэчыў?! Ды шчэ дзеўка!.. Ну, і — акрамя таго: не магу ж я на людзях паказаць, што я перад дзеўкай… разумееш?.. Ну, ніц, значыць, перад дзеўкай! Нішто, нуль! Уцяміла?.. — Ён шчыра, ад душы зарагатаў: — Смяяцца з мяне будуць усе! Сабакі па завуголлю, і тыя!.. Дайшло?

Яна паслізнулася і ўпала б, напэўна, але Яўхім спрытна падхапіў яе за локаць.

— Не падай! Гразь халодная! — пажартаваў ён і паслухмяна выпусціў Ганніну руку.

Неўзабаве прыйшлося ісці адно за адным, паўз самыя платы, бо пасярэдзіне былі глыбокія, поўныя гразі ямы.

— Скарэй бы замерзло, — прамовіў Яўхім, — хоць бы хадзіць па вуліцах можна було!.. — Ён сказаў, адчувала Ганна, толькі для таго, каб завязаць гаворку, але яна прамаўчала. Калі нарэшце стала можна ісці побач, Яўхім нагнаў яе. — Ну, не злуй. Ей-бо, не злуй!.. Ты ж сама — варонім пудзілам мяне паставіла, а я, бач, смяюся!.. Ну, на міравую, а?

Яўхім сам узяў яе далонь, паціснуў. Здзіўленая ўсім сяброўскім ладам яго гаворкі, нечаканай добрай шчырасцю, яна цяпер не вырвала руку.

Калі дайшлі да Ганніных варот, Яўхім папрасіў яе пастаяць трохі, але Ганна ў адказ адступіла ад яго, узяла руку. Яе здзівіла, што і тут ён не стаў дабівацца свайго, сказаў «спакойнай ночы» і, ціха пасвістваючы, пайшоў у змрок гразкай вуліцы.

Ступаючы па двары, Ганна хвіліну думала пра яго, думала здзіўлена, як пра загадку. У той жа час калі ў галаве варушыліся гэтыя думкі, вочы яе выбралі з цемры абрысы плота, калоў. Там было пуста, сумна, як каля свежай магілы. Грудзі яе апаліў боль: «Васіль, Васіль…»

3

Вечарам, памыўшыся над цэбрам, выціраючыся, бацька сказаў мачысе:

— Буў Яўхім Карчоў… Малаціць сабіраюцца… Казаў, кеб за просо адрабілі…

— Ужэ ж адрабілі. На касавіцу, — адгукнулася мачыха.

— Тры дні адрабілі. А два шчэ засталося…

Бацька пагладзіў парэпанай рукой рэдкія, ад сівізны ўжо зямлістыя валасы, зморана згорбіўшыся, сеў на лаўку. Мачыха, выцягваючы з печы чыгун, не ўтрывала:

16
{"b":"205307","o":1}