Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Але ні стаяць, ні чакаць нельга было. Ззаду, збоку тоўпіліся людзі — дружкі яе, Яўхім, дружына яго, Сарока, Пракоп, алешнікаўцы. Яе, нібы вада дрэва, несла гэта людская плынь у пройму дзвярэй. Проста перад ёю, пабліскваючы пазалотай, чырвона свяціліся алтар, абразы, лампады. Ганна ўбачыла бляск рызы і перавяла позірк на бацюшкаў твар: стары глядзеў насустрач, здалося, пранізліва, строга, быццам бачыў, ведаў усё.

"Што ж я? Грэх жа! Грэх! Божа мой!" — апомнілася, схамянулася Ганна і вінавата, хутчэй пайшла к бляску рызы, к строгаму позірку.

Цяпер яна ўся поўнілася паслухмянасцю і пакорай, той пакорай, якая брала яе ў сваю ўладу тут заўсёды з тых даўніх часоў, калі ўпершыню прывяла яе сюды, маленькую, палахлівую, нябожчыца маці. Паслухмянасць, страх, пакора, што перад гэтым бляскам і таямнічасцю ўвайшлі ў яе ў той дзень, так і засталіся ў Ганне на ўсе гады: няхай не такія моцныя, як у маленстве, але ўсё ж жывыя, неадступныя.

Са звыклай тут паслухмянасцю рабіла яна ўсё, што трэба было, чула, ловячы, кожнае слова рудога алешніцкага старасты і бацюшкі, — сачыла без думак, як увішная Сарока з Пракопам рассцілаюць скрутак палатна на падлозе, кладуць на яго два пятакі. Па знаку рудога алешнікаўца пакорліва стала побач з Яўхімам правай нагой на манету, зняла свой персцень. Бацюшка, на твары якога ад варушэння святла маршчыны то амаль знікалі, то вырэзваліся крывымі глыбокімі раўчачкамі, даў ёй запаленую свечку, якая мігала і чадзела, і Ганна стаяла як скамянелая, пакуль ён перад Богам і святымі, што блішчалі, сачылі адусюль, надзяваў Яўхімаў персцень ёй на палец, а яе персцень — Яўхіму. З усяго, што было тут, гэты момант здаўся ёй як самы важны. Яўхімаў персцень, які яна добра чула на пальцы, быў як знак, што паказваў яе новае становішча.

"От і ўсё. Ужэ — чалавек мой, а я — жонка яго…" — ясна прайшло ў яе галаве. Гэтая думка цяпер не выклікала ўжо ні трывогі, ні шкадавання, Ганна пачула нават дзіўную палёгку. Столькі думала, трывожылася, а яно — вось прыйшло, адбылося, і ўсё стала на сваё месца. Адбылося, як у людзей, па-божаму, і думаць няма чаго…

З гэтай палёгкай, бяздумная, спусцелая, ехала яна, прабівалася цераз грэблю назад, аж пакуль пад віск і буханне марша не сышла каля сваёй хаты, перад якой ужо стаяў на двары стол. Калі яна ішла побач з Яўхімам між натоўпу, які ціснуўся, варушыўся абапал, позірк яе неспадзеўкі наткнуўся на Валодзьку, Васілёвага брата, які глядзеў на яе, здалося, нядобра, бязлітасна. Яна на міг зірнула на яго з увагай, убачыла, што ён проста зніякавеў, аказаўшыся перад людзьмі, таму і глядзіць спадылба, — і ў той жа момант пачула, як няпрошаныя, кінутыя ў царкве шкадаванне, трывога зноў упаўзлі ў душу.

Дружкі быццам зразумелі гэта, быццам заглушыць трывогу яе хацелі — заспявалі ахвотна, голасна:

Выходзь, матко, з свячамі,

Пазнай дзіцятко між намі…

Мы тваё дзіцятко звянчалі…

А цяпер выходзь, матухно, проціў нас

Да вітай кубачкам усіх нас.

Да пытай доночку, дзе була…

У божым доме — не твая,

Госпаду Богу прысягла,

Яўхіму ручаньку аддала…

Ганна спачатку амаль не чула, што спявалі дружкі. Дайшло толькі апошняе: "…Госпаду Богу прысягла, Яўхіму ручаньку аддала", — дайшло, адазвалася такой скрухай, што ў горле зашчымела.

"Яўхіму ручаньку аддала!.."

3

Калі маладыя з дружкамі, са сватамі, са сваякамі ўціснуліся ў хатнія дзверы, мачыха забегала, залямантавала:

— Маладыя нашы! Жанішок наш дарагі! Сваточкі, госцечкі!.. Сядайце, паспытайце, чаго Бог прыслаў, чаго з яго міласцю прыдбалі!.. Кеб пасядзець разам, пачаставаць з такой радасці!..

— Сядайце! — ціха сказаў і Ганнін бацька.

— А чаго ж — і сядзем! — весела абвясціў Яўхім. — Мы — не ганарлівыя, можно сказаць, для етаго і прыехалі!

Іх пасадзілі разам, Яўхіма і Ганну, на покуце. Госці яшчэ доўга тоўпіліся ля лавак, залазілі за сталы адзін за адным, рассаджваліся. Плёўся жвавы, радасны гоман са смехам, чулася, быў у хаце той настрой, які звычайна прыходзіць перад гульбою, гарэлкай, добрай ядою. Мачыха, гаманлівая, памаладзелая, прыгорблены задуменны бацька пайшлі з бутэлькамі паўз сталы, пачалі наліваць карцы, шклянкі, пазычаныя аж у Міхалеве далікатныя чаркі.

— Штоб шчасце маладым було! — сказаў Пракоп і грозна ўзняў карэц к чорнай барадзе.

— Кеб пілася і елася, кеб було ўсяго, чаго хацелася!..

Яўхім выпіў зразу, перакуліў карэц, няхай бачаць — да дна. Ганна ж, як бы штосьці перахапіла горла, ледзь прыгубіла.

— Усё трэба! Да канца! — першы заўважыў, крыкнуў Яўхім.

Усе ўраз зашумелі, падтрымалі яго:

— Да канца! Усё!

І прыйшлося паслухацца, перасіліць сябе. Потым ускочыла Сарока, паспытала нібы гарэлку, скрывілася, як ад палыну, стараючыся перакрычаць усіх, заявіла, што піць не можа, бо гарэлка горкая, і людзі, душачыся ядою, заверашчалі, загулі:

— Горкая! Горко-о!

Яўхім зухавата ўскочыў, пацягнуў Ганну. Яна ўбачыла перад сабой зноў пачырванелы задаволены твар, зноў нібы падмазаныя маслам гарэзныя вочы. На плячах яе быў моцны, упэўнены поціск далоні…

Калі апусцілася на лаўку, пачула, што ў галаве пачынае шумець. Але закусваць не стала, не хацелася. Стомленымі вішнёвымі вачыма паглядвала на гасцей, не магла адагнаць зноў адчування, быццам бачыць усё ў сне. Людзі за сталамі пілі, елі, як згаладалыя ў полі, чамусьці амаль не гаманілі, а крычалі, аж дрыжалі шыбы.

— Яўхімко, зяцёк мой даражэнькі, — завіхалася каля маладога мачыха. — Пі і закусвай, чым Бог паслаў! Не грэбуй, Яўхімко, калі што якое ненарокам… Чым багаты, тым і рады, са ўсёй душы стараліся… Кеб усё добра було, кеб не горай, як у другіх людзей… І вы, госцечкі, дружына, кумпанія ўся, піце і закусвайце, чаго каму хочацца!

— А мы і п'ём, і закусваем! — акідваў вачыма дружыну Яўхім. — Мы ету работу любім! Нам абы паболей — такой работы! — Яго прыяцелі дружна ржалі. — Толькі от — маладая чагосьці не есь, не п'е!.. — схіліўся Яўхім да Ганны.

— І так ужэ ў галаве шуміць, як у дождж, — сказала, апраўдваючыся, Ганна.

Бацька ўчуў, заступіўся:

— Няволіць не трэба! Кожны сам знае, сколькі каму выпіць! Сколькі хто можа, няхай столькі і п'е. — Ён паспрабаваў адвесці гаворку ад Ганны, сказаў да Яўхімавых хлопцаў: — Каторыя могуць, няхай п'юць, не баяцца. Гарэлка, сказаць, не куплёная. Грошай не пераводзіў. Сам у кустах нацадзіў!..

— А едкая, ядры яе! Пячэ — горай за агонь! Ето не тое, што хвабрычная! — пахваліў Ганнінага бацьку Ларывон.

— А закуска — шчэ лепей! — падтрымала гаспадароў, помнячы пра свой абавязак, дружка Маруся. — Такое ўсё смашнае, і смажэнне, і пячэнне!

Дзяўчаты, жанкі дружна заківалі галовамі, сталі хваліць яду, мачыху, Ганну, бацьку — хваліць усё, што падабалася і што не падабалася. Ганна слухала гэта без уцехі, ведала — хваляць больш таму, што так трэба ў гасцях. Ды і чаго дзівіцца: многім перабіраць вельмі не было ад чаго — дома картопля з расолам за шчасце…

Людзі п'янелі, і крык за сталом усё мацнеў. Мачыха ўжо не паглядвала з непакоем на сталы, на гасцей, не гадала — хопіць ці не хопіць, — хадзіла няроўна, піла і ела з усімі, падавала, што толькі было. Ганна бачыла, як яна падыходзіла то да адной, то да другой, прыўзнімала доўгі андарак, паказвала Яўхімавы боты, якія былі ўжо на яе нагах.

— Самы раз! Як на мяне шыты! — хвалілася яна Марусі. — А шкура — памацай, — прасіла яна і, калі Маруся мацала халяву бота, гаварыла, радая: — Шкура — цупкая, вырабленая! А падошвы — як зялезныя!.. На ўвесь век хопіць! Хоць кожны дзень насі, не зносіш!..

Але гэтага было мала, шчасце яе павінны былі бачыць усе — выйшла на сярэдзіну хаты.

— Глядзіце! Глядзіце — які падарак зрабіў мне Яўхімко!.. — Яна павяла вачыма, поўнымі шчасця і слёз, у бок Яўхіма: — Зяць мой, залатая душа!

Бацька ўзяў яе за руку, хацеў адвесці ў куток, далей ад бяды, але яна не паслухалася, адхінулася ад яго, павярнулася кругом, каб бачылі з усіх бакоў — якія боты!

87
{"b":"205307","o":1}