— От, Корч стары! Ето ж — пяць дзён за жменю!
— Жменя не жменя! — Бацька разважліва зазначыў: — Не хацела, дак не брала б! Ён не набіваўся!
— Не набіваўся! Кеб жа не трэба було!
— От то-та ж!
— Дак жа гараваць за жменю колькі!
— Думаеш, другі дзешавей даў бы! Аге, вазьмі!
Бацька ўзяў скібу хлеба, стаў нецярпліва жаваць: прагаладаўся вельмі. Але мачысе ўжо не так лёгка было забыцца пра Карча. Думала яна марудна і была заядлая, упартая, так што, калі што ўбівалася ў галаву яе, выходзіла адтуль не хутка. Вось і цяпер, наліваючы боршч з чыгуна ў вялікую гліняную міску, як бы падумала ўголас пра старога Глушака:
— Не памалаціў шчэ свайго. Малатарню маючы!..
— Сваё нікуды не дзенецца. Зарабіць хацеў. У Алешніках траім памалаціў…
— Крываротаму, кажуць, дзень стараўся! — успомніла Ганна, кладучы на прыпек наколаную лучыну. Агонь, што ледзь асвятляў хату чырвоным, мігатлівым святлом, гатоў быў вось-вось згаснуць, і яна падлажыла ў яго смалісты сук.
— Якому Крываротаму? — зацікавіўся, нібы не паверыў бацька.
— Таму, што ў сельсавеце за старшыню…
— Ну, на етым не вельмі пажывіцца!
— Не пажывіцца? — едка адгукнулася мачыха. — Аге! Стаў бы ён задарам старацца!
— Чаму ты думаеш, што задарам! Табе хто казаў, што задарам? — бацька паглядзеў на Ганну, як бы чакаў, што яна пацвердзіць яго словы.
— А хоць бы ніхто й не казаў, што задарам — мачыха кінула ўпарты позірк, — я ўсё адно знаю, што не ўзяў ён грошай, Корч! Не ўзяў, хай мне хоць руку адсякуць!.. — Яна паставіла на чорны, без абруса, вышчарблены ад старасці драўляны стол міску, адну на ўсіх, села побач з бацькам.
Бацька ўзяў шчарбатую драўляную лыжку, такую ж чорную, як і стол, прамовіў прымірэнча:
— Не ўзяў, не ўзяў… Ахвота табе пляскаць, грэц яго…
— Бо знаю, што не ўзяў! От пабачыш!.. Тут свая выгада! Начальство!.. Я — табе, ты — мне. Я табе памалачу, а ты мне аддзячыш сваёй ласкай. Падатак там збавіш ці шчэ што…
— Я — табе, ты — мне! Цяпер ето не так просто у сельсавеце… не пры цары…
— Калі пры цары було яно, то цяпер і казаць няма чаго!
— Хітры, тхор! — сказала Ганна, адчуваючы, што мачыха, напэўна, не памыляецца ў здагадках пра старога Глушака.
— Аге! — адразу адгукнулася мачыха і, як звычайна, не ўтрывала, каб разам не ўпікнуць і свайго чалавека. — Еты свайго не ўпусціць.
За тым, што яна сказала, яшчэ як бы чулася: «Не тое што ты».
Бацька прамаўчаў на гэты яўны ўпік, і гаворка абарвалася. Цяпер было чуваць толькі дружнае, працавітае сёрбанне, трэск і шыпенне смаляка, ад якога ў хату ішоў пах дыму і смалы, што перамешваўся з пахам грыбнога баршчу. Святло ад прыпечка не магло тут ніяк саўладаць з чырванаватым прыцемкам, які то крыху слабеў, адступаў, то зноў насоўваўся так, што трэба было напружваць вочы, каб бачыць, што бярэш у місцы, што ў лыжцы нясеш. Можа, таму такія сур'ёзныя, заклапочаныя былі твары ва ўсіх чатырох Чарнушкаў, нават у Хведзькі, які, седзячы між бацькам і Ганнай, ледзь даставаў лыжкай да міскі. Разам з заклапочанасцю на тварах была відна ўтома, нейкая пакорлівасць абавязку — як бы вячэра была не радасцю, не ўзнагародай, а таксама абавязкам, працай. З усіх толькі Хведзька сядзеў неспакойна, еў хапаючыся, усё выцягваў шыю, стараўся зазірнуць, што там у місцы, ці няможна падчапіць грыбка, — але, навучаны немалым вопытам, тут жа спасцярожліва паглядваў на маці і пад яе строгім позіркам прыціхаў.
Ад цьмянага, сумнага святла ўсё ў хаце здавалася сумным, суровым, нават святыя з абразоў у кутку глядзелі з-пад ручнікоў так, быццам гразіліся за смех страшным судом…
Выцягнуўшы з міскі лыжку, Хведзька ўжо намерыўся паднесці яе к роту, калі ў вачах яго мільганула цікаўнасць. Ён момант разглядаў лыжку, потым сказаў здаволена:
— Прусак!..
— Цыц ты за сталом! — крыкнула была Ганна, думаючы, што ён жартуе: Хведзька ўжо неаднойчы пацяшаўся з яе гідлівасці.
Але сёння ён не смяяўся: у лыжцы сапраўды быў вараны прус.
— Уваліўся, — спакойна прамовіла мачыха і загадала Хведзьку: — Вынесі, вылі ў цэбар! — Калі Хведзька вылез з-за стала, знарок трымаючы лыжку з прусаком бліжэй перад Ганнай, мачыха сказала безнадзейна: — Развялося пошасці етай! Надысь ноччу ўстала, падпаліла лучынку, дак яны па падпрыпеку — шась, як войска якое!..
— То-та я гляджу — боршч сягоння смачны, — паспрабаваў бацька перавесці гаворку на жарт. — Як бы з салам!
— Скажаце, ей-богу! — папракнула Ганна, устаючы з-за стала. Яна ўжо не магла есці.
Бацьку гэта павесяліла.
— Хранцузы — тыя жаб ядзяць! Жывых, не тое што вараных!.. Ядзяць дай шчэ — дзякуюць! Ім жаба — што качка!
— Жаб? Цьфу ты! — гідліва скрывілася мачыха. — Нехрысці, пэўне?
— Нехрысці…
Ганна ўжо надзела жакетку, сабралася ісці, калі бацька, скручваючы цыгарку, напомніў пра пачатак гаворкі:
— Дак Корч прасіў, кеб з жанчын хто прыйшоў. Ці ты, старая, ці мо Ганна.
— Няхай Ганна… — Мачыха забрала са стала міску, падалася ў куток, дзе стаяў посуд. Бацька згодна кіўнуў, лічачы, што гаворка скончана.
Але Ганна стаяла каля парога.
— А мо б лепей мне тут, пры хаце астацца?
— Чаму ето?
— Так… Нядобра мне к Карчам…
Яна заўважыла, што бацька чакае, каб яна растлумачыла, чаму ёй нядобра ісці, і адчула — цяжка дагаварыць усё. Як тут раскажаш — пры мачысе — пра ўчорашняе заляцанне Яўхіма, ад якога засталіся ў душы асцярога да яго ды віна перад Васілём. Яна дала яму, гэтаму Карчу, ісці з сабой, дала трымаць руку, нібы абнадзеіла…
Мачыха абурана паглядзела на Ганну, потым на бацьку, як бы чакаючы падтрымкі сабе.
— Унь бач! Яна не пойдзе, — не вытрывала старая, не дачакаўшыся Цімохавай падтрымкі. — Хай матка старая лепей! Ёй нядобра, бачыце, не даўпадобы ёй!
Чарнушка паморшчыўся на гэтыя словы, лагодна, спачувальна сказаў:
— Трэба ісці, Гануля… І так еты доўг — як скула…
— Ці ж яна разумее!
Ганна ведала, што працівіцца больш няма сэнсу: мачыха ўсё роўна не адступіцца. Каб скончыць гаворку, прамовіла мякчэй:
— Ну, хай ужэ! Пайду, калі вам так страшно…
На дварэ ціха церусіў нявідны дождж. Ён ішоў з мінулай ночы амаль безупынку, то драбнеючы, то зноў спарнеючы, і на вуліцы яшчэ ўдзень было столькі страшнай, ліпкай гразі, што ніводзін куранёвец не наважваўся вылазіць. Людзі хадзілі цяпер толькі праз мокрыя слізкія гароды ці па загуменню. Два рады хат былі адарваны адзін ад аднаго, ды можна сказаць, што адасоблены былі і многія хаты: каму ахвота была лезці ў такую макрату без вялікай патрэбы?..
Цяпер, у цемры, гэтая макрата была страшнейшая. Уся вёска, вялікія і малыя, жанкі і мужчыны туліліся бліжэй да цёплых чараноў, да дымных агнёў на прыпечках, хаваліся, драмалі па цёмных, задушных сваіх норах. Маўчалі каровы, не бэлькалі нідзе авечкі, не перагаўкваліся сабакі, хоць бы адзін гук дайшоў ад блізкага лесу, з балот — цішыня, важкая, чорная, стыла ў нячутнай сяўбе дажджу над сялом, над звадзянелымі дрыгвянымі абшарамі, над светам…
«Ну і чарнеча ж! Хоць вока выкалі! — падумала Ганна, падымаючы каўнерык жакеткі. — Чысто — сусветны патоп!» Яна асцярожна, каб не паслізнуцца, саступіла з ганка і пайшла ў цемру.
4
Неўзабаве Ганна ўжо сядзела каля Хадоські перад комінкам, на якім палала, чадзела лучына. «Канапляначка», схіліўшы галоўку з залацістым пушком над ілбом і каля вуха, па-дзіцячы выпінаючы добрыя губы, старанна вязала рукавіцу. Тут жа, каля комінка, падсунуўшы да агню ўслон, на якім тырчала прасніца з барадой кужалю, сядзела і маці, цётка Аўдоцця. Маці прала — адставіўшы руку, цягнула і цягнула пальцамі з «барады» на прасніцы кужаль, спрытна звівала яго ў нітку. Нітка ўсё даўжэла, бегла і бегла на верацяно, што круцілася, скакала ў яе руках, як бы ў цудоўнай полечцы.
Хадосьчын бацька Ігнат, чарнявы, сіваваты, ускудлачаны, гнуўся трохі ўбаку, час ад часу пакрыкваў на жонку, што мяняла паставу, засланяла святло, — каб адхілілася.