Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Не!

Усю доўгую ноч маці не адыходзіла ад яе, укрывала, уздыхала, шаптала малітвы, давала піць зелле. Хадоська то драмала, то абуджалася, то ляжала так, што сон і ява спляталіся, трацілі межы.

"Памру. Ну, і няхай памру…" — думала яна, вяртаючыся да явы.

Пад раніцу бацька запрог каня, паехаў па доктара ў Загалле. Яны прыехалі, калі ў вокнах было ўжо бела — мітусіліся першыя, дачасныя сняжынкі. Доктар, распрануўшыся, пагрэўшы каля печы рукі, выгнаў усіх з хаты. Калі ён падступіўся, Хадоська спачатку запрацівілася, але варушыцца, гаварыць было так цяжка. І не было ўжо ахвоты. Было ўсё абыякава.

— У Юравічы! У бальніцу — зараз жа! — сказаў доктар, пазваўшы бацьку з сянец…

Калі заплаканы Ігнат, Хадосьчын бацька, вёз дачку цераз грэблю, яму спаткаўся Чарнушка, які ехаў з Глінішчаў ад Годлі. Чарнушка, задаволены тым, што клопат з кофтай збыты, і збыты ўдала, ахвотна спыніў каня.

— Куды ето, Ігнат?

— Дачка… — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!..

Ганна саскочыла з калёс, спалохана падбегла да Хадоські. Яе ўразіла: Хадоська ляжала, нібы ў дамавіне. Незнаёма схуднелая, без крывінкі, як нежывая.

— Хадосечко!.. Што з табой?!

Хадоська зірнула на яе як бы здалёк. Яна быццам не адразу пазнала, але калі пазнала, ажыла, павекі варухнуліся трывожна, непрыхільна. Адразу ж непрыязна заплюшчыліся.

"Глядзець не хоча!.." — сумелася Ганна.

Хадосьчын бацька правёў рукавом па твары, тузануў каня.

Раздзел пяты

1

Апошнія перад вяселлем дні ішлі ў хапатлівай гонцы. Абдзіралі, рэзалі, секлі цяліцу, смалілі, разбіралі кабанчыка, пяклі хлеб, каржы, коржыкі — смалілі, пражылі столькі, што з непрывычкі ад пахаў станавілася млосна. Усё, над чым дрыжалі не адзін месяц і што трэба было расцягнуць да лета, хутка, на вачах, рабілася смажаным і печаным, ненадоўга зносілася ў сыры і цвілы Чарнушкаў "пограб". Ганнін бацька ўдзень і ўвечар прападаў недзе на ўзболатку ў зарасніках, поцемкам вазіў туды бочкі з брагаю, адтуль крадком валок барыльцы і біклагі самагонкі.

Дабра, што мелі самі, хоць падмяталі дачыста, было мала — кідаліся па хатах, дзе толькі можна, — пазычалі. Не думалі, душылі страх — як потым жыць, як з пазычаным разлічыцца: думай не думай, усё адно не выкруцішся інакш. Пакуль абы адзін клопат адолець, вяселле збыць. А там — Бог бацька, там будзе відаць…

Рупіліся — абы пабольш было, абы хапіла. Хата поўнілася мітуснёй, гоманам, чадам. Вечарамі ў Ганны балелі рукі і спіна, у роце было горка, сон браў дурнотны, нездаровы. Ад утомы, недасыпання, чаду галава стала нейкая няцямная, важкая. І сама ўся як бы ацяжэла, хадзіла, рабіла ўсё без ранейшага спрыту, павольна, абыякава. Бацька і мачыха варушыліся таксама нібы заведзеныя, стараліся больш таму, што трэба было спяшацца: падганяў усё неспакой — не спазніцца б, управіцца б у пару…

Увечары ў суботу сабралі дружак маладой, бліжэйшых сваякоў, пасядзелі трохі за сталамі. Пасядзелі так, каб не выдаткавацца загадзя, проста — абы паказаць, што помняць "закон" і шануюць і каб не сарамаціцца перад людзьмі, бо ў жаніха ж — гулялі. У нядзелю з самага ранку Чарнушка стаў ладаваць вясельны воз. Калёсы былі не свае, пазычаныя — ладнейшыя, на лягчэйшым хаду, моцныя, акурат для таго, каб ехаць у такую дарогу. Папрасіць прыйшлося і аднаго каня. Чарнушка накарміў яго добра разам са сваім канём, даў нават аўса, каб прутчэй кацілі калёсы, не ганьбілі маладую. Тады, як дружкі прыбіралі стужкамі вуздзечку, нарытнікі, дугу, ён палажыў на воз лепшага мурожнага сена, якое выбраў загадзя, старанна заслаў яго коўдраю.

Ужо збіраўся запрагаць коней, калі з хаты прыйшоў Хведзька:

— Вас мамо заве…

Чарнушка памацаў хамут, неахвотна падаўся к ганку. У хаце было трохі жанок, дзяўчат, Ганніных дружак і сябровак. Жанкі хадзілі разам з мачыхай пры печы, каля сталоў з гарэлкай і ядою, дзяўчаты ў кутку каля дзвярэй шапталіся аб нечым. Ганна была між іх.

Мачыха, як толькі ўбачыла Чарнушку, з заклапочаным выглядам адвяла яго ў куток да акна, сказала ціха, разважліва:

— Маладую адзяваць час ужэ…

— Час дак час… — Чарнушка ледзь не ўздыхнуў.

— Час… — Мачыха яшчэ наблізілася, яшчэ прыцішыла голас. — А сам — што надзенеш?

— Што е, тое і надзену. Буў жа ўчора ў нечым…

— Буў!.. У дзіравых штанах!.. Латка на латцы!..

— З латкамі дак з латкамі. Вялікая бяда. Не жаніх, грэц яго…

— Не жаніх-то не жаніх! Дак нявеста — дзіця тваё! Нявесцін бацько! Не чужы, кеб абы-як можно, кеб так — старцам — к жаніху выйсці!.. Учора — то шчэ нічога, свае булі! Галякі такія ж, сказаць! А тут — сойдуцца са ўсяго свету! Дай жаніх які! Багацей першы!

— Багацей, багацей! А што ён — чужы, не знае, сколькі ў мяне капіталу! І то шчэ — дзякуе няхай, што ўгашчэнне сабраў!

Мачыха нецярпліва, коса павяла позіркам — ніхто чужы, здаецца, не слухае іх гаворкі, а ўсё-ткі зашаптала цішэй. Асцярога ніколі не лішняя…

— Угашчэнне ўгашчэннем, а толькі вочы не зальеш! Усё разгледзяць дай абгавораць!.. Адзецца трэба — кеб не сорам перад Глушакамі стаць! І сядзець жа разам з імі прыйдзецца!.. Я дак у Хімы пазычу. У яе кохта е сіняя, з палярынай… — Мачыха сабралася выходзіць. — А ты б — к Грыбку збегаў, пакуль суд ды право. Штаны ў яго дабрэнныя. Са службы каторыя прынёс.

— Мне і ў сваіх не пагано. А каму не падабаюцца, няхай не глядзіць!

— Табе-то, можа, не пагано, дак дачцэ — як? — Мачыха кінула позірк на Ганну, якая падышла паслухаць бацькоў. Думала, Ганна падтрымае, але тая — хоць бы слова. — Мне — як? Перад людскімі вачыма! Глядзець будуць, усё разгледзяць, што було і чаго не було. Абы даў прычэпку, абсмяюць! Голае цела, маўляў, латкамі прыкрыў! А таксамо — к багатым лезе, маўляў!

— Няхай смяецца, каму хочацца! А мне — усё адно!

— От бо — розум! Як дзіця! — страціла рэштку цярплівасці, ускіпела мачыха. — Дзіця — і тое даўмела б!

— Знаеш што, — ускіпеў і бацька. Ён загаварыў ужо так, што жанкі і дзяўчаты прыціхлі, сталі здзіўлена слухаць. — Хочаш да Хімы ісці, дак ідзі, а мяне — не чапай! І так — чорт душу скрабе! Не да штаноў паганых, кеб яны згарэлі! Тут на душы такое, а яна, грэц ёй, — штаны, латкі!.. Ідзі, калі хочаш!

Мачыха азірнулася, перахапіла позіркі жанок, сказала Цімоху як можна мірна:

— Мне — што? Я ж — аб табе. Каб табе лепей!.. А не хочаш, не трэба!

Яна стукнула дзвярыма. Бацька ад душы плюнуў, зрабіў выгляд, што шукае штосьці на чорным, чыста вышкрабаным, вымытым падаконніку ля палацяў, сказаў Ганне, як бы апраўдваючыся:

— У Грыбка вазьмі! Бы на чужыне, бы ніхто не знае, якія штаны ў мяне, якія ў Грыбка! Тыя штаны ўжэ хто ні насіў: мо паўсотні вяселляў справілі! Ледзь не ўсякі жаніх у Грыбковых штанах! — Ён пакруціў у руках свае святочныя штаны. — Якія е, такія е, затое не чужыя…

Ганна, задуменная, сур'ёзная, адгукнулася:

— Дзірка ў іх на латцы, на каленях… Дайце зашыю.

— Ты б сказала, кеб самую сабіралі. От-от прыехаць могуць!

— Упраўлюся.

Яна ўзяла штаны, прысела на высокіх палацях, засланых новаю коўдрай, пад якой было ўсякага рыззя, пачала звыкла завіхацца з іголкай.

Штаны былі не то шэрыя, не то жоўтыя: іх хацелі неяк паднавіць, пафарбавалі, але фарба аказалася з фокусамі, узялася няроўна, а лапіны вымалявала зусім інакш, пад спелую цыбулю. Але Чарнушка як бы і не бачыў гэтага знаку сваёй беднасці — з сумам, з замілаваннем глядзеў на дачку, на яе рукі, на чорныя валасы, смуглявы лоб. Калі Ганна падала яму штаны, ён пачуў, як збіраюцца недарэчныя слёзы, ледзь стрымаўся.

— Ну от, перахаджу неяк! У сваіх!..

Мачыха вярнулася ад суседкі радая, з кофтай, але як толькі ўбачыла Чарнушку, пакрыўджана нахмурылася, адвярнулася, мабыць, не збіралася дараваць спрэчкі. Бацька таксама, было відаць, не збіраўся вінаваціцца…

— Матко, маладую час убіраць, — сказала старая Аўдоля, што корпалася пры печы.

84
{"b":"205307","o":1}