Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Якая Антося?

— Якая? Дачка. Адна ў мяне дачка, Антося.

— Дак яна ж ужэ замужам. Замужам — не лічыцца.

— Чаму ето не лічыцца? Як усё адно ўжэ не мая. Була ж дасюль мая. — Глушак, не тоячы крыўды, нават знарок паказваючы яе, прасіпеў: — Адну аддаў, а другая от-от прыйдзе ў хату.

Глушак кіўнуў на Чарнушку, які ціха адгукнуўся:

— Змовіны булі…

— А спіскі, дзядзько, — улавіў Глушак у Хоневым голасе кпінку, — складалі шчэ ўвесну. Як ето вы загадзя вымеркавалі?..

Міканор зірнуў строга:

— Ну, няхай — пяць ужэ е, а дзе шчэ два?

— Шостая, казаў ужэ, Антося. — Глушак ледзь стрымліваў лютасць. — Як бы яна ўсё адно і не дзіця маё. Як бы не я выгадаваў яе… — Ён жаласна заморгаў вачыма, ледзь не заплакаў. Уздыхнуў. — А астатні — Іван…

— Іван — не ваш. Іван — парабак.

— Мне бацько яго, — зноў цвёрда загаварыў Глушак, — прыпаручыў як сына! Значыць, ён мне ўсё адно як сын!

— Што Сцяпан, што ён — адзінакія дзеці, — памагла Глушачыха.

— Вы, цётко, не кажыце! — Міканор заявіў, як канчатковае: — Івана, не сакрэт, мы запішам за парабка!

— Які ж ён, от бо, парабак?

— А мо ён не робіць на вас?! Каго вы абдурыць хочаце?

— Я не абдурваю. А як ён корміцца пры мне, то і рабіць нейкую драбніцу мусіць! Як і ўсе дзеці!

— Робіць на вас, на чужога чалавека. Значыцца, парабак. — Міканор не даў сказаць Глушаку. — А вы знаеце, які закон аб парабках?

Глушака прарвала:

— Дак калі вы гаворыце, што ён — парабак, то мне яго не трэба! Няхай хоць сягоння бяжыць дадому. Сам абыдуся!

— Дык тады павінны разлічыцца за ўсе дні, што ён рабіў на вас. Па закону.

— Я ўжэ разлічыўся.

— А можа, не саўсім? — зноў кальнуў Хоня.

— Саўсім. Шчэ і лішне. — Глушак забедаваў: — Колькі я скарміў на яго да колькі паперавёз яго бацьку ў Мокуць, то ён і палавіны таго не зарабіў!..

— Нічога, дзядзько. Мы, не сакрэт, усё праверым і зробім па закону! — Міканор строга запытаў: — А зямля правільно ў вас запісана?

— Зямля?

— Зямля.

— Уласць надзяляла, уласць і запісвала. — Сказаў абыякава, а сам падумаў са злосцю, з трывогай: "От яна, бяда!.."

— Вы на ўладу не ківайце. Вы кажыце прамо.

— Я і кажу. Налогу налічылі — процьму. Дыхнуць няма як. Капейку ніколі не агораеш на корт які…

— Ужо ж збяднелі!.. — не ўтрываў Хоня.

— Я не збяднеў! Кеб от байчэйшы буў, дак да начальства падаўся б, дабіўся б — няхай бы знялі хоць частку. Па справядлівасці далі…

— Значыцца, уся зямля запісана?

— Што ты, ей-бо, прыліп, як ліст: уся, уся? Була б шчэ там зямля як зямля, што столькі крыўды цераз яе.

— Вам, дзядзько, грэх жалувацца. Кеб ва ўсіх була такая!

— У другіх була б лепей, штоб другія гнуліся на ёй столькі, ні дня, ні ночы не бачачы. Ето з людской крывоты здаецца, што мне лепшая папалася. З зайздрасці. Людское вока — крывотлівае!..

— А ўсё-такі вы, дзядзько Глушак, так і не сказалі прамо: усё ці не ўсё запісано?

— Сказаў ужэ…

— Значыць — усё?

— Усё.

— Мы праверым!

— Правярайце!

Глушак пачырванеў ад злосці. Але ўсё ж утрымаўся, перамог сябе, нават нагнаў на твар лагоднасць.

— От бо недаверлівыя сталі ўсе. Хоць яно, сказаць, так і трэба — верыць цяперашнім часам асабліво нельга. Усякаго цяпер напладзілася… Ну, да і сказаць — выбраныя людзі, камісія!.. — Стары вінавата пакруціў галавою, папракнуў сябе: — А я, гнілы пень, так рассіпеўся. Да й шчэ перад сваім сватам. І Міканор, сказаць, першы раз у хату глянуў!

Глушак затупаў каля стала.

— Пасядзім от трохі! Дзе каму спадобней, той там няхай і садзіцца! Уважце сватоў ды маладых перад вяселлем! Не пагрэбуйце, сказаць!..

Ён хацеў ужо бегчы па пачастунак, але Міканор непахісна заявіў:

— Не трэба! Не час!

— Час, Міканорко. Самы час. Вяселле скоро, змовіны згулялі.

— Пакаштуй, што мы тут гасцям рыхтуем, — замітусілася Глушачыха. — І ўсе няхай пакаштуюць!

— Будзеш патом, мяркуючы, знаць, ісці ці не ісці к нам у госці. — Глушак заўважыў: некаторыя дзядзькі былі не супроць таго, каб пасядзець. Пажвавеў: — А часу заўсягды будзе мало. Управіцеся шчэ. Клопат — не воўк…

— Воўк не воўк. Няма калі, дзядзько!

— Дак жа — дзеля вяселля, дзеля маладых. Шануючы свата майго, выбранаго ў камісію!..

— Усё адно! — Не сказаўшы і слова Глушаку на развітанне, Міканор скамандаваў усім: — Пайшлі! — і сам першы рашуча затупаў чаравікамі ў сенцы.

Чарнушка, які ад самага прыходу ліп да дзвярэй, прапусціў усіх, памуляўся хвіліну ніякава, мнучы ў руках шапку. Вінавата падаў руку:

— І мне, тым часам, трэба…

Калі ён выйшаў услед за Міканорам, Глушак стаў тупаць у кутку, корпацца ў прыпеку, але рабіў усё без ладу, без мэты: перастаўляў з месца на месца, кідаў. Сам не ведаў, што робіць, у грудзях кіпелі крыўда і лютая злосць — на Дамецікавага смаркача, што ўзяў сабе сілу, на ўсіх, якія памагалі яму, на тое, што гнуўся перад імі, як парабак, на бездапаможнасць сваю перад імі. "Праверым!.. Праверым!.." — гняла душу страшная пагроза…

Жонка, што збірала са стала неўшанаваны пачастунак, не то пашкадавала, не то папракнула:

— Трэ було зразу пасадзіць, як увайшлі…

Глушак кінуў з раздражненнем:

— Зразу ці не зразу — адзін чорт!

— Як узялі б гарэлкі чарку ды сальца, дак памякчэлі б, буць не можа!..

— "Памякчэлі б"! Ета зараза памякчэе!

— Усё-такі ж — людзі! І Дамецікаў еты — чалавек…

— Знайшла чалавека! — Глушак не мог больш трываць, крыкнуў люта: — Не ўтыкай носа, куды не трэба!

Тут здарылася такое, чаго Глушак ніяк не чакаў. Далікатны, няхай сабе няўдалы, няздатны да гаспадаркі, але ж ціхі, паслухмяны сын Сцяпан, які, пакуль не пайшлі нязваныя госці, не абазваўся і адным словам, неспадзявана ўскочыў ад акна, стаў каля маткі, загадаў старому:

— Не крычыце!

Глушак заморгаў вачыма.

— Ш-што?

— Не крычыце, кажу! На матку! — паўтарыў ціха, строга Сцяпан.

— Т-ты ето — мне? Т-ты м-не — указ?!!

— Самі вінаватыя! Дак… не спаганяйце на другіх!..

— Я — вінаваты!!! Я!!! Ты ето — бацьку?

— А калі — праўда!

— Праўда?!! — Глушак наліўся крывёю. — Маўчы! Шчаня!!!

— Няхай — шчаня!.. А толькі трэба вам тая зямля, што пад лесам? Усё мало! Усё мало!

— Ты знаеш — колькі мне трэба зямлі!.. Ды калі б не тая зямля, калі б бацько не паперарываў на ёй жылы, ты б даўно з голаду апух!

— Хваціло б і без яе… А калі ўжэ прыбралі сабе, дак няхай бы прызналіся, што не ўся запісана. — Сцяпан зачапіў самае балючае. — Усё адно знойдуць!

Глушак затросся ад гневу:

— Замаўчы ты! Вош! Гніда!

— Можаце як ахвота зваць. А толькі…

Глушак не ўтрываў — не помнячы сябе ад шаленства, што напоўніла ўсяго гарачай лютасцю, даў сыну па твары. Той не зварухнуўся, слова не сказаў, толькі штосьці нядобрае, непрымірымае ўспыхнула ў незнаёмым — дарослым і самастойным — позірку. Але Глушак не хацеў бачыць гэтага: шалёная злосць, лютасць на сына, што асмеліўся пярэчыць, папракаць, вучыць яго, нясцерпна праглі патолі.

— Гніда! Смаркач! Вывучыўся!.. Вывучыўся на бацькаў хлеб! Вывучыўся дый падзякуваў!.. Чорта! Хваціць! Гной будзеш вазіць! Скаціну даглядаць! Мо трохі паменшае розуму!

Ніякія пагрозы нібы і не даходзілі да Сцяпана. Ён не толькі не паў ніц, але і выгляду не падаў, што шкадуе аб тым, што адразу страціў. Глушаку не давялося спазнаць палёгкі. Гневу не было патолі.

— За парабка будзеш рабіць! Ён паедзе дадому, а ты — за яго. Гной вазіць! Карміць свіней!..

Глушак стары яшчэ доўга сіпаў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Тады зваліўся на калені, узняў дробны, бледны твар з пакутнымі вачыма насустрач Богу, што глядзеў з залочанага абраза. З надзеяй замыляў сухімі губамі, зашаптаў…

Але і пасля малення спакою на душы не было. Дзе б ні хадзіў, што б ні рабіў — помніў, ні на міг не забываў: там, на яго полі, ходзяць, мераюць. Як гаспадары, топчуць яго поле, яго дабро. Распараджаюцца, не пытаючыся. Злосць пякла асабліва, калі ўспамінаў сутычку з сынам, маўклівую постаць жонкі, якая слова не сказала гэтаму смаркачу!..

67
{"b":"205307","o":1}