Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Як і думаў, хвіліну было ціха. Потым Сарока пацікавілася:

— А хто яе будзе будаваць?

— Хто?! Самі!

— Аге! Лёгко сказаць, ды — далёка дыбаць!

Па хаце пайшоў гоман:

— Тут і без таго: куды ні кінь — клін!.. Етаго шчэ толькі і не хапало!..

— І без таго, як уюн, круцішся!

— Не мела, грэц яго, баба клопату!..

— Столькі сілы ўпяць! Перарвацца! Коней замучыць!

— Мароз сам зробіць грэблю!

— Як ток, нібыто замуруе! Хоць малаці!

— Няхай той робіць яе, каму трэба! Не мужыцкая ето справа!

— Уласці трэба, няхай і будуе!

— Жылі, тым часам, і так! І нічого!

— Бацькі і дзяды звекавалі! І мы — не горай!

— Не прападзем!

Недарэмна адклаў Апейка ўсе свае справы ў валвыканкоме, дабраўся ў гэтую глухамань: узросшы сярод такіх жа, як гэтыя, людзей, загадзя прадчуваў, як яны могуць прыняць, здавалася б, такую добрую і такую патрэбную ім прапанову.

Дубадзел махаў рукамі, уціхамірваў:

— Грамадзяне куранёўцы!.. Грамадзяне!.. Ето ж не базар!.. Грамадзяне, прашу!..

— Дзядзькі! І цёткі! Ей-бо, перад чужым чалавекам! — памагаў яму Грыбок.

— Ціхо! Дайце сказаць! — уламіўся дужы, рашучы Хонеў голас.

— А чаго тут маўчаць! Чаго тут хавацца!

— Праўду трэба казаць!

— Не трэба яна, етая грэбля! І ўсё!

— Як пятае калясо!

— Абыдземся!

— Дайце сказаць чалавеку!

Не першы раз бачыў Апейка — на добрую, карысную для сябе справу людзі не хацелі даваць згоды. Не хацелі, ён ведаў, часткова таму, што яна парушала спакой, звыклы, надзейны, цягнула лішнія клопаты і невядомасць. Але гэтаму нехаценню была і іншая прычына: так ужо вялося — усякая новая справа выклікала тайнае ці яўнае недавер'е. Нібы загадзя вядома было, што нехта на гэтым добрым неяк выйграць мяркуе, нехта іншы, а не яны…

Апейка ведаў, адкуль гэтае недавер'е, заскарузлае, учэпістае, як балотнае карэнне. Ён не цешыў сябе надзеямі-падманкамі: не за дзень, не за год урасла ў людскія душы гэтая падазронасць — не за дзень і не за год выкараніш яе. Таму ён тут, на сходзе, не толькі не паддаваўся якому-небудзь расчараванню, але нават і не здзіўляўся. Не здзіўляла яго і тое, што ім так шкада было затхлага спакою: той, хто век жыве на балоце, не мог не прывыкнуць да ядавіта-зялёнага хараства раскі…

Апейка стаяў, моўчкі слухаў гамонку, чакаў: няхай пагавораць, адвядуць душу, астынуць. Астынуць — будуць слухаць разважна. Да таго ж Апейка пачуў і два-тры галасы, якія ўхвалялі думку пра грэблю.

— Канешне, можна і так пакінуць, як было, — загаварыў ён, калі гоман аціх, — можна не рабіць грэблі. Можна абысціся, як тут хтосьці казаў. Бацькі і дзяды жылі без яе, праўда. Сядзелі ў балоце, у твані, не было запалак, карасіны — абыходзіліся без іх. Не было хлеба — абыходзіліся і без хлеба. Кары, жалудоў, дзякуй Богу, удосталь. Анігадкі жылі бацькі і дзяды, як паны жылі! Душыліся дымам, пухлі з голаду, мерлі без помачы. Калі ж вельмі прыпякала, прабіваліся і цераз гэту душагубку. Ламалі калёсы, коней тапілі, самі, мусіць, тапіліся?!

— Бувало… Хоня Матруньчын… Перад Калядамі ўжэ…

— Хоня! А Васіль Кныш? З канём…

— Сахвея Петрыкава?..

— Яно, праўда, і ўвосень, і ўлето, як арыштанты якія. Ні адсюль, ні сюды…

— Да свата — нібыто — у госці, і то не выберашся!

— Што да свата, да дзеўкі чужой — і то! — заржаў Ларывон.

— Табе дзеўкі толькі і наўме!

— Што каму? Каму — удовы, а каму — дзеўкі!

Апейка перачакаў гоман, зноў рушыў у наступ:

— От я і кажу: трэба, каб чалавек жыў як чалавек, а не як звер. Каб не душыўся дымам і не пух з голаду. Каб не гібеў век у цемры і не баяўся нікога і нічога. От вам тут спакойна не давала дыхнуць бандыцкая шайка. Поўзала тут, гразілася, рабавала. Без трывогі ні ў лес не пойдзеш, ні дома не паспіш. Мабыць, не адзін з вас лаяў уладу за тое, што так доўга з шайкай гэтай справіцца не можа! А як жа справіцца з імі, памагчы вам, калі тут — паспрабуй, дабярыся да вас з міліцыяй ці чырвонаармейцамі!.. Цяпер от вы наракаеце, што землеўпарадкаванне дасюль не праведзена! Правільна наракаеце, але падумайце добра, чаму так здарылася?..

— Дак хіба мы супроць? Мы ж толькі пра тое, што нам ето не пад сілу!

— Перарвемся, а не зробім… Коней замучым, і толькі!

— І самі замучымся!

— Ды аб сабе — гаварыць няма чаго! Атойдзеш сам, а без каня як патом, па гаспадарцы?

— От кеб уласць узялася!

Тут раптам ускочыў Міканор, які дасюль за ўвесь вечар не сказаў слова:

— От не люблю ето наша плаканне! Ну, просто — слухаць неахвота! Шчэ і за сякеру не ўзяліся, а ўжэ стогнем — спіна баліць!

— А не баліць?

— Табе добра, выгуляўшыся.

— Выгуляўся я ці не выгуляўся — не аб тым гаворка. Як выгульваюцца на службе, усе мужчыны знаюць. А хто з хлопцаў ці жанок не знае, дак папытайцеся. Не аб тым гаворка. Плакацца і стагнаць, не цюкнуўшы сякерай, не паклаўшы галіну на грэблю, — от што пагано! І сабака яго знае, дакуль жа мы будзем самі ад дабра свайго адварочвацца?! Нас, ей-богу, як цялят дурных, тыкаюць, штоб к карове, а мы — як бы нас зарэзаць сабіраюцца. Як бы дабра сабе не хочам… От тут таварыш Апейка казаў пра калёсы, пра зямлю, пра бандзітаў. Правільно ж казаў, ей-бо! А от — як мучымся мы са сваімі жорнамі! Бо ветракі ж у Алешніках, не дабярэшся. Аж шкода глядзець на бедных нашых жанок ды малых, як яны мучаюцца! А то ж шчэ і старая матка — не сакрэт — часто, бувае, перарываецца, кеб змалоць чаго!

Той-сёй з мужчын мацней задыміў цыгаркай, жанчыны ж заўздыхалі, забедавалі: праўду кажа, пакута без ветракоў! А ў Алешніках іх аж два, і так хутка, добра мелюць!

— Дак не аб тым байка. Грэбля — канешне, непагано — хто супроць?

— А калі не супроць, дак не трэба, ей-бо, плакаць ды стагнаць! І не надзеяцца на каго другога, а — брацца за яе!

— Дак ці ж табе, Міканорко, казаць, калі ўвесь год — як чорт лысы круцішся! То ж дня вольнаго няма!..

— Можна знайсці! Калі захацець.

— Зімой жа не будзеш. Снег…

— Зімой — не сакрэт — можна нарыхтаваць, звезці ўсё. А летам, адсеяўшыся, можна ўхапіць які тыдзень!

— Ухопіш ты. Другі возьмецца, а іншыя — цыгарку ў губы ды паплёўваць!

— Адзін будзе надрывацца, а другі на мураве качацца!

— Ніхто не будзе качацца! Калі пастановім, штоб сялом усім, дак і загад такі будзе: усім ісці!

— А калі хто, грэц яго, не пойдзе? Возьме — да і не пойдзе!

— Дак няўжо ж мы не можам усім сялом аднаго такога прымусіць, кеб не збіваў строй!

— У сельсавет перадайце, — заявіў Дубадзел. — Мы знойдзем, што з такім зрабіць!

— Столькі страху, ей-бо, з етай грэбляй! Як, скажы ты, не грэбля, а — сабака яго знае што! У другіх сёлах, не сакрэт — унь ужэ даўно за балоты ўзяліся, асушаць пачалі. Не чэшуць патыліцу, а капаюць канавы і робяць лугі. І каноплі і ўсякія іншыя культуры сеюць! А ў нас — як бы і няма балота? Як бы ў нас лішне зямлі?

— Вазьмі яе, калі такі смелы!

— Мало грэблі, дак шчэ і балото!

— Дзело ізлагае!

— Пустое!

Васіль таксама падумаў: «От жа ўлезла чалавеку ў галаву дурасць, не дае збыту. Як бы ето проста так — пайшоў і асушыў, немаведамо з чым і кім, такую прорву бесканечную навокал! Дай нашто асушыў — штоб на другі год усё зноў зацягнула тванню ды раскай! Ужэ ж, здаецца, чуў ад дзядзькоў адказ разумны, дак жа не, усё адно лезе на ражон!.. У другіх сёлах, кажа… У другіх — усюды рай, сам хлеб сеецца, сам мелецца, самі булкі ў рот ляцяць, а мы — без хлеба ад зімы! Балбоча, як бы рабіць няма чаго!» Васіль больш мірна думаў пра грэблю, але лічыў, як і многія другія, што гэта — справа «казённая». «Калі б казна ўзялася да плаціла якую капейчыну, то можно було б і ўзяцца вольным часам. Зарабіць можно було б што-нішто…»

Міканор, зачапіўшы гаворкай асушку балот, і сам адразу ж пачуў, што схібіў, — усё роўна ніхто не падтрымае, але, разгарачаны, спыніцца ўжо не мог.

— Канешне, асушыць балота — не тое, што грэблю зрабіць. З ім адразу не справішся. Не сакрэт — сіла трэба вялікая. І часу багато! Дак от калі б узяць і сарганізаваць міліраціўнае таварыства!..

33
{"b":"205307","o":1}