Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Тут папрасіў слова, незвычайна голасна, палымяна загаварыў Руды:

— Куранёўцы, усё, што тут, та-скаць, ізлажыў наш настаўнік і інцілігент Сцяпан Уласавіч, трэба кожнаму запомніць і ўзяць на заметку. Ён уцэліў правільно. Дзядзькі, а таксамо і жанчыны, маткі, падумайце, што скажуць нам нашы дзеці, калі вырастуць цёмнымі, так сказаць, невукамі. Не скажуць яны нам свайго «дзякуй». Бо, як пісаў вялікі расейскі паэт Мікалай Аляксеевіч Някрасаў, невукам у будушчым жыць будзе багато цяжэй, чым усім нам, таму што, та-скаць, наступіць новая епоха. І невучоным не будзе дарогі ні туды ні сюды!..

Куранёўцы слухалі яго без цікавасці, дзе-нідзе пасмейваліся: ведалі — Рудога хлебам не кармі, а дай слова сказаць. У гэты час і пайшла па дзядзьках і цётках навіна пра ціхага госця — усё больш і больш аглядвалася іх на сенцы, шукалі позіркам чужой постаці ў прыцемку каля дзвярэй. Перасталі аглядвацца, прыціхлі, калі Руды сеў і азваўся сіплым, скрыпучым голасам стары Глушак:

— Канешне, дзяцей трымаць дома ў цяперашні час — не вялікая патрэба. Не так тае карысці з іх і памогі, як шкоды. А ў школе — праўду кажуць тут — маглі б набрацца розуму…

Глушак не тое што на сходах, а і дзе-небудзь на прызбе гаварыць попусту не любіў; словы, як грошы, выпускаў неахвотна, і слухалі яго так уважліва, як бы ён даваў гэтыя лічаныя грошы. Васіль, ды, мабыць, і не адзін ён, падумаў — што ж гэта магло ўцягнуць старога ў такую трату? «Хоча, мабуць, кеб начальство пачула. Паддобрыцца хоча…»

— Дак так і пастановім, — сказаў Дубадзел, — штоб дзеці, каторыя тут вычытаныя булі, з заўтрага пайшлі ў школу. А каторых бацькі не выправяць дзяцей, то няхай дабра не чакаюць. І за ето прашу ўсіх падняць рукі.

Ён сачыў позіркам, які не даваў ніякай надзеі на літасць, — рукі куранёўцаў уздымаліся нялёгка, але ўсё ж уздымаліся. Толькі пасля гэтага галасавання дайшла да яго вестка, што Апейка ў хаце, і ён запрасіў госця з Юравіч к сталу.

— А цяпер, грамадзяне вёскі Курані, — мімаволі аглядваючыся на старшыню валаснога выканкома, прыкметна памякчэла загаварыў Дубадзел, — пяройдзем да другога пытання — аб тым, якое ў нас на сённяшні дзень міжнароднае становішча, і — пра падатак… Становішча наша на сённяшні дзень украпляецца. Рабочыя, усе гарадскія людзі сільней украпляюць змычку з сялом, а сяляне па ўсёй краіне ахвотна выконуюць падатак і ўсе іншыя абавязацельствы. Зноў жа нашы ворагі скрыгочуць зубамі, але баяцца паткнуцца да нас, бо помняць грамадзянскую вайну. Толькі адно пагано на сённяшні дзень, што наш народ — браты нашы і сёстры, каторых аддзялілі ад нас граніцаю паны, гібеюць пад прыгнётам і церпяць ад етых паноў пяты год усякія здзекі…

Васіль толькі падрыхтаваўся слухаць гаворку пра самае важнае, якое з усіх спраў на сходзе адно і турбавала, — пра падатак, — калі раптам не ўбачыў, а адчуў — увайшла Ганна. Увесь вечар, што б ні бачыў, аб чым бы ні думаў, чакаў яе, таму заўважыў адразу, як толькі паявілася яна ўслед за Хадоськаю.

Штосьці гарачае, як пара, заліло Васіля. З гэтага моманту ён амаль нічога не чуў, амаль нікога, акрамя яе, не бачыў. Ні Дубадзела, ні Апейкі, нікога іншага як і не было цяпер у хаце. Але калі ён, сам не хочучы таго, насуперак усяму, што казаў розум, як апантаны лавіў кожны яе рух, яна хоць не магла не думаць, што ён тут, нават вокам не кінула. Так, не тое што без увагі, але без хоць бы якой звычайнай цікаўнасці да Васіля, ганарлівая, непадступная, праціснулася яна між людзей паўз самага хлопца, дабралася да ложка, села побач з Хадоськай. Штосьці сказала Хадосьцы, кпліва ўсміхнулася, стала з тым жа ганарлівым выглядам пазіраць на Дубадзела, слухаць.

Да Васіля, як праз ваду, дайшло матчына прозвішча, імя, прачытаныя Дубадзелам, — сем рублёў трыццаць дзве капейкі нядоімкі…

Дубадзела ўвесь час перабівалі, перапытвалі, здзіўляліся, тлумачылі, а потым, калі ён нарэшце дацерабіўся да канца, акружылі, загаманілі, перабіваючы адзін аднаго. Цяпер часта гаварылі і да Апейкі, ён слухаў, глядзеў квіткі, пытаўся то ў Грыбка, то ў Дубадзела, нешта адказваў, запісваў. Да стала ціснуліся і жанкі, не толькі такія, як удава Сарока, гаспадыня, але і такія, мужчыны якіх былі каля Апейкі ці Дубадзела: ціснуліся, нібы чакалі, што іх паклічуць на помач. Хлопцы амаль усе стаялі каля дзвярэй ці ў сенцах, з якіх часам чуўся дзявочы піск і рогат. Васіль быў там, дзе і раней; паспрабаваў падысці да стала, але прабіцца не было як, і ён вярнуўся. Іншы раз ён, мусіць, не адступіўся б так проста, хоць бы таму, каб не пусціць цень на свой мужчынскі гонар, але цяпер не да нейкіх клопатаў аб гонары было яму. І не да нядоімкі.

З той жа неадольнай апантанасцю, у якой усе трывогі і надзеі былі з Ганнаю, ён стаў раз-пораз паглядваць туды, дзе аб нечым гаварыла з Хадоськаю гэтая ганарліўка. У нейкі момант іх позіркі сустрэліся, але яна адразу ж адвяла вочы…

Дым цыгарак вісеў так густа, што лямпа пачала хліпаць, калі Грыбок аб'явіў, што ад воласці пра грэблю скажа таварыш Апейка. Але Апейка і слова не ўправіўся прамовіць, як Хоня крыкнуў:

— Грэбля грэбляю, няхай бы сказаў хто — што з Маслаком?

— А то гавораць, гавораць, грэц яму, а толкам ніхто не ведае…

— А што гавораць? — ухапіўся Апейка.

— Ну, нібыто яго… пацерабілі нібыто… — няўпэўнена адказаў Ігнат.

— Пабілі, — знарок спакойна кіўнуў Апейка. — Добра пабілі. Трох палажылі, а пяцярых жывымі ўзялі, арыштавалі… Я таму і запазніўся сягоння — на допыце быў…

Васіль аж перастаў дыхаць: вось дык навіна! Вестку гэтую чуў ён упершыню, чуткі неяк абышлі яго, і навіна ўразіла хлопца незвычайна. І як яна магла не ўразіць, калі столькі папакутаваў з-за гэтай поскудзі з абрэзамі, калі яна, можна сказаць, свет яму закрыла! Даскакаліся, значыцца, гады! Атрымалі сваё! Тут жа ўслед за радасцю паявілася клопатнае: а можа, яны і пра Курані, пра яго што гаварылі?

— Мы, праўда, насціглі не ўсю зграю. Некалькім пашанцавала пакуль — у другім месцы былі…

— А з Маслаком што? — зноў крыкнуў Хоня.

— Маслака забілі, — адказаў Апейка.

У хаце загаманілі з палёгкай. Хоня перабіў гоман:

— А тых, што вылузнуліся, багато?

— Чалавек сем яшчэ. Але і іх чарга недалёка. І ім нядоўга бегаць па волі.

— Даўно трэба було! — голасна папракнуў Хоня.

— Трэба было. — Апейка памаўчаў момант. — З усімі скора кончым. Нам трэба жыць. І думаць пра тое, каб жыць лепей. Як вясна, ці восень, ці мокрае лета — да вашых Куранёў ні дайсці ні даехаць. І з Куранёў таксамо — нікуды. Свет канчаецца за ўзбалоткам. Свету не відаць. Праўду я кажу?

— Ісцінную праўду, так сказаць! — пацвердзіў Руды Андрэй.

Большасць людзей маўчала, чакалі, што будзе далей. Апейка пайшоў у наступ:

— Праўду. Сам не адкуль-небудзь, а з такога ж балота… Солі ці запалак трэба — дык лезь, грабіся па твані, пакуль да кааперацыі дападзеш!.. Краму дастаць — таксама грабіся, калі не запасся зімой ці летам… Або от тут пра школу казалі. Канешне, якая ж тут школа дзецям, калі цэлымі месяцамі ні праехаць ні прайсці! Ды і хто, шкадуючы сваё дзіця, пусціць яго, можа быць, на пагібель… — Апейка пачуў гоман згоды: дайшло слова да людзей. Загаварыў гарачэй: — Гэта не наша віна, а наша бяда, што лёс занёс нас на балоты. Што твань адарвала нас ад другіх сёл, ад гарадоў, ад свету. Мы жывём, як звяры. Але і звяры ходзяць з лесу ў лес. А чалавек не звер, чалавек не можа жыць без людзей. Чалавеку патрэбен свет цэлы. І таму нам трэба змагацца з бядой нашаю! Трэба прарваць балотнае акружэнне, звязацца з другімі сёламі! Трэба, каб у любы час, днём і ноччу, вясной і ўвосень, можна было ісці і ехаць куды хочаш: у краму, у школу, к сваякам!.. Адным словам, трэба, каб чалавек жыў як чалавек, а не як звер!.. Вось чаму наш урад аб'явіў вайну бездарожжу і заклікае, каб вы таксама ўступілі ў яе. — Апейка акінуў позіркам некалькі твараў, як бы чакаючы ўхвалы, чакаючы добраахвотнікаў для гэтай вайны, але куранёўцы адно адводзілі вочы. Хоць і ведаў, што гэта значыла, дакончыў упэўнена, з надзеяй: — Я прапаную між Куранямі і Алешнікамі збудаваць грэблю!

32
{"b":"205307","o":1}