— Але ўсё адно грошай дае — колькі хочаш.
— Маніш, — усміхнуўся рабочы. — Навошта ж яму тады жыліцца так на зборцы?
— Свядомасць.
— Але, ёсць такія людзі, — уздыхнуў чамусьці стары, можа, пашкадаваў, што ён пражыў сваё жыццё не зусім так. Сказаў: — Ну, Ярашу не шкада. Залатыя рукі мае чалавек. Люблю людзей умелых. Такім і тысячу можна плаціць.
— А колькі вы выганяеце?
— Ды як калі. Паўтары-дзве.
Славік свіснуў.
— Што ж гэта па вас не відно? — І, уцягнуўшы шчокі, сціснуў іх пальцамі, разявіў рот, маўляў, чаму ж такі худы?
Рабочы ў адказ мазануў Славіка па твары намасленай веташшу.
— Вытры нос.
Стары, відаць, пакрыўдзіўся. І Славік абразіўся таксама. Каб хто ў іншым месцы гэтак зняважліва пэцнуў па твары — не паглядзеў бы ні на ўзрост, ні на пасаду, ні на што. А тут прыйшлося змаўчаць.
Увогуле, у першы дзень яму не пашанцавала. Як пэцнулі па твары — гэтага хоць ніхто не бачыў. А вось другое яго ўніжэнне бачылі многія. Ён стаяў і з цікавасцю разглядаў вялізныя станкі. Раптам — званок угары. Ён задраў галаву і жахнуўся: на яго паўзла агромністая станіна. Ён не ведаў яшчэ тады, якая паслухмяная машына кран і як спрытна і лёгка можа пранасіць па цесным праходзе шматтонныя дэталі беленькая хударлявая дзяўчынка-кранаўшчыца. Здалося, што ніхто не здолее спыніць інерцыю гэтай махіны і яна вось-вось раздавіць яго. І ён адскочыў, як спалоханы заяц. Моцна выцяўся аб станок нагой і ледзь не распластаўся на чорнай прамасленай зямлі. Калі ж убачыў, што станіна нерухома павісла, а з вышыні, з будкі, выглядае дзюбаты тварык і весела смяецца, Славіку захацелася праваліцца скрозь зямлю.
У той момант ён узненавідзеў кранаўшчыцу. І вось цяпер бравіруе смеласцю да парушэння правілаў тэхнікі бяспекі. За гэта яго не раз ужо лаялі: майстар, Тарас, хлопцы. Усялякія маральныя павучанні Славіка раздражнялі. Лаянка майстра Галыгі яму спадабалася: той па-кручаста мацюкнуўся і пагразіў, што выганіць з завода — без лішніх слоў і настаўленняў. Славік, сам балбатлівы, паважаў людзей немнагаслоўных і рашучых: сказаў — зрабіў. Пагроза майстра крыху падзейнічала, дні два ён не выкідваў ніякіх «конікаў».
Увогуле ўзаемаадносіны паміж людзьмі на заводзе яму падабаліся. Няма той інтэлігенцкай ветлівасці, як на студыі, але няма і прытворства. На студыі Славік бачыў, як асобныя рэдактары, акцёры часам нават падхалімнічалі перад дырэктарам, перад галоўным рэжысёрам.
На заводзе людзі ўвесь час заняты працай. Не збіраюцца, каб расказаць новыя анекдоты ці пагуляць у шашкі, як на студыі. Не пляткараць. Калі часам лаюцца, дык вось так, як Галыга: на ўсю моц, адкрыта і шчыра.
А галоўнае — падабалася прадукцыя. Гэта табе не асвятляльны штатыў. А спецыяльны, па асобаму заказу Балгарыі, гарызантальна-працяжны аўтамат з цягай у шэсцьдзесят тон! Ці вунь другая «штучка» — вертыкальны станочак вышынёй з добры дом! Відаць, павінна з'яўляцца нейкае асаблівае пачуццё, калі ўласнымі рукамі збярэш такі станок, электрыкі ўставяць яму «душу», прыйдуць інжынеры і пачнуць выпрабаванне. Хлопцы здалі ўжо адзін такі станок, і Славік прысутнічаў на выпрабаванні. Ён прыдзірліва назіраў за брыгадай і ўпершыню тады сур'ёзна падумаў, што недарэмна пішуць у кнігах пра асобую рабочую гордасць. Гэтыя мурзатыя чэрці могуць ганарыцца! Не станок — цэлая паточная лінія. Аўтаматычная загрузка і разгрузка дэталей, аўтаматычная ачыстка стружкі і — 300 трактарных утулак за гадзіну… Няхай радуюцца браты-балгары! Добра было б, каб пісалі дзе-небудзь у пашпарце, хто збіраў станок. Глядзі, неўзабаве магло б з'явіцца: Уладзіслаў Шыковіч.
Славік падумаў пра гэта зусім сур'ёзна, без звычайнай іроніі над уласным жаданнем. Гэтак жа сур'ёзна прапанаваў у канцы змены:
— За такі станок не пашкодзіла б… — і пацёр падбародак.
Брыгада, як адна сям'я, ішла па заводскім двары, любуючыся мяцеліцай тапалінага пуху. Славіка быццам не пачулі. Гэта кранула яго самалюбства.
«На мяне, значыцца, можна не звяртаць увагі? Чакайце ж!»
Але праз хвіліну адгукнуўся Лапацін:
— А можа, праўда, хлопцы?
— Ты забыўся на ўмову? — спытаў Тарас.
— Як лёгка ты ідзеш на спакусу, — зласліва кінуў Лапаціну Ходас.
— Не спакушай мяне, галубка! — жартаўліва праспяваў Косця.
— Мяне чакае Зоя, — па-прафесарску паправіў акуляры Генрых.
— Глядзі, як бы ён не перавярнуў цябе ў сваю веру.
— Хто «ён»? У якую веру? Хто — «ён»? Я? Дык я — тут, жывы, здаровы. Імя — Уладзіслаў Шыковіч. — Хлопца заела, што Ходас сказаў «ён», нібы яго, Славіка, няма тут ці ён не роўны ім. Але раскрычаўся ён знарок, каб другія рабочыя каля прахадной пачулі, што не такі ўжо лад і дружба ў гэтай камуністычнай брыгадзе.
Тарас балюча сціснуў яго локаць:
— Славік, сціхні!
— А чаму ён увесь час глядзіць на мяне з завоблачных вышынь? Я што — ніжэйшая істота?
— Што ты мелеш? Як я на цябе гляджу?
— Калі чалавек залішне высока ставіць сябе, яму ўвесь час здаецца, што другія хочуць прынізіць яго. Гэта — манія, — сказаў Генрых, прыветліва махаючы камусьці рукой.
Варэнік быў заўсёды падкрэслена ветлівы, і нечаканы філасофскі вывад яго збянтэжыў Славіка, ён не адразу знайшоў, што адказаць. А тут яшчэ напорыста даводзіў Тарас:
— Не будзь ты такім пеўнем. Не прыдзірайся да слоў. Свае ж хлопцы, усе. І, як ты кажаш, жывыя, здаровыя. Не гаварыць жа нам з рэверансамі.
— Хлопцы! Кампраміснае рашэнне: у сталоўцы чыгуначнікаў п'ём піва, — прапанаваў Вася Лапацін.
— А як ты абыдзеш свой дом? Вера даўно пільнуе, — засмяяўся Косця.
Размова пайшла ў другім кірунку, і Славік хутка забыў сваю крыўду.
А вось сёння пасля новай сутычкі з Ходасам успомніў усё да драбніц, пачынаючы з першай сваркі за сталом на дачы.
«Чаму ён чапляецца? Што яму трэба? Кіну да д'ябла! Ну іх!.. Не, так лёгка я не кіну. Я вам наладжу салодкае жыццё. А пайду — дык з музыкай», — пагражаў ён усёй брыгадзе.
Але падышоў Тарас. Паглядзеў, як ён працуе. Сказаў па-сяброўску шчыра:
— Слава, ты няправільна трымаеш ключ, таму ён у цябе зрываецца. Вось так трэба, — і паказаў, як трэба.
Маленькая ласка — і знікла злосць на ўсіх, засталася на аднаго хіба Ходаса.
Панядзелак, кажуць, «цяжкі дзень». Але той панядзелак быў незвычайны, пачынаўся ён амаль святочным настроем, асабліва ў Тарасавай брыгадзе. Сам Тарас, Генрых і Косця прыйшлі на завод з газетамі і віталіся словамі:
— Чытаў?
— Ага.
— А ты, Косця?
— Усяго не паспеў.
— А я, браткі, да цешчы ездзіў. Галава баліць, — шчыра прызнаўся Лапацін, вінавата зморшчыўшыся.
— Няхай жывуць цешча і шчырасць! — весела выгукнуў Славік. — Нават я пра галаву не прызнаўся б. — І гарэзліва аглянуўся: — Ша! Каб ніхто не пачуў.
— Не блазнуй, калі гавораць пра такія рэчы, — асек яго Іван.
Ужо тады Славіку хацелася счапіцца з ім. Але размова сапраўды ішла занадта сур'ёзная. Славіка яна таксама цікавіла, праўда, больш з іншага боку-усё з таго: шчыра хлопцы так зацікаўлены і так блізка бяруць да сэрца ўсё, што запісана ў надрукаваным учора праекце Праграмы, ці па звычцы выказваюць «газетныя пачуцці»? Гэтае пытанне ўзнікла ў яго яшчэ ўчора ў адносінах да бацькі і Яраша. «Класік» (так Славік называў бацьку ў яго адсутнасць) прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. А тут раптам у добрую спякотную нядзелю паляцеў пасярод дня — знарок па газеты. А Яраш адмовіўся нават пайсці на раку — так нецярпліва чакаў гэтых газет. Яны абодва зачыніліся ў пакоях і чыталі да самага вечара. А потым да позняй ночы спрачаліся каля кастра.
Славік спачатку паставіўся да павышанай цікавасці бацькі і Яраша даволі скептычна. Ён чуў размовы, што ў Праграме будзе запісана наконт прыватнай уласнасці — дач, машын. Ці не гэта пагнала старога па газеты?
Адвячоркам бацька загадаў яму катэгарычна і не дужа прыязна:
— Прачытай! Можа, паразумнееш.
Ён разгарнуў «Правду» і ўпотай свіснуў: гэтулькі чытаць, дзесяць газетных палос! Але асобныя раздзелы прачытаў. І адразу ж, з першых радкоў, зразумеў, якое ў яго было вузкае і прымітыўнае ўяўленне аб будучай Праграме, пра якую многа гаварылі. Партыйны дакумент захапіў юнака незвычайнай шырынёй філасофска-палітычных і эканамічных палажэнняў, грандыёзнасцю практычных планаў. Быў яшчэ адзін нечаканы вынік азнаямлення з Праграмай: бадай, упершыню Славік зразумеў, як мала ў яго, «тэарэтыка новай маралі», ведаў. Да ўсяго ён ставіцца скептычна, нігілістычна. А сам што ведае? Што адкрыў? Што зрабіў? Па-свяціў на тэлестудыі? Завінціў сотню гаек? Гэтыя думкі спалохалі і засмуцілі. «Э-э, пачынаю здаваць пазіцыі. Уступаю пад напорам прапаганды», — падумаў ён і акуратненька, без паказной, а з сапраўднай пашанай згарнуў газету. Маці, якая не спускала з яго вачэй, сказаў: