Литмир - Электронная Библиотека
A
A

І сярдзіта спытаў:

— Колькі іх там?

— Каго? Таварышаў з упраўлення гандлю? Трое.

— Дык якая гэта нарада! Ідзі ты, галубка, спытай у мэра, доўга нам чакаць? Скажы, Шыковіч пытае.

Пачуўшы знаёмае прозвішча, дзяўчынка з цікавасцю паглядзела на Кірылу і паслухмяна нырнула ў будку: кабінет, каб не пранікаў гук, адгароджаны ад прыёмнай адмысловым збудаваннем, якое нагадвае кабіну на міжгародняй тэлефоннай станцыі.

Неўзабаве адзін за адным, усе з тоўстымі папкамі, з будкі гэтай вываліліся кіраўнікі гарадскога гандлю. Следам за імі з'явіўся сам Гукан. Стаў у дзвярах, высокі, у ботах, галіфэ, але ў добра скроеным пінжаку, пры гальштуку. Наведвальнікі падняліся: ці не думае старшыня ісці куды?

— Кірыла Васільевіч, у цябе доўгая справа? А то бачыш, колькі народу чакае.

— Ды я хацеў параіцца па адным пытанні.

Гукан быў упэўнены, што Шыковіч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызваліць з-пад арышту — не яго кампетэнцыя. Ага, параіцца хоча. Было б несумленна ў такі час адмовіць яму ў сяброўскай парадзе ці прымусіць чакаць, пакуль ён, Гукан, будзе займацца справамі горада.

— Ну што ж, давай заходзь. Прабачце, таварышы, — звярнуўся старшыня да іншых.

— Калі ласка, Сямён Парфёнавіч, — адказаў за ўсіх адзін.

Каб надаць гутарцы сяброўска-інтымны характар, Гукан сеў не за свой рабочы стол, а з краю доўгага стала для пасяджэнняў, насупраць адчыненага акна, за якім ласкава шапталіся каштаны. Яго адразу насцярожыў выгляд Шыковіча. Не падобны чалавек на засмучанага, расстроенага бацьку. Неяк зусім інакш узрушаны, ажно вочы блішчаць.

Кірыла выцягнуў з бакавой кішэні паперкі — копіі, якія спісаў з архіўных дакументаў, разгладзіў іх на стале і, яшчэ нават не прысеўшы, спытаў:

— Сямён Парфёнавіч, вы добра ведалі Вараву?

Гукан адчуў нешта накшталт таго, што адчувае пасажыр, калі самалёт правальваецца ў паветраную яму.

«Што гэта ён? Заходзіць здалёк?»

— Якога? Таго?

— А хіба ёсць яшчэ які Варава?

— Не. Але прозвішча не такое ўжо рэдкае. Пракопа я ведаў. Да вайны яшчэ.

— Цікавы чалавек быў. Праўда?

Цяпер усю ўвагу Гукана прыцягвалі паперкі, якія Шыковіч усё яшчэ асцярожна разгладжваў. Не, гэта не старыя дакументы. Чысцюткая, дабротная папера, стандартныя аркушы, на якіх пішуць у рэдакцыю.

— Цікавы. Ты што, забыў? Я ж расказваў табе, калі…

Ён хацеў сказаць: «Калі мы пісалі кнігу» — і чамусьці не сказаў, асекся.

— У вайну вы сустракаліся з ім?

— Аднойчы. На пасяджэнні абкома.

— Але пасля вы былі камісарам брыгады, якая вырасла з атрада Чапаева…

— У брыгаду ўвайшло чатыры атрады і спецгрупа.

— Але штаб брыгады павінен быў ведаць пра тыя сувязі, якія наладжвалі атрады. Сямён Парфёнавіч, што вы можаце сказаць пра гэтыя вось дакументы? Я знайшоў іх у партархіве. Арыгіналы напісаны Варавам.

Гукан узяў паперы, і яны затрымцелі ў яго руцэ.

«Хвалюецца стары», — адзначыў Шыковіч з павагай да чалавека, якога ўсхваляваў напамінак пра загінуўшага таварыша. Гукан падняўся і пайшоў да рабочага стала. Узяў там акуляры. Вярнуўся, сеў і доўга чытаў тры кароткія запіскі.

— Хто такія Доктар, «Хірург», Маруся, Насця? Вось што мяне цікавіць. — Шыковіч ішоў, збіраючыся перадаць расказ Яраша, асабліва тую частку, што тычылася Савіча. Сказаць, што жывая дачка доктара.

Гукан адарваўся ад папер, пранікліва паглядзеў на пісьменніка праз акуляры, потым паверх іх. Пакачаў галавой, уздыхнуў.

— Не помню, брат. Марусь сувязных у нас быў добры дзесятак. Каторая з іх? Бачыш, што я табе скажу, Кірыла Васільевіч. Варава быў цікавы чалавек. Але ў яго было многа дзівацтваў. Не ў дакор нябожчыку. Была ў яго схільнасць да розных прыгод, часам проста-такі авантурнага характару. Помню, яго на абкоме яшчэ прабіралі за нейкую рызыкоўную аперацыю. Ён стварыў такую заблытаную агентуру, навыдумляў столькі самадзейных кодаў і шыфровак, што пасля мы не маглі разабрацца, што да чаго. І разам з тым, я табе скажу, быў даверлівы, як дзіця. Яго агенты потым правальвалі нашых людзей. Ды і сам ён загінуў праз гэтую сваю залішнюю даверлівасць. Хацеў прыручыць ваўка. Пайшоў на сустрэчу з начальнікам паліцыі. А той гад замест трох чалавек аховы, як дамовіліся, узяў трыццаць. Зрабіў засаду. Яны ўжо сышліся, пачалі гутарыць, як іх абкружылі. І Пракоп, каб не трапіць у іх лапы, узарваў гранату. У кішэні. Самога насмерць. Начальніку паліцыі адарвала нагу…

Пра гэта Шыковіч ведаў. І пісаў. Нічога новага і нічога такога… зняважлівага для кагосьці Гукан не сказаў. Аб'ектыўная спакойная ацэнка людзей і фактаў, якія сталі ўжо гісторыяй. Але, відаць, менавіта праз тое, што Гукан гаварыў пра Вараву, пра невядомых падпольшчыкаў і сувязных, як пра нейкіх далёкіх гістарычных асоб, а ён, Кірыла, апошні тыдзень жыў з імі, як з блізкімі і дарагімі людзьмі, Шыковічу расхацелася расказваць пра Савіча і Зосю. Забіраючы ад Сямёна Парфёнавіча паперы, ён таксама ўздыхнуў:

— Нялёгка, відаць, дакапацца цяпер да ісціны.

Гукан зняў акуляры, праціраў пальцамі вочы, быццам вельмі стаміў іх, прачытаўшы тры запіскі. Спытаў:

— Дык, значыцца, сядзіш у архіве?

— Сяджу.

— Такіх дробных загадак там многа. І ўвогуле, Кірыла Васільевіч, — Гукан ускінуў галаву, усміхнуўся, — няўжо цябе не хвалююць праблемы сённяшняга дня, што ты залез у склеп да Сыраквашкі? Такія падзеі! Да з'езда ідзём. Ды да якога з'езда! Чытаеш — дух займае.

— А гэтыя праблемы, — Кірыла ляпнуў па згорнутых копіях, — па-вашаму, трэба пахаваць назаўсёды? — У голасе яго прагучала раздражнёнасць.

Старшыня чамусьці адразу ўспомніў пра ўчынак сына гэтага дапытлівага даследчыка партызанскіх архіваў. «Навошта чалавек прытвараецца, што яго больш за ўсё цікавіць сёння Варава, доктар і справы падпольшчыкаў?»

— Чаму пахаваць? Няхай капаюцца гісторыкі, іх хлеб. А ў нас з табой даволі надзённых задач. Заняўся б ты сынам лепш. Во праблема!..

— А што з маім сынам?

— Як што? Ты не ведаеш? Ай-вой-вой! Вось табе і на! Бачыш, да чаго давёў архіў. Дарожкі ў парку падмятае твой сын.

Шыковіч хацеў падняцца і не здолеў: невядомая сіла прыціснула яго назад да крэсла. Ён адразу зразумеў, што значыцца «падмятае дарожкі». У той час калі ён з чыстымі думкамі і імкненнямі робіць святую справу — уваскрашае справу герояў, што загінулі за гэты вось ясны мірны дзень, сын, яго любімы сын, учыніў нешта бруднае, недастойнае. У першы міг з'явілася адчуванне, быццам на галаву вылілі памыі, не, пляснулі нечым смярдзючым, слізкім, гідкім.

Гукан зразумеў, што ўдарыў у самае балючае месца. Ён не злараднічаў, у яго таксама ёсць сыны, праўда, ужо самастойныя людзі. Паспрабаваў нават змякчыць:

— Але, падносяць нам дзеці сюрпрызы. Дзіўнае пакаленне расце…

Ён падняўся і адышоў да акна, глядзеў на каштаны. Яшчэ нешта гаварыў. Шыковіч не чуў. Следам за тым агідным адчуваннем пачала расці злосць. На Славіка. На Гукана. На Валю: яна больш за ўсё патурала капрызам дзяцей. На сябе: бязвольны чалавек, уласнага сына не мог выхаваць! Гукан папрасіў прабачэння і сеў за рабочы стол. Націснуў кнопку званка. Сказаў дзяўчыне, якая з'явілася ў адзін міг:

— Хто там па чарзе? Прасі.

Шыковіч падняўся і, не развітваючыся, пайшоў да дзвярэй.

— Заходзь, Кірыла Васільевіч. Я, можа, успомню прозвішчы сувязных. Маруся, кажаш? Пазваню Ткачуку, начштаба нашаму…

На вуліцы, пад каштанамі, Кірыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклі раўчакі за каўнер, залівала вочы. Ніколі не было ў яго такой патлівасці. І дзень нядушны. На сонца раз-пораз наплываюць хмаркі. Вецярок.

Кірыла дастаў насоўку і пачаў старанна выцірацца. Нейкі прахожы з усмешкай спытаў:

— Парылі, таварыш?

Не адразу дайшоў да сэнсу гэтых слоў. А калі дайшоў, Шыковіч кінуўся прэч ад дзвярэй гарсавета. Але на скрыжаванні вуліц спыніўся. Куды ісці? Нейкае своеасаблівае, бадай што незнаёмае пачуццё пацягнула ў парк.

«Пагляджу, ці ўмееш ты хоць падмятаць, сабачы сын. Рос як у Бога за пазухай. А вылупіўся на свет божы і не можаш кроку зрабіць па-чалавечаму… Як ты глянеш мне ў вочы? Я не скажу табе ні слова. Стану і буду глядзець… Падмятай!.. Падмятай!..»

29
{"b":"205285","o":1}