Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Так і здарылася.

— Што ў вас там яшчэ? — буркнуў загадчык архіва, зачыняючы шуфляду на ключ.

— Міна Азаравіч, скажыце, калі ласка, якая ў вас сістэма падбору дакументаў? Вось на гэтым некалькі нумароў. А ці не сказана дзе-небудзь у вопісу, хто пісаў гэты дакумент? Чаму ён трапіў у гэтую папку, а не ў якую-небудзь другую?

Сыраквашка ўзяў папку, прачытаў напісанае і лёгка свіснуў, ён адразу зразумеў, чаму Шыковіча зацікавіла гэтая маленькая паперка.

— Тут яна, брат, ляжала першапачаткова, тут мы яе і пакінулі. А хто яе пісаў — гэта трэба ўстанавіць.

— Як?

— Самы просты спосаб — па почырку. Шукай гэты ж почырк.

Шыковіч спусціўся ў сховішча і перагартаў усе дакументы брыгады — перапісаныя ад рукі зводкі Саўінфармбюро, загады, рапарты, радыёграмы, данясенні сувязных, «баявыя лісткі», пісьмы, нават інтымныя. Такога почырку больш не сустрэлася. Ён пакінуў архіў расчараваны.

А калі прыйшоў сёння раніцай, Сыраквашка сустрэў яго ў скверыку. У старога быў таямніча-задаволены выгляд. Але сказаў ён толькі ў сваім кабінеце:

— А ў мяне для вас ёсць падаруначак, Кірыла Васільевіч. Я, здаецца, устанавіў, хто пісаў той дакуменцік. Пракоп Варава, першы камісар атрада імя Чапаева.

Шыковіч зразумеў, што заразіў загадчыка архіва сваімі пошукамі, што Сыраквашка стаў яго лепшым памочнікам. Нялёгка было ў сотні папак адшукаць другую паперку, напісаную тым жа почыркам. Мабыць, да позняй ночы сядзеў чалавек у сховішчы, слепячы пры электрасвятле стомленыя слабыя вочы. Але калі Шыковіч горача падзякаваў яму, Міна Азаравіч збянтэжыўся, як дзяўчына.

— Што вы, Кірыла Васільевіч! Мой абавязак. Агульная справа. Вам трэба дзякаваць, што ўзяліся за такую працу.

«Дзіўнае пакаленне! — падумаў Шыковіч, любуючыся на старога камуніста. — Якая адданасць справе! Я ўчора ўвечары купаўся, лавіў рыбу, а ён вось сядзеў, шукаў…» — і яму нават зрабілася ніякавата.

Вараву Шыковіч помніў па кнізе Гукана. Там яму адводзілася некалькі старонак як аднаму з арганізатараў партызанскага атрада імя Чапаева, які потым вырас у праслаўленую брыгаду. Гэта быў цікавы чалавек. Дырэктар кандытарскай фабрыкі, ён яшчэ да акупацыі мясцовасці пайшоў у лес, стварыў атрад. Камандаванне атрадам Варава пасля перадаў маёру-акружэнцу, а сам застаўся камісарам. Дык вунь з кім звязаны гэты таямнічы Доктар! Чапаеўцы базіраваліся няблізка, кіламетраў за семдзесят ад горада, у Клімаўскім лесе. У розныя бакі і па розных лініях ішлі сувязі падпольшчыкаў з партызанамі.

Шыковіч з нецярплівасцю чалавека, які вось-вось дасягне мэты, пачаў праглядаць дакументы гэтай брыгады. Чытаў, захапляўся: якая крыніца сюжэтаў! Якія характары вырысоўваюцца з гэтых скупых звестак аб людзях! Але дзіўна — пра сувязі з людзьмі горада часта ўспаміналася, аднак ніводнага канкрэтнага дакумента няма, не называецца ніводнае сапраўднае імя. Пра Доктара даследчык знайшоў яшчэ адзін толькі ўспамін. Цікавы і арыгінальны. У расшыфраванай запісцы ўсё той жа сувязной Марусі. Яе рукой было напісана:

«Добры дзень, цётка Параска!

Паведамляю, што яйкі твае 43 штукі, 4 кг парэчкі, 1 кг масла, 2 літры смятаны я прадала. Узяла 180 марак, на нашы грошы гэта 1800 рублёў. Купіла 7 кавалкаў мыла і 3 катушкі нітак. Бульбу 12 кг аддала дзядзьку Карнею, ён паабяцаў пашыць табе сак. Кланяецца ён усім нашым нізка, а таксама цётка Наста. Яна хворая, у яе грыжа. Будуць рабіць аперацыю. Дзядзька прыедзе на тым тыдні, у сераду. Мяне з работы не адпускаюць да 24.

Цалую. Твая пляменніца Маруся».

Унізе гэтай пажаўцелай пакамечанай паперкі рукой Варавы напісаны спачатку лічбы:

«34, 14, 82, 08, 37, 21,

42-17, 9, 81, 93.

Доктар перадаў: шаснаццаць чалавек вывезены за горад у сераду. Сустракайце ў лесе каля Карнееўкі, суправаджае Насця. Разведчыкаў расстралялі. Вечная слава вам, дарагія мае хлопчыкі!»

Шыковіч убачыў па літарах, як задрыжала рука мужнага, энергічнага, вынаходлівага чалавека — Варавы, калі ён пісаў гэтыя апошнія словы, што выніклі не з кода, а вырваліся з сэрца: «Вечная слава вам, дарагія мае хлопчыкі!»

Такой была барацьба, пра якую мы пачынаем забываць!

Асцярожнасць, хітрыя коды, ключы да якіх наўрад хто знойдзе цяпер… І ўсё адно правалы, смерці. Вораг быў таксама хітры і каварны. Але нішто не магло зламаць такіх, як Варава, як Маруся. Загінулі разведчыкі — на іх месца пайшлі Маруся і Насця!

«Абавязкова напішу пра іх», — вырашыў Шыковіч, седзячы ў задуме над гэтым дакументам.

Але хто яны, гэтыя дзяўчаты? Жывыя ці загінулі? І хто такі Доктар? Адно чапляецца за другое. Але няма ні пачатку, ні канца. Трэба шукаць! Аднак дакументы далі ў гэтым сэнсе нямнога. Яшчэ адна запіска Варавы:

«Сяргей! Скажы Камарэнку, гэтаму чортаваму эскулапу, што, калі ён не аддасць Люцікаву частку тых нямецкіх лякарстваў, якія прыслаў „Хірург“, я яго расстраляю за невыкананне загаду. Жыла ён, індывідуаліст, сукін сын!»

Лякарствы, якія прыслаў «Хірург»… Не Доктар, а «Хірург». Але словы «доктар» Варава двойчы напісаў без двукосся, а «хірург» узяў у двукоссе. А калі меркаваць па ўсім іншым, камісар атрада быў акуратны і даволі пісьменны чалавек. Дык як гэта зразумець, чаму ён па-рознаму пісаў падпольныя клічкі? Вельмі можа быць, што маецца на ўвазе адзін і той жа чалавек. Але Доктар — гэта для яго, Варавы, для Марусі, для вузкага кола тых, хто ведаў асабіста і трымаў сувязь з падпольшчыкам. «Хірург» — для ўсіх другіх, напрыклад для лекара атрада Камарэнкі. Лякарствы мог прыслаць, безумоўна, толькі лекар ці аптэкар.

Ад доўгага чытання і напружаных думак у Шыковіча забалела галава. Не, даволі дакументаў! Гэта не яго стыхія. Трэба шукаць жывых чапаеўцаў, яны скажуць больш. Ён выпісаў з дакументаў дзесяткі прозвішчаў. Дзе гэтыя людзі? Варава загінуў у верасні сорак другога… Красянкоў, камандзір атрада, быў адкліканы ў Маскву. У папцы ёсць радыёграма Цэнтральнага партызанскага штаба. Дзе ён цяпер? Другіх чапаеўцаў ён, Шыковіч, не ведае. Як не ведае! А Гукан? Праўда, Сямён Парфёнавіч прыйшоў туды значна пазней, у пачатку сорак трэцяга, калі ўжо была сфармавана брыгада. Але камісар мусіць ведаць пра тыя сувязі, якія наладжваліся атрадамі, што склалі брыгаду! Чаму ж Гукан нічога не расказаў яму, калі яны працавалі разам, ні пра Доктара, ні пра «Хірурга», ні пра Марусю? І нічога не напісаў у сваёй кнізе. Малазначныя факты? Можа, толькі яму, Шыковічу, чалавеку з фантазіяй, яны здаюцца цяпер незвычайнымі. А можа, тады, дзесяць год назад, не пра ўсё можна было пісаць? Ва ўсякім разе, як бы там ні было, а трэба пачынаць з Гукана. Пагутарыць шчыра, па-сяброўску. Выказаць свае сумненні і здагадкі. Папрасіць парады. Урэшце, ён разумны чалавек і сам, напэўна, добра разумее, што ў кнізе яго многа недакладнасцей, прабелаў і што любая добрасумленная праца цяпер, пасля XX з'езда партыі, больш аб'ектыўна асвятліць той ці іншы бок усенароднай барацьбы з фашызмам.

Будучы чалавекам нецярплівым, Шыковіч адразу ж з архіва накіраваўся ў гарсавет. У прыёмнай Гукана, як заўсёды, было многа людзей. Гарадскія работнікі. Усе па неадкладных справах. Большасць Шыковіча ведалі, прывіталіся ветліва, але кожны ў душы стаіў незадавальненне яго прыходам: пісьменнік, які дапамог Гукану напісаць кніжку, работнік рэдакцыі, ён меў маральнае права пайсці без чаргі. Яны не пярэчылі супраць гэтага яго права, але нікому не хацелася сядзець у прыёмнай. Шыковіч і меўся з ходу праскочыць у кабінет, але новая сакратарка затрымала яго:

— У Сямёна Парфёнавіча нарада гандлёвых работнікаў.

— Ух, гэтыя гандляры! Толькі бясконца засядаюць. А гандляваць не ўмеюць.

Супраць гандляроў, якія занадта доўга радзіліся, настроены былі ўсе. Нехта прыгадаў фельетон Шыковіча аб адным старшыні райспажыўсаюза. Дырэктар піўзавода пачаў падкідваць фельетаністу факты. Але Кірылу гэта не цікавіла, ён жыў вобразамі падпольшчыкаў, людзьмі, якія паўсталі з дакументаў.

Дзяўчо, што сядзела на варце дзвярэй, было зусім маладзенькае. Новенькая. Шыковіч падумаў пра яе з непрыяззю: «Прымасцілася, каб адпрацаваць свае два гады. На завод не пайшла, чортава лялька».

28
{"b":"205285","o":1}