Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Вініць, які падчас выбягання хрысціян на сцэну ўстаў і адвярнуўся ў бок Апостала, каб паказаць яго фосару, сеў зноў і сядзеў з абліччам чалавека мёртвага, пазіраючы шклянымі вачыма на страшэннае відовішча. Спачатку баяўся, што фосар мог памыліцца, і Лігія, можа, знаходзіцца між ахвярамі, дык адранцвеў цалкам, але як пачуў галасы «Pro Christo!», як глянуў на пакуты гэтулькіх ахвяр, якія, паміраючы, давалі сведчанне сваёй праўдзе і свайму Богу, авалодала ім іншае пачуццё, пранізваючае найстрашнейшым болем, аднак неадступнае, калі падумаў, што Хрыстус памёр у пакутах, ды што за Яго паміраюць вось тысячы, і льецца мора крыві, дык адна болей кропля нічога не значыць, і грэх нат дамагацца міласэрнасці. Гэная думка лунала на яго з арэны, праймала яго разам з енкам паміраючых і з пахам іхняе крыві. Аднакава ж маліўся і паўтараў засмагшымі вуснамі: «Хрысце! Хрысце! І твой Апостал моліцца за яе!» Пасля прыйшло затлумленне, страціў прытомнасць. Дзе ён?

Здавалася яму толькі, быццам кроў на арэне шуміць і бурліць, падыймаецца і выплывае з цырку на ўвесь Рым. Дый амаль нічога больш не чуў, ні выцця сабак, ні вераску людзей, ні гоману аўгустыян, якія нагла пачалі крычаць: — Хілон абамлеў!!!

— Хілон абамлеў! — паўтарыў Пятроні, звяртаючыся ў бок грэка. А той сапраўды самлеў і сядзеў белы, бы палатно, з задзёртаю назад галавою і шырока разяўленымі вуснамі, падобны да трупа.

У той самай хвіліне пачалі выпіхваць новыя абшытыя ў скуры ахвяры на арэну. І гэныя таксама кленчылі борзда размоленай грамадкай, але змардаваныя сабакі не хацелі на іх кідацца. Ледзь некалькі з іх кінуліся на найбліжэйшыя ахвяры, астатнія ж, паклаўшыся, зяхалі, вываліўшы язык. Тады незадаволены народ, але ўпоены крывёю й расшалелы, пачаў драцца з неймавернай сілай: — Львоў! Львоў! Выпусціць львы!..

Львы меліся быць выпушчаны наступнага дня, але ў амфітэатрах народ камандаваў нат часамі і цэзарам. Адзін толькі Калігула, адчайны і з выбрызглымі похацямі, асмяляўся супраціўляцца, а нат здаралася, што загадваў ашпарваць натаўп кіямі, але і ён найчасцей паддаваўся. Нэрон, якому воплескі былі найдаражэйшымі ад усяго на свеце, не супраціўляўся ніколі, тым больш і цяпер не быў спрэчны, калі расходзілася пра супакаенне раздражненае пажарам масы ды пра хрысціян, на якіх зваліў віну злыбяды.

Дык даў знак, каб адчынілі кунікулюм; гэта бачачы, народ хутка супакоіўся. Пачуўся скрып кратаў, за якімі былі львы. Сабакі, згледзеўшы іх, збіліся ў адну кучу з процілеглага боку арэны, скіглячы й мармычучы прыцішна, а яны адзін за другім вывалакаліся на арэну, велізарныя, рудыя, з вялікімі кудлатымі грывамі. Сам цэзар звярнуў да іх сваё знуджанае аблічча і прылажыў шмарагд да вока, каб лепш прыгледзецца. Аўгустыяне прывіталі іх воплескамі; натаўп лічыў іх на пальцах, цікуючы адначасна, якое ўражанне робяць яны на хрысціян, якія зноў пачалі паўтараць незразумелыя для многіх, а раздражняючыя ўсіх словы: «Pro Christo! Pro Christo!..»

Але львы, хоць выгаладжаныя, не спяшаліся да ахвяр. Чырванавы бляск на арэне асляпляў іх, дык моршчылі зекры; некаторыя ляніва пацягваліся, некаторыя разяўлялі пашчы, пазяхалі, як бы прэзентуючы перад публікай свае страшэнныя клыкі. Але вонь крыві і параздзіранага цела, чым поўнілася арэна, пачала на іх дзеіць. Хутка іхнія рухі сталіся неспакойнымі, ёжыліся грывы, ноздры храпліва ўцягвалі паветра. Адзін нагла прыскочыў да трупа жанчыны з падзёртым тварам і, абхапіўшы пярэднімі лапамі цела, пачаў шурпатым языком злізваць соплі настылае крыві; другі падыйшоў да хрысціяніна, трымаючага на руках дзіця, абшытае ў скуру аляняці. Дзіцятка траслося ад крыку й плачу, канвульсыйна абнімаючы за шыю бацьку, а той, жадаючы прадоўжыць яму хоць на момант жыццё, адрываў яго ад шыі, каб перадаць далей укленчаным. Але крык і руханне раздражняла льва. Нагла рыкнуў і згроб дзіця адным ударам лапы ды, хапіўшы ў пашчу галаву бацькі, расшчапіў яе воміг. Гэта пабудзіла астатніх, і кінуліся гуртам на грамадку хрысціян. Некалькі жанчын не змаглі паўстрымацца ад жахлівага крыку, але народ заглушыў іх воплескамі, якія, аднак, хутка ўціхлі, бо цікавасць перамагла. І пачаліся страшныя рэчы: расцісканыя ў пашчах галовы, адкрываныя навыварат адным махам клыкоў грудзі, вырываныя сэрцы й лёгкія, трашчанне касцей у зубох. Некаторыя львы, схапіўшы ахвяры за бакі або ў крыжы, гайсалі ў шалёных скоках па арэне, як бы шукаючы закрытага кутка, дзе б маглі іх зжэрці; іншыя грызліся, абнімаючыся лапамі, бы гладыятары, і запаўнялі рыкам амфітэатр. Людзі зрываліся з мейсц, сходзілі праходам ніжэй, душыліся насмерць, каб толькі лепей бачыць. Здавалася, раз’яраныя цікавасцяй натаўпы кінуцца ў канцы на самую арэну ды пачнуць раздзіраць людзей разам з львамі. Хвілінамі зрываўся нялюдскі вераск, а часамі воплескі, рык, мармытанне, лясканне клыкоў, выццё малосаў і пакутніцкія енкі.

Цэзар, трымаючы шкло пры воку, глядзеў цяпер яшчэ ўважней. На абліччы Пятронія маляваўся нясмак і пагарда. Хілона даўно ўжо вынеслі з цырку.

А тым часам з кунікулаў выпіхвалі штораз новыя ахвяры. З найвышэйшага шэрагу ў амфітэатры паглядаў на іх Апостал Пётр. Ніхто на яго не глядзеў, увагу ўсіх прыцягнула арэна, дык устаў і, як калісь у Корнэлявай вінніцы багаславіў на смерць і на вечнасць тых, каторых лавілі, так цяпер жагнаў крыжам паміраючых ад клыкоў звярыных ды іхнюю кроў, іхнія пакуты і мёртвыя целы, выглядаючыя, бы бясформныя камлыгі, і душы, адлятаючыя з крывавага пяску. Некаторыя падыймалі да яго вочы, а тады распрамяняліся ім твары, і ўсміхаліся, бачачы над сабою ўгары высока знак крыжа. А яму сэрца раздзіралася, і мовіў: «О Госпадзе! Будзь воля Твая, бо на сведчанне праўды гінуць гэныя мае авечкі! Ты мне пераказаў іх пасвіць, дык здаю Табе іх, а Ты палічы, бяры сабе іх, загаі раны, супакой боль і дай ім болей шчасця, чым тут перанеслі пакутаў!» І жагнаў адных за другімі, грамаду за грамадою з так вялікай міласцяй, як бы яны былі ягонымі дзецьмі роднымі, якія аддаваў проста ў рукі Хрысту. Нараз цэзар — ці з паднечанасці, ці з жадання адзначэння ігрышчаў да небывалых у Рыме памераў — шапнуў некалькі слоў прэфекту, а той, зыйшоўшы з подыюма, падыйшоў хутка да кунікулаў. І нат народ ужо сумеўся, як убачыў зноў адчыньванне кратаў. Выпусцілі цяпер звяр’ё ўсякага роду: тыгры з-над Еўфрату, нумідыйскія пантэры, мядзведзі, ваўкі, гіены й шакалы. Уся арэна пакрылася, казаў бы, рухлівай хваляй скураў паласатых, жоўтых, рудых, цёмных, гнядых і пярэстых. Паўстаў закалот, у якім вочы ўжо не маглі нічога разрозніць, апрача дзікага катлавання і мітусення звярыных храбтоў.

Відовішча затраціла ўсякі від рэчаіснасці, а змянілася як бы ў шалёны танец крыві, як бы ў страшэннае снішча, як бы ў пракудную дзікую крозу збітага з глузду розуму. Мера была перабраная. Сярод рыку, выцця і сковыту ў розных пунктах на лавах разлягаўся раздзіраючы спазматычны рогат жанчын, сілы якіх урэшце не датрымалі. Людзям стала жудасна. Твары пахмурнелі. Пачалі адзывацца галасы: «Годзе! Даволі!»

Але звяр’ё лягчэй было ўпусціць на арэну, як загнаць назад. Цэзар знайшоў, аднак, спосаб супакаення арэны, які быў разам і новым дзівам для цікаўных. Ува ўсіх праходах паміж лавак з’явіліся гурткі чорных статных нумідаў з лукамі ў руках. Народ здагадаўся, што маецца быць, і прывітаў іх энтузіястычна, а яны падыйшлі да обрубу і, прылажыўшы стрэлы к цяцівам, пачалі пранізваць імі табуны звяроў. Было гэта сапраўды новае відовішча. Танклявыя чорныя фігуры перагіналіся ўзад, напружваючы гнуткія лукі і пускаючы страла за стралою. Варчанне цяціваў і свіст пярэстых канцоў стрэл мяшаліся з выццём звяр’я і крыкамі подзіву глядзельнікаў. Ваўкі, мядзведзі, пантэры і людзі, якія засталіся яшчэ жывымі, покатам падалі адно каля другога. Там-сям леў, пачуўшы стралу ў баку, кідаўся нагла і заядла цапаў зубамі, каб схапіць і схрэшчыць дрэўца. Іншыя скавыталі з болю. Драбнейшая дзічына, перапудзіўшыся, ганялася навослеп па арэне, біла мызамі ў краты, а стрэлы прымеж таго вурчалі й вурчалі ўсцяж, пакуль усё, што жыло на арэне, не легла ў апошніх подрыгах канання. Тады ўбеглі на арэну сотні цыркавых нявольнікаў з рыдлёўкамі, лапатамі, тачкамі, кашамі да выносін валяючагася слуння, мяшкамі з пяском. Адны плылі за другімі, і на ўсім круговішчы закіпела работа. Борзда выпратвалі трупы, кроў, кал, перакапалі, зраўнавалі і пасыпалі грубым слоем свежага пяску. Пасля чаго ўбеглі амуркі, рассяваючы лісткі ружаў, лілеяў і ўсялякага квяцця. Запалілі зноў кадзільніцы і знялі велярыюм, бо сонца ўжо было даволі нізка. Публіка, пераглядаючыся здзіўленымі вачыма, пыталася, што за відовішча яшчэ чакае яе сяння.

97
{"b":"982042","o":1}