Гістэр зажадаў тады ад лігаў, каб прыраклі, што не парушаць граніцы, на гэта яны не толькі згадзіліся, але далі закладнікаў, між якіх былі жонка й дочанька іхняга князя-ваяводы… Табе ж ведама, што барбары йдуць на вайну з жонамі й дзяцьмі. Вось жа мая Лігія і ёсць дочанькай таго князя-караля.
— Скуль гэта ведаеш?
— Казаў мне гэта сам Аўл Плаўт. Лігі не перайшлі тады, праўда, граніцы, але барбары прыходзяць, моў бура, і ўцякаюць, моў бура. Так зніклі й лігі з сваімі рагамі тураў на галавах. Збілі Ваніевых свеваў і языгаў, але князь іхні быў забіты, тады адыйшлі з здабычамі, а закладнічкі засталіся ў руках Гістэра. Матка скора ўмярла, а дзіця Гістэр, не ведаючы, што з ім рабіць, адаслаў да загадчыка ўсяе Германіі, Пампонія. А той пасля вайны з каттамі вярнуўся ў Рым, дзе Клаўдый, як табе ведама, пазволіў зладзіць яму трыумф. Дзяўчына йшла тады за возам пераможцы, але пасля маніфестацыі й Пампоній таксама не ведаў, што з закладнічкаю рабіць, бо закладніцаў не можна было ўважаць за нявольніц, дык аддаў яе сваёй сястры Пампоніі Грэцыне, жонцы Плаўта. У гэным доме, дзе ўсё, пачаўшы ад гаспадароў, а канчаючы на птастве ў курніку, ёсць цнатлівае, вырасла на дзяўчыну, на жаль, так цнатлівую, як сама Грэцына, ды так прыгожую, што нат Папея выглядала б пры ёй, як вясенняя фіга пры гісперыйскім яблыку.
— Ну, і што?
— Ну, і кажу табе, што ад тае хвіліны, як аглядаў яе прасветленую касулямі пры вадаліве, закахаўся да адчаю.
— Дык так, знача, празрыстая, як лямпрыска, або як маладая сардынка?
— Не жартуй, Пятроні, а калі цябе зводзіць свабода, з якою сазнаюся табе з маіх пажаданняў, ведай аб тым, што ясная тога часам глыбокія раны пакрывае. Мушу табе таксама сказаць, што, вяртаючыся з Азіі, праспаў я адну ноч у святыні Мопса, каб мець варожбны сон. Вось жа з’явіўся мне ў сне сам Мопс і запавясціў, што ў жыцці маім даканаюцца вялікія перамены праз каханне.
— Чуў я ад Плінія, што не верыць у багоў, толькі верыць у сны, і, можа, праўду кажа. Мае жарты не перашкаджаюць мне часамі думаць, што сапраўды ёсць толькі адно боства, вечнае, усёўладнае, творчае, Venus Genitrix[6].
Яна канцэнтруе душы, канцэнтруе целы ды рэчы. Эрос вывеў свет з хаосу.
Ці добра зрабіў, то іншая справа, але калі так ёсць, то мусімы прызнаць ягоную магутнасць, хоць можна яе й не багаславіць… — Ах, Пятроні! Лягчэй філязафаваць, як даць добрую раду.
— Скажы мне, чаго ты фактычна хочаш?
— Хачу мець Лігію. Хачу, каб гэтыя рукі мае, якія абнімаюць цяпер толькі паветра, маглі абняць яе ды да грудзей прыціснуць. Калі б была нявольніцай, даў бы за яе Аўлу сто дзевак з пабеленымі вапнаю нагамі, на знак, што іх першы раз вывелі на продаж. Хачу мець яе ў маім доме датуль, пакуль галава мая не збялее, бы чуб Саракта.
— Яна не ёсць нявольніцай, але ўсё ж належыць да Плаўтавай фаміліі, і можа быць уважаная за алюмну[7], бо ёсць пакінутым дзіцём. Плаўт мог бы табе яе адступіць, каб хацеў.
— То хіба не знаеш Пампоніі Грэцыны? Дый абое да яе прывыклі, як да собскага дзіцяці.
— Пампонію знаю. Істны цыпрыс. Каб не была жонкаю Аўла, можна б яе наймаць на плачку. Ад смерці Юліі не скінула цёмнае столы ды наагул выглядае, якбы шчэ жывучы хадзіла па лузе, зарослым асфодэлямі. Ёсць пры тым «univira»[8], дык між нашымі чатыры- й пяцікратнымі разводніцамі ёсць адначасна феніксам… Але!.. Ці чуў, што фенікс, мабыць, сапраўды цяпер выклюнуўся ў Егіпце? Гэта яму здараецца не часцей, як раз на пяцьсот год.
— Пятроні! Пятроні! Аб феніксе пагутарым калі йнакш.
— Што ж я табе, мой Марк, скажу. Знаю Аўла Плаўта, які хоць ганіць мой спосаб жыцця, але чуе адносна мяне пэўную слабасць, а можа нат паважае мяне больш, чым іншых, ведае бо, што я ніколі не быў даносчыкам, як, напрыклад, Даміцыус Афэр, Тыгэлін ды цэлая банда прыхвасняў Рудабародага. Не строячы пры тым з сябе стоіка, я не раз крывіўся на паступкі Нэрона, на каторыя Сэнэка й Бурр глядзелі праз пальцы. Калі спадзяешся, што я магу нешта для цябе ў Аўла выманіць — гатоў на паслугі табе.
— Думаю, што можаш. Ты маеш на яго ўплыў, а пры тым розум твой знайдзе найвычарпальныя спосабы. Каб ты так зарыентаваўся ў сытуацыі ды пагутарыў з Плаўтам… — Замнога рахуеш на мой уплыў і досціп, але калі толькі пра гэта расходзіцца, пагутару з Плаўтам, як толькі перанясуцца ў горад.
— Яны ўжо вярнуліся два дні таму.
— Тады хадзем у трыклініюм, дзе чакае нас снеданне, а пасля, падмацаваўшыся, загадаем занясціся да Плаўта.
— Ты заўсёды быў для мяне мілы, — выказвае радасць Вініць, — але цяпер пастаўлю хіба табе статую між маімі лярамі — от такую стройную, як гэта — і буду складаць ёй ахвяры.
Гэта кажучы, абярнуўся да статуяў, што ўхарашалі цэлую адну сцяну пахучае святліцы, і паказаў рукою на фігуру Пятронія, прадстаўляючую яго як Гермеса, з посахам у далоні. Потым дакінуў: — На святло Геліёса! Калі «боскі» Аляксандр быў да цябе падобны, — няма чаго дзівіцца Гэлене.
І ў гэтым воклічу было столькі ж шчырасці, колькі й падхалімства. Пятроні бо, хоць старэйшы й менш атлетычны, прыгажэйшы быў за Вініція.
Жанчыны ў Рыме любаваліся не толькі ягоным гнуткім розумам і густам, за які называлі яго арбітрам элеганцыі, але і целаскладам. Любаванне тое відаць нат на тварах тых дзяўчатак з Кос, адна з якіх, імем Эўніка, сукрыта яго кахаючая, глядзела яму ў вочы з пакорай і захапленнем.
Але ён не звяртаў на гэта ўвагі, толькі, ухмыльнуўшыся да Вініція, пачаў у адказ цытаваць яму сказы Сэнэкі аб жанчынах: «Animal impudens»[9] і г.д.
Пасля, абняўшы яго рукою цераз плячо, павёў у трыклініюм.
У унктуарыюме дзве грэцкія дзяўчыны, дзве фрыгійкі й дзве негрынкі зачалі спратваць эпіліхніі з пахнідламі. Але ў тым жа моманце з па-за адхіленай котары паказаліся з фрыгідарыюма галовы бальнеатараў і разляглося прыцішанае: «Псст!» На гэта адна з грэчынак, фрыгійкі ды дзве этыёпкі, падбегшы хутка, зніклі воміг за котарай. У тэрмах пачыналася балаўство й распуста, якое інспектар не спыняў, бо й сам часта ў падобнай гульні ўдзельнічаў. Дагадваўся аб іх і Пятроні, але як чалавек паблажлівы ды не любячы караць глядзеў на гэта праз пальцы.
Асталася ў унктуарыюме толькі Эўніка. Праз хвіліну наслухоўвала адыходзячыя ў кірунку ляконікума галасы й смех, пасля, узяўшы выкладзены бурштынам і слановаю косцю столяк, на якім сядзеў перад хвілінаю Пятроні, прысунула яго да ягонай статуі. Поўна было ў унктуарыюме сонца й красак, што адбіваліся ад вясёлкавых мармураў, якімі вылажаны былі сцены.
Эўніка ўспялася на столяк і, зраўняўшыся з статуяй, раптоўна закінула ёй рукі на шыю ды плечы, пасля, адкінуўшы назад свае залатыя валасы ды прытуляючы ружовае цела да белага мармуру, пачала прыціскаць захопна губкі да халодных вуснаў Пятронія.
II
Пасля пасілкавання, якое называлася снеданнем, а якое два сябры спажывалі тады, калі звычайныя смяротнікі былі даўно ўжо па палуднёвым прандыюме, Пятроні запрапанаваў крыху задрамаць.
Водля яго яшчэ было зарана на адведзіны. Ёсць, праўда, людзі, якія пачынаюць адведваць знаёмых пры ўсходзе сонца, уважаючы ў дадатку гэны звычай за стары рымскі. Але ён, Пятроні, заве яго барбарскім. Папаўднёвая пара найлепшая тут, не раней, аднак, пакуль сонца не схіліцца ў сторану святыні капітолінскага Ёвіша й не пачне коса паглядаць на Форум. Восенню яшчэ бывае горача й людзі ахвотна дрэмлюць пасля яды. Тым часам міла паслухаць шуму вадаліву ў атрыюме ды, па абыдных millem passus[10], прыдрамаць у чырвоным святле, працэджаным праз пурпуровае, напаўзацягнутае вэлярыюм[11].
Вініць прызнаў рацыю й пачалі прахаджвацца, гутарачы свабодна аб тым, што чуваць на Палатыне і ў горадзе, філязафуючы пакрысе аб жыцці.