Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Тут, аднак, спахапіўся, што нядаўна прыкідваўся перад Урсусам за хрысціяніна — і змоўк.

— Каб не «sica»[40], якую меў з сабою, ён забіў бы мяне.

— Багаслаўлю тую хвіліну, у якую параіў я табе ўзяць хоць гэты нож.

Вініць ускінуў на грэка пытальны пагляд і пачаў экзаменаваць: — Што рабіў сяння?

— Як гэта? Ці ж я табе, спадару, яшчэ не казаў, што рабіў абеткі за тваё здароўе?

— І больш нічога?

— І выбіраўся ось адведаць цябе, ажно ж прыходзіць той добры чалавечына й кажа, што клічаш мяне.

— Вось таблічка, пойдзеш з ёю да мяне дадому, знойдзеш майго вызвольніка й аддасі яму. Напісана тут, што я выехаў у Бэнэвэнт. Скажаш Дэмасу ад сябе, што гэта сталася сяння рана, было тэрміновае пісьмо ад Пятронія.

Тут паўтарыў з націскам: — Выехаў у Бэнэвэнт — зразумеў?

— Выехаў, спадару, выехаў! Адыж рана развітаў я цябе пры Порта Капэна[41], і ад часу твайго выезду агарнула мяне такая туга, што калі твая ласкавасць яе не ўтуліць, зажуруся насмерць, як небарака жонка Зэтоса[42] з жалю па Ітылю.

Вініць, хоць хворы й звыклы да падступнае гнуткасці грэка, не мог, аднак, устрымацца ад смеху. Да таго ж і рад быў, што Хілон воміг яго зразумеў, і пацяшае: — Ну дапішу, дапішу ўжо, каб табе слёзы абцерлі. Дай святліка.

Хілон, супакоены, устаў, ступіў некалькі сягняў у бок коміна, зняў адзін з гаручых на прыморку святлікоў.

І трэба ж — з галавы падчас гэнай паслугі асунуўся каптур, і бляск хлынуў проста яму ў твар. Глаўк тады, сарваўшыся з лавы ды падбегшы, тыц яму ў вочы.

— Не пазнаеш мяне, Цэфас? — пытае.

У ягоным голасе было штось так злавеснае, што па ўсіх прысутных прабегла дрыгата.

Хілон мыкнуў светача і воміг упусціў яго на зямлю, па чым сагнуўся ў дугу й пачаў енчыць: — Я не… я не!.. Злітуйцеся!

Глаўк зварочваецца ў бок вячэраючых і крычыць: — Во гэты чалавек прадаў і згубіў мяне з сям’ёю.

Ягоная гісторыя была ведамай усім хрысціянам і Вініцію, які таму толькі не здагадаўся, кім ёсць Глаўк, што, млеючы з болю падчас перавязкі, прозвішча ягонае не дачуў. Але для Урсуса гэная кароткая хвіліна разам з крыкам Глаўка была як бы бліскаўкай у цемры. Распазнаўшы Хілона, адным скокам падбег да яго, схапіў за плечукі і, згібаючы ўзад, загаманіў: — Гэта ён мяне намаўляў, каб забіў Глаўка!

— Злітуйцеся, — енчыў Хілон, — аддам вам… Спадару, — звярнуўся да Вініція, — ратуй! На цябе я здаўся, заступіся за мяне… Тваё пісьмо… занясу, спадару! Спадарыку!

Але Вініць менш за ўсіх праймаўся гэтым разам таму, што ўсе справы грэка былі яму ведамыя, а па-другое — сэрцу ягонаму літасць была нясвомай.

— Закапайце яго, — кажа, — у агародзе, пісьмо занясе хто іншы. — Хілону паказаліся словы гэныя пяруновым прысудам. Косці ягоныя трашчалі ў руках Урсуса, вочы з болю заплывалі слязьмі.

— У імя Бога вашага! Зжальцеся, — крычаў, — я ж хрысціянін!.. Pax vоbiscum! Я хрысціянін, калі не верыце, ахрысціце мяне яшчэ раз, яшчэ два!

Дзесяць разоў! Глаўк, гэта памылка! Дайце слова сказаць! Зрабеце нявольнікам… Не беце мяне! Пашкадуйце!

Ягоны голас ад болю штораз слабеў, аж вось за сталом падымаецца апостал Пётр; праз момант хінаў сваёю белаю галавою, апускаючы яе на грудзі, вочы меў заплюшчаныя, але адкрыў іх і сярод агульнага маўчання прамовіў: — А от сказаў нам Збаўца: «Калі б твой брат зграшыў супраць цябе, карай яго; калі каяцімецца, даруй яму. А калі б сем разоў на дзень зграшыў супраць цябе і сем разоў каяўся, кажучы: шкада мне! — даруй яму!»

Настала яшчэ большая цішыня.

Глаўк доўга стаяў, закрыўшы твар далонямі, урэшце адкрыў і кажа: — Цэфас, хай Бог так даруе табе крыўду маю, як я табе ў імя Хрыста адпушчаю.

І Урсус, пусціўшы грэка, дадае таксама: — Хай так будзе міласцівы Збаўца, як я табе адпушчаю.

А той упаў на зямлю і, падпіраючыся рукамі, матляў галавой, бы звер у клетцы, разглядаючыся навокал ды чакаючы, адкуль прыйдзе смерць. Вачам і вушам яшчэ не верыў і не смеў спадзявацца прабачэння.

Але паволі ажывала прытомнасць, толькі ссінелыя вусны дрыжалі йшчэ з пераляку. Апостал тым часам кажа: — Ідзі з Богам!

Хілон устаў, але гаварыць не мог. Мімахоць падыйшоў да ложа Вініція, быццам спадзяваўся йшчэ ад яго ратунку, не меў мо часу падумаць, што той Вініць, забыўшы пра ягоныя паслугі, асудзіў яго, тады як тыя, супраць якіх служыў, даравалі яму. Думка гэная спазнілася. Цяпер у вачах ягоных відаць было толькі здумленне й недавер. Хоць змеркаваў ужо, што яму дарована, жадаў, аднак, чым хутчэй вынесці голаў ад гэтых таемных людзей, дабрыня якіх не менш яго страшыла, чым страшыла б суровасць. Марочылася яму, што калі даўжэй тут заставацімецца, дык гатова йшчэ неспадзяванае здарыцца, дык, налягаючы на Вініція, нагліў: — Давай, спадару, пісьмо! Давай пісьмо!

І, вырваўшы таблічку з рук Вініціевых, адбіў паклон адзін хрысціянам, другі хвораму і хілком, паўз самую сцяну, вылецеў за дзверы.

У вагародчыку, як агарнула яго цемра, зноў падступіў страх, бо быў пэўны, што Урсус выбяжыць за ім ды заб’е сярод ночы. Даў бы драла з усіх сіл, ды, на жаль, ногі не слухалі, а цераз момант і зусім папрутнелі, бо Урсус сапраўды стаяў пры ім.

Хілон кінуўся тварам на зямлю й пачаў скамліць: — Урбанка… У імя Хрыста… А той адзываецца: — Не бойся. Апостал казаў мне вывесці цябе за браму, каб не зблудзіў у цемры, а калі зняможаны, дык адвяду цябе дадому.

Хілон падняў голаў.

— Што кажаш? Што?.. Не біцімеш мяне?

— Не, не заб’ю! А калі замоцна цябе хапіў і нарушыў косці, дык выбачай.

— Дапамажы ўстаць, — скігліў грэк. — Не заб’еш мяне? Га? Выведзі мяне на вуліцу, далей сам пайду.

Урсус падняў яго бы пярынку і паставіў на нагах, пасля правёў праз цёмны праход на другі надворак, з якога выходзілася ў сенцы й на вуліцу. У калідоры Хілону зноў марочылася: «Прапаў я!», і аж толькі на вуліцы супакоіўся.

— Далей сам пайду.

— З Богам! Pax табе!

— І табе, і табе!.. Дай мне аддыхнуць.

І па адыходзе Урсуса адатхнуў цэлымі грудзьмі. Мацнуўся рукамі ля папругі й паясніцы, як бы маніўся спраўдзіць, ці жыве, і рушыў борздым крокам наперад. Падыйшоўшы сягнёў колькідзесят, затрымаўся і давай разважаць: — Чаму яны, аднак, мяне не забілі?

І паміма павучальнае гутаркі з Эўрыцыем аб хрысціянскай навуцы, паміма індагацыі Урбана над ракою ды ўсяго, што чуў у Острыянуме, не ўмеў знайсці на гэтае пытанне адказу.

XXV

Вініць таксама не мог сцяміць таго, што сталася, і на дне душы, бадай, не менш быў здзіўлены, чым Хілон. Бо што з ім так абыйшліся гэныя людзі, што, замест помсціцца за напасць, лячылі рупліва ягоныя раны, то йшчэ льго было выталкаваць часткова навукаю вызнаванаю, часткова ўплывам Лігіі, а крыху і ягоным высокім значэннем. Але ўчынак іхні з Хілонам перавышаў ягоныя паняцці аб людской здольнасці прабачання. Мімахоць лезла і яму ў голаў пытанне: чаму яны не забілі грэка? Урсус бы ў агародзе яго закапаў або ноччу занёс у Тыбр, які ў тых часах начнога цэзаравага буянства так часта выкідаў раніцамі трупы людзей, што ніхто нат не даследваў, адкуль браліся. Па думцы Вініція, хрысціяне не толькі маглі, але павінны былі з свету звясці Хілона. Літасць, праўда, не зусім ужо была нязнанай таму колу, да якога належаў малады патрыцый. Адыж Афіны збудавалі ёй алтар і праз доўгі час не дапушчалі ў горад гладыятарскіх бойняў. Здаралася, што і ў Рыме пакананыя даставалі ўласкаўленне, як, напрыклад, Калікрат, брытанскі кароль, якога ўзяў у няволю Клаўдыюс і, шчодра абдарыўшы, пусціў у горад на свабоду. Але помста за асабістую крыўду выдавалася Вініцію, так як і ўсім, слушнаю і справядліваю. Абняханне яе было не па душы яму. Чуў, праўда, і ён у Острыянуме, што трэ мілаваць нат непрыяцеляў, уважаў, аднак, гэта за нежыццёвую тэорыю. Праходзіла яму таксама праз голаў, што мо не забілі Хілона таму толькі, што перашкаджала якаясь пара святаў ці якаясь квадра месяца, падчас якое хрысціянам не выпадае рабіць забойства. Чуў ад людзей, што бываюць такія тэрміны, у якіх розным народам не можна нават вайны пачынаць. Але чаму тады не аддалі грэка ў рукі справядлівасці, чаму Апостал казаў, калі б хто сямікротна правініўся, дык сямікроць трэ яму й дараваць, ды чаму Глаўк сказаў Хілону: «Хай табе так Бог даруе, як я табе адпушчаю»? Дык жа Хілон зрабіў яму найчарнейшую крыўду, якую чалавек чалавеку можа зрабіць, і ў Вініція на ўспамін аб тым, як бы ён, напрыклад, паступіў з такім, хто б забіў Лігію, закіпела сэрца, бы кіпень: не было б такіх пакутаў, якімі б не мсціўся! А той дараваў! І Урсус адпусціўся таксама, ён, што па сутнасці мог бы забіць у Рыме каго б хацеў зусім бяскарна, бо чаргова патрабаваў бы задушыць толькі Немарэнскага караля і заняць ягонае мейсца. Ці ж чалавека, якога не адолеў Кратон, перамог бы носьбіт гэтай годнасці — гладыятар, да якога даходзілася толькі праз пакананне папярэдняга «караля»? Адзін быў толькі на гэтыя ўсе пытанні адказ: яны няйначай не забівалі праз нейкую добрасць так вялікую, што падобнае не было дагэтуль на свеце, ды праз бязмежную міласць да людзей, якая змушала забываць аб сабе, аб сваіх крыўдах, шчасці й горы — і жыць для іншых. Якую заплату мелі тыя людзі за такую дабрыню, Вініць чуў у Острыянуме, але не месцілася яму гэта ў галаве. Уяўляў, што жыццё гэтае зямное, поўнае абавязкаў ды рэзыгнацыі з усяго добрага й раскошнага на карысць іншых, быць мусіла б нудным. Гэныя думкі навеялі яму не толькі здзіўленне, але і літасць, і як бы пэўную пагарду. Здавалася яму, што гэта авечкі, якія раней ці пазней мусяцімуць быць з’едзеныя ваўкамі, а ягоная рымская ўдача не магла прызнаць тых, якія дазваляюць сябе з’ядаць. Ударыла яго ўсё ж такі адна рэч, іменна: як выйшаў Хілон, нейкая глыбокая радасць распрамяняла ўсіх. Апостал падыйшоў да Глаўка і, палажыўшы на галаве ягонай далонь, сказаў: — Хрыстус у табе перамог!

вернуться

40

Кінжал, сцізорык (лац.).

вернуться

41

Капэнская брама (лац.).

вернуться

42

Аэдонна, пераўтвораная ў салаўя (заўвага аўтара).

46
{"b":"982042","o":1}