Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Сцяміў таксама надзіва, што ад тае хвіліны, калі выказалася Лігія па ягоным баку, ані яна сама, ані Крысп не жадаюць ад яго ніякіх запэўніванняў, так, як бы былі перакананыя, што пры благой нагодзе абароніць іх нейкая надпрыродная моц. Вініць, у галаве якога пасля выслухання навукі Апостала ў Острыянуме пачала блытацца й зацірацца розніца між рэчамі магчымымі й немагчымымі, не быў таксама далёка ад думкі, што так быць магло б. Аднак жа, дзякуючы цверазейшай думцы, сам прыгадаў ім гутарку пра грэка ды зноў зажадаў, каб прывялі яму Хілона.

Крысп згадзіўся на гэта, і пастанавілі выслаць Урсуса. Вініць добра ведаў ужо Хілона й ягоную зыгзакаватасць, дык дакладна расталкаваў лігу, як да яго дабрацца й злавіць, і, напісаўшы некалькі слоў на таблічцы, звярнуўся да Крыспа: — Даю таблічкі, Хілон бо чалавек аглядны й хітры, які часта, мною пакліканы, загадваў адказваць маім людзям, што няма яго дома, рабіў гэта злашча тагды, калі не меў для мяне добрых навін і баяўся майго гневу.

— Абы яго толькі я знайшоў, дык прывяду, ці хацеціме, ці не, — запэўніваў Урсус.

Пасля чаго, узяўшы накідку, борзда выйшаў. Знайсці яго ў Рыме не было лёгка, нат пры найлепшым адрасе, але Урсусу ў такіх выпадках дапамагаў інстынкт ляснога чалавека ды адначасна добрая абазнанасць з горадам, так што незабаўна знайшоўся ў памяшканні Хілона.

Не пазнаў яго, аднак. Упярод бачыў яго толькі раз у жыцці, дый тое ўначы. Той пастаўны й самаўпэўнены старац, які набухторваў яго забіць Глаўка, так быў непадобны да гэтага згорбленага ў абцас са страху грэка, што нельга было падумаць, каб гэта яны былі адной асобай. Хілон таксама, скеміўшы, што Урсус глядзіць на яго, як баран на новыя вароты, ахрабрэў. Не пагражала яму, знача, падазрэнне, што ўвёў яго наўмысна ў бяду. Прытым здагадаўся, што хрысціяне не забілі Вініція, мабыць, дзеля таго, што не асмеліліся падняць рукі на паважаную асобу.

— Гэта знача й мяне Вініць заслоніць у патрэбе, — падумаў, — бо ж не выклікае мяне на тое, каб забіць.

Дык, каўтнуўшы крыху духу, спытаў: — Мілы чалавеча, ці не прыслаў часам мой прыяцель Вініць па мяне лектыку?.. Ногі бо вось мае папухлі, не магу далёка йсці.

— Не, — адказаў Урсус, — пойдзем пехатою.

— А як не пайду?

— Не рабі гэтага, бо мусіш ісці.

— І пайду, але з уласнае ахвоты. Ніхто мяне не прымусіць, бо я чалавек вольны й прыяцель прэфекта. Як мудрэц, маю раду й на гвалт — бо ўмею ператвараць людзей у дрэвы й звяроў. Але пайду, пайду! Апрану толькі накідку крыху цяплейшую й каптур, каб не пазналі мяне, бач, нявольнікі таго кварталу, інакш бо затрымоўвалі б нас бесперастанку, каб цалаваць мне ў руку.

Сказаўшы гэта, уздзеў іншую хламіду, на голаў напусціў вялікі каптур, каб Урсус не прыпомніў, бач, сабе ягонага выгляду, як выйдуць на святло.

— Куды ж мяне вядзеш?.. — спытаў у дарозе Урсуса.

— На Затыбра.

— Я нядаўна ў Рыме й ніколі там не быў, але й там, думаю, жывуць дастойныя людзі.

Але наіўны Урсус, які нядаўна чуў ад Вініція, што грэк быў з ім на магільніку ў Острыянуме, дый бачыў, як уваходзіў з Кратонам у дом Лігіі, затрымаўся на момант і кажа: — Не махлюй, стары чалавеча, ты ж сяння быў з Вініціем у Острыянуме ды пад нашаю брамай.

— Ах! — спахапіўся Хілон. — Дык гэта ваш дом стаіць на Затыбры? Я нядаўна, бач, у Рыме, дык і не ведаю добра, як завуцца розныя кварталы.

Так, мілы дружа! Быў я пад вашаю брамаю і заклінаў у імя гонару Вініція, каб не ўваходзіў. Быў і ў Острыянуме, а ведаеш чаго? Жадаю навярнуць Вініція, дык хацеў, каб ён паслухаў найстарэйшага Апостала. Асвець Божа ягоную й тваю душу! Ты ж, здэцца, хрысціянін і хіба ж прагнеш, каб праўда запанавала над зямлёю?

— Так, — адказаў пакорна Урсус.

Хілон з’адважнеў.

— Вініць вяльможны пан, — талкуе, — ды прыяцель цэзара. Часта ён яшчэ настаўляе вушы на падшэпты злога духа, але хай толькі ўпадзе волас з ягонай галавы, цэзар помсту згоніць на ўсіх хрысціянах.

— Нас сцеражэ большая моц.

— Праўда! Праўда! Але што ж маніцеся рабіць з Вініціем? — спытаў з новаю трывогаю Хілон.

— Не ведаю. Хрыстус наказвае міласэрнасць.

— Во, добра сказаў. Памятай аб гэтым заўсёды, бо йнакш будзеш сквярціся ў пекле, як вантрабянка на патэльні.

Урсус бедны ўздыхнуў, а Хілон думае сабе: з гэным страшэнным чалавечынай можна заўсёды зрабіць штохаця.

Дык, хочучы даведацца, як адбывалася тое няўдалае адбіранне Лігіі, пытаў далей важным судзейскім голасам: — Што зрабілі з Кратонам? Кажы, не круці.

Урсус ізноў уздыхнуў.

— Вініць скажа.

— Гэта знача ўсунуў яму нажа або калом абязвечыў?

— Я быў з голымі рукамі.

Грэк, аднак, не мог устрымацца ад подзіву надлюдскае сілы барбара.

— Бадай цябе Плутон!.. Гэта значыць, хацеў сказаць: даруй табе Божа!

Ішлі моўчкі, пасля Хілон кажа: — Не я цябе здраджу, але сцеражыся вігілаў.

— Я баюся Хрыста, не вігілаў.

— І тое праўда. Няма цяжэйшае віны над забойства. Буду за цябе маліцца, але не ведаю, ці нат і мая малітва што дапаможа — хіба ж рабіў прысягу, што ніколі нікога ў жыцці не кранеш пальцам.

— Я і так не забіваў з розмыслам і самахоць, — тлумачыцца Урсус.

Хілон аднак, хочучы на ўсялякі выпадак забяспечыцца, не пераставаў далей абрыджаць Урсусу забойства ды заахвочваць яго да прысягі. Выпытваў таксама й пра Вініція, але ліг адказваў на ягоныя пытанні неахвотна, адмахваючыся, што ад самога Вініція даведаецца ўсё, што трэба.

Гутарачы так, прабрылі ўрэшце далёкую дарогу, што дзяліла кватэру грэка ад Затыбра, і апынуліся перад домам. Зноў устрывожылася сэрца Хілона. Ад страху выдавалася яму, што Урсус лыпае на яго нейкім людаедскім вокам. «Малая мне з таго пацеха, — думаў сабе, — што заб’е мяне нехаця, лепей бы, каб хапіў яго самога параліч, а разам з ім усіх лігаў, што дай, Зэўсе, калі патрапіш!» Так размысляючы, штораз больш затульваўся ў сваю галійскую гонку, нібыта, бач, ад холаду. Урэшце, як толькі, прайшоўшы праз сені й першы надворак, апынуліся ў калідоры, што выходзіў у агародзец дамку, нагла затрымаўся й кажа: — Дай мне адсапціся, бо не магчыму гаварыць з Вініціем і ўдзяляць яму мудрых радаў.

Вымавіўшы гэта, затрымаўся, бо хоць угаворваў сябе, што ніякая небяспека яму не пагражае, аднакава ж на ўспамін, што знайдзецца сярод гэтых таемных людзей, якіх аглядаў у Острыянуме, ногі дрыжалі.

Тым часам з дамку данеслася пяянне.

— Што гэта? — спытаў.

— Кажаш, быццам хрысціянін, а не ведаеш пра наш звычай пасля кожнае яды вяльбіць Збаўцу пяяннем, — адказаў Урсус. — Мырыям з сынам мусі ўжо вярнулася, а можа, і Апостал ёсць з імі, ён штодзень адведвае Крыспа.

— Вядзі мяне проста да Вініція.

— Вініць у той самай каморы, дзе і ўсе, бо адна толькі гэтая большая й ёсць, астатнія самыя цёмныя кубікулы, у якіх толькі спімо. Хадзем ужо, там аддыхнеш.

Увайшлі. У хаце было цемнавата; быў хмарны зімовы вечар, а агеньчыкі некалькіх газовачак не зусім разганялі змрок. Вініць хутчэй здагадаўся, чым пазнаў закаптуранага Хілона, а той, ззорыўшы ложа ў рагу хаты і на ім Вініція, рушыў, не гледзячы на нікога, проста да яго — як бы ў перакананні, быццам пры ім будзе яму беспячней.

— О доміне! Чаму ж не слухаў маіх радаў! — азваўся, згарнуўшы рукі.

— Маўчы, — адгукнуўся Вініць, — і слухай!

Глядзеў пільна ў вочы Хілону і гаварыў спавагу, дабітна, моў жадаў, каб кожнае слова ягонае зразумеў як загад і раз назаўсёды затрымаў сабе ў памяці.

— Кратон кінуўся на мяне, каб замардаваць — разумееш! Дык я забіў яго, а гэныя вось людзі агледзелі мне раны, атрыманыя ў барацьбе з ім.

Хілон скеміў адразу, што калі Вініць так гаворыць, дык, мабыць, умовіўся з хрысціянамі, а тады — знача — хоча, каб яму верыў. Здагадаўся пра гэта і з ягонай міны, дык як бач, не аказаўшы ні сумніву, ні здзіўлення, падняў вочы ўгару і адазваўся: — Гэна быў існы злыдзень, спадару! Ці ж я цябе не перасцерагаў, каб не давяраў яму? Усе мае дакоры адбіваліся ад ягонай галавы, бы гарох ад сцяны. Ува ўсім Гадэсе няма для яго дастатковых пакутаў, бо хто не можа быць сумленным чалавекам, той станецца злыднем, а каму ж цяжэй стацца сумленным, як не злыдню? Гэта ж трэба: нападаць на свайго дабрадзея, чалавека. так вялікадушнага!.. О, божанькі!..

45
{"b":"982042","o":1}