Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Кратон, чалавек з сілаю, але зусім без людскасці, адказаў: — Не бойся! Хрысціянінам не стануся! Не думаю траціць кавалка хлеба!

— Так, але каб меў ты хоць пачатковую навуку філязофіі, дык ведаў бы, што золата — гэта марнасць!

— Ну, хадзі сюды з сваёю філязофіяй, дам табе толькі адзін букіш у трыбух, і паглядзімо, хто выйграў.

— Тое самае мог сказаць і бык Арыстотэлю, — адрэзаў Хілон.

На свеце шарэла. Дзень паволі бяліў мураваныя сцены. Прыдарожныя дрэвы, будынкі й раскіданыя сям-там нагробкі пачалі выхіляцца з цемры.

Дарога паволі ажыўлялася. Гандляры варыва спяшаліся да брамаў, паганяючы аслоў і мулаў, нагружаных агароднінай. Сям-там рыпелі вазы з дзічыною. На дарозе й наабапал дарогі ляжала йшчэ лёгкая ймгла, прадвесніца пагоды. Людзі ў гэтай мгле выглядалі здалёк, моў здані. Вініць углядаўся ў танклявую постаць Лігіі — сівы золак штораз больш яе серабрыў.

— Спадару, — звярнуўся Хілон, — абразіў бы цябе, каб прадбачваў, што твая шчодрасць калі-небудзь меціме канец, ты ўжо мне заплаціў, дык не думай, што казаціму дзеля далейшае нажывы. Атжа, раю табе яшчэ раз, каб, намеціўшы, у якім доме жыве боская Лігія, вярнуўся дадому па нявольнікаў і лектыку, а не слухаў гэнага боўдзілы Кратона, які таму толькі падручаецца сам адзін выхапіць красуню, каб выціснуць тваю кабзу, бы клінок з тварагом.

— Дам кулаком паміж лапатак, і развітвайся з светам, — адгражаўся Кратон.

— Вазьму дыету кафалонскага віна і гуляціму здароў, — бароніцца грэк.

Вініць не адказваў ані слова, бо падыйшлі да брамы, ля якое дзіўнае відовішча кінулася ім у вочы. Двух ваякаў укленчыла перад Апосталам, а ён трымаў праз момант над імі рукі, пасля перажагнаў. Маладому патрыцыю дагэтуль ніколі і ў думку не прыходзіла, каб то ўжо й між ваякамі былі хрысціяне, і поўны подзіву гадаў сабе: як падчас пажару агонь ахапляе штораз новыя будынкі, так, мабыць, і гэная навука абыймае штораз новыя душы і шырыцца з неймавернай хуткасцяй. Агарнуў яго подзіў і з увагі на Лігію, дадумаўся бо, што калі б хацела ўцячы з места, знайшліся б вартаўнікі, якія самі ўмагчымілі б ёй выхад. Дзякаваў у гэнай часіне ўсім багом, што так не сталася.

Перайшоўшы незабудаваную прагаліну за парканам, натаўп хрысціян пачаў разыходзіцца. Трэ было цяпер ісці за Лігіяй асцеражней, каб не звярнуць на сябе ўвагі. Хілон пачаў зноў мантачыцца, наракаць на ламату ў нагах і прыаставаўся штораз болей ззаду. Вініць гэтаму ўжо й не супраціўляўся, думаючы: палахлівы й недалужны грэк не будзе ўжо яму патрэбны. Быў бы нат пазволіў яму пайсці да ліхой долі; аднакаваж мудраца ўстрымоўвала празорлівасць, а больш мо цікавасць, бо йшоў назіркам за імі, а нат часамі падбліжаўся, паўтараючы сваю раду ды выказваючы здагадку, што стары спадарожнік Апостала, каб крыху вышэйшы, мог бы быць Глаўкам.

Ішлі даволі яшчэ доўга аж да Затыбра, сонца незабаўна ўжо мела паказацца, як грамадка, у якой была Лігія, раздзялілася. Апостал, старуха і хлапчанё лучылі ўздоўж ракі, а стары нізкага росту, Урсус і Лігія ўсунуліся ў вузкую вулачку і, падыйшоўшы за сто крокаў, увайшлі ў сенцы дому, у якім было дзве крамы, адна з аліваю, а другая — птушніка.

Хілон, каторы йшоў за Вініціем на якіх сягняў пяцьдзесят ззаду, стаў адразу як урыты і, прытуліўшыся да муру, пачаў сыкаць на іх, каб вярнуліся да яго.

Яны паслухалі, бо трэба ж было параіцца.

— Ідзі, — загадаў яму Вініць, — і даведайся, ці гэты дом не выходзіць другою палавінаю на іншую вуліцу.

Хілон, дарма наракаў нядаўна на раны ў нагах, чмыхануў так хутка, як бы крылле Мэркурага з’явілася пры ягоных костках, і праз хвіліну вярнуўся.

— Не, — звясціў, — выхад ёсць толькі адзін.

І заламаў рукі: — На Ёвіша, Апалона, Весту, Кібелу і Озырыса, на Мітру, Бааля ды ўсе багі Ўсходу й Захаду! Малю цябе, спадару, заняхай свайго намеру… Паслухай мяне!..

Але нагла замоўк, сумеўся бо, гледзячы на белы, моў палатно, твар Вініція, вочы якога іскрыліся, бы воўчыя зэкры. Даволі было глянуць на яго, каб зразумець, што нічога не паўстрымае ўжо яго ад задуманага намеру.

Кратон надымаў свае Геркулесавыя грудзі і цяляпаў на абодва бакі малпаватым лбом, як мядзведзь у клетцы. Трывогі на твары нельга было даследзіць.

— Я ўвайду першы! — прапанаваў.

— Пойдзеш за мною! — цвёрда вырашыў Вініць.

І па хвіліне зніклі абодва ў цёмных сенях.

Хілон даў чосу да рову найбліжэйшае вуліцы і давай вызіраць з-за вугла, чакаючы, што будзе.

XXII

Вініць толькі ў сенях зразумеў усю цяжкасць справы. Дом быў абшырны, колькіпаверхавы, адзін з такіх, якіх тысячы будавана ў Рыме дзеля даходнасці з памешканняў, і звычайна будавана з такім поспехам і неакуратнасцю, што не было амаль году, каб некалькі з іх не заваліліся на галовы кватарантам. Гэта былі сапраўдныя вуллі, надта высокія і надта вузкія, поўныя каморак і закамаркаў, у якіх гняздзілася ўбогая маса. У горадзе, у якім шмат якія вуліцы не мелі назову, дамы такія не мелі нумароў; собснікі паборы належнасці павяралі нявольнікам, каторыя, не маючы ад гарадскіх уладаў загаду падаваць прозвішчы лакатараў, часта не ведалі іх самі. Дапытацца каго ў такім доме было не раз вельмі цяжка, асабліва калі пры браме не было стоража.

Вініць з Кратонам праз доўгія, падобныя да калідору, сенцы ўвайшлі на вузкі, забудаваны з чатырох бакоў, панадворак, моў супольны для ўсяго дому атрыюм з вадалівам пасярэдзіне, струмень якога спадаў у каменную місу, умураваную ў зямлю. Пры ўсіх сценах беглі ўгару вонкавыя сходы, часткова каменныя, часткова драўляныя, вядучыя на галярэю, з якое ўваходзілася ў памяшканні. Унізе былі таксама кватэры, некаторыя зачыняліся драўлянымі дзвярыма, іншыя толькі ваўнянымі, па большай частцы павытрапанымі, падзёртымі ці палапленымі занавесямі.

Было заранне, і на панадворку ані жывое душы. Відаць, у цэлым доме йшчэ ўсе спалі, з выключэннем тых, што нядаўна вярнуліся з Острыянума.

— Што рабіцімем, спадару? — спытаў, затрымоўваючыся, Кратон.

— Чакайма тут: можа, хто з’явіцца, — адказаў Вініць. — Не трэ, каб нас бачылі на надворку.

Тут здагадаўся, што рада Хілона была практычная. Каб меў з сабою колькідзесят нявольнікаў, можна было б абсадзіць браму, якая, здэцца, была адзіным выхадам, і ператрэсці ўсе кватэры, а так трэба адразу трапіць у памешканне Лігіі, бо інакш хрысціяне, якіх напэўна ў гэтым доме было шмат, магчымуць упярэдзіць, што яе шукаюць. Дзеля таго было таксама небяспечным і распытвацца незнаёмых асоб. Вініць праз хвіліну надумоўваўся, ці не вярнуцца па нявольнікаў, ажно воміг з-за аднае занавесі выходзіць чалавек з сітам у руцэ ды йдзе да вадаліву.

Юнак на першы пагляд пазнаў Урсуса.

— Гэта ліг, — шапнуў Вініць.

— Ці зараз паламаць яму косці?

— Чакай.

Урсус не дагледзеў іх, бо стаялі ў змроку сеняў, і пачаў спакойна паласкаць у вадзе агародніну, што была ў сіце. Пасля доўгае, бач, ночы, збаўленае на магільніку, маніўся прыгатаваць з яе снеданне. Па хвіліне, скончыўшы работу, узяў мокрае сіта й знік за заслонаю. Кратон і Вініць лучылі за ім, думаючы, што патрапяць проста ў памешканне Лігіі.

Але, надзіва, заслона зачыняла ад надворку не памяшканне, а другі цёмны калідор, на канцы якога відзён быў агародчык з некалькімі цыпрысамі і міртавымі кустамі, за ім дамок, прылеплены да глухое задняе сцяны суседняе камяніцы. Абодва скемілі нараз, што гэтая абставіна для іх памысная. На двары бо магло зрабіцца збяговішча ўсіх жыхароў, а наўзбочча дамку аблягчала сітуацыю. Хутка ўвінуцца з абаронцамі, а злашча з Урсусам, ды з ухопленай Лігіяй таксама хутка выдабыцца на вуліцу, а там ужо дадуць сабе рады. А можа, ніхто іх і не зачэпіць; калі зачэпяць, скажуць, што расходзіцца пра цэзараву закладнічку; а ў незвычайным выпадку Вініць звернецца да вігілаў.

Урсус ужо бадай уваходзіў у дамок, ажно шорах нечых крокаў закрануў ягоную ўвагу, затрымаўся і, угледзеўшы двух чалавек, палажыў сіта на балюстрадзе ды завярнуўся да іх.

— А чаго тут шукаеце? — спытаў.

41
{"b":"982042","o":1}