— Цябе! — адсек Вініць.
Па чым, кіўнуўшы Кратону, загадаў рэзкім прыцішным голасам: — Бі!
Кратон кінуўся бы тыгрыс і ў адной хвіліне, перш, чым ліг змеркаваўся, хапіў яго ў свае сталёвыя рукі.
Вініць надта быў пэўны ягонай надлюдскае сілы, дык не чакаў выніку барацьбы, а, мінуўшы іх, падскочыў да дзвярэй дамка, піхнуў іх і ўвайшоў у цёмную камору, рассветленую, аднак, распаленым камінкам. Бляск гэтага камінку падаў проcта на твар Лігіі. Другою асобай, што сядзела пры камінку, быў той старац, спадарожнік Лігіі і Урсуса з Острыянума.
Вініць ускочыў так раптоўна неспадзявана, што Лігія й не паспела агледзецца, як схапіў яе ўполкі і, падняўшы ўгару, кінуўся назад да дзвярэй. Старац паспеў, праўда, яму заступіць дзверы, але ён, прыціснуўшы дзяўчыну адною рукою, другою адапхнуў яго. Каптур асунуўся з ягонай галавы, і тады ў абліччы гэнага знаёмага а страшнага твару сэрца Лігіі замерла ад жаху і спаралізавала голас. Хацела крычаць ратунку й не магла. Таксама надарэмна спрабавала ўхапіць за раму дзвярэй, упірацца. Пальцы ейныя слізганулі па камяні, і была б згубіла прытомнасць, каб не ўдарыла ейных вачэй жахлівае відовішча, калі выскачыў з ёю Вініць у вагарод.
Урсус трымаў у руках нейкага чалавека, цалкам перагнутага ўзад, з абвісшаю галавою ды акрываўленымі вуснамі. Угледзеўшы іх, яшчэ ўдарыў кулаком па той галаве і вокамгненна прыскочыў, бы раз’юшаны звер, да Вініція.
— Смерць! — падумаў малады патрыцый.
Нараз чуе, бы праз сон, крык Лігіі: «Не бі!» Пасля адчуў, як, моў пярун, развязала яму нешта рукі, якімі яе абнімаў, урэшце зямля пад ім закружылася, і дзённае святло згасла ўваччу…
Хілон, схаваны за вуглом нарожнага дому, чакаў, што станецца, цікавасць змагалася ў ім са страхам. Гадаў сабе: калі ўдасца ім схапіць Лігію, дык добра будзе быць пры Вініцію. Урбана не баяўся ўжо, бо быў таксама пэўны, што Кратон адолее яго. Затое ўважаў, што калі б на пустых дагэтуль вуліцах пачалася суталака, калі б хрысціяне ці іншыя людзі жадалі ставіць супраціў Вініцію, тады ён кінецца да іх як прадстаўнік улады, як выканаўца волі цэзара, а ў скрайнім выпадку пакліча вігілаў на помач маладому патрыцыю проці вулічнай галайстры і тым прыдбае сабе новыя ласкі. У душы думаў, што ўчынак Вініція ёсць неразважны, аднак, зважаючы на страшэнную моц Кратона, можа ўдасца. «Калі б прыйшло крута, сам трыбун нясціме дзяўчыну, а Кратон расчышчаціме дарогу». Час, аднак жа, яму надта доўжыўся: карціла яму тая цішыня ў сенях, на якія здалёк зорыў вокам. «Калі не трапяць у ейную крыёўку, а наробяць галасу, дык спалохаюць яе».
Думка гэтая не надта яго й засмуціла, бо разумеў, што ў такім выпадку зноў будзе патрэбен Вініцію ды зноў патрапіць з яго выціснуць значную колькасць сэстэрцыяў.
— Што б ні зрабілі, — гадаў сабе, — для мяне зробяць, хоць ніводзін з іх да гэтага не дадумоўваецца… Багі, багі, дазвольце мне толькі… І нагла абарваўся, здавалася бо яму, быццам нешта выхілілася з сяней, дык, прыціснуўшыся да сцяны, цікаваў, стрымліваючы оддых у грудзях.
І не памыліўся, бо з сяней высунулася паўгалавы нейкае і пачала разглядацца навокал.
Па хвіліне, аднак, знікла.
— Гэта няйначай Вініць або Кратон, — падумаў Хілон, — але калі схапілі дзеўку, чаму яна не крычыць ды чаго выглядаюць на вуліцу? Людзей і так напаткаюць, пакуль бо да Карынаў дойдуць, рух зробіцца на горадзе. Што гэта? На ўсенькія багі несмяротныя!..
І нагла астанкі валасоў вожыкам сталі яму на галаве. У дзвярах паказаўся Урсус з абвісаючым на плечуку целам Кратона і, з’арыентаваўшыся яшчэ раз, пачаў з ім бегчы пустою вуліцаю да рэчкі.
Хілон пры сцяне зрабіўся так пласкі, як кавалак тынку.
— Згіну, калі мяне ззорыць, — падумаў.
Але Урсус борзда прабег каля нарожнага дому і знік за наступным будынкам, а Хілон, доўга не чакаючы, сунуў у глыб папярэчнае вулачкі, звонячы сопалаху зубамі і з вёрткасцю, якою, бадай, і юнак не задзівіў бы.
— Як спанатрыць мяне здалёк, варочаючыся, дык дагоніць і заб’е, — талкаваў сабе. — Ратуй мяне, Зэўсе, ратуй, Апола, ратуй, Гермесе, ратуй, Божа хрысціян!
Уцяку з Рыму, вярнуся ў Мэзамбрыю, выбаўце мяне толькі з рук гэтага дэмана!
І той ліг, што задушыў Кратона, выдаваўся ў гэнай хвіліне сапраўды нейкаю надлюдскаю істотаю. Бегучы, думаў, мо гэта які бог у постаці барбара. У той хвіліне верыў ува ўсіх багоў цэлага свету, ува ўсе німфы, з якіх звычайна кпіў. Марочылася яму таксама ў галаве, што Кратона мог забіць хрысціянскі Бог, і валасы зноў дубам сталі на галаве, як падумаў: нашто заводзіўся з такою магутнасцю.
Аж, прабегшы некалькі завулкаў і спаткаўшы нейкіх работнікаў, воддаль насупраць ідучых, крыху супакоіўся. У грудзях не хапала ўжо й паветра, дык сеў на парозе дому і пачаў рогам сярмягі выціраць на лбе пот.
— Стары я ўжо і патрабую супакою, — кажа сабе.
Людзі, што йшлі насупраць, збочылі ў нейкую вулічку, і зноў агарнула яго чорная думка. Горад яшчэ спаў. Раніцаю рух падымаўся ўпярод у багатых кварталах места, дзе нявольнікі багатых дамоў мусілі ўставаць дадня, а ў тых, дзе жыла люднасць вольная, утрымоўваная коштам гаспадарства, дармаедская, уставалі — злашча зімою — даволі позна. Хілона, праседзеўшага крыху на парозе, пачаў праймаць холад, дык устаў і, пераканаўшыся, што не згубіў капшука, Вініціевага дарунку, пацягнуўся паволі да рэчкі.
— Мо дзе агледжу цела Кратона, — казаў сабе. — О, багі! Гэны ж ліг, калі ёсць чалавекам, мог бы за год зарабіць мільёны сэстэрцыяў, калі бо ўдушыў Кратона, як шчанё, дык хто ж яго падолее?
За кожны выступ на арэне далі б яму столькі золата, колькі важыць сам.
Лепей ён сцеражэ гэнае дзеўкі, чым Цэрбер пекла. Дык хай яго тое пекла глыне! Не хачу з ім заводзіцца. Занадта касцісты. Але што ж тут рабіць? Сталася рэч страшэнная. Калі ён таму Кратону паламаў косці, дык і душа Вініціева скігліць ужо там недзе над гэным домам, чакаючы хаўтураў. На Кастара! Адыж гэта патрыцый, прыяцель цэзара, Пятроніеў сваяк, уладар ведамы ў цэлым Рыме ды вайсковы трыбун. Смерць ягоная не ўвойдзе ім насуха… От каб, напрыклад, данесці ў абоз прэтарыянам або вігілам?..
Тут замоўк і пачаў надумоўвацца, а па хвіліне кажа: — Гора мне! Хто ўвёў яго ў гэны дом, калі не я?.. Ягоныя нявольнікі і вызвольнікі ведаюць, што я да яго прыходзіў, а некаторыя нат ведаюць, з якою мэтай. Што будзе, як западозраць мяне, быццам я наўмысна паказаў яму той дом, дзе спаткала яго смерць? Хоць бы паказалася потым у судзе, што яе не хацеў, усё роўна скажуць, што я яе спрычыніў… Адыж гэта патрыцый, не, не выкручуся ад кары. Ну а каб моўчкі ўцёк з Рыму недзе далёка — будзе шчэ большае падазрэнне.
І так і гэтак было дрэнна. Расходзілася ўжо толькі пра тое, каб выбраць меншае ліха. Рым быў вялікім горадам, аднак Хілон кеміў, што можа быць яму ў ім цесна. Кожны бо іншы мог бы проста пайсці да прэфекту вігілаў, расказаць, што сталася, і, хоць бы пала на яго падазрэнне, чакаць спакойна следства. Але цэлая мінуўшчына Хілона была такая, што ўсякае бліжэйшае знаёмства будзь з прэфектам гарадскім, будзь з прэфектам вігілаў мусіла б ублытаць яго ў паважныя турботы ды адначасна апраўдаць усялякія падазрэнні, якія маглі б толькі ўлезці ў голаў урадаўцам.
З другога боку, уцячы — гэта значыць уцвярдзіць Пятронія ў перакананні, што Вініція здрадзілі й замардавалі патайною змоваю. Адыж Пятроні быў чалавек магутны, на загад якога гатова была паліцыя цэлай дзяржавы і які бессумніўна пастараўся б знайсці вінаватых хоць бы на краі свету. Аднак жа прыйшло ў голаў, ці не паспяшацца проста да яго ды ці б не звясціць яму, што сталася. Так!
Гэта быў найлепшы спосаб. Пятроні быў чалавекам апанованым, і Хілон прынамсь мог мець надзею, што хоць выслухае яго да канца. Пятроні, які ведаў справу ад пачатку, хутчэй уверыў бы ў нявіннасць Хілона, чым прэфекты.
Але перш чым ісці да яго, трэба было б даведацца напэўна, што сталася з Вініціем. Хілон жа гэтага не ведаў. Бачыў, праўда, ліга, скрадаючагася да рэчкі з целам Кратона, але і ўсяго толькі. Вініць мог быць забітым, але мог быць і раненым або схопленым. Цяпер вось толькі прыйшло ў голаў Хілону, мо хрысціяне пэўна не адважыліся б забіць так дастойнага чалавека, аўгустыяніна і высокага ўрадаўца вайсковага, бо такі праступак мог бы выклікаць на іх пераслед. Было праўдападобнейшым, што яны затрымалі яго гвалтам, каб даць час Лігіі зноў схавацца ў новым мейсцы.