Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Думка гэта крыху ўліла Хілону ў душу льгі.

— Калі той лігійскі смок не раздзёр яго ў першым парыве, тады жыве, а калі жыве, тады сам пасведчыць, што не было ніякае здрады, а тады нічагусенька мне не пагражае, толькі — о, Гермесе, спадзявайся зноў дзвёх ялавіц! — адкрываецца перада мною новае поле… Магу даць знаць аднаму з вызвольнікаў, дзе мае шукаць гаспадара, а ці ён пойдзе да прэфекту, ці не, гэта ўжо ягоная справа, каб толькі мне не трэ было да яго йсці… Магу таксама пайсці да Пятронія і спадзявацца ўзнагароды… Шукаў Лігію, цяпер шукаціму Вініція, а пасля зноў Лігію. Трэба, аднак, спярша даведацца, ці жыве, ці забіты.

Тут прыйшло яму ў голаў, што ён жа ўначы мог бы пайсці да Дэмаса, пекара, і спытаць пра гэта Урсуса. Але думку гэту як бач адагнаў. Лепей быць далей ад Урсуса. Мог слушна думаць, калі Урсус не забіў Глаўка, дык, відаць, перасцераглі яго хрысціянскія старшыны, якім выявіў свой намер, што гэна справа нячыстая і што маніўся яго набухторыць да гэтага які-небудзь здраднік. Дый самы ўспамін аб Урсусе выклікаў дрыготы ў Хілона. Пастанавіў вечарам падаслаць туды Эўрыцыя, дзе здарыўся гэны выпадак. Тым часам трэ было пажывіцца, выкупацца й адпачыць. Бяссонная ноч, дарога да Острыянума і ўцёкі з Затыбра стурбавалі яго сапраўды.

Адна рэч пацяшала яго ўвесь час: менавіта, два тыя капшукі ад Вініція, што дастаў у ягоным доме і ў дарозе з магільніка. Дык з увагі на гэную пацяшаючую акалічнасць ды на нядаўнія перажыванні пастанавіў болей пад’есці і выпіць лепшага віна, чым заўсёды.

І дачакаўшыся ўрэшце пары адчынення вінярняў, выканаў пастанову так акуратна, што забыўся й пра ванну. Больш за ўсё хацелася яму спаць, і сон змарыў яго да таго, што ледзь валокся да свайго памешкання на Субуры, дзе чакала яго купленая на Вініціевы грошы нявольніца. Там, увайшоўшы да цёмнага, бы лісава нара, кубікулюма, рынуўся на пасцель і заснуў адразу як камень.

Прачнуўся аж толькі вечарам, а вярней, збудзіла яго нявольніца, клічучы, каб уставаў, нехта бо яго шукае і хоча з ім бачыцца ў неадкладнай справе.

Чуйны Хілон апрытамнеў у адной хвіліне, накінуў хутка сярмягу з каптуром і, загадаўшы нявольніцы ўстараніцца, вызірнуў перш асцярожна навонкі.

І аслупянеў! Бо праз дзверы кубікулюма ўгледзеў вялігура Урсуса. На гэта гледзячы, чуе, ногі й галава ягоныя робяцца як лёд, сэрца млее ў грудзях, а за скураю бегае рой мурашак… Праз момант не мог слова вымавіць, пачакаўшы, аднак, выенчыў, звонячы зубамі: — Сыра! Няма мяне… не ведаю таго… добрага чалавека… — Я сказала яму, што ты дома, спадару, што спіш, — патлумачыла дзяўчына, — а ён прасіў цябе збудзіць… — О, богі!.. Бадай цябе!..

А Урсус, як бы не могучы чакаць, падыйшоў да дзвярэй кубікулюма і, нагнуўшыся, усадзіў усярэдзіну голаў.

— Хілон Хіланід! — адазваўся. — Pax tecum! Pax, pax![39] — адказвае Хілон. — О, найлепшы мой хрысціяніне! Так, я Хілон, але гэта абмылка… Не ведаю цябе!

— Хілон Хіланідзе! — паўтарыў Урсус. — Твой спадар, Вініць, кліча цябе, каб ішоў да яго разам са мною.

XXIII

Вініція разбудзіў дакучны боль. У першай хвіліне не мог зразумець, дзе ён ды што з ім дзеецца. У галаве шум, уваччу туман. Паволі, аднак, вярталася прытомнасць, і ўрэшце праз той туман бачыць над сабою трое людзей. Двух пазнаў: Урсуса і таго старца, якога паваліў, выносячы Лігію. Трэці, незнаёмы, трымаў ягоную левую руку і, абмацваючы яе ўздоўж локця аж да плечука, выклікаў такі страшны боль, што Вініцію здалося, быццам робяць над ім якую мсту, дык выцадзіў праз заціснутыя зубы: — Даб’еце мяне?

А яны не звярталі на гэта ўвагі, так, як бы не чулі ці не ўважалі за незвычайнасць. Урсус з сваёй барбарскай заклапочанай мінай трымаў жмут стужак з белых падзёртых хусцін, а стары гаварыў незнаёмаму: — Ці ты, Глаўк, пэўны, што гэная рана ў галаве ня ёсць смяротнай?

— О так, дастойны Крыспе, — супакойваў Глаўк. — Служачы ў нявольніках на мараплаўстве ды жывучы ў Неапалі, прыходзілася мне аглядаць шмат ран, за тую працу ўдалося мне якраз і выкупіцца з сям’ёю. Не, рана ў галаве лёгкая. Як ён, відаць, — тут паказаў на Урсуса, — адбіраў дзяўчыну і піхануў гэтага на мур, дык ён, падаючы, засланіўся рукою, каторую вывіхнуў і зламаў, але праз тое ўсцярог голаў — і жыццё.

— Не адным з братоў ты ўжо апекаваўся, — адказаў Крысп, — і слывеш як добры лекар… Таму ж і паслаў я Урсуса па цябе.

— Каторы ў дарозе прызнаўся мне, што ўчора йшчэ маніўся мяне забіць.

— Але перш гэты намер выявіў мне; а я, ведаючы цябе й тваю вернасць да Хрыста, выталкаваў яму, што не ты здраднік, але той незнаёмец, які да забойства яго падбухторваў.

— Гэна быў нячысты дух, але мне здалося, што анёл, — апраўдваўся, уздыхаючы, Урсус.

— Другім разам раскажаш мне аб гэтым, — перарваў Глаўк, — а цяпер мусімы думаць аб раненым.

Гэта сказаўшы, пачаў настаўляць плячо Вініцію, які раз-пораз млеў з болю, не дапамагала й Крыспава ахалоджванне вадою галавы. Але можа й лепш было, што млеў, бо хоць тады не чуў настаўляння нагі ды перавязкі зламанае рукі, якую Глаўк управіў у дзве жалабкаватыя дошчачкі, хутка й моцна абвязаўшы, каб знерухоміць. Па дакананай аперацыі апрытомеў зноў і ўбачыў над сабою Лігію. Стаяла тут жа пры ягоным ложку, трымаючы перад сабою медзяное вядзерца з вадою, у якой Глаўк час ад часу мачаў губку й змываў яму голаў.

Вініць глядзеў і вачам не верыў. Яму здавалася, гэта сон або гарачка марочыць, ставячы перад ім гэную мілую здань, і аж пасля доўгае хвіліны здолеў вышаптаць: — Лігія… Ад голасу ягонага задрыжала вядзерца ў руках, і звярнуліся да яго сумныя вочы.

— Pax табе! — адказала ціха.

І стаяла з выцягнутымі перад сабою рукамі, поўная літасці і жалю. Ён жа паглядаў на яе, моў жадаў напоўніць ёю вочы так, каб, як заплюшчыць, воблік ейны стаяў яму над павекамі. Прыглядаўся на ейны твар, бялейшы і блажэйшы, чым даўней, на лёкі цёмных валасоў, на ўбогую вопратку работніцы; глядзеў так упорыста, што аж ад сілы ягоных вачэй пачало ружавець ейнае снежнае чало — і перш-наперш падумаў, што ён жа кахае яе, а па-другое, што гэную нікчомнасць ды ўбогасць ён спрычыніў, бо ён выплашыў яе з дому, дзе плывала яна ў дастатках і выгодзе, і ўправіў у гэтую мізэрную хату ды апрануў у гэтую вось нэндзную вопратку з цёмнае воўны.

І так хацеў яе ўхарашыць у найдаражэйшыя залатыя каштоўнасці, што апанавала ім здумленне, трывога, літасць і жаль так магутны, што — здэцца — кінуўся б ёй да ног, каб мог крануцца з мейсца.

— Лігія, — кажа, — ты не дазволіла забіць мяне… А яна салодка адказвае: — Хай Бог дасць табе здароўе.

Для Вініція, сведамага даўнейшых і апошняй крыўд, што маніўся зрабіць ёй, словы гэныя былі сапраўдным бальзамам. Забыўся ў гэнай хвіліне, што ейнымі вуснамі можа гаварыць хрысціянская навука, а чуў толькі, быццам гаворыць каханая жынчына, у адказе якое ёсць нейкая асабістая песлівасць ды надлюдская дабрыня, да глыбіні яго праймаючая. Як упярод аслаб ад болю, так цяпер аслаб з расчулення. Авалодала ім нейкая немач, адначасна і магутная і салодкая. Меў такое ўражанне, як бы ляцеў недзе ў процьму, але пры тым адчуваў, што яму добра, што ён — шчаслівы. У моманце тае салодкае немачы думаў таксама — стаіць над ім боства.

Тым часам Глаўк скончыў прамываць рану ў ягонай галаве і прылажыў да яе гаючую масць. Урсус забраў з рук Лігіі мяднік, а яна, узяўшы са стала чарку з вадою і віном, прыставіла яму да вуснаў. Вініць выпіў прагавіта й пачуў льгу. Пасля перавязкі боль супакоіўся. Раны пачалі тужэць. Вярнулася прытомнасць.

— Дай мне яшчэ, — просіць, — напіцца.

Лігія пайшла ў бакоўку; збліжаецца да яго пасля кароткае гутаркі з Глаўкам Крысп і кажа: — Вініць, Бог не дазволіў табе выканаць благі намер, але дараваў табе жыццё, бо ты апамятаўся. Той, перад каторым чалавек ёсць пылінкай, аддаў цябе безабароннага ў нашыя рукі, але Хрыстус, у якога мы верым, загадвае нам мілаваць нат непрыяцеляў. Дык агледзелі мы табе раны і, як казала Лігія, маліцімемся, каб Бог вярнуў табе здароўе, але даўжэй цябе даглядаць не можам. Дык заставайся з Богам і падумай сам, ці гадзіцца табе далей пераследваць Лігію, якую пазбавіў апякуноў, дому, — і нас, што за зло дабром табе адплацілі?

вернуться

39

Мір з табою! (лац.).

43
{"b":"982042","o":1}