Литмир - Электронная Библиотека
A
A

І, калі пераказаў гэны адказ Пятронію, той зрабіў выснову: — Калі ўжо знайшоў параўнанне з Брутам, дык няма ратунку.

Шкада яму было, аднак, Вініція, і баяўся, каб той не налажыў на сябе рукі. «Цяпер, — думаў сабе, — падтрымоўваюць яго шчэ захады дзеля ратунку ейнага, агляданне яе ды самая пакута, але як усе помыслы праваляцца, і згасне апошняя іскра надзеі — на Кастара! — ён не перажыве яе і кінецца на меч». Тым часам Вініць рабіў усё, што мог толькі прыдумаць, каб уратаваць Лігію. Адведваў аўгустыян і ён, такі некалі ганарлівы, маліў цяпер іхняе помачы. Праз Вітэлія суліў Тыгэліну сваю сіцылійскую маёмасць і ўсё, чаго б толькі зажадаў; Тыгэлін аднак, баючыся, мусіць, аўгусты, адмовіў. Пайсці да самога цэзара, абняць яму калені і благаць-маліць не давяло б да нічога. Вініць маніўся, праўда, і гэта зрабіць, але Пятроні забараніў: — А калі табе адмовіць, калі адкажа кпінамі або гнюснай пагрозай, што тады рабіцімеш?

Боль зморшчыў аблічча Вініція, і ён, ледзь стрымліваючы пакуты і закатнасць, скрыгітаў зубамі.

— Так-так! — зазначае Пятроні. — Дзеля таго табе адрайваю. Загародзіш сабе ўсе дарогі ратунку.

Вініць зрэзыгнаваўся і, водзячы даланёю па чале, аблітым халодным потам, адказаў: — Не! Не! Я ж хрысціянін!

— І пра гэта забудзеш, як перад хвілінай забыўся. Маеш права сябе загубіць, але не яе. Памятай, праз якую гегену прайшла дачка Сэяна перад смерцяй.

Настаўленне гэнае не было шчырым, бо расходзілася яму больш пра Вініція, чым пра Лігію. Але ведаў, што нічым так не паўстрымае яго ад згубнага кроку, як страшачы немінучаю згубаю Лігіі, на якую выставіў бы яе праз гэта. Дый меў нейкую рацыю: на Палатыне прадбачвалі магчымасць з’яўлення маладога трыбуна, і прыгатавана спосабы засцярогі.

Аднак жа пакута Вініція перавышала ўсе магчымасці людскіх сіл. Ад часу арышту Лігіі, калі замігацеў над ёю арэол будучага пакутніцтва, не толькі пакахаў яе ў сто разоў болей, але папросту стаў аддаваць ёй у душы пашану амаль рэлігійную, маўляў надземнай істоце. І цяпер на ўспамін, што гэную каханую і адначасна святую істоту мусіціме страціць, што пагражаюць ёй пакуты страшнейшыя ад самай смерці, кроў замірала яму ў жылах, душа енчыла, кружылася у галаве. У чэрапе, здавалася, гарыць агонь, які хутка спаліць яго, рассадзіць. Згубіў толк, што дзеецца. Перастаў цяміць, чаму Хрыстус, Бог міласэрны, не спяшае на помач сваім вызнаўцам, чаму асмаленыя муры Палатыну не глытае зямля, а з імі разам і Нэрона, аўгустыянаў, прэторыянаў ды ўсё гняздо праступку?! Думаў, што не можа дый не павінна быць інакш, усё гэта, што аглядаюць ягоныя вочы, хіба сон. Але рык звяр’я прыгадваў яму, што гэта рэчаіснасць; грукат сякераў, зпад якіх вырасталі арэны, гаварыў яму, што гэта сапраўднасць, пацвярджала яе й выццё народу, і перапоўненыя турмы. Тады жахалася ў ім вера ў Хрыста, і жахлівасць тая была новаю пакутай, можа, ад усіх найстрашнейшай.

LIII

І ўсё было промахам. Вініць спакарыўся да таго, што шукаў спамогі ў вызвольнікаў і нявольніц так цэзара, як і Папеі, плаціў за іхнія пустыя дэкларункі, купляў багатымі падарункамі іхнюю спагаднасць. Знайшоў першага мужа аўгусты Руфрыя Крыспіна і выстараўся ад яго адпаведную пісульку; падараваў віллу ў Анцыюме ейнаму сыну з першага замужжа, Руфію, але разгневаў гэным цэзара, які ненавідзеў пасерба. Праз адмысловага пасланца пісаў да другога мужа Папеі, Атона, у Гішпанію, ахвяраваў цэлую сваю маёмасць і сябе самога, але ўрэшце зразумеў, што стаўся толькі забавай у гэтых людзей, што, каб быў ад самага пачатку паставіўся абыякава й крывадушна да лёсу Лігіі, дык хутчэй яе ўратаваў бы.

Тое самае скеміў і Пятроні. А тым часам дзянёчкі ўцякалі за днямі. Амфітэатры былі ўжо гатовыя. Раздавалі ўжо тэсары, як называлі ўваходныя знакі, на ludus matutinus[72]. Гэным разам «ранішняе ігрышча» з прычыны надта вялікае колькасці ахвяр мелася расцягнуцца на дні, тыдні і месяцы. Не было ўжо дзе змяшчаць ахвяр. Вязніцы былі напханыя аж да берагоў, і гаспадарыла ў іх гаручка. Путыкулы, гэта значыць супольныя ямы, у якіх хавалі нявольнікаў, пачалі перапоўнівацца. Баязно было, каб хваробы не распаўсюдзіліся па цэлым горадзе, дык загадана прыспешвацца.

А ўсе гэныя весткі даходзілі да вушэй Вініція, гасячы ў ім апошнія праблыскі надзеі. Пакуль быў час, мог ён пацяшацца надзеяй, што яшчэ нешта здолее зрабіць, але цяпер не было ўжо часу. Відовішчы вось-вось мелі ўжо распачацца, Лігія хутка магла з’явіцца ў цыркавым кунікулюме, адкуль выхад быў ужо толькі на арэну. Вініць, не ведаючы, куды кіне яе няшчасная доля й дзікае нахабства, пачаў абходзіць усе цыркі, падкупляць вартаўнікоў і бестыярыяў, дамагаючыся ад іх рэчаў немагчымых. Часамі спахапляўся, што ўжо працуе толькі над тым, каб хоць ёй смерць аблегчыць, і тады якраз чуў, што замест мазгоў мае ў чэрапе распаленыя вуглі.

Але ж не думаў яе перажыць і вырашыў згінуць з ёю разам. Але думаў: боль выпаліць у ім жыццё, пакуль падыйдзе страхотны той тэрмін. Ягоныя прыяцелі й Пятроні думалі таксама, што недалёкі той дзень, калі адчыніцца перад ім краіна ценяў. Твар Вініція ўчарнеў, стаўся падобным да тых васковых масак у лярарыях. На ягоным выглядзе адбілася здумленне, аслупеласць, маўляў не цяміў, што сталася і што можа стацца. Калі хто-небудзь звяртаўся да яго з гутаркай, хапаўся механічным жэстам за голаў і глядзеў жахлівым пытаючым зорам. Ночы начаваў разам з Урсусам пад дзвярыма Лігіі ў вязніцы, а калі загадала яму адыйсці й супачыць, вяртаўся да Пятронія й валэндаўся аж да раніцы па атрыюме. Нявольнікі бачылі яго часта кленчучага з паднятымі рукамі або ніцма ляжачага на зямлі. Маліўся да Хрыста, бо гэта была апошняя надзея. Нішто не дапамагло. Лігію ўцаліць мог толькі цуд, дык Вініць біў лбом аб каменную пасаджку і благаў цуду.

Але апошная крошка прытомнасці дыктавала яму, што малітва Пятра больш значыла, чым ягоная. Пётр абяцаў яму Лігію, Пётр ахрысціў яго, Пётр сам тварыў цуды, дык хай жа дасць яму ратунак і ўспамогу.

І пайшоў раз ноччу шукаць яго. Хрысціяне, якіх нямнога ўжо засталося, укрывалі яго цяпер рупліва, нат адны перад другімі, каб часам хто слабейшы характарам не здрадзіў яго мімахоць або знарок. Вініць у агульнай сумятні й пагроме, затурбаваны пры тым цалкам ратаваннем Лігіі, згубіў Апостала з вачэй, так што пасля свайго хросту спаткаў яго адзін толькі раз, яшчэ перад посцігам. Але ад таго фосара, у хаце якога быў ахрышчаны, даведаўся, што ў Пудэнсавай вінніцы за Порта Салярыя адбудзецца сходзішча хрысціян. Фосар падручаўся ўвесці яго на гэты сход, запэўніваючы, што застануць там і Пятра.

І выйшлі на прыцемку. За мурамі гораду, за сухадоламі, зарослымі трыснягом, знайшлі на дзікім узбоччы вінніцу. Зборышча адбывалася пад павеццю, у якой абыдна выраблялася віно. Да Вініціевых вушэй пры ўваходзе данёсся прыцішны гоман малітвы, а ўвайшоўшы, угледзеў пры мутным асвятленні лятаранькаў колькідзесят асоб на каленях, затопленых у малітве. Адгаворвалі яны нешта падобнае да літаніі. Хор галасоў, поспал мужчынскіх і жаночых, раз за разам паўтараў: «Хрысце, змілуйся!» Вібраваў у гэных галасох глыбокі сум і жаль.

Пётр быў прысутны, стаяў на каленях перад драўляным крыжам, прыбітым да сцяны паветкі, і маліўся. Вініць пазнаў здалёк ягоны белы голаў і паднятыя рукі. Першаю думкай маладога патрыцыя было праціснуцца праз грамаду, кінуцца да ног апосталавых і крычаць: «Ратуй!», але ці то настрой малітвы, ці аслабленне ўвагнула пад ім калені, і пачаў разам з усімі енчыць, згарнуўшы моцна рукі: «Хрысце, змілуйся!» Каб быў прытомны, дык сцяміў бы, што не толькі ў ягонай просьбе зычэў енк, што не ён толькі прынёс сюды свой боль, свой жаль і сваю трывогу, не было ў гэным зборышчы аніводнай душы людское, якая б не страціла дарагіх сэрцу асоб, а калі найшчырэйшыя ды найадважнейшыя з вызнавальнікаў былі ўжо закратаваныя, калі кожная хвіліна прыносіла вестку пра знявагі й пакуты ў вязніцах, калі гром няшчасця перарос усе здагады, калі засталася ўжо толькі гэтая жменька — не было сярод яе аніводнага сэрца, якое б не хіснулася ў веры і не пытала з сумлівам: дзе Хрыстус? Чаму дазваляе, каб зло сталася магутнейшым за Бога?!

вернуться

72

Ранішняе ігрышча (лац.).

89
{"b":"982042","o":1}