Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Сцэвін збялеў. Праз момант глядзелі сабе ў вочы.

— Не скажаш!

— На стан Кіпрыды! Як ты мяне добра ведаеш! Не, не скажу! Нічога быццам я не чуў, але і не хачу слухаць… Разумееш? Жыццё закароткае, не варта нічога пачынаць. Прашу цябе толькі, каб адведаў сяння Тыгэліна і гутарыў з ім гэтак сама доўга, як са мною, пра што хочаш!

— Чаму?

— Дзеля таго, каб, як мне калісь Тыгэлін закіне: «Сцэвін быў у цябе», я мог яму адказаць: «Таго ж самага дня быў таксама і ў цябе»… Сцэвін, пачуўшы гэта, зламаў слановы кіёчак, які трымаў у руцэ, і кажа: — Хай ліхі прыпадак спадзе на гэтую палку. Буду сяння ў Тыгэліна, а пасля на банкеце ў Нэрвы. Хіба ж будзеш і ты? На ўсялякі выпадак, да пабачэння пазаўтра ў амфітэатры, дзе выступяць астанкі хрысціян!.. Да пабачэння!

— Пазаўтра! — паўтараў сабе пасля развітання Пятроні. — Дык няма што марудзіць. Агенабарбус іставетна патрабуе мяне ў Ахайі, дык, можа, рахавацімецца са мною.

І вырашыў спрабаваць апошняга спосабу.

Сапраўды, на банкеце ў Нэрвы цэзар сам запрапанаваў Пятронію сесці візаві яго, дык маніўся гутарыць з ім пра Ахайю ды пра гарады, дзе мог бы ўдала выступіць. Найбольш расходзілася яму пра афінцаў, якіх баяўся. Іншыя аўгустыяне слухалі гутаркі ўважна, каб, пазбіраўшы драбінкі сказаў Пятроніевых, ужываць іх пасля як собскія.

— Здаецца мне, што дагэтуль не жыў яшчэ, — кажа цэзар, — і што нарадзіўся толькі ў Грэцыі.

— Нарадзіўся для новае славы й несмяротнасці, — гладзіць па шэрсці Пятроні.

— Маю надзею, што так станецца, і што Апола не будзе зайздросны. Калі вярнуся з трыумфам, ахвярую яму гекатомбу, якой ніводзін бог яшчэ не меў.

Сцэвін пачаў цытаваць верш Гарацыя:

Sic te diva potens Cypri,
Sic fratres Helenae, lucida sidera,
Ventorumque regat Pater…

— Мараплаў стаіць ужо ў Неапалі, — гавора цэзар. — Выехаў бы хоць і заўтра.

На гэта Пятроні ўстаў і, гледзячы проста ў вочы цэзару, сказаў: — Дазволіш мне, боскі, зладзіць перад гэтым банкет вясельны, на які перад усім запрашу цябе?

— Вясельны банкет? Які? — пытае Нэрон.

— Вініція з каралеўнай лігаў, а тваёй закладніцай. Яна, праўда, цяпер у вязніцы, але перш-наперш як закладніца не павінна сядзець у вязніцы, а па-другое, ты ж сам дазволіў Вініцію звянчацца з ёю, а твае ж загады, як загады Зэўса, нязломныя, дык загадаеш яе выпусціць з вязніцы, а я аддам яе заручанаму.

Раўнавага і спакойная самапэўнасць, з якою гаварыў Пятроні, збілі з тропу Нэрона, які заусёды бянтэжыўся, калі хто да яго так гаварыў.

— Ведаю, — адказаў, спушчаючы вочы, — я думаў пра яе ды пра таго асілка, што задушыў Кратона.

— Дык, знача, абое ўратаваны, — супакойваў сябе Пятроні.

Але падаспеў на помач свайму гаспадару Тыгэлін: — Яна ў вязніцы з волі цэзара, а ты ж, Пятроні, сам сказаў, што загады ягоныя нязломныя.

Усе прысутныя, ведаючы гісторыю Вініція й Лігіі, добра асвядомлены былі, пра што расходзіцца, дык, зацікаўленыя, маўчалі й слухалі, чым скончыцца гутарка.

— Яна ў вязніцы праз тваю памылку ды няведанне міжнароднага права, насуперак волі цэзара, — адрэзаў з націскам Пятроні. — Наіўны з цябе, Тыгэлін, чалавек: адыж і ты хіба не будзеш цвердзіць, што яна падпальвала Рым, хоць бо між іншым ты б так і цвердзіў, дык цэзар табе не паверыць.

Але Нэрон ахамянуўся ўжо і пачаў моршчыць свае блізарукія вочы мінаю страшэннае лютасці.

— Пятроні праўду кажа, — адазваўся па хвіліне.

Тыгэлін глянуў на яго здзіўлена.

— Пятроні праўду кажа, — паўтарыў Нэрон. — Узаўтра адамкнуць ёй вязніцу, а пра вясельны банкет пагаворым пазаўтра ў амфітэатры.

— Зноў прайграў я! — падумаў Пятроні.

І, вярнуўшыся дамоў, быў ужо так пэўны Лігіінай смерці, што назаўтра выслаў у амфітэатр давернага вызвольніка, каб умовіўся з загадчыкам сполярыюма пра выдачу ейнага цела, бо хацеў аддаць яго Вініцію.

LXVI

За часамі Нэрона ўвайшлі ў моду даўней рэдкія й выняткава толькі ладжаныя вячэрнія прадстаўленні так у цырку, як і ў амфітэатры. Аўгустыяне любілі іх, бо часта пасля іх наступалі банкеты і п’янства, трываючае аж да раніцы. Хоць народ перасычаны быў крывёю, ды аднак жа, калі разыйшлася вестка, што надыходзіць канец ігрышчаў і што апошнія хрысціяне памірацімуць на вячэрнім відовішчы, вялікія натаўпы зыйшліся ў амфітэатр. Аўгустыяне з’явіліся ўсе да аднаго, бо здагадваліся, што будзе гэта незвычайнае прадстаўленне і што цэзар вырашыў зладзіць сабе трагедыю з Вініціевага болю. Тыгэлін трымаў у сакрэце, якога спосабу пакута прызначана для сужаніцы маладога трыбуна, але гэта шчэ больш завастрала агульную цікавасць. Тыя, каторыя спатыкалі калісь Лігію ў Плаўцыяў, расказвалі цяпер цуды пра ейную красу. Іншых перад усім цікавіла пытанне: ці сапраўды ўбачаць яе сяння на арэне, бо многія з тых, што чулі адказ цэзара Пятронію ў Нэрваў, талкавалі яго сабе падвойна: адны думалі проста, што Нэрон аддасць або, можа, ужо аддаў красуню Вініцію, а другія прыпаміналі сабе, што была яна закладніцай, якой дазвалялася аддаваць пашану боствам паводле свае ўспадобы і якое права народаў не дазваляла караць.

Няпэўнасць, чаканне й зацікаўленне апанавалі ўсіх прысутных. Цэзар прыбыў раней, чым абыдна, і гэта пабудзіла цікаўных да новых шэптаў, здагадак пра незвычайнасць, бо пры Нэроне апрача Тыгэліна й Ватынія быў Касій, цэнтурыён вялізнай фігуры й вялікае моцы, якога цэзар браў з сабою толькі тады, калі хацеў мець пад бокам абарону, як, напрыклад, падчас начных забаваў «sagatio» на Субуры, дзе падкідана ўгару на ваяцкім плашчы напатыканых па дарозе дзяўчат. Кідалася ў вочы таксама, што ў самым амфітэатры пабольшана была варта прэторыянская, а камандаваў ёю не цэнтурыён, а трыбун, Субр Флавій, ведамы дагэтуль з сабачай адданасці Нэрону.

Было зразумела, што цэзар хоча на ўсялякі выпадак забяспечыцца перад выбухам роспачы Вініція, дык цікавасць расла яшчэ большая.

Вочы ўсіх звярталіся з напружаным зацікаўленнем на тое мейсца, дзе сядзеў няшчасны заручэнец. А ён, збялелы, заліты потам, быў няпэўны, як і іншыя глядзельнікі, але ўстрывожаны да апошніх затонаў свае душы.

Пятроні, сам не ведаючы добра, што будзе, нічога не сказаў яму, толькі спытаў, вярнуўшыся ад Нэрвы, ці падрыхтаваны на ўсё ды ці будзе на відовішчы. Вініць адказаў на абодва пытанні: «Так!» — але пры тым мурашкі прабеглі яму па ўсім целе, бо здагадаўся, што Пятроні не пытае без прычыны. Сам ён жыў праз нейкі час ужо толькі паўжыццём, сам аддаваўся смерці й згадзіўся на смерць Лігіі, бо мелася яна быць для іх абаіх адначасна і вызваленнем і вяселлем, але цяпер пазнаў, што іншая рэч ёсць думаць здалёку пра апошнюю хвіліну, а іншая — ісці і глядзець на пакуты найдаражэйшае асобы. Усе перажытыя болі адазваліся ў ім нанава. Прыціхшая роспач зноў пачала крычаць у душы, спанавала яго даўняя ахвота ратавання Лігіі за ўсякую цану. Ад самага рання спрабаваў прабіцца ў кунікулы, каб пераканацца, ці ёсць там Лігія, але прэторыянская варта пільнавала ўсе ўваходы, і загады былі так строгія, што вартаўнікі, нат знаёмыя, не даліся змякчыць ані просьбамі, ані золатам. Вініцію здавалася, што няпэўнасць задушыць яго ўпярод, чым дачакаецца відовішча. Недзе на дне сэрца пакутвала яшчэ надзея, што, можа, Лігіі няма ў амфітэатры ды што ўся трывога ёсць непатрэбнай. Хапаўся апошняе надзеі з усіх сіл. Талкаваў сабе, што Хрыстус мог забраць яе з вязніцы. Ён не можа дазволіць на ейную пакуту ў цырку. Перш згадзіўся быў зусім на Ягоную волю, а цяпер, як, адапхнёны ад кунікулаў, вярнуўся на сваё мейсца ў амфітэатры ды з цікаўных вачэй прысутных пазнаў, што і найстрашнейшыя здагадкі могуць спраўдзіцца, пачаў маліць Яго ў гарачай душы ратунку. «Ты можаш! — паўтараў ён, сутаргава сціскаючы кулакі. — Ты можаш!» Ніколі не думаў, што гэная хвіліна, калі зменіцца ў рэчаіснасць, будзе так страшнай. Цяпер не мог уцяміць свайго псіхічнага стану, прадчуваў аднак, што пры агляданні пакутаў Лігіі каханне ягонае зменіцца ў нянавісць, а вера ў роспач. Жахаўся такога прадчування, бо баяўся абразіць Хрыстуса, у якога маліў цуду й літасці. Не прасіў ужо для яе жыцця, хацеў толькі, каб памерла перад выхадам на арэну, і з бяздоннай атхлані болю вырвалася просьба: «Хоць гэтага не адмоў мне, а я шчэ больш палюблю цябе, чым любіў дагэтуль». У канцы думкі ягоныя разбуяліся, бы хвалі ад віхру. Будзілася ў ім жада помсты й крыві. Парывала яго ахвота кінуцца на Нэрона і задушыць на вачах прысутных, а адначасна адчуваў, што гэнаю лютаю гарачкаю зноў абражае Хрыста і ломіць Ягоныя настаўленні. Іншы раз прамігала яму праз голаў думка надзеі, што ўсё тое, перад чым дрыжала ягоная душа, яшчэ адверне ўсёмагутная рука Міласэрнага, але пагасала воміг, танула ў бязмерным моры разжалення, быццам Той, каторы мог адным словам разваліць гэты цырк і ацаліць Лігію, пакінуў аднак яе, хоць спадзявалася на Яго й мілавала Яго ўсімі сіламі свайго нявіннага сэрца. Далей думаў, што вось яна ляжыць там, у цёмным кунікулуме, слабая, безабаронная, пакінутая, адданая на ласку й няласку лёгкадумнае службы, зяхаючая, можа, апошнімі сіламі, а ён прымушаны чакаць бязрадна ў гэтым страшным амфітэатры, не ведаючы, якую абдумалі ёй пакуту і што незабаўна ўгледзіць. Урэшце, як чалавек, які, спадаючы ў пропасць, хапаецца за ўсё, што расце над ейнымі абрывамі, так і ён хапіўся аберуч за думку, што, аднак, толькі вераю магчыме яе ўратаваць. Гэты адзін толькі спосаб застаўся! Пётр жа гаварыў яму, што верай зямлю можна зварухнуць з пасаду. Дык суняў думкі, здушыў у сабе сумніў, цэлую істоту сваю змясціў у вадно слова: «Веру!» — і чакаў цуду.

110
{"b":"982042","o":1}