Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Але як перацягнутая струна мусіць парвацца, так і яго зламала ператуга.

Мярцвячая бледнасць выступіла на твары, і цела пачало пруцянець. Няйначай, просьба ягоная выслухана, падумаў, бо вось паміраціме. Здавалася яму, што і Лігія ўжо хіба мусіла памерці, і што Хрыстус іх бярэ такім чынам да сябе. Арэна, бель тогаў незлічонае публікі, святло тысячных лямпаў і светачаў — усё разам знікла яму ўваччу.

Але гэна немач не трывала доўга. Па хвіліне апрытомнеў, а дакладней, збудзіла яго тупанне нецярплівае публікі.

— Ты хворы, — кажа яму Пятроні, — загадай аднесціся дамоў!

І, не зважаючы на тое, што падумае цэзар, устаў, каб узяць пад руку Вініція ды вывесці яго. Сэрца перапоўнілася літасцю, а прытым дражніла яго да немагчымасці задавальненне цэзара, які пільна вывучаў праз шмарагд боль Вініція, можа, на тое, каб магчы пасля ў патэтычных строфах апісаць гэта й заслужыць на «брава» бязглуздых слухачоў. Вініць адмоўна хільнуў галавою. Мог памерці ў гэным амфітэатры, але не мог з яго выйсці. Адыж прадстаўленне магло за хвіліну распачацца.

І праўда, бадай у тым жа моманце прэфект шпурнуў на арэну чырвоную хусціну, а на той знак заскрыгіталі завесы брамы насупраць цэзарскага подыюма, і з цёмнае шчалюгі выходзіць на ясна асвечаную арэну Урсус.

Волат маргнуў павекамі, відаць, ад надмеру святла, падыйшоў на сярэдзіну арэны, разглядаючыся наўкола, як бы хацеў распазнаць, з чым яму прыйдзецца спаткацца. Усім аўгустыянам і большасці публікі было вядома, што ён задушыў Кратона, дык, гледзячы на яго, зашумелі, загулі ўсе лавы. У Рыме не мала было гладыятараў, шмат перавышаючых нармальную меру чалавека, але падобнага вочы квірытаў яшчэ не бачылі. Касій, што стаяў у подыюме за цэзарам, выглядаў насупраць яго, бы малы хлапчук. Сенатары, вясталкі, цэзар, аўгустыяне ды народ з захапленнем знатоцкім ды аматарскім аглядалі ягоныя магутныя, грубыя, бы бярвенні, сцёгны, падобныя да двух злучаных шчытоў грудзі ды Геркулесавыя плечукі-рукі. Пошум магутнеў з кожнай хвілінай. Для гэнае публікі не магла папросту існаваць большая раскоша, як агляданне такіх мускулаў падчас ігры, напружання й змагання.

Шум і гоман змяніўся ў крык і гарачкавыя пытанні, дзе жыве народ, які гадуе падобных вялікалюдаў; а той стаяў пасярод амфітэатру нагі, падабнейшы да каменнага калоса, чым да чалавека, з сціплаю сумнаю мінаю барбара і, бачачы пустую арэну, пазіраў здзіўленымі сваімі блакітнымі вачыма дзіцяці то на публіку, то на цэзара, то на краты кунікулаў, адкуль чакаў катаў.

У моманце, калі выходзіў на арэну, ягонае праставатае сэрца зайграла апошні раз надзеяй, што мо чакае яго крыж, але як не ўбачыў ані крыжа, ані гатовае ямы, падумаў: не годны я тае ласкі, відаць, прыйдзецца памерці інакш, няйначай ад звяроў. Быў безабаронны, дык рашыўся згінуць, як прыстоіла слузе Баранка, спакойна і цярпліва. Тым часам хацеў памаліцца яшчэ да Збаўцы, дык укленчыў на арэне, злажыў рукі і падняў вочы да зораў, што мігацелі над адкрытым угары цыркам.

Гэная поза не спадабалася публіцы. Даволі ўжо наглядзеліся на тых хрысціян, паміраючых, як авечкі. Скемілі, што калі волат не захоча бараніцца, відовішча можа праваліцца. Тут і там пачуліся сыкі незадавальнення.

Некаторыя заклікалі мастыгофораў, што бізунамі падганялі да барацьбы. Па хвіліне заціхла, аднак, усё, бо ніхто не ведаў, што чакае асілка і ці не пачне змагацца, як спаткаецца вока ў вока з смерцю.

І не трэ было доўга чакаць. Нагла адазваўся раздзіраючы рык медзяных трубаў, а на той знак адчынілася крата насупраць цэзаравага подыюма, і на арэну выскачыў сярод крыкаў бестыярыяў вялізны германскі тур, несучы на галаве нагае дзявочае цела.

— Лігія! Лігія! — крыкнуў Вініць.

І пачаў на галаве рваць валасы, сагнуўшыся ў дугу, як чалавек, пранізаны стралою, ды крычаць нялюдскім голасам: — Веру! Веру!.. Хрысце! Цуду!

Не чуў нат, як у тым моманце Пятроні закрыў яму голаў тогаю. Яму здалося, гэта смерць або боль засланяе вочы. Не глядзеў, не бачыў. Агарнула яго пачуццё нейкае страшэннае парожні. Уцяклі з галавы ўсе думкі, вусны толькі паўтаралі, бы ў малітве: — Веру! Веру! Веру!..

Нараз амфітэатр замоўк. Аўгустыяне, як адзін чалавек, паўставалі, бо на арэне сталася небывалая рэч. Пакорны і гатовы на смерць ліг, убачыўшы сваю каралеўну на рагах дзікае бестыі, падскочыў, як прыпечаны распаленым жалезам, і, прыгнуўшыся, рынуўся на раз’юшанага звера.

З усіх грудзей вырваўся вулкан подзіву і здумлення — дый зноў цішыня.

Ліг, дабегшы ўміг да расшалелага быка, схапіў яго за рогі.

— Глянь! — адзываецца Пятроні, зрываючы тогу з галавы Вініція.

А той устаў, адхінуў узад голаў і шклястымі непрытомнымі вачыма глядзіць, збялелы, на арэну.

Замерла ўва ўсіх дыханне. Муху пралятаючую льго было пачуць. Людзі не верылі собскім вачам. Як Рым Рымам, не бачылі такога дзіва.

Ліг трымаў дзікага звера за рогі. Ногі ягоныя зарыліся па самыя косткі ў пясок, хрыбет выгнуўся, бы напяты лук, галава схавалася між плячукамі, на руках мускулы выступілі так, што аж скура ледзь не трашчала пад іх напружаннем, але асадзіў быка на мейсцы. І чалавек і звер скамянелі ў непарушнасці; глядзельнікам здавалася — бачаць абраз Геркулеса ці Тэзэя або групу, выкаваную з камення. Але ў гэтай уяўнай скамянеласці іграла страшэнная натуга дзвёх змагаючыхся з сабою сілаў. Тур зарыўся так, як і чалавек, нагамі ў пясок, а цёмнае касматае цела ягонае скурчылася так, што стаўся падобны да вялікага кругля. Хто першы самлее, хто першы паддасца — вось пытанне, якое ў даным моманце для гэнае раскаханае ў спаборніцтве публікі было важнейшым, чым іхняя ўласная доля, чым увесь Рым ды ягонае панаванне над светам. Той ліг быў для іх цяпер паўбогам, годным пашаны, мармуровых помнікаў. Сам цэзар таксама ўстаў. Яны з Тыгэлінам, ведаючы пра такую сілу чалавека, знарок уладзілі такое відовішча і, строячы кпіны, талкавалі сабе: «Хай жа гэны Кратонабойца паканае тура, якога мы выберам яму!» Цяпер вось паглядалі, астаўпелыя, на сцэну перад сабою, як бы не верылі, што гэта рэчаіснасць. У амфітэатры відаць было людзей з паднятымі рукамі, якія забыліся пра сваю позу. Іншым пот выступаў на лбах, нібыта самі змагаліся з звяракай. У цырку чутны былі толькі сушэнні полымя ў лямпах ды шорах вугалькоў, спадаючых з светачаў. Мову глядзельнікам заняло ў вуснах, сэрцы рассаджвалі грудзі. Выдавалася ім, што барацьба трывае вякі цэлыя.

А чалавек і тур стаялі ўсцяж у неймавернай натузе, казаў бы, укапаў хто іх у зямлю.

Нараз разлягаецца па арэне прыглушаны, падобны да стогну, рык, пасля якога з усіх грудзей бухнуў крык — дый зноў цішыня. Людзям здалося, што сняць: спагудная галамоўза быка пачынае круціцца ў жалезных руках барбара.

А твар ліга, карк і рукі пачырванелі, моў пурпура, спіна выгіналася шчэ мацней. Відаць было: натужваецца апошнімі сіламі, якіх не надоўга яму хіба хопіць.

Штораз глушэйшы, больш храплівы й балючы рык тура мяшаецца з свішчучым подыхам асілка. Галава быдляці падавалася штораз больш, а з пашчы высунуўся даўгі запенены язык.

Яшчэ момант — і да вушэй бліжэй сядзячых данёсся як бы трэск ламаных касцей. Звер паваліўся на зямлю з каркам, скручаным насмерць.

Тады волат воміг разблытаў матузы з ягоных рог і, узяўшы дзяўчыну на рукі, пачаў борзда адсопвацца. Твар ягоны збялеў, валасы пазлепліваліся ад поту, рукі й лапаткі былі як бы злітыя вадою. Праз момант стаяў, як паўпрытомны, пасля, аднак жа, падняў вочы і пачаў глядзець на публіку.

А амфітэатр шалеў!

Сцены будынку дрыжалі ад крыку шматтысячнага натаўпу. Ад пачатку існавання відовішчаў ніхто не памятаў такога ўздыму настрою.

З найвышэйшых шэрагаў беглі ў ніжэйшыя, таўкучыся ў праходах між лаўкамі, каб бліжэй прыгледзецца асілку. Адусюль адзываліся галасы пра ласку, заядлыя, упартыя, якія незабаўна змяніліся ў адзін агульны вокрык. Той вялігур стаўся цяпер дарагім для гэтага раскаханага ў фізічнай сіле народу, стаўся першаю ў Рыме асобаю.

А ён зразумеў, што народ дамагаецца для яго жыцця й вольнасці, але, відаць, не расходзілася яму толькі пра сябе, пасля падыйшоў да цэзарскага подыюма і, калышучы цела малодухны на выцягнутых руках, падняў благальныя вочы, казаў бы, маліў: — Над ёю злітуйцеся! Яе ацалеце! Я зрабіў гэта для яе!

111
{"b":"982042","o":1}