— Мірмілон ты, — адазваўся Пятроні, — паслухай добрае рады й спяшы ў свой бок.
Тады п’яны схапіў яго й другою рукою за плячо: — Крычы разам са мною, а то скручу табе голаў: хрысціяне — львом на тлушч!
Нервы Пятронія даволі ўжо мелі гэнае варкатні. Ад тае пары, як выйшаў з Палатыну, душыла яна яго, бы страшная кроза, і раздзірала яму вушы, дык, калі ўгледзеў над сабою кулак, скончылася мера ягонай цярплівасці.
— Адступі, дружа! — гукнуў. — Смярдзіш і перашкаджаеш мне.
Так кажучы, усадзіў яму аж па трымальна ў грудзі стылет, які ўзяў з сабою, выходзячы з дому, і, аблапіўшы пад руку Вініція, гаварыў далей, як бы нічога такога не сталася: — Цэзар кажа мне сяння: «Не забудзь нагадаць Вініцію, каб абавязкова быў на йгрышчах, на якіх выступяць хрысціяне». Цяміш, што гэта абазначае? Вось жа, хочуць зладзіць сабе відовішча з твайго болю. Гэта ўжо рэч упланаваная. Дзеля таго мо й не закратавалі да гэнае пары цябе й мяне. Калі не ўдасца яе хутка выдабыць, тады… не ведаю!.. Твая сіцылійская маёмасць магла б таксама спакусіць Тыгэліна… Спрабуй.
— Аддам ім усё, што маю, — адказаў Вініць.
З Карынаў на Форум было не надта далёка, дык хутка прыйшлі. Першы золак бяліў ужо сцены замку.
Нараз, як толькі павярнуліся да Мамэртынскай вязніцы, Пятроні затрымаўся й кажа: — Прэторыяне!.. Запозна!..
Вязніца абстаўлена была падвойным ланцугом ваяроў. Золак серабрыў іхнія жалезныя шаломы і вастрыё дзідаў. Вініць збялеў, бы мармур.
— Хадзем! — кажа.
Падыйшлі да шэрагоў старожы. Пятроні меў незвычайную памяць, ведаў не толькі старшын, але і амаль усіх радавых прэторыі, дык хутка пазнаў знаёмага старшыну кагорты ды кіўнуў на яго.
— Што гэта, Нігер? — адазваўся. — Загадана вам пільнаваць вязніцы?
— Так, крывічэсны Пятроні! Прэфект баяўся, каб не спрабаваў хто адбіваць падпальвачоў.
— Ці маеш загад не ўпушчаць нікога? — спытаў Вініць.
— Не, спадару. Знаёмыя адведвацімуць вязняў, і такім чынам вылавім больш хрысціян.
— Ну, дык упусці мяне, — кажа Вініць. І, сціснуўшы далонь Пятронію, кажа яму: — Пагавары з Актэ, а я прыйду даведацца, які табе дала адказ… — І прыходзь! — гавора Пятроні.
У гэнай хвіліне пад зямлёю й за грубымі сценамі адазвалася песня. Яна, адразу глухая й прыцішная, штораз мацнела. Мужчынскія галасы, жаночыя й дзіцячыя зліваліся ў адзін сугалосны хор. Цэлая вязніца пачала ў заранічнай цішы пяяць, бы гарфа. Але не былі гэта галасы журбы ні роспачы. Наадварот, грымела ў іх радасць і трыумф.
Ваяры пераглядаліся здумленна.
На небе ружавілася й залацілася ранняя зарніца.
LII
Вокліч «Хрысціяне — львом!» разлягаўся бесперастанку па ўсіх кварталах гораду. Спершку не толькі ніхто не сумняваўся, што яны былі вінаватымі, але й не хацеў ніхто сумнявацца, бо кара на іх мела быць разам з забаваю для народу. Але таксама шырылася думка, што не дайшла б бяда да такіх страшэнных памераў, каб не гнеў багоў, дык загадана па святынях «піякула», або перапрашальныя ахвяры. Сенат на падставе Сыбілійскіх кніг зладзіў урачыстасці й публічныя мольбы да Вулкана, да Цэрэры, да Празэрпіны. Матроны складалі ахвяры Юноне — ішлі яны ў працэсіі аж на бераг мора, каб зачэрпаць там вады й скрапіць ёю фігуру багіні. Жанкі ладзілі багом пачосткі і начныя гадзіны[71]. Увесь Рым ачышчаўся з грахоў, складаў ахвяры й перапрашаў несмяротных. Прымеж таго на пажарышчы стаўбавана новыя шырокія вуліцы. Тут і там заснавана ўжо фундаменты стройных дамоў, палацаў і святынь. Перад усім, аднак, з нечуваным паспехам будавана велізарныя драўляныя амфітэатры, у якіх мелі канаць хрысціяне. Зараз па сходзе ў доме Тыбэрыя разаслана да праконсулаў загады, каб дастаўлялі дзікія звяры. Тыгэлін апустошыў віварыі ўсіх італьянскіх гарадоў, нат меншых.
У Афрыцы па загадзе ягоным зладжана вялікія аблавы, у якіх усё тамтэйшае насельніцтва мусіла ўдзельнічаць. Прывозілі сланы й тыгрысы з Азіі, кракадылы й бегемоты з Нілу, львы з Атласу, ваўкі й мядзведзі з Пірэнеяў, паганныя сабакі з Гіберніі, псы-моласы з Эпіру, буйвалы й вялізныя лютыя туры з Германіі. Ігрышчы меліся быць незвычайныя, перавышаючыя сваёю веліччу ўсё, што да гэтых пор бачыў Рым, бо колькасць закратаваных была вялізная, Цэзар маніўся ўтапіць успаміны пажару ў крыві і ўпаіць ёю Рым.
Разахвочаны народ дапамагаў вігілам і прэторыянам вылоўліваць хрысціян. Удавалася гэта без цяжкасцяў, бо цэлыя грамады іх, качуючы па гарадох разам з іншым жыхарствам, вызнавалі веру публічна. Калі, ловячы, іх акружалі, яны падалі на калені і, пяючы песні, дазвалялі браць сябе без аніякага супраціву. Але цярплівасць раздражняла толькі народ, які, не разумеючы прычыны яе, уважаў яе за закатнасць ды закамянеласць у злачынстве.
Шал ахапіў пераследвальнікаў. Здаралася, што чэрнь вырывала хрысціян прэторыянам з рук і разрывала іх на кавалкі рукамі. Жанчын цягнулі за валасы ў вязніцу, дзецям разбівалі галоўкі аб каменне. Тысячы людзей днём і ноччу, выючы, палявала па вуліцах. Шукалі ахвяр на папялішчах, па камінох і паграбох. Перад турмамі спраўлялі пры вогнішчах вакол бочак з віном бахічныя п’янствы і скокі. Грамавыя рыкі кожны вечар разлягаліся па горадзе, упойваючы тых, што чакалі ігрышчаў. Вязніцы былі да берагоў перапоўненыя, а прымеж таго, чэрнь і прэторыяне штодзень дастаўлялі ахвяр штобольш. Замерла між людзьмі літасць. Людзі, казаў бы, забыліся мовы і ў дзікай шалёнасці памяталі толькі адзін вокліч: «Хрысціяне — львом!» Настала прымеж таго такая гарачыня ўдзень, а духата ўночы, якіх Рым не памятаў. Усё паветра было як бы прасякнута шалам, крывёю, злыбядой.
А той перабранай меры азвярэласці адказвала таксама мера жады пакутніцтва. Хрысціяне дабрахвотна йшлі на смерць, шукалі нат яе, пакуль не паўстрымала суровая забарона старшын. Па іхнім загадзе пачалі збірацца ўжо толькі за горадам у падзямеллях на Апійскай дарозе ды ў прыгарадскіх вінніцах, уласнікамі якіх былі патрыцыі-хрысціяне, дагэтуль яшчэ незакратаваныя. На Палатыне было добра ведама, што вызнавальнікамі Хрыста ёсць і Флавій, і Даміцыла, і Пампонія Грэцына, і Карнэль Пудэнс, і Вініць.
Сам цэзар сумняваўся аднак, ці ўдасца падбухторыць чэрнь супраць такіх людзей, і дзеля неабходнага пераканання народу адлажылі кару і помсту патрыцыям на апошнія дні. Некаторыя думалі, што тых патрыцыяў ацаліў уплыў Актэ. Здагадка гэная была памылковай. Пятроні пасля развітання з Вініціем хадзіў, праўда, да Актэ прасіць помачы для Лігіі, але яна магла ахвяраваць яму толькі слёзы, бо жыла ў маркотным забыцці, пастолькі талераваная, паколькі хавалася ад Папеі і цэзара.
Адведвала Лігію ў вязніцы, прыносіла ёй вопратку й ежу, а перад усім забяспечыла яе ад знявагі з боку і так ужо падкупленых вартаўнікоў.
Пятроні ўсё ж не мог сабе дараваць няўдалага помыслу, бо каб ён не нараіў адабраць Лігію з дому Аўлаў, дык праўдападобна не была б сяння ў вязніцы. Адыж, хочучы выйграць гульню з Тыгэлінам, не шчадзіў ні часу, ні захадаў. У працягу некалькіх дзён бачыўся з Сэнэкам, з Даміцыем Афрам, з Крыспінілай, праз якую маніўся трапіць да Папеі, з Тэрпнасам, з Дыядорам, з прыгожым Піфагорам, а ў канцы — з Алітурам і Парысам, просьбы якіх звычайна цэзар выконваў. Пры дапамозе Хрызатэміс, якая цяпер была каханкаю Ватынія, спрабаваў сабе здабыць і ягоную нат дапамогу, не шкадуючы ні яму, ні іншым абяцанкаў і грошай.
Але ўсе гэныя натугі былі без выніку. Сэнэка, няпэўны заўтрашняга дня, казаў, што хрысціяне хоць бы нат і не спалілі Рыму, дык павінны быць пагублены для дабра ягонага, адным словам, усправядліўляў маючую адбыцца разню рацыяй стану. Тэрпнас і Дыядор грошы ўзялі, а ўзамен не зрабілі нічога. Ватыній данёс цэзару, што маніліся яго падкупіць, адзін толькі Алітурус, хоць спачатку быў варожа настроены да хрысціян, шкадаваў іх цяпер і асмеліўся прыгадаць цэзару пра закратаваную дзяўчыну ды заступіцца за яе, але нічога не атрымаў, апрача слоў: — Няўжо ты думаеш, што я меншую душу маю, чым Брут, які для дабра Рыму не пашкадаваў родных сыноў?