Пятроні паціснуў плячыма і, плешчучы яго па лапатцы, бы вызвольніка, адпальвае: — Ты так добра ведаеш, як і я, што пра гэта думаць.
— Не смею прыраўняцца да твае мудрасці.
— І праўду кажаш, інакш бо мусіў бы вось, калі цэзар прачытае новую песню з «Троікі», замест драцца, як пава, выказаць якую бязглуздзіцу.
Тыгэлін прыкусіў губу. Не надта ён быў задаволены з сянняшняга выступу цэзара, бо адкрывалася поле, на якім не мог канкураваць з Пятроніем. Якраз падчас чытання Нэрон мімахоць, па звычцы, пазіраў на Пятронія, рупна цікуючы, што вычытае ў ягонай міне. А той слухаў, манеўруючы бровамі, мейсцамі патакваючы, мейсцамі напружваючы ўвагу, як бы маніўся спраўдзіць, ці добра чуе. І пасля то хваліў, то ганіў, вымагаючы паправак або выгладжвання некаторых сказаў. Сам Нэрон адчуваў, што ўсім іншым у перасоленых пахвалах расходзіцца толькі пра собскую скуру, а гэны адзін толькі цікавіцца паэзіяй для самэй паэзіі, адзін толькі знаецца, і калі што пахваліць, дык можна быць пэўным, што рэч тая годная пахвалы. Дык паволі пачаў з ім спрачацца, талкаваць і, калі ўрэшце Пятроні паддаў сумніву ўдаласць аднаго сказу, адазваўся да яго: — Мецімеш у апошняй песні каментар да гэтага сказу.
— Ах! — падумаў Пятроні. — Дык дажыву яшчэ апошняй песні.
А ці адзін з прысутных, чуючы гэта, казаў сабе ў душы: — Гора мне! Пятроні, маючы перад сабою час, можа вярнуцца ў ласкі і паканаць нат Тыгэліна.
І пачалі зноў збліжацца да яго. Але канец вечару менш быў шчасным, бо цэзар падчас развітвання спытаў нагла з прыморшчаным вокам ды зларадаснай мінай: — А чаму не прыйшоў Вініць?
Калі б Пятроні быў пэўны, што Вініць з Лігіяй ужо за брамамі гораду, быў бы адказаў: «Ажаніўся з твайго дазволу й выехаў». Але, бачачы загадкавую ўсмешку Нэрона, адказаў: — Твая позва не застала яго дома.
— Скажы яму, што хачу яго бачыць, — гавора Нэрон, — ды не забудзь яму прыгадаць, каб абавязкова быў на ігрышчах, дзе выступацімуць хрысціяне.
Гэныя словы ўстрывожылі Пятронія, бо выдавалася яму, што адносяцца беспасярэдне да Лігіі. Сеўшы ў лектыку, загадаў несціся яшчэ прытчэй, чым рана. Не йшло гэта так удала. Перад домам Тыбэрыя хваляваў неўгамонны натоўп, п’яны, як перш, але не расспяваны ды танцуючы, толькі ўзбураны.
Здалёк даносіліся нейкія крыкі, якіх Пятроні не мог адразу сцяміць, а яны магутнелі, раслі, аж урэшце змяніліся ў адзін дзікі вераск: — Хрысціяне — львом!
Статныя лектыкі дваран лучылі сярод выючага натоўпу. З глыбіні агарэлых вуліц збягаліся штораз новыя грамады, якія, пачуўшы вокрык, пачалі яго паўтараць. З вуснаў да вуснаў перадавана вестку, што посціг трывае ўжо ад паўдня, што шмат падпальвачоў ужо злоўлена, і хутка па новавыведзеных ды старых вуліцах, па завулках, разваленых у грузы, разлягаўся ўдоўж і шыр цэлага Рыму штораз заядлейшы вераск: — Хрысціяне — львом!
— Быдляты! — паўтараў з пагардаю Пятроні. — Народ годны цэзара!
І задумаўся: такі свет, збудаваны на прымусе, людаедстве, пра якое нат і барбары не мелі паняцця, на ліхадзействе ды шалёнай распусце, не магчыме астоіцца. Несла ад яго смярдзячым трупам. На гнілое жыццё клала сваю цень смерць.
Не раз гаварылі пра гэта нат між самімі аўгустыянамі, але Пятронію ніколі так выразна не ўявілася тая праўда, што гэны ўвенчаны воз, на якім у постаці трыумфатара стаіць Рым, валакучы за сабою зблытаны статак народаў, едзе ў пропасць. Жыццё светаўладнага гораду выдавалася яму нейкім блазноцкім карагодам, нейкім страхотным выбрыкам, якому нарэшце мусіць жа настаць канец.
Разумеў цяпер, што адны толькі хрысціяне маюць нейкія новыя асновы жыцця, але думаў, што хутка й следу па іх не застанецца. А тагды што?
Блазноцкі карагод пойдзе далей пад верхаводствам Нэрона, а калі Нэрона не будзе, знойдзецца другі такі самы або горшы, бо спаміж такога народу і патрыцыяту цяжка, каб лепшы знайшоўся. Будзе новае дзікае буянства, а ў дадатку штораз плюгавейшае і гадчэйшае. Але ж буянства не магчыме трываць вечна, і трэба пасля яго легчы спаць, хоць бы з самае толькі знямогі.
Думаючы пра гэта, Пятроні сам чуўся страшэнна змучаны. Ці варта жыць і то жыць без пэўнасці пра заўтрашні дзень, жыць па тое толькі, каб глядзець на падобнае бязладдзе свету? Дык жа геній смерці не менш, зрэшты, прыгожы, чым геній сну, і мае таксама крылы пры плячох.
Лектыка затрымалася перад дзвярыма дому, якія чуйны прыдзверны ў тым жа моманце адчыніў.
— Ці спадар Вініць вярнуўся? — спытаў Пятроні.
— Перад хвілінай, — далажыў нявольнік.
— А, знача, не адбіў яе! — падумаў Пятроні.
І, скінуўшы тогу, убег да атрыюма. Вініць сядзеў на трыножніку, звесіўшы голаў амаль не да самых калень, трымаючы яе ў далонях, але, пачуўшы водгалас хады, падняў скамянелы твар і раз’іскраныя вочы.
— Спазніўся? — спытаў Пятроні.
— Але. Схапілі яе перад поўднем.
Хвіліна маўчання.
— Бачыўся з ёю?
— Так.
— Дзе сядзіць?
— У Мамэртынскай вязніцы.
Пятроні здрыгануўся й глядзіць на Вініція пытаючым вокам. А той: — Не! — кажа, сцяміўшы. — Не пасадзілі яе ў Туліянум[70], ані нат у сярэдняй вязніцы. Падкупіў я вартаўніка, каб адступіў ёй сваю камору. Урсус ляжыць ля парога й пільнуе яе.
— Чаму ж Урсус яе не абараніў?
— Прыслана пяцьдзесят прэторыянаў, дый Лін яму забараніў.
— А Лінус сам?
— Лін пры смерці, таму не ўзялі яго.
— Што мяркуеш рабіць?
— Адратаваць яе або памерці разам з ёю. І я веру ў Хрыста.
Вініць гаварыў нібыта спакойна, але ў голасе ягоным было нешта так жаласнае, што сэрца Пятронія скаланулася шчыраю літасцю.
— Разумею цябе, — спачуваў, — але як яе думаеш ратаваць?
— Падкуплю варту насамперш, каб засцерагчы яе ад знявагі, а па-другое, каб не перашкаджалі ёй уцячы.
— Калі гэта маецца быць?
— Сказалі, што не могуць мне выдаць яе зараз, бо баяцца адказнасці. Як вязніцы перапоўняцца людзьмі, і калі згубіцца рахунак вязняў, тады мне яе аддадуць. Але гэта крайні выпадак! Перш ты ратуй мне яе! Ты ж прыяцель цэзара! Ён жа сам мне яе аддаў. Ідзі да яго й ратуй мяне!
Пятроні замест адказу заклікаў нявольніка і, загадаўшы яму прынесці два цёмныя плашчы й два мячы, звярнуўся да Вініція: — Ідучы, табе адкажу, — кажа, — тым часам бяры плашч, зброю і пойдзем пад вязніцу. Там дай вартаўнікам сто тысяч сэстэрцыяў, дай два разы й пяць разоў больш, абы толькі выпусцілі Лігію хутка, інакш — будзе позна.
— Хадзем, — згаджаецца Вініць.
Праз момант абодва йшлі вуліцаю.
— Ну, а цяпер слухай, што табе скажу, — кажа Пятроні. — Не хацеў я траціць часу. Я ад сянняшняга дня ўжо ў няласцы. Маё собскае жыццё вісіць на валаску, і таму не магу нічога даканаць у цэзара. Горай! Маю пэўнасць, што зробіць насуперак маёй просьбе. Каб не гэта, ці ж я раіў бы табе ўцякаць з Лігіяй або адбіваць яе? Адыж, каб удалося ўцячы, гнеў зваліўся б на мяне.
Ён бы хутчэй зрабіў штось на тваю просьбу, чым на маю. Не спадзявайся, аднак, на гэта. Выдабудзь яе з вязніцы і ўцякай! Няма іншае рады. Калі гэта не ўдасца, тады будзе час на іншыя спосабы. Тым часам ведай, што Лігію пасадзілі не толькі за веру ў Хрыста. На ёй і на табе спаганяе помсту Папея.
Ці ты памятаеш, як абразіў аўгусту, адпіхаючы ад сябе? А яна ж ведае, што зрабіў ты гэта дзеля Лігіі, якую й так ненавідзела ўжо ад першага спаткання.
Адыж і ўпярод манілася яе згубіць, абвінаваціўшы за тое, што быццам уракла дзіця. У тым усім, што сталася, відаць рука Папеі! Чым бо вытлумачыць тое, што Лігію першую арыштавалі? Хто мог паказаць дом Ліна? Я табе кажу, вывяды даўно за ёю хадзілі! Ведаю, што раздзіраю табе душу ды адыймаю апошнюю надзею, але кажу гэта знарок дзеля таго, што калі не выцягнеш яе, пакуль не здагадаюцца аб тваіх спробах, дык згінеце абое.
— Так! Разумею! — адказаў прыгноблены Вініць.
Вуліцы былі пустыя, бо было ўжо позна, далейшую гутарку перарваў ім п’яны гладыятар, які паваліўся на Пятронія, апіраючыся даланёю на ягоным плячы ды крычачы ахрыплым смуродлівым голасам: — Хрысціяне — львом!