Гэта кажучы, глядзеў Вініцію проста ў вочы з выглядам халодным ды безбаязным, так што малады чалавек збянтэжыўся зусім.
— Мая віна, — кажа. — Ты добры, чэсны, і дзякую табе з усяго сэрца й душы. Дазволь толькі яшчэ запытацца: чаму не загадаў адаслаць Лігію проста ў мой дом?
— Бо цэзар баіцца языкоў. Аб тым людзі будуць гаварыць у Рыме. А як Лігію забіраем як закладніцу, якая прабывае ў палацы цэзара, то языкі не страшныя. Пасля адашлюць табе яе паціхеньку й канец. Рудабароды баязлівы, як сабака. Ведае, што ўлада ягоная безгранічная, аднак стараецца абформіць кажны праступак. Ці супакоіўся ты ўжо і можаш крыху пафілязафаваць? Мне самому прыходзіла ў голаў: дзеля чаго злачынства, хоць бы было магутнае, як цэзар, ды не чула кары над сабою, як ён, стараецца заўсёды прыкрывацца правам, справядлівасцяй і цнотай?.. Нашто яму гэта турбота? Мне здаецца, замардаваць матку й жонку прыстоіла толькі якомунебудзь азіяцкаму князьку, не рымскаму цэзару; але, калі б мне гэта прыдарылася, не пісаў бы апраўдальных лістоў у сенат… А Нэрон піша — Нэрон шукае прыкрыўкі, бо Нэрон трус. Але такі Тыбэрый не быў трусом, аднак апраўдваўся з кажнага свайто праступку. Чаму гэта так? Што гэта за дзіўная, мімавольная пашана, аддаваная праз зло цноце? І ведаеш, што мне здаецца? Дзеецца так таму, што праступак ёсць брыдотны, а цнота прыгожая.
Ergo[21], сапраўдны эстэт ёсць тым часам і цнатлівым чалавекам. Ergo, я цнатлівы чалавек. Мушу сяння выліць крыху віна Пратагору, Продыку і Горгію.
Аказваецца, што й сафісты могуць на невашта прыдацца. Слухай, гавару далей. Забраў я Лігію ў Аўлаў, каб аддаць яе табе. Добра. Але Лізып вырэзьбіў бы чароўную групу. Абое вы прыстойныя, дык і мой учынак ёсць прыгожы, не можа быць злым. Глянь, Марк, во перад табою сядзіць учалавечаная ў Пятронія цнота! Каб жыў Арыстыд, павінен бы прыйсці да мяне й ахвяраваць мне сто мінаў за кароткую лекцыю аб цноце.
Але Вініць, якому рэчаіснасць больш ляжала на сэрцы, чым лекцыя аб цноце, сказаў: — Узаўтра ўбачу Лігію, а пасля мецьму яе ў сваім доме штодзень, заўсёды і да смерці.
— Ты будзеш мець Лігію, а я буду мець на галаве Аўла. Сцягацьме на мяне помсту ўсіх падзямельных багоў. І хоць бы ж прынамсі навучыўся, бестыя, перш добрай дэкламацыі… А то ён будзе наракаць, як мой даўнейшы прыдзверны, якога прыйшлося выслаць на сяло да эргастулюма.
— Аўл быў у мяне. Я абяцаў яму паведаміць аб Лігіі.
— Напішы яму, што воля боская цэзара ёсць найбольшым правам, і што першы сын будзе называцца Аўл. Трэба ж старога чым-небудзь пацешыць.
Я гатоў прасіць Рудабародага, каб яго ўзаўтра паклікаў на банкет. Хай бы цябе паглядзеў у трыклініюме вобак Лігіі.
— Не рабі гэтага, — кажа Вініць. — Мне іх, аднак, шкада, злашча Пампоніі.
І сеў пісаць той ліст, які старому ваяводзе адабраў астанкі надзеі.
VII
Перад Актэ, даўнейшай каханкаю Нэрона, схіляліся калісь найвышэйшыя галовы Рыму. Але яна й тады нат не хацела мяшацца ў публічныя справы, а як і карыстала калі-небудзь з свайго ўплыву на маладога ўладара, то хіба толькі для выпрасін каму літасці. Ціхая й пакорная, здабыла сабе ўдзячнасць многіх, а нікога не зрабіла сваім ворагам.
Не патрапіла яе ненавідзець нат Актавія. Зайздросным выдавалася замала небяспечнай. Ведалі аб ёй, што кахае Нэрона сумным і балючым каханнем, якое жыве ўжо не надзеяй, а толькі ўспамінамі хвілін, калі гэны Нэрон быў не толькі маладзейшым, але й лепшым. Было ведама, што ад гэных успамінаў не можа адарваць душы й думкі, але не спадзявалася ўжо нічога; глядзелі на яе як на асобу безабаронную, пакінутую цэзарам, дык усе яе пакінулі. Папея ўважала яе толькі за ціхую слугу, да таго няшкодную, што нат не дамагалася выдалення яе з палацу.
Дзеля таго, аднак, што цэзар яе калісь кахаў і пакінуў яе бязгнеўна, у спакойны, а нат сказаў бы прыемны спосаб, усе мелі для яе паважанне. Нэрон, вызваліўшы яе, даў у палацы памешканне, а ў ім асобны кубікулюм ды жменьку службы. А калі Палас і Нарцыс, хоць вызвольнікі Клаўдыя, не толькі садзіліся за стол пры банкетах, але й, як магутныя міністры, займалі пачэснае мейсца, то ж і яе запрашалі часам да стала цэзара. Рабілі гэта мо дзеля таго, што ейная прыгожая постаць была сапраўднай аздобай банкету. Дый цэзар даўно ўжо перастаў пры даборы таварыства кіравацца якімі-небудзь рацыямі. За стол ягоны садзілася мяшанка найусялякшых людзей усіх станаў і становішч. Былі між імі сенатары, але пераважна такія, якія гатовы былі адначасна быць і блазнамі. Былі патрыцыі старыя й маладыя, жадныя роскашы, збыткоўнасці й папаскі. Бывалі жанчыны з паважанымі імёнамі, але гатовыя ў вячэрніх поцьмах бялявымі парыкамі шукаць балаўства на вуліцы.
Бывалі й высокія ўрадаўцы, і святары, якія пры поўных чарках самі ахвотна падкпівалі з сваіх багоў, а вобак галайстра ўсякага роду, складзеная з спевакоў, мімаў, музыкаў, танцораў і танцорак, паэтаў, што дэкламавалі за грошы, якіх спадзяваліся за ўсхваленні вершаў імператара, складзеная з галадамораў-філёзафаў, пажыраючых вачыма смачныя стравы, урэшце, з слаўных спартоўцаў-яздуноў, штукароў, цудадзеяў, бай-басняроў ды з розных свежаспечаных модаю ці дурнатою «мастацкіх славаў», галадранцаў, між якімі былі й такія, што даўгім валоссем пакрывалі папраколваныя на знак нявольніцтва вушы.
Слаўнейшыя адразу садзіліся за стол, а меншыя дапамагалі пры балаўстве падчас яды, чакаючы на тую хвіліну, калі служба ім дазволіць накінуцца на прысмакі й напіткі. Такіх гасцей дастаўлялі Тыгэлін, Ватыній і Вітэлій, не раз гасцям мусялі старацца адзежы, вымаганай у доме цэзара, які, праўду сказаць, любіў такое таварыства, чуўся бо сярод яго найсвабоднейшым. Збыткоўнасць двору ўсё залаціла, усё пакрывала бляскам. Вялікія й малыя, нашчадкі вялікіх родаў і галота з гарадскога бруку, магутныя мастакі й ліхотныя падскрэбіны талентаў лезлі ў палац, каб насыціць захопленыя вочы надлюдскаю пышнатою і збліжыцца да валадара ласкаў, дабра й багацця, адзін капрыз якога мог, праўда, паніжыць, а мог і бязмерна вывышыць.
Таго дня і Лігія мелася быць на падобным банкеце. Трывога, няпэўнасць і ашаламленне пасля наглых выпадкаў змагаліся ў ёй з думкай супраціву.
Баялася цэзара, баялася людзей, баялася палацу, гоман якога адыймаў у яе прытомнасць, баялася банкетаў, аб гідоце якіх чула ад Аўла, ад Пампоніі Грэцыны ды іхніх прыяцеляў. Хоць была шчэ маладая, не была нясведамай, бо сведамасць благога ў тых часах даволі рана даходзіла да дзіцячых вушэй.
Дык ведала, што ў гэным палацы чакала на яе гібель, ад якой і Пампонія яе перасцерагала. Маючы, аднак, маладую душу, неабытую з гідотай, і вызнаючы высокую навуку, прышчэпленую ёй прыбранаю маткаю, абяцала бараніцца ад тае пагубы: матцы, сабе і адначасна таму Боскаму Вучыцелю, у якога не толькі верыла, але й любіла сваім дзіцячым нявінным сэрцам за салодкую навуку, за ахвярную горкую смерць і за хвалу згробуўстання.
Была пэўная, што цяпер ужо ні Аўл, ні Пампонія Грэцына не будуць адказваць за ейныя ўчынкі, дык думала, ці не лепш будзе супрацівіцца й не йсці на банкет. З аднаго боку страх і трывога адзываліся ў ёйнай душы, а з другога радзілася ахвота паказання адвагі, вытрываласці мучаніцкай. Адыж Боскі Вучыцель так казаў. Адыж сам даў прыклад. Дый Пампонія расказвала ёй, што гарачэйшыя вызнавальнікі цэлаю душою жадаюць мучаніцкае нагоды й просяць яе. І Лігію, як была шчэ ў Аўлаў, часамі апаноўвала такая ахвота. Уяўляла сябе мучаніцай з ранамі ў руках і нагах, бы снег белай, прыгожай засветнаю горкасцю, няслі яе анёлы ў блакіт. Такімі й падобнымі з’явамі любавалася ейная ўява. Было ў гэтым шмат дзіцячых летуценняў, але крыху й самаўпадобы, за якую ганіла яе Пампонія. Цяпер жа, калі супраціў цэзаравай волі мог пацягнуць за сабою страшэнную кару і калі мары маглі стацца рэчаіснасцяй, да захопных уяваў і ўпадобаў далучылася яшчэ са страхам змяшаная нейкая цікавасць: як яе абвінавацяць ды якія пакуты ёй прысудзяць.
І так хісталася ейная паўдзіцячая шчэ душа на два бакі. Але Актэ, даведаўшыся аб гэтых хістаннях, глянула на яе з такім здзіўленнем, як бы заўважыла ў ёй гарачку. Цэзару думаеш працівіцца? Сцягнуць ад першае хвіліны ягоны гнеў? На гэта трэба быць горкім дзіцянём, няведаючым, што гаворыць. З ейных слоў вынікае, што яна не ёсць закладніцай, але звычайнай, забытай праз свой народ, дзяўчынай. Не бароніць яе ніякае права народаў, а нат каб і бараніла, то ў цэзара хопіць магутнасці, каб яго ў гневе стаптаць.