Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Едзем таксама і да Бэнэвэнту падзіўляць шавецкія раскошы Ватынія, адтуль пад апекай боскіх братоў Алены — у Грэцыю. У сабе самым зацеміў я адну рэч: між шалёнымі становішся шалёным, а прынамсь пачынае смакаваць шалы-балы. Грэцыя і падарожжа з тысячамі цытраў, нейкі трыўмфальны карагод Бакха сярод увенчаных міртовай зеленню, вінаградавым лісцем німфаў і бахантак, вазы з запрэжанымі тыгрысамі, краскі, тырсы, вянкі, воклічы «эвоэ!», музыка, паэзія й воплескі Гэлады, усё гэта добрае, але мы тут гадуем яшчэ смялейшыя замыслы. Нам заманілася стварыць нейкую байковую дзяржаву пальмаў, сонца, паэзіі ды ператворанае рэчаіснасці, ператворанага ў раскошу жыцця. Нам хочацца забыць пра Рым, а цэнтр свету ўфундаваць недзе між Грэцыяй, Азіяй і Егіптам, жыць жыццём не людскім, але жыццём багоў, не ведаць будзёншчыны, блукацца ў залатых галярэях у цяні пурпуровых вятругаў па Архіпелагу, быць Апалонам, Озырысам і Баалем у аднэй асобе, ружавець моў зараніца, сонцам залаціцца, месяцам серабрыцца, валадарыць, пяяць і сніць… І ці паверыш, я, што маю яшчэ на сэстэрцыю рассудку, а на аса толку, паддаюся гэным фантазіям-мроям. Паддаюся таму, што, калі гэта ўсё немагчымае, дык прынамсі велізарнае й незвычайнае… Такая байковая імперыя сном калісь патомкам нашым выдавалася б. Паколькі Венус не прыбярэцца ў постаць Лігіі або хоць такое нявольніцы, як Эўніка, ды паколькі не прыхарошыць яго мастацтва, дык жыццё само ёсць нікчэмным, пустым і часта мае аблічча малпы. Але Рудабароды не ажыццёвіць сваіх помыслаў хоць бы й дзеля таго, што ў той байковай дзяржаве паэзіі і Ўсходу не павінна быць мейсца на здраду, подласць і смерць, а ў ім пад відам паэта сядзіць марны камедыянт, дурнаваты фурман і нікчэмны тыран. Душым людзей, калі нам чым-небудзь заваджаюць. Бедны Таркват Сыланус ёсць ужо ценем. Падрэзаў сабе жылы перад некалькімі днямі. Лекан і Ліцыній прымаюць кансулат са страхам, стары Тразэй не пазбегне смерці, бо смее быць чэсным. Тыгэлін і дагэтуль не можа выстарацца для мяне загаду, каб падрэзаў сабе жылы.

Я, бач, патрэбны яшчэ не толькі як арбітр элеганцыі, але як чалавек, без якога рады і густу магла б няўдацца экспедыцыя ў Ахайю. Часта, аднак, думаю, што раней ці пазней мусіціме на гэтым скончыцца, і ці ведаеш, пра што тады расходзіцца: каб Рудабародаму не дасталася тая мірэнская чара, якую ты знаеш ды любуеш. Калі падчас смерці мае будзеш пры мне, дык аддам яе табе, а калі будзеш далёка, дык паб’ю яе. Бывай здароў і наймі Кратона, бо інакш другі раз табе выдзяруць Лігію. Як перастане табе быць патрэбны Хіланід, прыйшлі яго мне, дзе буду. Можа, зраблю з яго другога Ватынія, і мо мужы консульства ды сенатары будуць яшчэ дрыжаць перад ім, як дрыжаць перад тамтым рыцарам-дратаўкаю. Як знойдзеш Лігію, дай мне знаць, ахвярую за вас пару лебедзяў і галубоў у тутэйшай круглай святыні Венеры. Бачыў я раз у сне Лігію на тваіх каленях, шукаючую тваіх цалункаў. Пастарайся, каб гэны сон спраўдзіўся. Хай жа неба твайго не засноўваюць хмары, а калі й заснуюць, дык хай маюць колер і пах ружаў. Бывай здароў!»

XIX

Толькі што скончыў Вініць чытаць, як у бібліятэку ўсоўваецца ціха неспадзяваны Хілон, бо служба мела загад пушчаць яго ў кожную пару дня й ночы.

— Хай боская маці твайго крывічэснага продка Энэя будзе міласціва табе так, як мне быў міласцівы боскі сын Майі.

— Гэта знача?.. — спытаў Вініць, зрываючыся ад стала, пры якім сядзеў.

Хілон падняў голаў і кажа: — Эўрыка!

Малады патрыцый узгарэўся так, што праз даўжэйшую хвіліну не мог слова прамовіць.

— Бачыў яе? — спытаў нарэшце.

— Бачыў Урсуса, спадару, і гутарыў з ім.

— І ведаеш, дзе схаваліся?

— Не, доміне. Хто іншы мо праз самае сябелюбства даў бы від лігу, што згадаў, хто ён такі, або пачаў бы выпытваць, дзе жыве, і дастаў бы куксача, ад якога ўсе зямныя стравы сталіся б нямілымі, або ўзбудзіў бы недавер вялігура і спрычыніў бы тое, што тае ж самае ночы пашукалі б іншага сховішча. Гэтага я не зрабіў. Даволі мне ведаць, што Урсус працуе ў млынара каля Эмпорыюма, які завецца Дэмас, так, як твой вызвольнік, а даволі мне гэтага таму, што цяпер кожны твой надзейны чалавек магчыме пайсці ягоным следам і выследзіць іхняе сховішча. Я прыношу табе толькі пэўнасць, спадару, што калі Урсус тут, дык і боская Лігія ёсць у Рыме, і другую вестку: сянняшняе ночы напэўна яна будзе ў Острыянуме… — У Острыянуме? Дзе гэта? — перапытаў Вініць, жадаючы мабыць зараз бегчы на тое мейсца.

— Стары магільнік між дарогамі Салярыя і Намэнтана. Той хрысціянскі pontifex maximus[36], аб якім табе, спадару, я згадваў ды прыезду якога спадзяваліся многа пазней, ужо прыехаў і сянняшняе ночы хрысціціме й навучаціме на гэным магільніку. Яны хаваюцца з сваёю навукаю, бо хоць няма дагэтуль ніякіх забараняючых эдыктаў, народ іх ненавідзіць, дык мусяць асцерагацца. Сам Урсус казаў мне, што ўсе як адна душа сыйдуцца ў Острыянуме, кожны бо хоча пабачыць ды паслухаць таго першага вучня Хрыстовага, якога яны завуць Высланцом. Жанчыны ў іх нароўні з мужчынамі слухаюць навукі, дык адна мо з іх толькі Пампонія, баючыся Аўлюса за начныя пабягушкі, не будзе прысутнай. Лігія, аднак, будучая пад апекай Урсуса і старшынаў гміны, прыйдзе, думаю, разам з іншымі жанчынамі.

Вініць, які дагэтуль жыў як бы ў гарачцы, падтрымоўваны надзеяй, цяпер, калі тая надзея здавалася спаўняцца, пачуў нагла такое стамленне, як падарожнік пасля непасільнай падарожы. Хілон гэта скеміў, дык пастанавіў выкарыстаць.

— Брамы, праўда, вартуюць твае, спадару, людзі, хрысціяне павінны аб гэтым ведаць. Але яны не патрабуюць брамаў. Тыбр таксама іх не патрабуе, і хоць ад тамтых дарог далёка, варта й дарогу адолець, каб пабачыць Вялікага Апостала.

Але яны маюць тысячы спосабаў выхаду з гораду. У Острыянуме, вашэць, знойдзеш Лігію, а калі б нават — чаго не прадбачваю — не было яе тамака, дык будзе Урсус, прырок бо мне задушыць Глаўка. Сам казаў мне, што будзе, і там яго замардуе, чуеце, крывічэсны трыбуне? Дык або пойдзеш следам за ім і даведаешся, дзе жыве Лігія, або загадаеш сваім людзям схапіць яго як забойцу і, маючы ў сваіх руках, выдабудзеш з яго вестку, дзе схаваў Лігію. Я сваё зрабіў! Іншы, спадару, круціў бы, што выпіў з Урсусам дзесяць кантараў першараднага віна, пакуль выкучыў з яго тайніцу; другі кляўся б, што мусіў прайграць яму ў scriptae duodecim[37] тысячу сэстэрцыяў, або папросту за дзве тысячы купіў сакрэт… Ведаю, што ты заплаціў бы мне за гэта з вярхом, але няма таго, раз у жыцці… то знача хацеў сказаць: як заўсёды ў жыцці, буду чэсным, бо спадзяюся, згодна з словамі вялікадушнага Пятронія, усе патрэбы мае й надзеі твая шчодрасць перавышыць.

Вініць, які ўмеў сабе па-ваяцку даваць раду ў цяжкіх здарэннях, хутка апанаваў слабасць і сказаў: — Не ашахнешся на маёй шчодрасці, перш, аднак, пойдзеш са мною да Острыянума.

— Я да Острыянума? — пытаў збянтэжаны Хілон. — Я, сумленны трыбуне, абяцаў табе знайсці Лігію, але не прыракаў яе адбіраць… Падумай, спадару, што сталася б са мною, калі б той лігійскі мядзведзь, разадраўшы Глаўка, пераканаўся адначасна, што не зусім слушна яго разадраў? Ці не ўважаў бы мяне — бяспраўдна — за іставетнага выканаўцу забойства? Памятай, спадару, чым большы хто філязоф, тым цяжэй яму адказваць на глупыя запыты прасцюгі, бо й што ж яму адказаў бы, каб спытаў мяне, чаму абвінавачваў Глаўка?

Калі, аднак, падазраеш мяне ў круцельстве, скажу табе: заплаціш тады толькі, як пакажу табе дом, у якім жыве Лігія, сяння акажы мне частку толькі твае шчодрасці, каб, калі з табою, спадару, — хай багі бароняць — што благое здарылася, не застаўся я цалкам без заплаты. Сэрца тваё хіба таго не перажыло б.

Вініць падыйшоў да куфра, што стаяў на падмуроўцы, называнай «арка», дастаў капшук, шпурнуў яго Хілону.

— Гэта скрупулы[38], — растлумачыў. — Будзе Лігія — дастанеш такі самы, напоўнены аўрэўсамі.

вернуться

36

Найвялікшы святар (лац.).

вернуться

37

Дванаццаць рысак (гульня) (лац.).

вернуться

38

Scripulum, або scrupulum — малая залатая манета, 1/3 частка залатога дэнара, або аўрэўса (заўвага аўтара).

35
{"b":"982042","o":1}