— Peractum est! — разляглося па ўсім амфітэатры.
А Ланьён дрыгаў яшчэ нейкі час, бы зарэзаны вол, рыў нагамі пясок, урэшце выпруціўся і сканаў.
Мэркур не патрабаваў правяраць распаленым жалезам, ці жыве яшчэ.
Хутка вынеслі яго; выступілі іншыя пары, а пасля закіпела бітва цэлых аддзелаў. Народ удзельнічаў у ёй душою, сэрцам, вачыма; выў, роў, свістаў, біў брава, рагатаў, пабуджаў да барацьбы змагароў, шалеў. На арэне раздзеленыя на два фронты гладыятары змагаліся з заядласцю дзікіх звяроў: грудзі з грудзьмі здырваліся, мускулы спляталіся ў смяротным скурчы, трашчалі ў ставах волатныя часціны цела, мячы тапіліся ў грудзях і жыватох, збялелыя вусны бухалі крывёю на пясок. Колькінаццаць навікоў пад канец так ужахнулася, што, вырваўшыся з сумятні, пачалі ўцякаць, але мастыгофоры загналі іх назад у бой дысцыплінамі з волавам на канцы. На пяску парабіліся вялікія цёмныя плямы; штораз больш нагіх і ўзброеных цел ляжала покатам, бы снапы. Жывыя змагаліся, топчучыся па трупах і спатыкаючыся аб параскіданую зброю, крывавілі ногі паламаным рыштункам, падалі. Народ аж заходзіўся з радасці, упойваўся смерцю, дыхаў ёю, насычаў вочы ейным відовішчам і з раскошай удыхаў у грудзі ейны подых.
Пераможаныя сканалі ўрэшце амаль усе, хіба толькі некалькі параненых, кленчучы на сярэдзіне арэны і хістаючыся ад болю й знямогі, выцягала да публікі рукі з просьбай літасці. Пераможнікам раздана дарункі, вянкі, аліўныя галінкі, і настала хвіліна перадыху, якая па загаду ўсёўладнага цэзара змянілася ў банкет. У вазах запалілі пахнідлы. Крапільшчыкі скроплівалі народ шафранавым і фіялкавым дожджыкам. Разносілі халаднікі, печанае мяса, салодкія прысмакі, віно, аліву і садавіну. Народ жор, гаманіў і віватаваў на гонар цэзара, пабуджаючы яго да большае шчодрасці. Пасля перакускі сотні нявольнікаў разносілі поўныя кошыкі падарункаў, з якіх малыя амуркі даставалі й раскідалі па лавах жменямі розныя рознасці. Падчас раздавання латарэйных тэсараў падняўся бой: людзі ціснуліся, падалі, тапталі адны другіх, крычалі ратунку, пераскоквалі з шэрагаў у шэрагі лавак і душыліся ў страшэннай таўкатні, бо хто атрымаў шчаслівы нумар, мог выйграць нат дом з агародам, дзівоснага звяра, якога мог прадаць у амфітэатр. З гэтага рабілася такая суталака, што не раз мусілі ўмешвацца і наводзіць парадак прэторыяне, а па кожным такім раздаванні выносілі з глядзельні людзей з паламанымі рукамі, нагамі або нат затаптаных насмерць.
Але багацейшыя не ўдзельнічалі ў такой суталацы. Аўгустыяне, прымеж таго, забаўляліся Хілонам, падкпіваючы з ягоных дарэмных натугаў у спробах паказаць людзям, што ён на кроў можа так смела глядзець, як кожны іншы. Дарэмна, аднак, грэк-небарака хмурыў бровы, грыз вусны й заціскаў кулак так, што аж пазногці ўрэзваліся яму ў далоні. Ягоная грэцкая ўдача, як і свомая трусасць, не маглі сцярпець такіх відовішчаў. Твар ягоны збялеў, на лбе выступіў пот, вусны ссінелі, вочы паўпадалі, зубы званілі, а па целе прабягала дрыгата. Па сканчэнні бітвы гладыятараў крыху паспакайнеў, але як узялі яго на язык, хапіў яго наглы гнеў, і пачаў заядла адгрызацца.
— Ну, грэк, не можаш глядзець на прадзёртую людскую скуру! — гаварыў, пацягаючы яго за бараду, Ватыній.
А Хілон вышчарыў на яго свае два апошнія жоўтыя зубы і адказвае: — Мой бацька не быў шаўцом, дык не ўмеў яе залатаць.
— Маcte! Hаbet! — адазвалася некалькі галасоў.
Але іншыя кпілі далей: — Не ён вінаваты, што замест сэрца мае ў грудзёх кавалак сыру! — кажа Сэнэцыё.
— І не ты вінен, што замест галавы маеш пухір, — адсек Хілон.
— Можа, хочаш быць гладыятарам? Добра б выглядаў з сеткаю на арэне.
— Каб цябе ў тую сетку злавіў, злавіў бы смярдзячага ўдота.
— А што будзе з хрысціянамі? — пытаў Фэст з Лігурыі. — Ці не хацеў бы стацца сабакам і кусаць іх?
— Не хацеў бы стацца тваім братам.
— Ах ты, брыда меоцкая!
— А ты лігурыйскі мул!
— Скура табе, мусі, свярбіць, але не раю прасіць мяне яе пачухаць.
— Чухай сам сабе. Калі здзярэш собскія прышчы, знішчыш усё, што ў табе ёсць найлепшае.
Такім спосабам дакучалі яму, а ён з’ядліва адгрызаўся, будзячы агульны смех. Цэзар пляскаў у далоні, прыгаворваў: «Маcte!» — і падбухторваў іх.
Але незабаўна падыйшоў Пятроні і, закрануўшы рэзьбяным з косці слановай кіем плячо грэка, спакойна адазваўся: — Гэта ўсё ладна, філёзафе, але вось адну ты зрабіў памылку: багі стварылі цябе зладзюгай-скурадзёрам, а ты стаўся дэманам і дзеля таго не вытрымаеш!
Стары глянуў на яго сваімі ачырванелымі вачыма і на гэты раз не мог нейк знайсці гатовага доцінку. Змоўк на хвіліну, пасля адказвае як бы з натугаю нейкаю: — Вытрымаю!..
Але вось трубы атрубілі канец перапынку. Людзі беглі адусюль на свае мейсцы, кідаючы гутарку. Зноў пачалася штурхатня і сваркі за папярэднія мейсцы. Сходзіліся сенатары й патрыцыі. Паволі гоман уціхаў, усталяўся лад. На арэне з’явілася грамада людзей, каб сям-там заграбці паплямлены настылаю крывёю пясок.
Прыйшла пара на хрысціян. Усе чакалі іх з вялікаю цікавасцю, бо было гэта новае відовішча, і ніхто не ведаў, як яны трымацімуць сябе на арэнах. Настрой публікі быў уважны, спадзяваліся бо сцэнаў незвычайных, але не спагадны. Бо тыя ж людзі, што меліся незабаўна вось з’явіцца, спалілі Рым і векавыя скарбы ягоныя. Адыж яны пажыралі кроў дзяцей, затручвалі ваду, пракліналі ўвесь людскі род і дапускаліся найдзічэйшага ліхадзейства. Раз’яранай нянавісці кожная кара выдавалася недастатковай, і калі трывожыліся ў гэнай хвіліне чые сэрцы, дык хіба з таго толькі, ці пакуты дараўняюць праступкам тых агідных злыдняў.
Тым часам сонейка паднялося высока, і касулі ягоныя, працэджаныя праз пурпуровы велярыюм, залілі амфітэатр крывавым святлом. Пясок стаўся чырвоны, як агонь, і ў тых блясках, у людскіх абліччах, як і ў парожні арэны, якая за хвіліну мелася запоўніцца пакутаю людскою й звярынаю раз’юшанасцю, было нешта злавеснае. Здавалася, у паветры вісіць жудасная смерць. Натаўп, звычайна вясёлы, зацяўся ў нянавісці і маўчаў. На тварах малявалася зацятасць.
Ажно вось прэфект даў знак: з’яўляецца той самы старац, апрануты за Харона, які выклікаў на смерць гладыятараў, і, прайшоўшы павольным крокам праз усю арэну сярод глухое цішыні, застукаў зноў тры разы молатам у дзверы. У амфітэатры загуло: — Хрысціяне! Хрысціяне!
Заскрыгіталі жалезныя краты; у цёмных лёхах разляглося знанае пагукванне мастыгофораў: «На пясок!», і ў адной хвіліне арэна залюднілася грамадамі, казаў бы, сыльванаў, пакрытых касматымі скурамі. Усе беглі хутка і, выбегшы на сярэдзіну арэны, падалі на калені адзін пры другім з паднесенымі ўгару рукамі. Публіка думала, што гэта просьбы пра літасць, і, раз’юшаная такою трусасцю, пачала барабаніць нагамі, свістаць, запускаць парожнім суддзём ад віна, абгладанымі косткамі і раўці: «Звяроў на іх! Звяроў!..» Аж вось сталася нешта нечаканае: з сярэдзіны касматае грамады падыймаюцца спяваючыя галасы, і ў той жа хвіліне зазвінела песня, якую першы раз пачуў рымскі цырк: Christus regnat!.. Зумеўся народ. Хрысціяне пяялі з вачыма, узнесенымі да велярыюма. Відаць было збялелыя абліччы, але як бы натхнёныя. Усе зразумелі, што людзі тыя не просяць літасці і не бачаць перад сабою, казаў бы, ні цырку, ні народу, ні сенату, ні цэзара. «Christus regnat!» — разлягалася штораз гучней, а ў лаўках ад нізу аж да самае гары між шэрагамі глядзельнікаў не адзін пытаў сябе: што гэта дзеецца ды што там за Хрыстус, які ўладарыць у песні тых людзей, ідучых на смерць? Адкрываецца іншая крата, і на арэну выбегла з дзікім імпэтам і браханнем цэлая зграя сабак: палавых вялізных малосаў з Пелапанэзу, паласатых псоў з Пірынеяў і падобных да ваўкоў кундляў з Гіберніі, выгаладжаных наўмысна, з запаўшымі бакамі ды крывавымі зекрамі. Выццё й скавыт напоўнілі ўвесь амфітэатр. Хрысціяне, скончыўшы песню, стаялі непарушна на каленях, моў скамянелыя, паўтараючы толькі ў адзін голас: «Pro Christo!
Pro Christo!» Псы, нюхам пазнаўшы людзей пад звярынымі скурамі і здзіўленыя іхняй непарушнасцю, не асмяляліся адразу на іх кідацца; адны ўспіналіся на сцены ложаў, як бы хацелі дабрацца да публікі, другія бегалі наўкола, заядла брэшучы, моў ганялі якога невядомага звера. Абурыўся народ. Загрымелі, зараўлі па-звярынаму, забрахалі па-сабачаму ды пачалі цкаваць тысячы галасоў. Амфітэатр затросся ад вераску. Раздражнёныя сабакі то пачыналі дарывацца да кленчачых, то адскакваць, ляскаючы зубамі, аж урэшце адзін малос ужорся клыкамі ў плячо ўкленчанае спераду жанчыны і згроб яе пад сябе. Тады дзесяткі іх кінуліся ў сярэдзіну грамадкі ахвяр. Натаўп перастаў крычаць, каб прыглядацца з большаю ўвагай. Сярод выцця і харкатні чутны яшчэ былі жаласныя галасы мужчынскія й жаночыя: «Pro Christo! Pro Christo!», і на арэне змітусілася-склубілася ўсё: сабакі, людзі й трупы. Кроў плыла ручаямі з параздзіранага цела. Вонь крыві і растрыбушанага нутра заглушыла арабскія пахнідлы і напоўніла ўвесь цырк. У канцы відны былі толькі дзе-нідзе паасобныя ўкленчаныя асобы, на якіх воміг кідаліся раз’юшаныя сабакі.