С. 123: Какус — у рымскай міфалогіі вялігур, сын вулкана. …моў калабрыйскія ваўкі… — Калабрыя — крайняя паўднёва-ўсходняя вобласць Італіі.
С. 124: Вімінал — адзін з сямі ўзгоркаў Рыма, размешчаны на паўночным усходзе гораду, паміж Эсквілінам і Квірыналам. Дыаклецыян (284–305 гг.) — адзін з рымскіх цэзараў, які праславіўся грандыёзнымі тэрмамі, пабудаванымі пры ім і захаванымі да нашага часу. Сэрвій Тулій (каля 573–534 гг. перад н. э.) — перадапошні рымскі кароль; рэшткі мура, пра які ідзе гаворка, захаваліся да нашых дзён, але іхні час паходжання вызначаецца тут памылкова: мур вакол Рыма быў узведзены гадоў праз 300 пасля Тулія.
С. 128: Дэміюрг (грэц.) — вытанчаны майстар, стваральнік (у тым ліку і свету); гэты тэрмін ужываўся у грэцкай філязофскай літаратуры.
С. 129: Марыя з Магдалі — паводле хрысціянскага падання, жанчына з прыбярэжнай вобласці паўночнай Палестыны — Галілеі; стала паслядоўніцай Хрыста пасля таго, як Ён засцярог яе ад апанавання злымі духамі.
С. 130: Клеофас — адзін з вучняў Хрыста. Эмаўс — мястэчка блізу Ерузаліма. Тамаш Дыдымус — адзін з 12 апосталаў Хрыста; ён адмаўляўся верыць ва ўваскрэсенне Хрыста, пакуль сам не пабачыў ягоных ран ды не памацаў іх уласнымі пальцамі.
С. 132: «Маран-ата!» — «Госпад ідзе!» (сірыйск.).
С. 133; Буксэнтум — прыморскі горад на заходнім узбярэжжы Паўночнай Італіі. Луцый Сатурнін Гета — камандзір прэторыянаў у часы Клаўдыя.
С. 134: Стыкс — рака забыцця ў краіне мёртвых. …як Арыстотэль да Аляксандра Македонскага… — Арыстотэль, старажытнагрэцкі філёзаф і навуковец-энцыклапедыст, з 343 г. перад н. э. быў выхавальнікам Аляксандра і карыстаўся ў ягоных вачох вялікім аўтарытэтам. Тэзэй — у грэцкай міфалогіі герой, сын караля Эгэя; сярод шматлікіх ягоных подзвігаў — забойства жахлівага чалавека-быка Мінатаўра; Тэзэя ўважалі за заснавальніка Афінскай дзяржавы.
С. 135: …узяў бы прыклад з Энэя… — Паданне сцвярджае, што ў ноч знішчэння Троі Энэй на плячох вынес свайго бацьку Анхіза з палаючага места. Мамэртынская вязніца — пабудавана на ўсходнім схіле Капіталінскага ўзгор’я, бадай, яшчэ ў перадцэзарскую эпоху; пад ёй месцілася круглая падземная камора, так званы Туліянум, нібыта ў гонар ініцыятара будаўніцтва Сэрвія Тулія, але спярша яна служыла як ёмістасць для вады. …дыету кафалонскага віна… — Назву Кафалонія мела група астравоў ля заходніх берагоў Грэцыі каля в. Ітакі, сярод якіх Зам, Закінф, Дуліхій.
С. 136: Мітра — старажытнаіранскі бог сонца.
С. 140: Цэрбер — у грэцкай міфалогіі жудасны шматгаловы сабака, што ахоўвае ўваход у Аід.
С. 146: …ёсць між хрысціянамі нейкаю Сыбілаю… — Сыбіламі называлі богамнатхнёных прадказальніц усіх часоў і народаў; скажам, найбольш вядомаю была так званая Сыбіла Кумская, што прадказвала яшчэ Энэю.
С. 151: …як небарака жонка Зэтаса з жалю па Ітылю… — Як гаворыцца ў міфе, Аэдонна, жонка фіванскага героя Зэтаса, ад зайздрасці спрабавала забіць старэйшага сына сваёй нявесткі Ніобы, але памылкова забіла ўласнага сына Ітыля; з літасці над жалем Аэдонны багі ператварылі яе ў салаўя.
С. 154: Калікрат, брытанскі кароль — тут недакладнасць: брытанскага ўладара, якога ўзяў у палон ў 52 г. Клаўдый, а потым злітаваўся з яго, звалі Каратак.
С. 159: Сэмноны і маркоманы — адгалінаванні германскага племені свеваў.
С. 160: Вандалы — германскае племя, што спярша жыло на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Квады — племя, што жыло на паўднёвым усходзе Германіі.
С. 161: Бестыярый — удзельнік цырковых баруканняў, які выступаў супраць звяроў (наёмнік — са зброяй, асуджаны — без зброі).
С. 166: Кампедытус — нявольнік, закаваны па нагах.
С. 167: …эпоха… калі не Ёвіш, а Сатурн кіраваў светам… — Сатурн, атоесамліваны з грэцкім Кронасам, — бацька Ёвіша (Зэўса); калі яго паканаў уласны сын, як сведчыць паданне, Сатурн узяў лейцы кіравання Лацыяй, распачаўшы перыяд, які потым назвалі «залатым».
С. 170: Кана — паселішча ў Галілеі. …падчас каменавання Сцяпана… — паводле падання, у маладосці Павал удзельнічаў у збіцці каменнямі дыякана Сцяпана.
С. 171: «Veni, vidi, vici» — гэтая фраза складала пасланне Юлія Цэзара сенату, дзе ён паведамляў аб перамозе (увесну 47 г. перад н. э.) над басфорскім уладаром Фарнакам; Басфорская дзяржава з сталіцай у г. Пантыкапэй (цяпер Керч) займала тэрыторыю Керчанскага і Таманскага паўвостраваў. …бы каледонскі сабака… ў гарах Гіберніі… — Каледоніяй называлася паўночна-заходняя частка Шатландыі, а Гіберніяй — Ірландыя.
С. 173: …як бы іх чуў ад пытыі ў Дэльфах… — Пытыямі называліся жрыцы-прадказальніцы з святыні Апалона ў Дэльфах, горадзе блізу паўночнага ўзбярэжжа Карынфскай затокі; аракула зазвычай пыталіся ў найважнейшых выпадках, а адказы пытыі, якую нібыта натхняў сам Апалон, вызначаліся туманнасцю і двухсэнсоўнасцю.
С. 174: Тразымэнскае возера — вялікае, больш за 15 км даўжынёю, возера ў 150 км на поўнач ад Рыма.
С. 175: Цырцэя — легендарная чараўніца, дачка бога сонца Геліёса, што жыла на востраве Эя; Цырцэя ператварала ў разнастайных жывёлаў усіх, хто трапляў на востраў, але Адысей апынуўся адзіным, хто здолеў не паддацца ейным чарам.
С. 176: Мізэнум — мыс і горад у Кампаньі блізу Байя.
С. 177: Арыцыя — горад у 30 км на паўднёвы захад ад Рыма. Марсавае поле — плошча на беразе Тыбру ў паўночна-заходняй частцы Рыма, месца сходаў, шпацыраў і забаў. Лянавіюм — старажытны горад няўздалеч Альбанскіх гораў.
С. 178: …выліў ёй на голаў коўш фалерну… — маецца на ўвазе адзін з лепшых гатункаў італьянскага віна, выраблянага ў калябярэжнай вобласці Фалерн на поўначы Кампаньі.
С. 179: …на боскую валадарку пафійскіх гаёў… — г. зн. на Афрадыту, бо сярод пафійскіх гаёў на востраве Крыт знаходзілася найзнакамітшая святыня Афрадыты.
С. 180: Кай Вярэс (памёр у 43 г. перад н. э.) славіўся вялікім скарбам, прыдбаным, аднак, шляхам бессаромнага рабавання Сіцыліі, якою кіраваў у 73–71 гг. перад н. э. Праксытэлес, Мірон, Скопас, Лізыпас — знакамітыя грэцкія скульптары; напрыклад, Мірон (V ст. перад н. э.), славуты сваімі дасканалымі выявамі чалавечага цела ў руху. …ці на Паросе, Пантэліконе існуе падобны мармур… — Востраў Парос у Эгейскім моры і гара Пантэлікон у Атыцы (на паўночны захад ад Афін) славіліся радовішчамі мармуру.
С. 182: Радос — вялікі востраў ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Малое Азіі з аднайменным галоўным горадам, дзе знаходзіўся так званы Калос Радоскі, якога старажытныя людзі ўважалі за адно з сямі цудаў свету, бо гэта была гіганцкая бронзавая статуя бога Геліёса вышынёй звыш 30 м, узведзеная ў пачатку III ст. перад н. э. ля ўваходу ў гарадскую гавань. Панопа — горад у Факідзе, вобласці на паўночным узбярэжжы Карынфскай затокі, дзе яшчэ ў II ст. н. э. паказвалі астаткі гліны, з якой Праметэй нібыта выляпіў першых людзей. Леда — згодна міфу, жонка спартанскага караля Тындарэя, якую пакахаў Зэўс і з’яўляўся да яе ў выглядзе лебедзя, пасля чаго Леда знесла яйка (а ў некаторых версіях міфа гаворыцца аб некалькіх яйках), адкуль вылупілася Гэлена-Прыгажуня; шкарлупінне таго яйка паказвалі ў Спарце яшчэ ў II ст. н. э. Панцыр сармацкі — племя сарматаў, або саўраматаў, жыло у наваколлі Мэатыйскага возера (цяпер — Азоўскае мора), а вышэйназваны панцыр захоўваўся ў святыні Асклепіёса ў Афінах і сапраўды быў зроблены з конскіх капытоў шляхам наразання тонкіх пластак і змацоўвання іх паміжсобку. Эўбея — вялікі востраў ля ўсходняга ўзбярэжжа Сярэдняй Грэцыі.