Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

„Прывясьці іх сюды!"

Ён пачырванеў да вушэй і рыхтаваўся прамармытаць тое-сёе ў сваё апраўданьне; але, заўважыўшы, што яго загад ня выклікаў зьдзіўленьня з боку графа й дзяжурнага пажа, прамаўчаў. Паж, найсур'ёзней выглядаўшы, нізка пакланіўся і адступіў да дзьвярэй, каб перадаць загад. Том пачуў прыліў гордасьці ад разуменьня прывілеяў і выгадаў каралеўскага палажэньня: „Але, гэта й сапраўды, — падумаў ён, — змахвае на тое, што я перажываў пры чытаньні кніжак старога сьвяшчэньніка, калі, бывала, ўяўляў сябе прынцам, выдаваў законы, аддаваў загады: „Зрабіць тое! Споўніць гэтае!" і ніхто ня сьмеў працівіцца мне або пярэчыць маёй волі".

Але вось дзьверы адчыніліся: гучныя тытулы пачалі рэкамандавацца адзін за адным і ўласьнікі іхнія пакрысе зьяўляліся, так што заля хутка напалову напоўнілася вяльможамі і шляхтай. А Том як быццам і не заўважыў прысутнасьці гэтых паноў, да таго быў ён узварушаны й ахоплены іншаю болей важнаю акалічнасьцяй. Ён, сам ня свой, сеў на раскошнае крэсла і не адрываў вачэй ад дзьвярэй, выказваючы ад часу да часу нецярплівае чаканьне. Прысутныя, заўважыўшы гэта, пакінулі займацца ім і пусьціліся ў гутарку аб дзяржаўных справах ды часткаю аб прыдворных навінах.

Хутка пачуліся роўныя крокі ваякаў і ў залю ўвайшлі засуджаныя, у праводжаньні памоцніка шэрыфа й канвою з аддзелу каралеўскае гвардыі. Вураднік стаў на адно калена перад Томам, і затым адыйшоў у бок; трое праступнікаў таксама ўпалі на калены й засталіся ў гэткім палажэньні; варта заняла месца ззаду за каралеўскім пасадам. Том з цікавасьцю аглядаў засуджаных. Штосьці знаёмае ў вопратцы ці ў павярхоўнасьці мужчыны збудзіла ў ім няясны ўспамін. „Здаецца, я недзе бачыў гэтага чалавека... але-ж дзе напэўна й калі — ня прыпомню", — падумаў ён. Тут якраз праступнік борзда падняў вочы і таксама борзда спусьціў іх, ня сьмеючы проста глядзець на магутнага монарха; але аднаго пагляду даволі было для Тома. „Цяпер ведаю", рашыўён, „гэта той самы незнаёмы, яні выцягнуў Джайльса Уітта з Тэмзы й выратаваў ему жыцьцё ў бурны, халодны дзень новага году. Гэта быў адважны паступак... Жаль, што ён пусьціўся ўва ўсе нялёгкія ды ўліп. Не запомню гэтага дня, не запомню й гадзіны, па тэй простай прычыне, што роўна гадзіну пачакаўшы, калі выбіла адзінаццатая, бабка Канці ўласнаручна дала мне гэткую бяспрыкладна гарачую лазьню, якой я ніколі не даставаў ні раней, ні пазьней".

Том загадаў на нейкі час выдаліць жанчыну й дзеўчыну і зьвярнуўся да памоцніка шэрыфа:

— Сэр, якое праступленьне зрабіў ён?

Вураднік, стаўшы на калена, адказаў:

— Сьмею далажыць вашай вялікасьці, ён атруціў чалавека.

Спачуваньне Тома да арыштанта й сымпатыя да яго, як адважнага збавіцеля топленіка хлопчыка, значна аслабела.

— Даказана было праступленьне? — спытаўся ён.

— Саўсім, гаспадару.

Том уздыхнуў і прамовіў:

— Адвядзеце яго — ён заслужыў кару сьмерці. Шкада, ён гэткі адважны... гэта, вось, выгляд у яго такі.

Тут праступнік з раптоўнаю энэргіяй выцягнуў рукі, з адмогаю ламаючы іх і, ў той-жа самы час, палахліва молячы караля:

— О, гаспадазру, табе шкада атручанага — дык зьлітуйся і нада мною. Я невінаваты — абвінавачаньне не даказана... Але ня ў гэтым справа, — прыгавар проці мяне вынесены і ўжо ня будзе адменены... У няшчасьці сваім я прашу толькі аднае міласьці... жорсткі мне прыгавар... Зьлітуйся, зьлітуйся, гаспадару, і, ў царскім міласэрдзі тваім, аддай загад павесіць мяне!...

Том быў аглушаны. Не таго чакаў ён.

— Дзіўна, вось дык дзіўная міласьць. Ці-ж не на гэткую самую кару засудзілі цябе?

— Не, гаспадару! Мне надходзіць час быці звараным жыўцом.

Пры гэтых словах Том ад зьдзіўленьня блізу што падскочыў на сваім крэсьле. Супакоіўшыся крыху, ён сказаў:

— Хай будзе патвойму. Калі-б ты навет атруціў сотню людзей, ты ўсё такі не павінен памёрці гэткаю нялюдзкаю сьмерцю.

Засуджаны ўпаў ніцьма і рассыпаўся ў словах гарачае падзякі.

— Калі на тваю долю калі-нібудзь, — не давядзі Божа, — выпадзе гора, хай залічыцца табе тваё міласэрдзе, гаспадару!

— Мілёрд, ці-ж магчыма, каб чалавек гэты быў засуджаны на гэткую нялюдзкую кару? — спытаўся Том, зьвярнуўшыся да Гэртфорда.

— Гэткі, вашая вялікасьць, закон проці труціцеляў. У Нямеччыне фальшывых монэтчыкаў вараць у растопленым масьле, — ды не адразу ўкідаюць іх у кацёл, а паступова на вяроўцы спушчаюць — спачатку ногі, пасьля тулава, пасьля.

— О, калі ласка, сьціхні, мілёрд, я не магу гэтага вытрываць, — сказаў Том, закрываючы твар рукамі, як быццам ня хочучы бачыць жахоўны абраз. Малю вас, добры мілёрд, загадайце адмяніць гэты закон — хай болей ня робяць з няшчаснымі гэткіх пытак.

Твар графа заясьнеў ад шчырае ўцехі; ён быў чалавек з добрымі й людзкімі нахіламі — якасьці, што не асабліва часта спатыкаліся ў тыя лютыя часы ў людзей вышэйшае клясы.

— Гэтыя добрародныя словы вашае вялікасьці кладуць канец гэткім жорсткасьцям, гісторыя выпіша вашыя словы на сваіх скрыжалях на чэсьць і славу ўсяго вашага каралеўскага дому.

Шэрыф ужо зьбіраўся павясьці праступніка, але Том знакам загадаў яму пачакаць.

— Сэр, я хацеў-бы падрабней азнаёміцца з гэтаю справаю. Засуджаны цьвердзіць, што проці яго няма важкіх доказаў. Раскажы мне ўсё, што табе вядома.

— Сьмею далажыць вашай вялікасьці, што чалавек гэты, як выясьнілася на сьледстве, зайшоў у адну з хацінак у вёсцы Ісьлінгтон, дзе ляжаў хворы... Трох сьведкаў паказала, што гэта было а дзесятай гадзіне раніцай, а двох — што на некалькі мінут пазьней. Хворы ў той час быў адзін і спаў. Затым чалавек гэты выйшаў і пайшоў сваею дарогаю. Цераз гадзіну хворы памёр у страшэнных сударгах.

— Ці-ж бачыў хто-нібудзь, што яму далі атруты? Знойдзена была атрута?

— Не, гаспадару.

— Адкуль-жа ўзялі, што хворы быў атручаны?

— Сьмею далажыць, дактары пацьвярдзілі, што гэткія сымптомы бываюць толькі пры атручэньнях.

Гэта было важкім доказам у той грубы век. Том разумеў, якую сілу гэта мае.

— Дактары, ведама-ж, ведаюць сваё дзела, — сказаў ён, — яны, мусі, праўдзівы. Акалічнанасьці гавораць не на карысьць засуджанага.

— Але гэта яшчэ ня ўсё, вашая вялікасьць; ёсьць тое-сёе паважнейшае ды горшае. Шмат хто паказаў, што варажбітка, невядома куды зьнікшая пасьля з вёскі, спраракавала, — і сакрэтна яна казала аб гэтым кожнаму са сьведкаў, — што хворы памрэ ад атруты, апрача таго, што атрута дастанецца яму ад рукі невядомага мужчыны з чорнымі валасамі, апраненага ў простую паношаную вопратку. Як бачыце, праступнік страшэнна адпавядае апісаньню. Пры гэтым, вашая вялікасьць, прашу зьвярнуць увагу на асабліва важную акалічнасьць — на праракаваньне варажбіткі.

У той забабонны час падобны довад меў непераможную сілу. Том разумеў, што справа скончана; калі яшчэ меліся й паказаньні сьведкаў, дык віна лічылася даказанаю. Аднак, ён даў арыштанту апошняе слова.

— Калі можаш сказаць што-нібудзь у сваё апраўданьне, дык кажы:

— Нішто не паможа мне, гаспадару. Я невінаваты, але не магу нічым пацьвярдзіць гэтага. Няма ў мяне тутака знаёмых, а то я даказаў-бы, што навет і ня быў у Ісьлінгтоне ў той дзень; я даказаў-бы, што ў той час, які яны прыводзяць, быў я ў Уопінг-Ольд-Стэйрсе, больш, як за мілю дарогі. Мала таго, гаспадару, я мог-бы выясьніць, што якраз у гэту мінуту я ратаваў чалавека, а не пазбаўляў каго-нібудзь жыцьця. Хлопчык, што тапіўся...

— Годзі! Шэрыф, у які дзень было зроблена праступленьне?

— У дзень новага году, найсьвятлейшы гаспадару, каля дзесятай гадзіны раніцай.

— Пусьціць арыштованага на волю — гэтак загадвае кароль!

Падчас гэтае рэзвасьці, не саўсім адпаведнай каралеўскай дастойнасьці, ён увесь пачырванеў, і, як умеў, пастараўся загладзіць сваё павядзеньне.

— Мяне ліха бярэ, — сказаў ён, — што маглі засудзіць чалавека на сьмерць, на грунце гэткіх непраўдзівых, лёгкаважных паказаньняў.

Глухі шэпт зьдзіўленьня праляцеў па ўсёй залі. Усе вельмі ўцешыліся, але не ад рэзалюцыі Тома, — бо наўрад, ці хто-нібудзь з прысутных пачаў-бы згаджацца з апраўданьнем труціцеля, ці цешыцца літасьцю да праступніка, — не, уцеха адносілася да кемкасьці й розуму, выказанага хлопчыкам. Пачуліся ціхія ўвагі:

19
{"b":"979087","o":1}