Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Калі за краты прывяла дарога, час надышоў зямному мурашу,— надзеі ўсе на бога ўсклаў нябога, агнём збавення...

«Але ж гэта было складзена яшчэ ў сутарэнні,— схамянуўся Масей.— Ды і пры чым тут бог?.. Адкуль ён?..»

Агнём збавення...

Уражаны, Масей колькі часу нерухома сядзеў над сшыткам, тады, быццам у сутарзе, скамячыў рукою пачаты аркуш, адарваў ад сшытка і кінуў праз расчыненае акно ў палісаднік. Тым не менш недзе падсвядома ў галаве не пераставала біцца ранейшая думка, і ён неўзабаве ўсё-ткі дадумаў апошні радок:

Агнём збавення высветліў душу...

Так, агнём збавення...

Масей ускочыў на ногі і пачаў хутка мераць хату ад стала да грубкі, звычайнай печкі-галандкі.

Збавення...

Вось тут, у гэтым «агні збавення», няйначай, пачатак усяго.

Раптам Масей адчуў у сабе нейкую расчараваную стому, нібыта за гэтыя колькі хвілін, што сядзеў за сталом, была страчана ўся душэўная і разумовая энергія. На сшытак ужо было ажно страшна глядзець, усё роўна як належала ўпісаць у яго прысуд сабе.

А ўранні маці паклікала яго ў Паддубішча.

— Хадзем, можа, сынок, паглядзім, што тама пажар еты натварыў,— сказала яна.— Калі і па нашай паласе пахадзіў, дак награбу на копнішчах хоць зерня. Не ўсё ж яно тама пасмягла.— А тады нечага адразу стала закідваць слова і за бацьку, нібыта ўвесь гэты час, што мінуўся ў бацькаву адсутнасць, яна толькі адно і думала аб учарашняй размове.— А можа, бацька і праўду казаў. Шкада во толькі, што некалі яму. Усё неяк без яго людзі не могуць. Хоць бы і цяпера. Я іншы раз таксама вазьму што-небудзь у сэрца, ляпну абы-што, а пасля сама вінавачу сябе — навошта было? Бытта без етага і пражыць нельга? А яно і сіл маіх ужо на ўсё не стае. Здаецца, дасюль яшчэ мадзела неяк, яшчэ трымалася пакрысе, а цяпера во ногі кожны раз падкошваюцца. Як што якое, дак сэрца бытта апускаецца і ногі падкошваюцца. Ну, да хвала богу, ты вярнуўся, цяпера дома, дак... Але не думай, што бацькава слова абы-якое. Ты яго слухай іншы раз, а то мне ўжо часам і не панятна, каго з вас шкадаваць. Ты, сынок, дабрэй да яго, дак і ён дабрэйшы будзе да цябе. А калі што якое, то я ўжо ў крыўду не дам.

Марфа высмыгнула з лахманоў на тапчане паласатую дзяругу, якой накрываўся ўначы бацька, утаптала яе, не складваючы ў рэдзі, у мяшок і ўсміхнулася Масею, акурат змоўшчыца якая.

З двара яна не павяла сына па завулку, а збочыла адразу з ганка, што ў двары, да той форткі на гарод. Там у яе на дошках, складзеных у шурку пры хлеве, ляжаў пранік — аббівала нядаўна проса. Узяла яго, кінула наверх дзяругі ў мяшок. На мяжы, што служыла праз гарод не дужа патоптанай сцежкай, прапусціла паперад сябе сына, і яны пайшлі так, адзін за адным, між бульбоўніку да пералазу. Для Масея ўсё было новае вакол, ва ўсякім разе, успрымалася як новае ці дужа даўно бачанае. Але на гародзе позірк амаль не затрымаўся, вочы, што тыя зайцы, адразу гайсанулі далей, спярша да бальшака, што вызначаўся за аўсом разгалістымі бярозамі, тады нібыта адшукалі кусты на краі глінішча і, нарэшце, спыніліся на соснах, якія раслі на вясковых могілках. Пры гэтым знарок хацелася бачыць усё як нанава, адзначаючы і тое, што з’явілася за ваколіцай у яго адсутнасць, і тое, чаго не стала. Пра танкетку, якая сажай чарнела на аўсяным узмежку, ён неяк пасаромеўся нават пытацца ў маці,— ці мала пакарэжанага, закопчанага металу давялося пабачыць за дарогу ў Верамейкі, а вось пра буслянку, што на бярозе ля могілак, не ўтрымаўся загаварыць:

— Здаецца ж, буслы раней гняздо мелі не там?

— А-а-а,— усміхнулася маці,— запомніў? Дак тае бярозы няма. Пчолы ў дупле знізу былі завяліся, ну, і некаторыя нашы аматары даставалі мёд, усё дупло падразалі шырэй, каб лягчэй браць соты, а тады ў навальніцу бура і саўсім зламала дрэва на надрэзаным месцы. Так што колькі гадоў пасля не было дзе сесці буслам. Прыляцяць вясной, пакружаць над вёскай і паляцяць назад. Ну, а тады неяк Яшка ўзвалок барану і на ету бярозу. А ты от прыкмеціў ай не, што на гняздзе ўвесь час адна і адна птушка стаіць, і ніхто к ёй не прылятае?

— Не.

— Дак ета сама бусліха, а бусла няма.

— Чаму?

— Тута ў нас цэлая гісторыя раней з етым была,— адказала Марфа.— Бачыш, бяроза якая тоўстая, што ажно голлем дастае цераз дарогу на Ляксейкаў гарод? Дак з етага якраз і выйшла ўсё.

Паўз лазню, што стаяла з накінутым на прабой чэпам, яны ўжо выпроствалі па быльніку да глінішча, каб трапіць на сцежку, па якой належала ісці далей, на гуцянскую дарогу, а адтуль у Паддубішча.

Дыхалася Масею, як у звычайную пагожую раніцу, хоць асаблівай узнёсласці, якая здараецца ад раптоўнага далучэння да прыроды, не адчувалася.

Сонца тым часам страціла ўжо ранішні выгляд, было сліпучае і гарачае; стоячы акурат над гуцянскай дарогай і мала не дайшоўшы да жытнёвага палетка на кургане, яно свяціла цяпер у твар.

Убачыўшы злева ніжэй бружмелевага куста на тым беразе рова адкрытыя пячуркі, Масей адразу падумаў: вось добра, трэба прынесці на бацькаў падворак у кашы гліны, можа, сапраўды калі сверб у руках з’явіцца...

Некалі ён збіраўся паступаць у мастацкае вучылішча, але не выйшла па самай простай прычыне, з-за вялікай адлегласці — Віцебск, дзе было ў Беларусі адзінае такое вучылішча, знаходзіўся далёка ад Верамеек; тым часам зусім блізка, у Мсціслаўлі, ужо каторы год працаваў педтэхнікум, дзе вучылася на настаўнікаў сялянская моладзь з усёй акругі. Гэта і вырашыла канчатковы выбар. Тым больш што дамашнія, пачынаючы ад дзеда Яўмена, таксама не ўхвалялі намер «ляпіць з гліны чалавекаў». Іншая справа — настаўнік! Але захапленне, якое абудзіў у хлопцу ў час грамадзянскай вайны чэх з інтэратрада, не траціла над ім улады.

Маці ступіла першая на сцежку з рудога быльніку, азірнулася на Масея.

— Дак паслухай далей, як яно было з етымі бусламі,— сказала яна, чакаючы, пакуль наблізіцца сын.— Зяць у Ляксейкі завёўся з пасёлка Слабадскога, здаецца. Ты ж, пэўна, помніш іхнюю Зену, дак прыехаў да яе, і не абы-хто, каб сказаць, а настаўнік. Я ўжо не ведаю, што чытаў ён у школе, пра ета табе другі хто скажа, але з вінтоўкай ён бегаў часта па Верамейках. Як прыехаў к нам, дак за школай верамейкаўскія хлопцы адразу нават стрэльбішча выкапалі, значкі розныя на грудзі начапілі. Усё хадзілі страляць па кружочках чорных. Іншы раз ідзеш паўз той роў к возеру бялізну паласкаць, а яны ажно валяюцца тама, тыя намаляваныя на паперах кружочкі, быццам птушка іх падзяўбла. Ну, за што ўжо вінтоўка ў яго добрая была, дак нячутна страляла, груку не рабіла. Шпокаюць паціху тама хлопцы сабе каля школы пад горкай, а нам тута ў вёсцы і не чуваць. Але ж я не пра ета. Вось што было. Глядзеў неяк настаўнік, што буслы носяць у гняздо вужоў. Ну, а яно і праўда — буслы ж кормяцца абы-чым па нашаму людскому паняццю: то жаб на балоце ловяць, то вужоў выглядаюць, а то і гадзюку налучаць. Тады і нясуць усё жывое ў гняздо. А калі бусліха сядзіць на яйках, дак і яе ў тую пару карміць трэба. Я ета к таму, што кожны ведае, чым буслы звычайна кормяцца. Ну, а ён, Ляксейкаў зяць, бытта першы раз убачыў. Кажа, панапускаюць гадзюк у гарод, а тыя і ў хату напаўзуць. Схапіў у гарачцы вінтоўку да й стрэліў, доўга не думаючы, забіў бусла.

— А верамейкаўцы што?

— Дак што мы! Пашумелі трохі, а тады перасталі. Ведалі, што буслы адпомсцяць за сябе. Махнытку на страху прынясуць адкуль. І што ты думаеш — разы два ўжо Ляксейкаў двор загараўся, аднак заўсёды хто-небудзь нахопліваўся, то сам Ляксейка, то Ціток таксама аднаго разу выратаваў сям’ю ад пажару, убачыў з сельсавета агонь да падняў шум.

— А зяця Ляксейка пасля таго не прагнаў? — спытаў Масей.

— Дзе ты прагоніш яго! Да і навошта? Што ні кажы, а настаўнік. Такія зяці на дарозе не валяюцца.

Тады Масей яшчэ спытаў:

— Дзе ж ён цяпер, настаўнік?

— На вайне. Усе ж на вайне, дак і яго забралі па мабілізацыі. Кажуць, чалавек ён бытта не благі. Ляксейка заўсёды дайжа хваліў на людзёх, а во што дурны, дык ужо праўда. Тута ніхто нічога не скажа. Навошта было забіваць карысную птушку?

60
{"b":"849480","o":1}