— Здароў, Хонан! — спыніўшыся насупраць, мякка гукнуў Зазыба, каб павітанне не было раптам знянацку.
Сыркін адразу пазнаў Зазыбу, хоць вялікага дзіва не было ў тым, бо мала каго наогул яўрэй-нарыхтоўшчык не ведаў з блізкіх і далёкіх вёсак, асабліва такіх прыкметных людзей, як гэты верамейкаўскі.
— Дзе ж твая Цыля? — спытаў Зазыба далей, як і думаў наперад запытацца.
— Няма Цылі, — хрыпла, нават некалькі абыякава адказаў Сыркін і адвёў убок вочы, быццам раней яшчэ правініўся ў нечым перад Зазыбам, але проста адчуваў сваю віну наогул, пра якую кожнаму льга было здагадацца. — Ужо няма Цылі, — дадаў ён, кідаючы словы ў пустату, але цяпер Зазыба выразна ўлавіў скруху ў ягоным голасе, акурат гэта быў моцны, хоць і стоены стогн.
Па ўсім было відаць, што Сыркін не меў патрэбы ў чужой спагадзе, і, можа, не таму, што не хацеў яе ад людзей; няйначай, цяпер ён знаходзіўся ў такім стане, калі проста бывае нават не да гэтага.
У самы момант, калі Зазыба збіраўся з далейшымі словамі, за спіной пачуўся знаёмы голас — аказваецца, тая кабета пералезла на вуліцу са свайго гарода цераз паркан, прыйшла следам.
— Не слухай яго, Хонан, — сказала яна, і Зазыба зразумеў, што голас яе па-ранейшаму здзеклівы, значыць, злосці сваёй кабета яшчэ не растраціла, таму нічога добрага далучэнне яе сюды не абяцала. — Гэта ж яны з тым кульгавым Шарэйкам, што краўцом у мястэчку, зязюлю гэту пасадзілі ў дом табе. Адкуль жа хоць ён, Хонан? Ці ведаеш?
Пачуўшы гэта, Сыркін адразу страпянуўся, павярнуў твар да Зазыбы, аднак не здзіўленне бліснула ў яго паразумнелых вачах, а чамусьці адкрытая няверлівасць, быццам ён да глыбіні душы быў уражаны пачутым і цяпер хацеў пераканацца ў адваротным.
Зазыба не сказаў на гэта Сыркіну ні слова, ён толькі шырэй расплюснуў вочы, акурат баючыся, што іначай нутром выдасць сябе: у ягоны разлік не ўваходзіла гаварыць пра Марылю з кім бы то ні было, таксама як і пра сваю прычыннасць да ўладкавання яе ў мястэчку.
— Дык адкуль гэты чалавек, Хонан? — нібыта спрабавала разбудзіць Сыркіна ўедлівая местачкоўка, няйначай, размова такая кабеце патрэбна была ўжо не столькі дзеля спагады, з якой яна звярталася да бяздомнага чалавека, ганьбячы ягоных крыўдзіцеляў, — колькі для задавальнення звычайнага самалюбства, якое зацяло ёй — от жа Сыркін, нябось, ведае гэтага вяскоўца, а таксама баіцца, не гаворыць!
Зразумеўшы, што местачкоўка не адступіцца лёгка, будзе доўга чаўпсці сабе вось так, пакуль не вырве ў Хоні адказу, Зазыба паспяшыў узяць на сябе размову.
— Не слухай ты яе, Хонан, — сказаў ён, зрабіўшы зморшчаны ад прыкрасці твар. — Табе тут зараз усяго нагаворыць! Ні я, ні Шарэйка не вінаваты, што так выйшла. Ды і ніхто не вінаваты. Цябе не было ў мястэчку, а хата пуставала. Ну, дзеўка і пасялілася ў тваю хату. Так што, бачыш... Магла чыю другую аблюбаваць, а выбрала тваю. І цяпер нічога не зробіш. Не чапацца ж табе праз гэта з немцамі, бо яна ж, мусіць, у іх служыць?
— І служыць, і...
— Ну, от, — нібыта ад радасці перабіў кабету Зазыба, — значыць, не трэба сядзець вам тут. Мазоліць вочы. Раз твая хата занята, перахадзі жыць з сынамі ў другую. Здаецца ж, у мястэчку вольных дамоў хапае.
Сыркін свядома заківаў галавой.
— Ну, то і ступай зараз жа, — падбадзёрыў яго Зазыба, — займай чый-небудзь дом з вашых бежанцаў ды і жыві, а то і праўда наклічаш... на сябе бяду якую.
Мусіць, дагэтуль Хонан нават і ў галаве не меў, што можна неяк абысціся ў мястэчку без свайго дома, што можна знайсці прытулак у іншым месцы, балазе апусцелых дамоў сапраўды хапала, але як сказаў пра гэта Зазыба, дык адразу нібыта павесялеў знутры — акурат у непагадзь, проці ночы, атрымаў запрашэнне на начлег.
Між іншым, здавалася, жанчыну, якая не толькі прысутнічала тут, а і актыўна ўдзельнічала ў вырашэнні справы, не задавальняў такі зыход, таму яна ажно ступіла ў парыве наперад, стаўшы паміж Зазыбам і Сыркіным.
— Во, ён нарабіў шкоды, пазбавіў чалавека ўласнай страхі, а я раптам вінаватая?
— Ніхто цябе не вінаваціць! — паціснуў плячамі Зазыба, акурат выказваючы гэтым сваё недаўменне.
— Не, не абдурыш! — не здавалася тым часам уедлівая местачкоўка. — Не такая я капуха, каб ты мяне вакол пальца абвёў! І ты, Хонан, не вер яму! Сама, на свае вочы бачыла, як вы з Шарэйкам курву гэту прывозілі сюды! Нават магу сказаць, калі гэта было! На спаса, во калі!
— Вярзеш абы-што, — спрабуючы суняць жанчыну, строга але, разам з тым і лагодна сказаў Зазыба. — Усё ты бачыла, усё ты чула. А між іншым, магла і памыліцца. Магла і не даглядзець як след.
— Памыліцца, не даглядзець, — крывячы губы і перадражніваючы словамі Зазыбу, як не залямантавала кабета. — Мне ж пакуль вочы не вырвала і вушы не пазатыкала!
— Ладна, дапусцім, — не губляючы разважлівага тону, паблажліва ўсміхнуўся Зазыба,— думаў, хоць гэтым выкліча ў жанчыны душэўнае ўтрапенне, каб звесці пасля гаворку да звычайнага чалавечага ладу, злашча што як грамадзянін Зазыба не мог не разумець, якія пачуцці кіравалі кабетай, — урэшце, яна гаварыла чыстую праўду; іншая справа, што яе праўда была не да месца, пагражаючы нанесці шкоду; з другога боку, гэтую недарэчную гаворку, якая з кожнай хвілінай перарастала ў звычайны лямант, трэба было край скончыць; таму Зазыба адкрыта спытаў: — Але якая табе карысць? Ну, няхай Хонан, яму ёсць пра што клапаціцца, а табе якая карысць?
— А што чалавеку няма дзе прытуліць дзяцей, дык...
— Вось гэта ўжо іншая гаворка, — паспяшаўся Зазыба, — калі ўжо так выйшла, што гаспадара не пускаюць у хату, то запрасіла б яго да сябе.
— Я? — як не жахнулася местачкоўка.
— А чаму б і не?
— Дык...
— Бачыш, Хонан, — скарыстаўшы яе збянтэжанасць, звярнуўся да Сыркіна Зазыба, — я праўду табе кажу, не сядзі тут, ідзі куды-небудзь са сваімі хлопцамі ў вольную хату, а то гэтыя жаласлівыя местачкоўцы яшчэ доўга будуць душу табе атручваць.
Яўрэй зноў, згаджаючыся, заківаў галавой.
Тады і жанчына акурат спахапілася, што чужы чалавек мае большую рацыю, пачала падказваць:
— Млынароў дом, здаецца, таксама пусты дасюль. — Да таго ж Зазыбава прапанова адпавядала цяпер і яе жаданню — а раптам і праўда давядзецца весці гэтых яўрэяў у дом к сабе?
Не чакаючы бацькавай каманды, Хоніны хлопцы пабралі з муравы рэчы, якія прынеслі з сабой. Адарваўся ад зямлі і сам Сыркін, пакутліва разгінаючы натруджаныя, пабітыя, а за час сядзення і адубелыя, ногі.
— А ведаеш, з кім мы ішлі дарогай? — Выраз твару цяпер у яго быў такі, усё роўна як адно гэта ўвесь час ён і меў у галаве і зусім не слухаў, аб чым спрачаліся над ім і гэты верамейкаўскі мужык, і гэтая знаёмая кабета, лічы, суседка, бо іхнія двары мала што не стаялі страха да страхі. — З Чубарам вашым, вось з кім!
— З Чубарам? — не паверыў Зазыба. — Калі гэта было? Сёння?
— Не, раней. Мы ў Мяльку затрымаліся былі, пажылі трохі, а ён далей пайшоў.
Х
Яшніца стаяла пры вялікім паштовым тракце, мусіць, пры такім жа старым, як і само мястэчка. Пакуль не збудавалі чыгунку з Унечы на Оршу, тракт быў адзінай праезжай, гэта значыць, упарадкаванай дарогай працягласцю, можа, у сто вёрст, якая злучала павятовы горад з валаснымі мястэчкамі і вялікімі станавымі сёламі. Акрамя таго, па ім можна было трапіць адразу за межы павета — перш за ўсё ў Чарнігаўшчыну, да якой у той час належалі і Навазыбкаў, і Клінцы, і Старадуб, і Унеча, і Сураж... Можна сабе ўявіць, колькі тут праехала-прамчала тады ў абодва канцы шыкоўных фаэтонаў, рэсорных брычак, паштовых карэт, а найбольш, канечне, сялянскіх вазоў! Чыгунка цалкам перайначыла шляхі зносін у гэтай мясцовасці. З уводам яе ў дзеянне ўжо не знаходзілася ахвотнікаў пераадольваць тыя сто вёрст нават у самых нядрогкіх фаэтонах. Зразумела, што і стары тракт паступова зрабіўся непатрэбны вялікаму мноству людзей, цяпер па ім ездзілі ахвочыя ў госці ці па якой гаспадарчай патрэбе адно ад мястэчка да мястэчка, ад сяла да сяла, ад вёскі да вёскі. Ды і трактам яго перасталі называць — проста дарога, бальшак...