І вось да гэтага Арцёма Алейнікава Зазыба цяпер збіраўся ехаць у Дзяржынне. У кожным разе, калі Арцём і нічога не ведае пра жнівеньскую нараду, якую склікаў у Машавой крутагорскі райком партыі і на якую не трапіў Чубар, то размова з ім будзе ўсё роўна карыснай — звычайна леснікі, нават глухія, чуюць і бачаць больш, чым гэта іншы раз здаецца.
— Ну от,— з дакорам сказаў Чубару Зазыба,— аказваецца, і для мяне работа знайшлася, а ты ўжо хацеў, каб...
— Работа цяпер для ўсіх знойдзецца, абы не адвільвалі,— з прыхаванай нездаволенасцю азваўся Чубар.— Урэшце твая справа, калі ехаць у Машавую — заўтра ці на дзень-два пазней. Але каб доўга не цягнуў. І перад тым як паедзеш, пакліч да мяне Драніцу.
— Ты што, не ведаеш, з кім цяпер Драніца твой дружбу водзіць? — утарапеў Зазыба.— Ён жа заўтра прадасць цябе Брава-Жыватоўскаму!
— Нічога,— знарок не звярнуў увагі на Зазыбаву збянтэжанасць Чубар.— Ты яму толькі скажы, што я тут, а потым ужо мой клопат будзе нанава ў сваю веру перавярнуць яго.
XII
Хтосьці мужчынскім голасам гукнуў з прыцямковае вуліцы:
— Гэта вы з Верамеек?
Салдаткі ад нечаканасці спыніліся, прыціхлі. Нарэшце зусім як з неахвотаю адказалі:
— Мы.
— Тут ваша адна ў хаце ў мяне,— падышоў бліжэй чалавек,— то хадземце і вы.
— Хто, Роза? — у момант абступілі, акурат абсыпалі яго, верамейкаўскія кабеты.
Але ён як не пачуў. Сказаў далей:
— А другая ваша ў камендатуры. Немцы перадалі яе ў нашу, яшніцкую, камендатуру. Будзе разбірацца заўтра камендант, што яна натварыла, у чым вінавата.— Памаўчаў і дадаў: — Але нейкія вы... Другія кабеты хадзілі сюды да нас, неяк ціха было ўсё, а вы раптам нарабілі дзялоў.
— Да ўжо ж...— уздыхнуўшы, усё роўна як павінілася за ўсіх перад незнаёмым чалавекам Анэта Прыбыткова.
У хаце, куды неўзабаве прывёў яшніцкі мужык верамейкаўскую гурму, акрамя заклапочанай Розы Самусёвай, былі яшчэ дзве жанчыны, мусіць, адна гаспадыня, жонка гэтага чалавека, яшчэ маладая, хоць і круглая кабета, і старэйшая, ці то свякруха яе, ці, можа, цешча ягоная, якая, седзячы на маленькім слончыку, гушкала калыску на вяроўчатых почапках.
Роза пачула спадарожніц, калі тыя затупалі яшчэ на двары, паўз вокны; яна дакладна ведала, што гэта ідуць яе вяскоўцы, бо гаспадар хаты абяцаў перастрэць іх па дарозе ад лагера і прывесці сюды; таму яна ўскочыла з мулкага венскага крэсла, на якім сядзела ў тынкаваным прасценку паміж вокнаў, і як толькі адчыніліся дзверы ў сенцы, а за парогам хаты ў цёмным праёме ўзніклі знаёмыя абрысы, памкнулася насустрач.
— Ну, каб ета хто падумаць мог! — пляснула яна рукамі.— Яны ж за яўрэйку мяне палічылі!
— Яшчэ што скажаш! — адразу не паверыла ёй Варка Касперукова.
Тады разважыла маладая гаспадыня.
— А што дзіўнага? — усміхнулася яна.— Як у нас кажуць — рыхтык яўрэечка!
— Ну, якая яна яўрэечка? — паціснула плячамі Анэта Прыбыткова, але і сама неўпрыкмет кінула на Розу дапытлівы позірк.
— Ладна,—звярнулася да кабет нездаволеная чымсьці Палага Хахлова,— яўрэйка дык яўрэйка. Можа, калі балагол які і заначаваў у дзедавай бабкі. Нездарма ж у іх заўсёды добрыя свінні водзяцца. Але ета ўсё жартачкі...
— Ну да, добрыя жартачкі! — усё роўна як заступілася за Розу Анэта Прыбыткова.— Етыя жартачкі ледзь не давялі во!..
— Дак я і кажу,— зрабіла пакутлівы твар ад нецярплівасці Палага Хахлова.— Я і кажу...— Відаць, яна хацела сказаць нешта Анэце Прыбытковай у сваё апраўданне, аднак адмовілася і, павярнуўшыся да Розы Самусёвай, спытала: — Ну, а Дуню? Чаму раптам Дуню забралі?
Роза бліснула пры цьмяным святле бляшанай газоўкі акурат вільготнымі вачамі, страпянулася, усё роўна што чакала гэтага запытання і баялася яго.
— Дак яна ж сама...— Роза сказала гэтак і замулілася на момант.— Яна сама прыйшла. А я стаяла тама і не разумела, што ета яны мне гавораць адусюль, чаго дабіваюцца. А як Дуня прыйшла, дак і я здагадалася — юда ды юда, кажуць. Ну, і лезуць з рукамі. А Дуня заступілася. Тады немцы на яе накінуліся. Пачалі пагражаць ёй.
— Як ета пагражаць? — акурат не паверыла Палага.
— А так, што адзін немец ажно блузку падраў ёй. Хапаўся за грудзі.
— Ну і што, калі хапаўся? — недаўменна паціснула плячамі Палага, маўляў, што за дзіва, і быццам за падтрымкай паглядзела чамусьці на старэйшую гаспадыню, якая хоць і не пераставала гушкаць рукою калыску, аднак павярнулася тварам на хату і слухала чужую размову.
— А тое, што Дуня плюнула яму ў морду!— з раззлаванай прыкрасцю адказала між тым Палазе Роза Самусёва, хаваючы ў далонях свой твар.
— Га,— выдыхнула ад нечаканасці старая гаспадыня.
А Палага Хахлова спакойна сказала:
— Ну і дурніца!
Тады ўсхапілася Анэта Прыбыткова.
— А сама ў Ключы не тое зрабіла?
— Тое, ды не самае. Тама быў свой, паліцай, дак ці я буду яшчэ цацкацца з ім? А тута немцы. Не знаеш, што і сказаць. Акурат таму нямому. Добра яшчэ, калі не дурны трапіцца. А як дурны? Ну, і чаго яна дамаглася, што плюнула?
— Дак неяк жа трэба было зрабіць, каб адкараскаліся,— з сэрцам усклікнула на гэта Роза Самусёва.
— Во, то яна сябе за авечку выдае, якая нічога не разумее, то раптам... Дуня што? Дуня... А вось ты! Спярша і крылы, як тая курыца, распусціла, лаві, моў, певень, мяне, тапчы, а тады нават рады не можаш даць, хто ты, яўрэйка ці не.
— Сама ж гаворыш — як нямому сказаць, калі не знаеш, чаго ён хоча?
— Сама, сама! — перадражніла ўсхваляваную жанчыну Палага: яна ўсё больш злавала, няйначай, хаваючы цяпер нейкую непрыязнасць да Розы.
Адчуўшы гэта, маладзейшая з верамейкаўскіх кабет, Прося Рацэева ажно ўзбурылася:
— Ну што ты, цётка Палага! Пашкадуй жа хоць ты Розу! Ёй ужо і без цябе хапіла!
Варка Касперукова таксама ўлавіла злую наўмыснасць у папроках Палагі, паспрабавала развесці размову жартам. Але дарэмна. Палага і зусім ужо нечага натапырылася, нібыта і праўда не магла дараваць Розе за Дуню Пракопкіну.
Тым часам у калысцы заплакала гаспадарова дзіця, і ўсім раптам зрабілася сорамна, што гэтак крычалі дасюль, лічы, на ўсю хату. Ушчуваць яго адразу кінулася да калыскі маладая гаспадыня, якая ўвесь час, пакуль верамейкаўскія кабеты гаварылі і спрачаліся між сабой, нечага моўчкі корпалася ў адчыненым шкапчыку, што стаяў у куце пры задняй сцяне і, пэўна, служыў гаспадарам таксама абедзенным сталом. «Цыц, цыц!» — нахілілася маладзіца над калыскай, захінаючы сябе даматканым полагам, што звешваўся з аднаго боку на вяроўчатых почапках ледзь не з-пад самае столі. Дапаўшы да матчынай грудзі, малое тут жа ўлагоджана сціхла, акурат захлынулася малаком, і ў хаце запанавала цішыня.
— А я вось што скажу вам, бабы,— кінуў у гэтую цішыню першае слова гаспадар; ён стаяў у сенцах па той бок парога, усё роўна як прыйшоў сюды не разам, а толькі што, ды прыпыніўся ад нечаканасці на момант, здзіўлены, што ў ягоную хату набілася столькі незнаёмых жанчын; цяпер усе верамейкаўцы ўбачылі, што гэта быў мужчына гадоў пад трыццаць, якраз да пары маладой гаспадыні, хоць і выглядаў не такім мажным, як яна; дзіва, аднак і з твару яны мелі паміж сабой падабенства, жонка і муж,— былі аднолькава смуглявыя, а найбольш збліжала іх у гэтым падабенстве, бадай, тая нясмелая, амаль сарамлівая ўсмешлівасць (іначай яе не назавеш), што ўзнікала ў цёмных вачах, калі яны пачыналі зацікаўлена ўглядацца ў каго.— Гэта ваша шчасце яшчэ, што хоць так выйшла — і гэтую я прымусіў на гародзе схавацца, і тую немцы не павезлі з сабой, а ў камендатуру здалі.
— Ага,— заківалі галовамі жанчыны.
— Але як яе выбавіць адтуль? — асобна падала голас Анэта Прыбыткова.
— Добра было б, каб немцы зусім перадалі яе ў паліцыю,— акурат услых разважаючы, прамовіў гаспадар.
— Што б тады было?
— Дак... у Яшніцы начальнікам паліцыі кум наш. Пацана гэтага насіў хрысціць.
Кабеты з нечаканасці пераглянуліся — маўляў, сапраўды кум куму не адмовіць.
— А ці паслухаецца ён вас?