Адчуўшы, што зноў здольны паводзіць сябе спакойна, жандар павярнуўся да асуджаных. Адзін з іх, той, што быў злоўлены ў вёсцы, сапраўды меў твар ідыёта, жандару нават дзіўна стала, як ён не зразумеў гэтага раней, з самага пачатку, ужо хоць бы па вачах, зусім адсутных, і па вялікай, занадта вялікай для нармальнага чалавека галаве. А вось другі!.. Гэты пры іншых акалічнасцях не мог бы не выклікаць захаплення нават у сапраўднага арыйца: зграбная пастава (нягледзячы на немалыя гады), сівая галава на жылаватай шыі, спакойныя рысы пачырванелага твару і гэтыя ледзь-ледзь прыўзнятыя бровы, з-пад якіх трохі скоса глядзелі глыбокія цёмныя вочы. Якраз вочы і выдавалі ў ім чалавека моцнага духам і багатага розумам. Аднак жандар не мог дазволіць сабе захапляцца!..
«Небст гефанген, небст геханген»4 — вырашыў ён.
Момант — і салдатам была аддадзена каманда стаць паміж натоўпам і асуджанымі.
Але сёння нібыта і праўда над верамейкаўцамі лунала літасць.
Раптам пачуўся конскі скач, і ўсе ўбачылі, як на пляцы каля жандара асадзіў буланага каня нямецкі кавалерыст. Нахіліўшыся з сядла, ён шапнуў нешта жандару. Той адразу ж павярнуў запытальны позірк да кавалерыйскага афіцэра, які ўвесь гэты час стаяў крокі за чатыры збоч, і, здавалася, безуважна да ўсяго. Прынамсі, ніякай актыўнасці ён пакуль не выяўляў.
— Гевер аб!5 — скамандаваў жандарскі афіцэр салдатам, якія трымалі ўзведзеныя карабіны.
Перасмыкнуўшы ад прыкрасці тварам, ён сарваўся з месца і хутка засігаў да «Хорха», затым рукой паклікаў да сябе Брава-Жыватоўскага.
Таўстун з вялікім носам таксама ўзяў у канавода повад свайго скакуна.
Збоку можна было падумаць, што нечакана здарылася нейкая зусім непрадбачаная акалічнасць, усё роўна як самім немцам ужо нешта пагражала. Але выйшла ўсё прасцей.
Гітлераўцы нарэшце адшукалі прапаўшага кавалерыста. Як ні дзіўна, але выявілі ў вясковым калодзежы, што насупраць Хрупчыкавага двара, выцягнулі адтуль нежывога.
Памог адшукаць гаспадара ягоны конь.
Раптам хтосьці з немцаў, якія гойсалі па вёсцы, убачыў, што ля калодзежнага зруба стаіць і ўсё не адыходзіць засядланы конь, той самы, які належаў іхняму прапаўшаму таварышу. Пры гэтым конь неяк дзіўна ржаў, заглядваючы цераз невысокі зруб у калодзеж. Ягоныя паводзіны і навялі немцаў на думку, што, можа, гаспадар апынуўся нейкім чынам там.
Гэты калодзеж у Верамейках таксама быў з жураўлём, а значыць, глыбокі. Але ён таіў у сабе адну небяспеку — выцягваючы бодню з вадой, трэба было заўсёды пільнавацца, каб трымаць у руках, схіляючы да сябе, вочап, бо каля самай паверхні, ужо на ўзроўні апошняга вянка на зрубе, бодня раптам моцна, рыўком тузалася да другой сценкі, і чалавек, які не ведаў пра гэта, мог не ўстаяць на нагах і лёгка пашаснуцца, паляцець галавой уніз. Акурат так і здарылася з немцам.
IV
Было недзе на пятую гадзіну па поўначы, і Шпакевіч, стоячы ў глыбокім акопе, бачыў па правы бок ад сябе, як на ўсходзе, акурат над зямлёй, ужо нібыта святлела, а на небе, што трапяткая істота, гарэла-мігцела вялікая зорка. Няйначай, Мілавіца.
Па Шпакевічавых разліках ужо час быў прыйсці тым акружэнцам з-за абараняльнага рубяжа, што меліся выйсці тут, на гэтым участку, да сваіх. Казалі, што адтуль сёння прынясуць на насілках нейкага палкавога камісара, які быў паранены ў нагу яшчэ недзе далёка за Дняпром.
Шпакевіч ужо каторы дзень знаходзіўся ў стралковай роце, але пра яго не забываў і старшы лейтэнант з асобага аддзела. Той наведваўся сюды, на пярэдні край, лічы, кожнага дня. Уласна, Шпакевіч нават не зусім выразна ўяўляў сабе, дзе яго цяпер служба — у роце, якая была сфарміравана за Пёклінам на зборным пункце з ліку выйшаўшых за абараняльны рубеж байцоў, ці ў асобым аддзеле, што размяшчаўся па-ранейшаму ў не далёкім адсюль лесе.
У абавязак Шпакевічу ўваходзіла сустракаць групы, якія выходзілі з акружэння. Суправаджалі іх у лес, на зборны пункт, у адрыну, другія, а Шпакевіч толькі сустракаў. У гэтае паняцце «сустракаў», праўда, уваходзіла таксама і многае іншае, ажно да арганізацыі сустрэчнага бою.
Калі ён на другі дзень свайго знаходжання на зборным пункце зайшоў у адрыну, дзе праходзілі праверку былыя акружэнцы, і сказаў, што служыў у Мазыры ўчастковым міліцыянерам, старшы лейтенант у каверкотавай гімнасцёрцы, на рукаве якой была нашыта эмблема з залацістым шчытом і мячом, адразу спытаў:
— А чаму цяпер раптам радавы?
— Самі ж ведаеце, — развёў рукамі Шпакевіч,— нашы наркаматаўскія званні не адпавядаюць агульнавайсковым. Мае кубікі ледзь дасягалі трохкутнікаў сяржанта. Ды і не збіраўся я доўга служыць. Прызываўся ж па ўсеагульнаму. Па ўказу трыццаць дзевятага. Так што.
— Значыць, не захацеў насіць секялі? Спадзяваўся начапіць нанова кубары?
— Не так спадзяваўся на міліцэйскія кубары, як не збіраўся ваяваць.
— Многа хто не збіраўся, — ссунуў свае чорныя бровы старшы лейтэнант. — Я вось таксама... нават не паспеў пераадзецца. Хаджу яшчэ ў наркаматаўскім.
І сапраўды — акрамя каверкотавай гімнасцёркі, якая была на ім і якая сведчыла аб прыналежнасці да Камісарыята дзяржаўнай бяспекі, на стале, па правую руку ад яго, ляжала фуражка з ярка-малінавым аколышкам і васільковым верхам.
— Ладна, давай дакументы і выкладвай усё як ёсць, — агледзеўшы з ног да галавы Шпакевіча, сказаў затым пасля нядоўгага маўчання гаспадар яе. — Дзе адстаў ад сваіх? Па якой прычыне?
Хоць цёмна-карыя вочы ў яго былі жывыя і зачэпістыя — пэўна ўжо адпавядалі службе і паўсядзённаму занятку, — але прадаўгаваты твар з высокім лобам выгляд меў стомлены, нават як не змарнелы. Мусіць, чалавек не ўпраўляўся ні паспаць як след, ні добра паесці. Шпакевіч адзначыў усё гэтае чалавечае ў ім і раптам неяк стаў вальней адчуваць сябе, стоячы пры стале, прынамсі, ужо неўпрыкмет унутрана пераконваў самога, што трапіў сюды зусім не на допыт. Яго не бянтэжылі больш і плакаты, якія адразу кінуліся былі ў вочы, калі ён зайшоў у адрыну. Два з іх віселі на сцяне за спіной у старшага лейтэнанта. На адным была намалявана рука з высунутым указальным пальцам, ад якой па дыяганалі зверху ўніз ішлі прапісныя фіялетавыя літары: «Дэзерцір, баязлівец і панікёр — вораг савецкага народа». На другім малюнак адсутнічаў, затое пасярэдзіне ў два радкі было выведзена зусім не друкарскім чынам — «Бальшавіцкая пільнасць — неабходная ўмова перамогі над ворагам».
Нетаропка, нават вяла Шпакевіч пачаў расказваць, як апынуўся па той бок фронту і як пасля выходзіў разам з Халадзілавым і Чубарам сюды па адрэзанай немцамі тэрыторыі.
— І ўсё-такі я дзіўлюся, — перабіў яго старшы лейтэнант, — чаму вы дасюль радавы?
— Я ж казаў, не збіраўся доўга служыць.
— Ну, гэта ў мірны час. А цяпер?
— Дык, здаецца ж, не да званняў пакуль было. Ваюю ўвесь час.
— Ваюеш! — строга сказаў старшы лейтэнант. — А тут камандных кадраў не хапае. Каму як не табе ўзводам, нават ротай, камандаваць? Якая адукацыя?
— Сем класаў.
— Ну вось, а ў другіх добра калі царкоўнапрыхадская... Не, у дэзерцірах доўга хадзіць мы табе не дазволім.
— Які ж я дэзерцір?
Але асабіст усё роўна як не пачуў яго.
— Ну няхай на абавязковай, там яшчэ куды ні ішло. А цяпер... Сорамна, таварыш Шпакевіч, сорамна! Я вось зараз паперу напішу. Суправаджальную. — Ён выдраў з тоўстага блакнота аркуш, пачаў хутка накідваць літары. — Вось, — склаў ён аркуш, — пойдзеш у Аўчынец, гэта блізка адсюль, кіламетры паўтара, даложышся, як падабае. Туды нядаўна пайшла сфарміраваная намі рота... з такіх вось, як ты. Там якраз і спатрэбішся. Улічы, камандзір роты мой добры знаёмы. Так што пасылаю цябе амаль па яго просьбе. А ў далейшым, калі нічога не здарыцца, то май на ўвазе — у нас тут, у аддзеле, таксама работы хапае.
— Але ж мне трэба свой полк шукаць, — узмаліўся Шпакевіч. — Павінен далажыць, што заданне мы з Халадзілавым выканалі.
— Рабі так, як загадана! — не стаў слухаць старшы лейтэнант. — Дзе твой Халадзілаў?