Халадзілаў у адказ адно змоўшчыцкі плюснуў вокам.
— Што гэта ў цябе, патэфон? — кінуў на скрыню ў брызентавым чахле Шпакевіч.
— Адгадаў — патэфон.
— Мусіць, у гарнізонным клубе прыхапіў?
— Таксама адгадаў.
— А чаму без зброі?
— Навошта яна мне? Я ўсё больш пад крылцам. Убачу, дзе кулямёт стаіць, туды і сігаю. А вось не прападу: ёсць каму і прыкрыць і засланіць.
— Многа ты разумееш! Ды толькі я стрэлю са свайго кулямёта, як тут жа снарады змяшаюць усё вакол. Кулямёт — гэта першая мішэнь для ворага. Артылерысты толькі і палююць за імі.
— Што ж, ты артылерыст — табе і відней, — махнуў рукою схільны да жартаўлівай размовы сапёр, у якой цяжка было адрозніць сур’ёзнае ад несур’ёзнага.
Зноў разарваўся паблізу снарад, ажно здалося, што пачала спаўзаць бокам страха са свірана.
Хоць Шпакевічу пакуль і не было занятку, бо ён меў загад усяго толькі ахоўваць назіральны пункт памочніка начальніка штаба артылерыі і адкрываць агонь з кулямёта тады, калі будзе пагражаць блізкая небяспека, але размову з Халадзілавым больш не аднаўляў.
К вечару таго дня назіральны пункт памочніка начальніка штаба артылерыі быў перанесены бліжэй да ракі, а к раніцы наступнага дня і зусім зрабіўся непатрэбны: Чэрыкаў занялі немцы.
Між тым, Шпакевіч нечакана стаў сапёрам. Прыняўшы ўдзел ва ўзрыве моста цераз Сож, ён так і пайшоў з Халадзілавым у сапёрную роту, бо нехта сказаў яму, што штабная батарэя лейтэнанта Макарава таксама перастала існаваць.
Разам з Халадзілавым у канцы ліпеня і ў пачатку жніўня Шпакевіч узрываў масты і на Сене, што недалёка ад Пільні, і на Лабжанцы ў Клімавіцкім раёне, каля Лазовіцы, і на Сураве, што з таго боку Забялышана. Апошні мост яны ліквідавалі на Дзяражні, адкуль і прыйшлі сюды па нямецкіх тылах, на гэты абараняльны рубеж...
Узрываючы масты на рэках і падоўгу застаючыся разам, яны паспелі шмат чаго перагаварыць. Шпакевіч усё ведаў пра Халадзілава, а Халадзілаў пра Шпакевіча. Хоць Шпакевіч гадамі і быў старэйшы, аднак гэтая розніца ва ўзросце не адчувалася...
«Эх, Халадзілаў, Халадзілаў!» — часта засмучаўся цяпер Шпакевіч, усё роўна як той вінаваты быў у сваёй смерці.
Дзіва, але Халадзілаў сам лічыў, што яму наканавана загінуць. І не таму, што напісана было на раду.
Нават у апошнюю ноч, якую яны правялі разам, ужо тут, у лесе каля адрыны, Халадзілаў таксама загаварыў пра гэта.
Як і многія іншыя чырвонаармейцы, што трапілі на зборны пункт, яны абначыліся пад яловымі шатамі, лёгшы проста на зямлю і накрыўшыся адным шынялём, бо Шпакевіч у Пёкліне аддаў свой Чубару. Хоць абодва і былі змораны дарогай, але сон да іх не ішоў доўга.
Зусім блізка, крокі за чатыры ад іх, хтосьці бубніў у цемнаце малітву «Ойча наш». Дзіўна чуць было яе тут, між людзей, якія за два месяцы адступлення пазабываліся нават, што побач з апраметнай бывае рай. Няйначай, то маліўся нейкі набожны селянін, якога вайна адарвала ад сям’і і дому. Ад малітвы раптам зрабілася чамусьці ажно вусцішна ў абодвух — і ў Шпакевіча, і ў Халадзілава — на душы. Але вось нарэшце чалавек вымавіў апошняе перад «амінам» «яка жэ твае есць царства і сіла і слава ва векі», і тады Халадзілаў неяк зларадна сказаў:
— От жа моліцца. Відаць, спадзяецца, што ўсявышні выбера з усіх яго, праявіць сваю літасць. — Паляжаў трохі, пасля яшчэ сказаў, але ўжо без жорсткасці ў голасе, раздумліва: — Кажуць, на вайне гінуць самыя лепшыя людзі. А я жыву яшчэ. Значыць, не лепшы!..
Шпакевіч усміхнуўся сабе ў цемнаце:
— Шкадуеш, што цэлы?
— Не, я гэта к слову. Але з гэтай вайны мала надзеі выйсці жывым. Ну, а меркаваць пра нас, мёртвых, будуць пасля тыя, хто ўцалее.
— Скажы яшчэ што!
— Дык яно па логіцы так выходзіць. Калі сапраўды на вайне гінуць самыя лепшыя, значыць, меркаваць пра нас будуць...
— Горшыя? — перахапіў яго думку Шпакевіч.
— Выходзіць, так.
— Глупства! Узяў сабе ў галаву. Рана яшчэ хаваць сябе. Вось адваюемся хутка, дамоў прыйдзем!
— Па-першае, адваюемся не так хутка, як гэтага ўсім нам хочацца. Не тыя маштабы. Не тая вайна. Гэтая малатарня надоўга заведзена. Ты не глядзі, што немцы хутка дапёрлі сюды. Вунь ужо Арол не надта далёка. А там, па прамой, і Тамбоў, і Саратаў... Яны-то сапраўды хутка сюды зайшлі, а выганяць іх давядзецца марудна. Гэта заўсёды так, абы пусціў нячыстую сілу ў дом, пасля набярэшся марокі, пакуль прагоніш. Нават папа з кадзілам і таго папросіш.
— Ты, я бачу, таксама прымхлівы. Нячыстую сілу памінаеш.
— Гэта я так. Для большай пераканаўчасці.
— Ну, а калі ўсё-ткі чарцям назло застанешся жыць, га?
— Таксама радасці мала. Сярод нармальных людзей ды быць ненармальным — незайздросны лёс. Бо к таму часу, як вытурым за граніцу немцаў, амаль кожнага па два разы памылкова пахаваюць, па два разы — і таксама, можа, памылкова — да сценкі паставяць, не важна, па два разы... Словам, не будзе канца гэтым «двум разам». Дык дзе ўжо тут, у такой калатэчы, захаваць сябе нармальным чалавекам?
— Нічога. Не журыся. Пераможам фашыстаў, помнікі нам паставяць — жывым і мёртвым, лепшым і горшым.
— Нават тым, хто іншы раз і слова добрага не заслужваў.
— З песні слова не выкінеш.
— Яно так.
— Таксама палёгка для душы.
— А я вось слухаю цябе і думаю — няшчадны ты ўсё-ткі... і да сябе, і да другіх.
— Наадварот, — усміхнуўся Халадзілаў, — апошнім часам я нават падабрэў. Раней, у пачатку вайны, зусім быў жорсткі. А цяпер, як нагледзеўся ўсяго за гэтыя месяцы, то і адпусціўся душой. Адчуў, што лягчэй нават стала жыць. Аказваецца, гэта вялікая справа, зразумець раптам, што горш за смерць для чалавека нічога няма і не будзе. І вось ужо каторы тыдзень і па зямлі я хаджу лёгка і смела, і раблю ўсё амаль з ахвотай, і разважаю пра ўсё без лішняй асцярогі. Так што выбачай, калі надакучыў.
V
Хтосьці адчыніў з гарода фортку-весніцы, нячутна ўзышоў на Зазыбаў двор. Зазыба пачуў гэта скрозь нямоцны сон — спалася сёння вельмі няроўна, нават у самога было такое ўражанне, быццам зусім і не спаў, а звечара, як лёг упоперак, галавой да сярэдняй сцяны на тапчане, дык тонуў ужо на нейкай густой, акурат зацукрованай альбо засоленай вадзе, то выныраючы на кароткі час прыглушанай, але яшчэ пакуль жывой рыбінай на паверхню, то патанаючы зноў. Пачуў і здагадаўся: узышоў на двор чалавек свой, а калі і не свой, то, прынамсі, не далёка чужы, бо ведаў някепска дарогу; сапраўды, каб гэта быў хто чужы, то наўрад ці даўмеўся б пайсці па гародзе ды яшчэ праз фортку, якую з таго боку, не ўмеючы, і не намацаеш уначы рукамі ўздоўж суцэльнай сцяны прыбудоў; значыць, усё ж прыйшоў чалавек свой. Можа, гэтая акалічнасць і стала адразу прычынай, што Зазыба прахапіўся ў тую ж хвіліну, не насцеражыўся, як мае быць, не зацікавіўся і не адчуў небяспекі; ён яшчэ даў сабе волю паляжаць, не лішне спяшаючыся выйсці з ранейшага дрэмнага стану, усё роўна як спадзяваўся, што ў хаце ёсць каму мець аб гэтым яшчэ большы за яго клопат. Аднак у хаце, апроч Марфы, нікога не было. Дык не Марфе ж бегчы, глядзець праз тайнае акенца ў сенцах на двор!.. Нарэшце Зазыба свядома адхінуў, як дзяругу, з сябе плыткую дрэмнасць, заварушыўся на мулкім тапчане і сеў неўзабаве, слухаючы адным часам, ці падасць чалавек на двары якія-небудзь іншыя адзнакі сваёй прысутнасці. Ціха было там цяпер. Але ж глухая сцяна таксама для чалавечага вуха перашкода — як не клямкне зноў жалезам там, то і не пачуеш у хаце. Зазыба павёў вострым, амаль заечым позіркам па вокнах: па часе недзе было ўжо многа, хоць месяц, які ці не апошні раз сёння паказваўся поўняй, свяціў на вуліцы. «От жа цыганскае сонца!» — акурат раззлаваўся Зазыба, усё роўна як час карцеў збірацца ў зладзеі, а не ісці правяраць, хто шастае па двары. І адразу чамусьці падумаў, няйначай, то юродзівы Ціма прыблукаў аднекуль, злашча, што пасля таго разу, як яго валачылі па вёсцы немцы, ён і не паказваўся сярод верамейкаўцаў. Але, прыгадаўшы мінулае, дакладней, тое, што адбылося на вясковым пляцы, Зазыба раззлаваўся яшчэ больш, маўляў, носіць гэтага Ціму нялёгкая!.. Зразумела, прыйшло ў галаву і больш таго. Напрыклад, як хваліўся потым цэлага вечара Брава-Жыватоўскі, расказваючы, што гэта ён адвёў бяду ад верамейкаўцаў, даказаўшы немцам, што салдат іхні сам уваліўся ў калодзеж; з яго слоў выходзіла, Брава-Жыватоўскаму ажно колькі разоў дзеля гэтага давялося брацца за вочап ды паказваць, як яно ўсё магло здарыцца — нават жандарскі афіцэр і той мусіў паверыць. Салдата-тапельца закапалі пад плотам Сілкі Хрупчыка самі немцы, крокаў за дваццаць ад калодзежа, без воінскіх ушанаванняў, акурат саромеючыся нечага ды крадучыся, а калодзеж загадалі сялянам разбурыць, каб не паўтарыўся выпадак. Вядома, верамейкаўцы не сталі марудзіць, па-першае, загад трэба выканаць было, а па-другое, у тутэйшых вёсках і без таго спрадвеку засыпалі студні, з якіх даставалі альбо людзей-тапельцаў, альбо проста якую здыхляціну, калі нават і кошку. Ва ўсякім разе вады з такога калодзежа па сваёй ахвоце ўжо ніхто б не стаў піць. Таму Зазыба першы адарваў рукамі дошку, на якую звычайна ставілася бодня, і з прыкрасцю ў сэрцы кінуў яе ў сярэдзіну зруба, у ваду, што гэтак недарэчы была спаганена немцам. Верамейкаўцы тады разыходзіліся па хатах узрушаныя. Вядомая рэч, што і размоў было шмат, бо кожны стараўся прыпомніць штосьці такое, чаго не згледзеў другі. Словам, настрой у верамейкаўцаў быў як найлепшы, калі выйшла ўсё, быццам у той прыказцы — і ваўкі адбегліся прэч сытыя, і авечкі засталіся ў статку непаедзеныя. Натуральна, што і Брава-Жыватоўскі зноў у цэнтры ўвагі стаў, ледзь не ў героях (а яму гэтае «геройства» пасля лупцоўкі, якую атрымаў на сухадоле, якраз дарэчы!). Тым часам пра Парфёна Вяршкова, што кінуўся выручаць прыдуркаватага Ціму, мала хто ўспамінаў, прынамсі, геройства ў ягоным учынку верамейкаўцы не бачылі, скора вяскоўцаў хапала ўсяго на тое, каб паспачуваць Парфёну, маўляў, праз гэтага юродзівага ледзь не атрымалася з табой няшчасце!.. Цяперашняя Зазыбава злосць на Ціму таксама была недарэчная. Зазыба і сам гэта разумеў. Але тлумачэнню яна, гэтая злосць, асабліва не паддавалася, можа, таму, што было проста прыкрае пачуццё, выкліканае жахлівымі акалічнасцямі, незалежна, хто апынуўся вінаваты ў іх. Да таго ж цяпер была ноч, і турбавацца праз нечую несвядомую непрыкаянасць не надта хацелася нават Зазыбу. Тым часам не выйсці ў сенцы ды не прыпасці вокам да акенца таксама доўга не мела сэнсу гаспадару, які павінен клапаціцца пра свой двор. Таму Зазыба нарэшце прымусіў сябе нацягнуць на босыя ногі ялавыя боты ды пашукаць у галавах ватоўку.