— Чакае, каб зайсці сюды.
— Канечне, яго толькі тут і не хапала. Не, таварыш Шпакевіч, бяры свайго падначаленага і топай у роту да Зімавога. Урэшце, сам адказвай за свайго Халадзілава. А то і праўда, кубікі пахаваў у кішэнь і прытвараешся ўжо каторы год.
— Ды не хаваў я іх! Проста...
— Ясна, што проста.
Але не паспеў Шпакевіч апынуцца ля варот, як у небе над адрынай спікіраваў нямецкі самалёт. Дзіва, але да той хвіліны, пакуль не зароў ён над галовамі, ніхто не пачуў нават гуку, усё роўна як фашыст падкраўся знянацку. Самалёт не застрачыў з кулямёта, не стрэліў з гарматы. Ён толькі скінуў на адрыну бомбу. Адну-адзіную. Але яна не пацэліла ў адрыну. Разарвалася метраў за дваццаць ад яе, раскалоўшы напалам таўшчэзную сасну, якая адна стаяла на колішнім лядзе.
Здавалася, апрача расколатай сасны, скінутая бомба нікога больш не зачапіла, не знайшла сабе іншай ахвяры. Больш таго, было падобна, што яна не паспела напалохаць чырвонаармейцаў, якія яшчэ з начы стаялі і сядзелі вакол адрыны. Ва ўсякім разе так думаў Шпакевіч, калі пасля выбуху выскачыў за вароты. Але тое, што ён убачыў у наступны момант, прымусіла скалануцца. Халадзілаў, яго Халадзілаў, ляжаў ля варот на баку, і са скроні, прабітай асколкам, цякла кроў.
Кажуць, на вайне гінуць самыя лепшыя людзі!..
Невядома, лепшы чалавек з усіх добрых людзей быў Халадзілаў ці не, аднак смерць яго перажываў Шпакевіч моцна. Здаецца, большай страты нават і ўявіць нельга было ў жыцці.
Напаткаў Халадзілава Шпакевіч у пачатку ліпеня, калі 55-я стралковая дывізія пасля баёў у раёне Слуцка нарэшце спынілася на даўкамплектаванне. У лясным лагеры за шэсць кіламетраў ад Чачэрска палкі 55-й папаўняліся адразу і за кошт вайсковага рэзерву, і за кошт мабілізаваных праз мясцовыя ваенкаматы, і за кошт чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адбіліся ад сваіх часцей. Дзеля гэтага прадстаўнікі розных службаў дывізіі гойсалі па наваколлі, накіроўваючы ў лагер тых, хто трапляўся на шляху і каго можна было завярнуць з дарогі. Уласна, там, у Чачэрскім лесе, адбывалася амаль тое ж, што назіралася цяпер на гэтым абараняльным рубяжы, можа, толькі з той невялікай розніцай, што тады справу гэтую ад пачатку да канца рабілі вайсковыя штабы... У адзін такі мітуслівы дзень Шпакевіч вярнуўся ў лясны лагер к позняму абеду — яго браў з сабой у паездку ў якасці байца-ахоўніка афіцэр са штаба артылерыі, і яны дапялі на грузавой машыне ажно да Доўска. Шукалі згублены артдывізіён сваёй жа дывізіі. Дарога выйшла цяжкая, наогул, у франтавых умовах дарогі заўсёды нялёгкія, асабліва ў час адступлення. Артдывізіёна яны не знайшлі: можа, той адыходзіў на ўсход па якой іншай дарозе.
Затое прывялі ў лагер чужую батарэю 76-міліметровых гармат. Камандзір гэтай батарэі даволі хутка, амаль без угавораў, даў згоду «папоўніць» артылерыйскі парк дывізіі. Тым больш што ў зарадных скрынях у яго не было ні аднаго снарада. Добра ці блага, але начальнік штаба артылерыі 55-й вельмі задаволены быў такім набыткам.
Паабедаўшы сухім харчам, Шпакевіч рушыў на пошукі штабной батарэі, дзе служыў кулямётчыкам, — сказалі, што батарэя выехала на палявыя заняткі. Сапраўды, батарэю сваю Шпакевіч убачыў на вялікай паляне, кіламетры за два ад штаба. Спярша на паляну выскачыў з лесу верхам на кані камандзір батарэі, малодшы лейтэнант Макараў, а ўжо за ім вынесліся артылерыйскія запрэжкі. Камандзір махнуў шабляй, і батарэя, зрабіўшы вольт направа, амаль не збаўляючы алюру, развярнулася пасярод паляны фронтам на захад. Ездавыя тут жа адчапілі пастронкі ад станінаў, пагналі коні, уносамі, назад у лес, а разлікі тым часам кінуліся рыхтаваць гарматы да бою, паспешна забіваючы сашнікі ў зямлю і вынімаючы з зарадных скрыняў на перадках латкі са снарадамі.
— Спякта-а-акаль! — раптам пачуў ледзь не над вухам Шпакевіч — побач стаяў малады ўсмешлівы салдат і круціў ад здзіўлення галавой.
Шпакевіча гэта ўкалола. Ён змераў позіркам чырвонаармейца — гэта быў Халадзілаў,— нават апёк яго тым позіркам, тады павучальна сказаў:
— Сувораў гаварыў — цяжка ў навуцы, затое лёгка ў баі!
— Але ж Сувораў і пра другое гаварыў, — запярэчыў чырвонаармеец, працягваючы гэтак жа ўсмешліва пазіраць, як па камандзе камандзіра батарэі артылерысты імітавалі прыцэльны агонь з усіх гармат, — салдат навуку любіць, быў бы толк з яе. — Пры гэтым ён паглядзеў і на Шпакевіча, паставіўшы на нейкі момант ледзь не праўцом светлыя вочы.
Шпакевіч пасля гэтых слоў ажно ўскінуў бровы, здзіўлены найбольш тым, як проста, з нейкай несалдацкай бестурботнасцю разважаў незнаёмы чырвонаармеец.
— Значыць, яны гэта робяць без толку? — усё роўна як заступаючыся за артылерыстаў, раўніва спытаўся Шпакевіч.
— Гм, толк... — адвёў ад Шпакевіча позірк Халадзілаў. — Толк можа быць. Але тады, як на перадавую падвязуць дастаткова снарадаў. За ўсю вайну яшчэ не даводзілася чуць, каб артылерыя наша дрэнна страляла таму, што разлікі не ўмеюць наводзіць гарматы. Наадварот, не хапае снарадаў. А то і проста, здараецца, не бывае іх на батарэях. Таму я і кажу — навошта дарэмна клацаць затворамі? Працуюць жа артылерысты і так, быццам аўтаматы, хоць кожнаму завязвай вочы.
«Разумны які! — з’едліва падумаў Шпакевіч. — Няма на цябе!..»
Але размову ім працягваць не далі — Шпакевічу раптам знайшоўся пільны занятак на батарэі.
Між тым, запомніць Халадзілава з аднаго разу нават ва ўмовах вайны не складала цяжкасці.
Хутка палкі 55-й занялі абарону на ўсходнім беразе Сажа. Якраз галоўныя баі з немцамі тады ішлі ў ваколіцах Магілёва. Аднак неўзабаве дывізія атрымала новы загад — зрабіць трыццацікіламетровы марш і засяродзіцца ў лясах на поўдні ад Чэрыкава. І вось пакуль яна перамяшчалася з аднаго месца на другое, немцы перайшлі Днепр і занялі Прапойск, што ў вусці Проні. Далей на іх шляху ляжаў Чэрыкаў. Дывізію зноў кінулі назад да Сажа. Словам, тэатр ваенных дзеянняў ажыў паўсюль, і салдату стала не да прыватных знаёмстваў, не да ўспамінаў: адно павяртай галаву па баках, кланяйся кулям ды сцеражыся, каб не раструшчыла коламі альбо гусеніцамі дзе-небудзь соннага. І тым не менш Шпакевіч стрэўся з Халадзілавым. Якраз ішоў бой з нямецкімі танкамі на паўднёва-ўсходняй ускраіне Чэрыкава. Сюды найперш быў кінуты з левага берага 111-ты стралковы полк. Шпакевіч таксама знаходзіўся на танканебяспечным напрамку, як гэта прынята гаварыць, — ахоўваў з ручным кулямётам назіральны пункт начальніка штаба артылерыі, які быў вынесены за раку і размяшчаўся за нейкім свіранам. Але артылерыя страляла далёка з-за Сажа, таму непрыцэльны агонь, нягледзячы на ўсё ўмельства памочніка начальніка штаба, мала памагаў батальёнам. Для стварэння ж нерухомага загараджальнага агню ў дывізіі не хапала снарадаў. Тым часам нямецкія танкі не пераставалі страляць на хаду, усё бліжэй падыходзілі да раённага цэнтра. Сярод нашай пяхоты было многа страт. На назіральным пункце памочніка начальніка штаба артылерыі таксама ўжо загінулі тэлефаніст і разведчык-вылічальнік. І калі за свіранам на назіральным пункце паявіўся баец з невялікай скрыняй у брызентавым чахле, Шпакевіч падумаў, што з-за ракі нарэшце прыслалі тэлефаніста. Аднак то быў не тэлефаніст, а сапёр.
— Загадана ўзарваць мост, — далажыў ён памочніку начальніка штаба артылерыі.
— Калі? — адняў ад вуха тэлефонную трубку счарнелы камандзір.
— Як толькі наблізяцца танкі. Загадана не пусціць іх на той бок.
— Ну што ж, — нявесела ўсміхнуўся памочнік начальніка штаба, — дзейнічай. Раз мы сваімі сродкамі не можам стрымаць танкі, дзейнічай ты.
— Падпалкоўнік Тэр-Гаспаран загадаў...
Але побач выбухнуў снарад, і Шпакевіч, які ляжаў за кулямётам, не пачуў у яго грымоце далейшых слоў.
Тым часам сапёр перагаварыў пра ўсё з памочнікам начальніка штаба артылерыі і, сядаючы, прыхінуўся спіной да сцяны свірана, якраз наўскасок ад Шпакевіча.
— Глянь, знаёмы! — пазнаў Шпакевіч Халадзілава і неяк ажно ўзрадаваўся, мусіць, усцешаны тым, што чалавек не аціраўся па тылах за ракой, а таксама сунуўся ў пекла...