Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— Будзеце памагаць устанаўліваць новы парадак, як гаворыць камендант?

— Новы ці стары, аднак народ доўга ў цемнаце заставацца не павінен, а то некалі дойдзе да таго, што зусім ніхто не адрозніць новага парадку ад старога. Акрамя таго, усё роўна ж дзяцей трэба вучыць. Ды і не сам я да настаўніцтва свайго дадумаўся. Вы ж былі на нарадзе ў каменданта, значыць, чулі. Школы будуць дзейнічаць, як і раней. Праўда, сёлета вучоба пачынаецца пазней.

— Але чаму ў тых школах мусяць навучаць?

— Таксама ж, нябось, чулі... Урэшце, калі ўжо на тое!.. Калі мяне аднаго папракаеце!.. Вось вы самі едзеце ў Белую Гліну мост адбудоўваць, які знішчылі, адступаючы, чырвоныя. Гэта ж таксама дапамога немцам. Чаму тады вы не адмовіцеся?

— Ну, мост — адна справа,— памаўчаўшы трохі, цяжка разважыў Зазыба,— а вучыць дзяцей — зусім іншае. Мост сёння ёсць, а заўтра яго можа і не быць. А вось чалавек... Яго як навучыш аднойчы, так і думаць будзе ўвесь час, панясе тыя вашы веды з сабой скрозь усё жыццё.

— Таму немцы і збіраюцца адкрываць школы, каб...

— А вы памагаеце! — не даў дагаварыць настаўніку Зазыба.

Тады настаўнік крута павярнуўся, прыжмурыў вочы і сказаў, усё роўна як страціўшы цярпенне:

— Вось я размаўляю з вамі, хутка гадзіна ўжо, а яшчэ не зразумеў — што вы ад мяне хочаце, чаго дамагаецеся. І тое вам не так, і гэта. Урэшце, вы пытаецеся, я адказваю. Адказваю так, як разумею што ці хацеў бы разумець. Плёткі? Дык я і сам прызнаю, што найбольш гэта адны плёткі. Канечне, мог бы і памаўчаць. Але зноў жа — вы за язык цягнеце, таму і расказваю.— Нарэшце ён ажно засоп ад узбуджанасці.— Ну, а вы самі? Што вы ў такім разе разумнае ў адказ сказалі, калі я адно глупства гаварыў? Нічога. Вам не падабаецца, што збіраюся настаўнічаць? Але што вы параіце, каб я не рабіў гэтага? Ці, можа, вы што-небудзь такое ведаеце, што мне няўцям? Дык гаварыце! Навошта ў хованкі гуляць ды лавіць людзей на словах. Цяпер не тое сказаць хоць каму вельмі проста, абы толькі не сцяміў, з кім справу маеш. Адзін ад цябе аднаго чакае пачуць, другі — наадварот. Таго і глядзі!..

— Ды нічога асаблівага і я пакуль не ведаю,— як ад прыкрасці паморшчыўся Зазыба, але голас зрабіў памяркоўны, даючы зразумець свайму субяседніку, што абурацца, а тым больш сварыцца ўсё ж не варта, між тым, сам у душы вельмі ўзрадаваўся гэтай нечаканай настаўнікавай узбуранасці, якая, няйначай, ішла ад чалавечай сумленнасці, значыць, і ён не да ўсяго абыякавы, дарэмна, што спрабуе паказаць сябе такім, значыць, і яму зацяло.

Мурач адразу адчуў Зазыбаву палагаднеласць, нават сумеўся ад яе.

— Усе мы разумныя дакараць адзін аднаго,— уздыхнуў ён, насоўваючы павекі на зрэнкі вачэй.— А ў чалавека, між тым, усяго толькі адна душа і адна галава.

— Галава-то адна...

— І тая на тонкай шыі. А гэта ўжо, каб ведалі, і не такая трывалая рэч.

Зазыба таргануў лейцамі, каб падварушыць каня, які без фурманавага нагляду пачаў трохі адставаць ад пярэдняй падводы, разрываючы тым самым абоз:

— Н-но-о!

Конь рэзка перайшоў на галоп, неяк незвычайна падскокнуўшы перадам у аглоблях, і адлегласць паміж падводамі зноў пачала скарачацца. Тым часам поле з Зазыбавага боку перастала горбіцца, увачавідкі пашырэла, таму Бесядзь нарэшце адышла бліжэй да лесу, выгаляючы там стромы пясчаны бераг, увесь паточаны мітуслівымі гранкамі.

На згоне дарогі, якая ўжо ахоплівала дугой вялікую лучку, парослую рудым балотным хвашчом, вачам адкрыўся ўвесь верамейкаўскі абоз. Наперадзе, як і тады, калі краналіся ад стайні ў Верамейках, ехаў Раман Сёмачкін. Але цяпер з ім на калёсах не было Брава-Жыватоўскага. Той недзе на хаду, але ўжо як мінулі Бесядзь, перабег да Івана Падзерына і сядзеў, звесіўшы ногі, на рашворку кранджолаў.

«Але ж вось паліцай, нават Падзерына прымусіў паехаць! — усміхнуўся Зазыба.— І што ён там, на будаўніцтве моста, гэты Падзерын, рабіць будзе за сваёй грыжай?..»

Між тым, у паветры зрабілася горача. Сонца проста пякло ўжо, і толькі вецер, што ўзнікаў больш ад хуткай язды, чым сам па сабе, у выніку перамяшчэння паветра, не даваў узяцца вакол моцнай духаце.

Ад узмакрэлых за дарогу коней запахла потам.

Ужо здалёку выныралі вільчакамі стрэхі белаглінаўскіх хат — таго канца вёскі, што гародамі заходзіў у падлесак, які вырас за апошнія гады, на пустэчы за вялікім ровам, выбітым за многія вёсны бруістымі водамі. Бадай, то была першая ўдача, як помніць Зазыба, пасадзіць баравіну і па гэты бок Бесядзі, у сярэднім яе цячэнні, а то за выключэннем дубровы, што раскінулася трохкутнікам за Прудком, ды невялікай імшары супраць Калодліва, ва ўсім правабярэжжы не было ні аднаго ляснога масіву. Праўда, далей туды, кіламетраў за дваццаць пад Чэрыкаў, зноў падступаліся бары. Але паміж імі і Бесяддзю — толькі голыя ўзлобкі палёў.

Гледзячы на стрэхі белаглінаўскіх хат, якія нібыта выкочваліся насустрач абозу, Зазыба раптам спахопліва падумаў, што дарога ў Белую Гліну канчаецца, а яны з Мурачам не паспелі паразумецца. Дасюль размова ўся нагадвала хутчэй падземную раку, якая блукала ўпоцемку, шукаючы выйсця на паверхню. Таму ў ёй шмат было выпадковага, вымушанага, як дзеля праверкі, і не зусім шчырага. Цяпер тое месца, што завецца вытокам, было адшукана, гэта Зазыба адчуваў у першую чаргу па сабе, па сваёй унутранай гатоўнасці нарэшце пачаць гамонку з чалавекам калі не пра самае запаветнае, то хоць з большым даверам адзін да аднаго...

XV

Чубар у гэты дзень доўга спаў. Якраз удзень, бо сапраўды ўжо мінула раніца, а ён не прачынаўся, балазе ў Гапчынай хаце стаяла глухая цішыня, усё роўна як наўмысля, дзеля моцнага сну,— напалоханая пажарам у Паддубішчы, гаспадыня даўно пабегла ў поле, каб, рассцяліўшы дзяругу на паласе, хоць похапкі абабіць пранікам нажатыя снапы. Чубара ж гэты сялянскі клопат зусім не займаў. Прыйшоўшы ўначы з Паддубішча, ён доўга стаяў на падворку, глядзеў у той бок, дзе за лесам, які сцяною цёмнага ельніку аддзяляў Мамонаўку ад Верамеек, то ўскідвалася раптам угору, то ападала зноў на зямлю зарава. Учора ў яго не было і думкі рабіць пажару ў Паддубішчы. Тады ён толькі памкнуўся дагнаць Зазыбу, каб той не гаварыў пра яго Мікіту Драніцы — Зазыбава перасцярога неўзабаве, як той пайшоў з Гапчынай хаты, перадалася і яму, і ён сам зразумеў, што, мусіць, усё ж не варта выдаваць сваю прысутнасць у калгасе раней часу. Вядома, рабіць вялікую канспірацыю з таго, што ён вярнуўся назад, Чубар не збіраўся, бо навошта тады было зусім ісці сюды, але ж нездарма кажуць, што сцеражонага і бог сцеражэ, тым больш што цяпер ён мог наклікаць бяды таксама і на Гапку. Ва ўсякім разе думка гэтая прыйшла да Чубара, і ён раптам з балючай прыкрасцю пашкадаваў, што не паслухаўся адразу Зазыбавых слоў, а, наадварот, неразважліва запярэчыў, нібыта назнарок затаіўшы злосць, хацеў даказаць свайму намесніку, што ў страху сапраўды залішне вялікія вочы. Схапіўшы вінтоўку, якая, быццам жывая істота, ляжала паўз сцяну пад коўдрай на ложку, ён выскачыў як не следам за Зазыбам з хаты, аднак не толькі згледзець у прыцемку, але і дагнаць намесніка ўжо не паспеў: той быццам скрозь зямлю праваліўся. Адкуль было ведаць, што Зазыба не пайшоў у Верамейкі дарогай, а падаўся адразу да возера прытоенай сцежкай. Разгублены Чубар прабег спорым крокам дарогу да Верамеек, тады абмінуў канцавыя двары і выйшаў на другую дарогу, наезджаную паўз вёску. Пры гэтым у галаве яго не было пэўнай мэты, стаяла толькі прыкрасць на душы, што не дагнаў Зазыбу, і з ёй Чубар тупаў ажно да гуцянскай дарогі, адкуль пачынаўся жытнёвы палетак у Паддубішчы. Вёска ўжо, няйначай, улеглася спаць, бо ні ў адной хаце, здаецца, не гарэла святло. Ад крыжавіны, якую ўтваралі тут дзве дарогі, можна было паўз глінішча вольна дабраца да завулка, дзе стаяла Зазыбава хата. Але Чубар успомніў, што Зазыба цяпер жыве не адзін, што вярнуўся Зазыбаў сын, якога Чубар ніколі не бачыў, таму намер ісці туды адпаў хутка. Стоячы ля канца на крыжавіне, Чубар нейкі час вагаўся, куды яму цяпер лепей падацца адсюль. Вяртацца ў Мамонаўку не хацелася — было такое адчуванне, быццам гэта ён прыйшоў сюды на сустрэчу, і той чалавек, да якога ён спяшаўся, усяго толькі позніцца, адно трэба пачакаць. Аднак і стаяць тут, усё роўна як ланцугом прыкутым да капца, таксама не выпадала доўга, бо свяціў месяц, і з вёскі нават на такой адлегласці няцяжка было ўгледзець чалавечую постаць, абы толькі заманулася каму. Таму Чубар неўзабаве адышоўся да першай жытнёвай капы на рагу палетка і, прыхінуўшыся спіной, стаіўся там, маючы думку проста пабыць колькі хвілін у зацішным месцы. Стаў і задумаўся. Дасюль ён ні разу не ўсумніўся, ці правільна зрабіў, што наогул вярнуўся ў калгас. Гэтая акалічнасць для яго была ўжо як сама сабой зразумелая. Здавалася, іначай і нельга зрабіць у ягоным становішчы, асабліва калі ўлічыць, што ішоў ён сюды з больш чым акрэсленай мэтай. Пра гэта ён і Зазыбу ўжо сёння сказаў. А тут раптам быццам што зрушыла ў ім, пахіснулася ўпэўненасць. Можа, прычынай з’явілася стоеная вёска, ягоная цяперашняя адзінота і тое, што скрозь даводзілася хавацца ад знаёмых людзей...

73
{"b":"849480","o":1}