Зазыба паціснуў плячамі:
— Мяркуючы па вашым расказе, нямнога.
— Дарэ-э-эмна,— павесялеў настаўнік.— Папрацавалі, як кажуць, мы там няблага. І на тым, і на гэтым беразе Нярусы засталося стаяць нерухома ажно дваццаць танкаў. У часе бою гэта неяк не заўважалася, а пасля, праз некалькі дзён, калі глянулі вакол, дык ажно самі дзіву даліся — аказваецца, і саракапяткі, пакуль іх не патрушчылі танкі, сваю справу зрабілі, і мы, стралкі.
— А штаб дывізіі выйшаў з акружэння? — спытаў Зазыба.
— Не ведаю. Ва ўсякім разе, сярод палонных, здаецца, не было нікога са штаба.
Зазыба раптам успомніў, як у 1921 годзе сам трапіў у махноўскі палон. Будзёнаўскі раз’езд, у якім удзельнічаў Зазыба, махноўцы атакавалі недалёка ад Гарэлых хутароў на Украіне. Усе ведалі, што ў гэтым раёне часам паяўляліся «бацькавы дзецюкі», але мерацца сіламі з чырвонымі коннікамі не мелі ахвоты, дакладней, проста не асмельваліся,— пры набліжэнні будзёнаўскіх раз’ездаў адразу знікалі. Зразумела, што будзёнаўцы ў такіх выпадках і не пільнаваліся надта. Гэты ж раз махноўцы чамусьці напалі на іх проста сярод белага дня. Хаваючыся ў глыбокім яры, спярша далі ружэйны залп, затым атакавалі конна. Пад Зазыбам упаў, прастрэлены ў галаву, конь. Падаючы, ён прыціснуў седаку правую нагу. Пакуль Зазыба спрабаваў вызваліць з-пад яго нагу, махноўцы паспелі пастраляць астатніх коннікаў і ў наступны момант наваліліся на яго. Выйшла, што ён нават не аказаў ім супраціўлення. Канечне, калі б Зазыба ведаў, што не здолее хутка вызваліцца з-пад каня, то паводзіў бы сябе іначай — неяк злаўчыўся б, хоць і ляжаў дагары, ды пачаў страляць з вінтоўкі. А так — ганебны палон. Спачатку палон, пасля смерць. Чырвонаармейцы ведалі, чым заўсёды канчаўся для іхняга брата палон. Таму і Зазыба не цешыў сябе ніякай надзеяй. Дыбаў, прывязаны доўгай вяроўкай да сядла, і развітваўся ў думках з жыццём. Але махноўцы чамусьці марудзілі. Тлумачэнне гэтаму Зазыба знайшоў толькі ўвечары, калі махноўцы прывялі яго ў сяло і запёрлі ў сельрадаўскай каморы, паставіўшы звонку вартавога. Самі яны ці то баляваць куды падаліся на ноч, ці, можа, зноў гойсалі па наваколлі ў пошуках лёгкай здабычы. Зазыба сядзеў у каморы і думаў. Думаў пра ўсё — пра жыццё сваё, якое гэтак нечакана загубіў, пра Верамейкі, пра тое, як будзе добра людзям жыць, пасля, калі паўсюды запануе рабоча-сялянская ўлада... За дзвярыма каморы тым часам, гучна тупаючы, хадзіў туды-сюды вартавы: то замармыча сабе пад нос штосьці неразборлівае, то прытворна пачне кашляць, няйначай, каб напомніць палоннаму лішні раз, што ён тут і што няма чаго думаць аб уцёках. Нарэшце Зазыба не вытрымаў, гукнуў скрозь нятоўстыя дзверы:
— Што гэта вы са мной робіце? Канчалі б, га?
— А табе надта хочацца на той свет? — засмяяўся канвойны, усё роўна бы ўзрадаваны, што выпала магчымасць пагаварыць.— Не спяшайся, на той свет заўсёды паспееш. А мы вось да бацькі цябе даставім заўтра, няхай ён вырашае, што з табой рабіць. Можа, яшчэ да нас перакінешся. Пашкадуеш паміраць дый дасі згоду ў бацькі служыць. Звычайна, такія пераверцені становяцца пасля самымі зацятымі служакамі, бо назад ужо дарогі няма, усё роўна свае кокнуць.
— І багата ў вашага бацькі такіх?
— Пераверценяў? Багата не багата, а ёсць.
— А калі я не паддамся?
— Тады — прапала,— прастадушна засмяяўся канвойны.
Зазыба плюнуў у кут каморы. Хацеў сказаць разважліваму махноўцу ў дадатак што-небудзь такое, ад чаго б не адзін раз ікнулася нават ягонаму атаману, але змоўчаў — ад нечысці словам не адбаронішся. Разам з тым, Зазыба падумаў,— значыць, у «бацькі» ўсё менш становіцца надзейных ваякаў, раз гэтакае значэнне надае розным пераверценям!
Уранні Зазыбу пагнаў паперад каня другі махновец. Мусіць, ужо недалёка быў галоўны штаб, бо па дарозе часта сустракаліся не толькі конныя, але і пешыя махноўцы. Пыталіся:
— Каго злавіў, Міхайла?
— Будзёнаўскага камісара,— важна адказваў канвойны.
— Куды вядзеш?
— Да бацькі ў штаб,— з яшчэ большай важнасцю адказваў канвойны: у Зазыбы паступова складвалася ўражанне, што той трохі як бы недапечаны...
Але вось за сялом напаткалася тачанка, а на ёй два пажылыя махноўцы пры кулямёце-«максіме». Канвойны спешыўся, папрасіў закурыць. Тады Зазыба нечакана і рашыўся: раптам выхапіў у канвойнага з ножнаў шаблю і секануў яго ззаду па шыі. Другія два махноўцы, што сядзелі на тачанцы, не чакалі ад палоннага такога спрыту, таму на момант разгубіліся. І гэтага моманту хапіла Зазыбу, каб кінуцца з акрываўленай шабляй на іх...
Прыгадваючы цяпер, больш як праз дваццаць гадоў, лічы, неразважны ўчынак той, які быў высока адзначаны камандаваннем конарміі і, такім чынам, узведзены ў подзвіг, Зазыба зусім не меў намеру свядома рабіць нейкія аналогіі. Але ж падумаць — што яго чакала тады ў Махно? Адно з двух — смерць альбо здрада! На апошняе, вядома, Зазыба пайсці не мог і не таму, што не даражыў жыццём. Проста так, а не іначай ён разумеў свой абавязак перад рэвалюцыяй...
— Значыць, вы яшчэ нядаўна былі на фронце? — спытаў Зазыба настаўніка.
— Так.
— Тады скажыце, дзе цяпер фронт наш?
— Недзе за Унечай.
— Ну, гэта тут, у нашай мясцовасці. А наогул, дзе ўвесь фронт?
— Знаю, што Ленінград немцы не ўзялі. А вось Смаленск яшчэ ў пачатку жніўня, гаварылі, здадзены. Значыць, немцам прамая дарога на Маскву.
— І што тады?
— Усё можа быць.
— Значыць, канец?
— Чаму раптам? — паціснуў плячамі настаўнік.— Нават калі немцы і Маскву возьмуць, вайна на гэтым не скончыцца. У крайнім выпадку, пяройдзе ў партызанскую. Не думаю, што бальшавікі дадуцца проста. Зноў пойдуць у падполле, зноў пачнуць усё нанава. Ці мала гісторыя ведае выпадкаў, калі захопнікаў выганялі нават пасля іхняй перамогі. Увесь народ нялёгка скарыць. Пад чужым ярмом ніхто доўга не захоча жыць. Асабліва цяпер. Да таго ж немцы самі распускаюць чуткі, што наступаць у нас збіраюцца толькі да Урала.
— А тады?
— З усходу прыйдуць японцы. У іх жа — кааліцыя.
— Дак якая розніца для нас — што немец, што японец?
— Для нас-то розніцы няма,— сказаў спакойна настаўнік.— Захопнікі — яны ўсе адным дзёгцем мазаны. Але немцы расказваюць, што за Уралам будзе замірэнне з бальшавікамі, нібыта яны нейкую тэрыторыю збіраюцца пакідаць за хрыбтом для бальшавікоў. А самі павернуць адтуль у Індыю, цераз Каўказ або Сярэднюю Азію. Кажуць, што ў іх са Сталінам дамоўленасць ужо такая ёсць.
— Плёткі! — абурыўся Зазыба.
— Канечне, прапаганда,— кіўнуў галавою настаўнік.— Моў, вы дарэмна, сяляне ды рабочыя, ваюеце з намі, мы толькі бальшавікоў ад вас прагонім, а тады пакінем усіх у спакоі!..
— Ага, і я чытаў пра гэта ў газеце,— пацвердзіў Зазыба.
— Ну, вось, аказваецца, і ў газетах ужо пішуць. Лухта, вядома. Але мяркуючы па тым, як разгортваюцца цяпер падзеі, як немцы паўсюды шалёна наступаюць, наўрад ці ўдасца нашым да зімы што-небудзь зрабіць ім.
— Зноў надзея на мароз? Але ж... мароз страшны больш для крапівы.
Мусіць, у Мурача Зазыбава заўвага выклікала нейкую сваю думку, бо той раптам зарагатаў. Але гэта нядобра ўкалола Зазыбу. Таму ён ажно зазлаваў:
— Што тут смяяцца?
— Ды не, гэта я так,— зніякавеўшы, перастаў у момант рагатаць настаўнік.
— Мяркуючы па вашым настроі,— адвярнуўся Зазыба,— то вы ўжо і сапраўды цалкам пакладаецеся на мароз, мусіць, лічыце, што самі адваяваліся?
— Выходзіць, так,— не стаў апраўдвацца настаўнік, але потым усё ж вінавата сказаў: —Раз аддаў зброю, значыць, ужо не ваяка.
— Ну, а калі раптам справа да таго дойдзе, што бальшавікі, як вы кажаце, пяройдуць на партызанскую вайну? Як тады?
— Ці мала што можна казаць! Урэшце, мы ж з вамі не ведаем, чым распалагаюць яны. Можа, цяпер якраз недзе войскі па ўсёй лініі збіраюць. Ды і Масква яшчэ стаіць. Так што, рана адпяваць, выходзіць!..
— Значыць, якраз час сядзець склаўшы рукі?
— Асабіста я не збіраюся складваць рукі,— неяк новым тонам, упарта сказаў на гэта настаўнік.— Справы заўсёды чалавеку знойдуцца. Даеду вось з вамі да Белай Гліны, пасля пешкі пайду ў Бялынкавічы. Мяне прызначылі туды настаўнікам, на ранейшае месца.