Шпакевіч насцярожыўся — з вопыту ведаў, калі два разы пытаюць пра адно і тое ж, значыць, нешта не так. Але не адказваць не мог. Нібыта збіраючыся з думкамі і прасочваючы ў іх свой шлях сюды з забяседдзя, які давялося пераадолець у самае дажджлівае надвор’е па нямецкім тыле разам з Чубарам і Халадзілавым, Шпакевіч найперш, вядома, прыгадаў, што ён ужо гаварыў старшаму лейтэнанту з асобага аддзела там, у адрыне. Выходзіла, што тады ён дык і не надта ўдаваўся ў падрабязнасці. Гаварыў усё, як было, аднак збольшага, акурат баяўся заняць многа часу. Між тым, камандзір спецатрада, няйначай, зразумеў ягоную затрымку па-свойму, бо паспяшаўся на выручку.
— Карту чытаць умееце? — спытаўся ён.
— Так, — адказаў Шпакевіч, нарэшце выразна зразумеўшы, што гэта той чалавек, дзеля якога за сталом сядзелі і начальства палітаддзела дывізіі, і старшы лейтэнант з асобага аддзела і дзеля якога паклікалі сюды яго, Шпакевіча.
Камандзір спецатрада задаволена кіўнуў галавой, дастаў з-за спіны ў сябе разбухлую вайсковую торбу, якая ляжала на ўслоне паміж сцяной і ім, і выняў адтуль складзеную гармонікам тапаграфічную карту. Старшы лейтэнант з асобага аддзела пры гэтым паслужліва пацягнуўся рукамі да яе, памог раскласці на стале — і гэта таксама не засталося па-за ўвагай Шпакевіча, значыць, сапраўды нейкая важная шышка!
— Падыдзіце бліжэй, — сказаў Шпакевічу партызанскі камандзір.
Шпакевіч ступіў два крокі да стала, якіх не хапала, каб апынуцца побач з астатнімі, хто знаходзіўся ў хаце, і, не чакаючы далейшай каманды, дакладней, далейшага запрашэння, схіліў галаву над картай.
— Ну, а цяпер пакажыце нам, як вы ішлі сюды і адкуль?
Шпакевіч зусім без цяжкасці адшукаў па звілістай лініі Бесядзь, паказаў пальцам, у якім месцы ўпадае ў яе Дзеражня, дзе быў узарваны апошні мост, і ўжо адтуль, даючы сапраўды падрабязныя тлумачэнні, пачаў паступова набліжацца да Пёкліна.
— У вас там знаёмыя засталіся? — спытаў камандзір спецатрада, як толькі палічыў, што Шпакевіч дакладна паказаў увесь маршрут ад Бесядзі.
— Не.
— Ну, а тыя?.. Словам, вы ж па дарозе з кімсьці сустракаліся... Такія знаёмыя засталіся?
— Такія былі, — памуліўся Шпакевіч. — Вядома, і есці ў людзей даводзілася прасіць, і начлегу. Але ж гэта так. Як кажуць, паеў, паспаў дый дзякуй на тым.
— Добра, — ссунуў густыя бровы партызанскі камандзір. — А гэты, Чубар, з якім вы ішлі сюды, дзе ён цяпер?
— У Журынічах, там, кажуць, апалчэнне збіраецца.
— З якой ён вёскі быў?
— Дакладна цяпер не помню, але гэта недзе недалёка ад Белай Гліны.
— І кім ён там працаваў?
— Старшынёй калгаса.
— Таксама не лішні чалавек, — падумаўшы трохі, сказаў камандзір спецатрада, — але... гэта так, дзеля цікавасці. Тым больш калі яго цяпер знойдзеш?
— А Халадзілаў загінуў, — дадаў Шпакевіч, — ужо тут, ад бомбы.
У хаце настала цішыня. Але не таму, што Шпакевіч раптам нагадаў пра гібель свайго таварыша. Не. І начальнік палітаддзела дывізіі, і старшы лейтэнант уставіліся на трэцяга — на партызанскага камандзіра, які задумліва кратаў, акурат пагладжваў знізу тыльным бокам правай далоні сваю чорную бараду, і цярпліва чакалі, што скажа нарэшце ён, ці здаволіць яго іхняя кандыдатура. А справа была вось у чым. У самы апошні момант, калі партызанскі атрад ужо гатовы быў пераправіцца з Белагалова ў варожы тыл, захварэў праваднік, нават не захварэў у поўным сэнсе слова — яго пакусалі пчолы... Тады камандзір атрада і звярнуўся ў палітаддзел дывізіі, каб тэрмінова памаглі падшукаць яму другога надзейнага правадніка, бо зрывалася дыверсійная аперацыя, якую доўга і дэталёва распрацоўвалі яшчэ ў Маскве. І вось старшы лейтэнант з асобага аддзела зноў успомніў пра Шпакевіча: «Сапраўды, а чаму не параіць яго». Пазваніў начальніку палітаддзела: «Ёсць такі чалавек!»
Нарэшце маўчанне ў хаце было парушана.
Той, ад каго чакалі рашаючага слова, перастаў кратаць рукой бараду, неяк прасветлена ўсміхнуўся цёмнымі вачамі, быццам зваліў з сябе вялікі цяжар, і спытаў, пранікаючы тым жа далікатным, але вострым позіркам Шпакевічу ў душу:
— А яшчэ раз не хацелі б прайсціся па тых сцежках і дарожках?
— Як гэта? — не ўцяміў Шпакевіч.
— Проста. Прарабіць прыкладна той жа маршрут, але ў адваротным напрамку. Тады вы ішлі адтуль сюды, а цяпер пайшлі б адсюль туды.
Шпакевіч схіліў набок галаву, спытаў:
— Адзін?
— Не.
— Вялікая група?
— Ну, пра гэта даведаецеся пасля. Цяпер жа ад вас нам патрэбны адказ — згодны ці не? Пакуль у прынцыпе. Таварышы вось за вас ручаюцца.
— А ўсё-ткі, — быццам ад прыкрасці, паморшчыўся адной шчакой Шпакевіч. — Хацелася б і ад вас пачуць што-небудзь пэўнае.
— Пачуеце ў свой час і больш пэўнае, — з сур’ёзным выглядам, але мякка сказаў камандзір спецатрада. — Але я кажу, нам перш за ўсё патрэбна ваша прынцыповая згода. Я разумею, для вас гэта нечакана, псіхалагічна вы не гатовы для такой дарогі і наогул, але не ўтаю ад вас, у нас таксама свае цяжкасці, можа, для нас сёе-тое больш нечаканае, чым для вас. Так што, я нават не маю магчымасці даць вам дастаткова часу падумаць.
Тады падаў свой голас начальнік палітаддзела дывізіі:
— Загадваць мы таксама не маем права. Не той выпадак.
«Але што гэта за выпадак такі, што?..» — падумаў Шпакевіч.
Ды начальнік палітаддзела паспяшыў дадаць:
— Так, не можам!
— Ладна, — нарэшце рашыўся Шпакевіч, хоць у душы да канца і не перамог насцярожлівасці. — Лічыце, што ўгаварылі.
— Значыць, згодны.
— Так.
— Ну што ж, я рады! — Чалавек, які настойліва і разам з тым цярпліва дамагаўся гэтага адказу, устаў і падаў цераз стол Шпакевічу трохі кашчавую руку. — Але тое, што зараз пачуеце, пакуль у вялікім сакрэце. Уначы сёння на той бок фронту, у тыл акупантам, са спецыяльным і адказным заданнем пераправіцца партызанскі атрад. У ім будзе трыццаць тры чалавекі. Вы пойдзеце правадніком. Зразумела?
— Так.
— Ну, а цяпер трэба рыхтавацца ў дарогу, — згортваючы карту, сказаў партызанскі камандзір. — У нас з вамі, — паглядзеў ён на Шпакевіча, — ёсць яшчэ трохі часу, думаю, што мы паспеем хоць збольшага абмеркаваць некаторыя дэталі будучага паходу і ўдакладніць асобныя рэчы. Таму зараз, хвілін праз дваццаць, паедзем з вамі ў размяшчэнне атрада. Гэта недалёка. У суседняй вёсцы. А пакуль — вы пачакаеце мяне на вуліцы, там, здаецца, ёсць лаўка на ганку, дык вы і пасядзіце на ёй: мне тут з таварышамі трэба штокольвеч абгаварыць.
Шпакевіч выйшаў.
Лавак на ганку было ажно дзве. Але на іх адзін супраць другога сядзелі два незнаёмыя камандзіры — зусім пажылы і маладзейшы, але таксама ў гадах; мяркуючы па знаках адрознення, яны былі ў аднолькавых званнях, насілі на каўнярах па дзве шпалы; камандзіры былі захоплены размовай, і Шпакевічава з’яўленне на ганку не выклікала ў іх ніякай цікавасці, быццам ён тут ужо даўно мазоліў ім вочы.
Каб не замінаць ім, а найбольш, каб не мець якога-небудзь лішняга клопату потым ад такой блізкасці, Шпакевіч казырнуў згодна статута і пастараўся хутчэй сысці з ганка.
Паколькі адлучацца далёка ён ужо не меў права — сказана было чакаць на ганку, таму нічога лепшага не прыдумаў у сваім становішчы, як сіратліва прыхінуцца бокам да тэлефоннага слупа, што стаяў супраць хаты, дзе размяшчаўся палітаддзел дывізіі.
Якраз тут, ад гэтай хаты, шырокая вясковая вуліца рабіла паварот і выходзіла праз колькі двароў у поле, дзе справа ад дарогі стаяла пад вязам грузавая машына, уторканая зверху зялёным хмызам.
У тым баку, недзе высока, ляцеў самалёт, вакол якога раз-поразу разрываліся снарады зенітак; гукі адтуль слаба даносіліся сюды, але затое добра было відаць, як у небе раптам узнікалі маленькія белыя аблачынкі, быццам гэта лопаліся там бутоны.
VII
Ужо колькі дзён на Зазыбаў двор прыходзіў Кузьма Прыбыткоў. Вялікая ахвота ў яго была пагаварыць з Масеем. А сёння дык і наогул Прыбыткоў памеў надзею пачаставацца ў Зазыбаў, бо адна нявестка, Анэта, спяшалася ў Яшніцу разам з іншымі верамейкаўскімі бабамі і амаль не гатавалася, а другая ўжо каторы дзень моцна хварэла, ажно не падымалася з ложка да печы.