— Узводны загадаў прыбыць вам у размяшчэнне роты!
— Калі?
— Неадкладна.
— А чаму?
— Не ведаю.
— Аднаму ці з ім? — Шпакевіч кіўнуў галавой на пажылога чырвонаармейца, які паспешліва надзяваў пілотку, топчучы яе зверху рукой.
— На гэты конт нічога не сказана!
Шпакевіч з неахвотаю падняўся з пня, пашкроб пальцамі за вухам, усё роўна як расцягваў гэтым час, тады сказаў цесляру:
— Вы вось што... Дарэчы, як вас завуць?
— Тарасам. Тарас Якаўлевіч.
— Яго бацька таксама Тарас, — сказаў Шпакевіч, маючы на ўвазе Халадзілава. — Так што сынам мог быць.
— А малады? — павярнуўся цясляр у той бок, дзе трохі гарбацілася на магіле зямля.
— Студэнт. Таксама любіў пагаварыць. Я нават падумаў — сысціся б вам раней, вось нагаварыліся б адны, можа б, і мне тлумачыць пасля не трэба было. Самі б разабраліся, што да чаго на гэтым узбураным свеце. Але, як кажуць, не лёс. Я вось аб чым папрашу вас, Тарас Якаўлевіч, вы тут ужо не кідайце пачатае справы. Яму я амаль што выкапаў. Засталося толькі падчысціць дно. Ну, а...
— Ладна, камандзір, — узяўся за тапарышча цясляр, — ідзіце ўжо, раз завуць. Нешта ж не так сабе, можа, што здарылася. А без вас не могуць абысціся. Не турбуйцеся. Зраблю тут усё акурат. Я такі, я падвесці хоць каго не магу. Раз трэба, дык трэба!
— А то, можа, пакінуць і яго! — паказаў на пасыльнага Шпакевіч.
— Не, я адзін спраўлюся. Вы скажыце толькі... Прозвішча таварыша свайго забітага скажыце...
— Ах, так. Ледзь не забыў. Халадзілаў. Валянцін Тарасавіч Халадзілаў.
— Запомніў.
— Так і напішыце: «Чырвонаармеец Халадзілаў Валянцін Тарасавіч, загінуў...»
— Кажаце, напісаць? Не, аловак першы ж дождж размые. І знаку ніякага не застанецца. Шкада, што стамескі няма. Ну, ды ладна. Ножыкам паспрабую. Словам, не турбуйцеся, усё зраблю акурат.
Быццам прадчуваючы наперад, што гаворыць з чалавекам апошні раз, а можа, ад звычайнай удзячнасці, якую хацелася паказаць хоць бы чым, Шпакевіч моцна паціснуў чырвонаармейцу руку і хуценька пашыбаваў услед за пасыльным, якому не стаялася на месцы.
Камандзір узвода чакаў яго, таму адразу пачаў ледзь не з парога, хоць ніякай віны за Шпакевічам не бачыў.
— Прыходзіў Зімавы, загадаў расшукаць цябе, нават калі пад зямлёй. Добра, хоць яшчэ не папала.
— А навошта я спатрэбіўся яму? — спытаўся Шпакевіч.
— Каб жа яму! А то некаму ў штабе дывізіі!
Шпакевіч падумаў — зноў кліча старшы лейтэнант з асобага аддзела.
— Дык куды мне цяпер ісці — адразу ў штаб дывізіі ці да Зімавога?
Узводны паціснуў плячамі.
— Ну, раз прыходзіў сюды Зімавы, значыць, да яго і трэба. А там ужо высветліцца ўсё як ёсць.
— Слухай, — сказаў Шпакевіч, — я там, у лесе, пакінуў байца, ну, таго...
— А-а, Святлічнага?
— Так. Дык ты яго не лай, калі трохі запозніцца. Магілу ён там робіць.
— Дарэмна ты гэта задумаў, Шпакевіч, — паківаў галавой узводны. — Трэба было пахаваць свайго таварыша ў брацкай магіле. Хаця, між іншым... ці не ўсё адно, дзе ляжаць забітаму? А наконт Святлічнага — няхай у цябе галава пра яго не баліць. Ну, давай развітвацца. Адчуваю, не вернешся ты да нас. Мусіць, забіраюць цябе назаўсёды. А шкада, добры памочнік быў.
— Напамага-а-аў я табе! — зрабіў расчараваны твар Шпакевіч. — Толькі і лічыўся, што памкамузводам у цябе.
— Нічога, усе мы тут пакуль што лічымся. Галоўнае пачнецца тады, як немцы папруць. А яны вось-вось збяруцца з сіламі.
Амаль гэта ж праз якія паўгадзіны гаварыў Шпакевічу і камандзір роты Зімавы. Напаследак спытаўся:
— Рэчы ж хоць з сабой?
— Якія ў мяне рэчы!
Падышоў нампаліт, сярэдніх гадоў чалавек, з круглым, добрым і трохі здзіўленым тварам. Гэты дык і зусім у роце знаходзіўся з учарашняга дня — працаваў недзе загадчыкам парткабінета, пакуль раён не падпаў пад акупацыю. Але паколькі ўся рота складалася з людзей выпадковых, гэта значыць, з тых, каго ўдалося звесці ў адно падраздзяленне на зборным пункце, то байцы і камандзіры прывыкалі ў ёй адзін да аднаго хутка, дастаткова было часам перакінуцца спагадлівым словам ды адсыпаць у дзвюхрогую маслёнку лішні шчопаць махоркі. Нампаліта таксама адразу прынялі ўсе ў роце, як свайго, нават ужо хадзіў сярод узводных анекдот, які той расказаў у першы дзень знаёмства: нібыта ўвосень цераз сялянскія палосы спяшаўся заяц і сустрэў на мяжы вожыка. «Куды гэта, касы?» — пытаецца вожык. — «А за тым вось пагоркам, — адказвае заяц, — вярблюдаў валашаць». — «Дзе ты вярблюдаў бачыў у нас? Здурнеў?» — «А мне другія зайцы казалі!» — «Ну, а табе які страх? Ты ж не вярблюд!» — «Ну так, але як адрэжуць прымусію, тады позна ўжо будзе даказваць, што ты не вярблюд».
І цяпер, убачыўшы нампаліта, Шпакевіч чамусьці перш за ўсё і прыгадаў гэты анекдот, усміхнуўся ўнутры сабе: от жа і чалавек, здаецца, не з боўталаў, а таксама выдумае...
Нампаліт, мусіць, адчуў ягоную ўнутраную ўсмешлівасць, пажартаваў зусім па-таварыску:
— Глядзі там, у штабе, кіруй ды не вельмі тузай. Асабліва нас з Зімавым.
У Шпакевіча, таксама як і ў цяперашніх камандзіраў яго, прадчуванне было недарэмнае: наперадзе сапраўды яго чакала заданне, якога ён і ўявіць дасюль не мог.
Са штаба дывізіі, куды ён трапіў неўзабаве, яго накіравалі ў палітаддзел, які займаў хату ў гэтай жа вёсцы, але насупраць, вокны ў вокны.
За сталом у сялянскай хаце з дзвюх палавін сядзелі трое. Аднаго Шпакевіч пазнаў адразу, яшчэ са спіны, бо то быў знаёмы старшы лейтэнант з асобага аддзела, хоць ужо і пераадзеты ва ўсё вайсковае, а на пятліцах замест сваіх трох наркаматаўскіх шпал меў кубікі. Другі сядзеў начальнік палітаддзела дывізіі. Дагэтуль начальніка палітаддзела Шпакевічу даводзілася бачыць усяго адзін раз, і то мяльком, калі той нечага наведваўся дзён колькі таму на зборны пункт у Пёклінскім лесе. Трэцяга чалавека, які прысутнічаў тут і сядзеў за сталом тварам на хату, Шпакевіч зусім не ведаў і нават не здагадваўся, хто ён і адкуль, тым больш што на адзенні яго знакі адрознення адсутнічалі напроч. А справа якраз і была ўся ў гэтым чалавеку, камандзіры спецыяльнага разведвальна-дыверсійнага атрада, створанага з добраахвотнікаў у Маскве па ініцыятыве народнага камісарыята дзяржаўнай бяспекі і накіраванага сюды, у размяшчэнне дывізіі, каб у вёсцы Белагалоў атрад мог пераправіцца на той бок лініі фронту. З выгляду ён адразу здаўся Шпакевічу чалавекам прыемным — хоць і сядзеў, але постаццю быў рослы, з чорнай, яшчэ не моцна адрослай барадой, з густымі брывамі, з цёмнымі праніклівымі вачмі. У жыцці нярэдка сустракаюцца людзі, якія сваёй праніклівасцю звычайна спрабуюць разгадаць патаемныя думкі другіх, каб нагнаць жудасць на іх і гэтым узвысіць сябе. Але гэты быў не такі. Адчувалася ў ягонай праніклівасці адным часам штосьці вострае і далікатнае, нібыта ён баяўся дарэмна ўкалоць чалавека сваім позіркам.
Пасля, тыдняў праз колькі, калі яны будуць ужо па той бок фронту, у тыле ворага, Шпакевіч па-належнаму ацэніць гэтага выключнага чалавека і шмат чаго даведаецца пра яго ад іншых, асабліва ад Ерафеева, былога інструктара фізкультуры на адной з прадзільна-папяровых фабрык Падмаскоўя; і пра тое, што камандзір іхні — кадравы чэкіст, які васемнаццацігадовым юнаком удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі, разганяў паліцыю ў Бежыцы і Бранску, і пра тое, што потым ён пайшоў добраахвотна на фронт супраць Юдзеніча, нарэшце, і пра тое, што пасля грамадзянскай вайны доўга змагаўся з бандытызмам і контррэвалюцыяй на Украіне... А цяпер яны адкрыта, а то і ўпотай пазіралі адзін на аднаго — Шпакевіч і яго будучы камандзір — ды вывучалі пакуль: камандзір спецатрада таму, што меўся прапанаваць Шпакевічу адказнае заданне ў сваім атрадзе, а Шпакевіч у сваю чаргу таму, што адразу адчуў гэтую няпростую зацікаўленасць да сваёй асобы.
Але першы ў хаце палітаддзела загаварыў старшы лейтэнант.
— У нас тут новая акалічнасць з’явілася, — пачаў ён здалёку. — І вось таварышы хочуць паслухаць, як вы з акружэння выходзілі сюды. Маршрут апішыце, розныя там падрабязнасці. Словам, паспрабуйце ўсё выкласці так, як тады, у нас.